ЯК? Азбука паводзінаў
Сяргей Дубавец
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 252с.
Мінск 2009
Мы мусілі б першым чынам дапамагчы чалавеку разгледзець у сабе сябе. Гэта й ёсьць на сёньня галоўнае фундамэнтальнае права чалавека ў Беларусі — права на самаідэнтыфікацыю.
Між іншым, гэта першая рэч, якой не разумеюць інсьпіратары з Захаду, дзе права самаідэнтыфікацыі нават не разглядаецца, бо здаўна ляжыць у аснове афіцыйнай дзяржаўнай палітыкі. Адпаведна, такая праца не фінансуецца. Адпаведна, такую працу ніхто й ня робіць, бо адразу пераходзяць да ўнівэрсальных правоў таго, ня ведаю каго.
Права на адметнасьць
У нас жа афіцыйная палітыка, са свайго боку, усімі сіламі не дае гэтаму фундамэнтальнаму праву зрэалізавацца. У адрозьненьне ад швэда,
наляка ці літоўца, беларусу прыйсьці да асэнсаваньня сябе беларусам дапамагае толькі выпадак. Вось болыпасьць нашых супляменьнікаў і не самаідэнтыфікуецца.
А гэта што значыць? Што чалавек застаецца ў межах рэглямэнту сваёй сацыяльнай функцыі, дзе такія паняткі, як права на жыцьцё, працу, уласнасьць, сходы ці інфармацыю нічога ня значаць, бо ня маюць зачапленьня з рэальным жыцьцём чалавека. Ён не разумее іх, а яны не знаходзяць яго, каму яны маглі б спатрэбіцца.
У выніку чалавек звыкаецца, што нічога ў гэтым жыцьці ад яго не залежыць — ні выбарная ўлада, ні заробкі, ні кошты набэнзін. Бо ў межах функцыі гэта й сапраўды ад яго не залежыць, a хто ён па-за тымі межамі, ён ня ведае.
Права на паходжаньне
Людзі, якія прыяжджаюць з захаду Эўропы ці са Штатаў, са зьдзіўленьнем расказваюць, што тамтэйшыя насельнікі ведаюць па дваццаць пакаленьняў сваіх продкаў. А ў Менску вы лёгка сустрэнеце таго, хто ня ўспомніць, як звалі яго прадзеда і зь якой мясцовасьці іхны род. Ну й якія яму правы?
Рэстытуцыя ў Беларусі немагчымая ведаеце чаму? He таму, што «ўлада ніколі на гэта ня пойдзе». А таму, што ніхто не захоўвае доказаў колішняе ўласнасьці сваіх продкаў. Болып за тое, нікому і ў галаву ня прыйдзе зьвярнуцца ў архіў. Бываюць выключэньні, але правіла выглядае менавіта так.
I тое, што большасьць беларусаў называюць сябе беларусамі, у сэнсе самаідэнтыфікацыі
значыць ня больш, як бірка на назе. Беларусы сябе беларусамі ня знаюць, не ўсьведамляюць, бо гэтага не патрабуецца ў іхным жыцьці. Маторыка, інстынкты, фізіялягічныя патрэбы — вось чаго найперш патрабуе ад беларуса начальнік ягонай функцыі.
Ёсьць яшчэ субардынацыя — стой там, дзе паставілі. Але субардынацыя — не самаідэнтыфікацыя.
Ёсьць яшчэ нейкія асновы этыкі, якім вучылі ў дзяцінстве і якія ў даросласьці ператварыліся ў правіла: быць як усе, ня горшым за іншых, не высоўвацца (за межы функцыі). Але быць як усе — ня значыць быць знаёмым з самім сабой.
Права на годнасьць
Усьведамленьне сваіх правоў неразрыўнае са словам «годнасьць». 3 гэтага пачынаццачалавек як суб’ект нацыі й грамадзтва.
Самы абстрактны пункт нашага заканадаўства — абраза гонару й годнасьці, бо ніхто ня ведае, што гэта такое. Напрыклад, ці ёсьць у гонару й годнасьці межы? Ніхто ня можа дакладна сфармуляваць, бо ня можа дакладна сфармуляваць сябе.
Але пры тым абраза годнасьці выклікае ў беларускай душы супраціў, які не прыглушыш ніякімі рацыянальнымі меркаваньнямі, што часьцяком практыкуецца ў людзей з Захаду.
Менавіта прыніжэньне годнасьці — прафэсійнай, чалавечай, нацыянальнай — магло б выклікаць беларускі пратэст у большай ступені, чым якое-небудзь зьніжэньне заробкаў бюджэтнікам, ці ўвядзеньне кантрактнай сыстэмы, ці скаса-
ваньне ільготаў. I гэта ня сьведчаньне нашай адсталасьці ад заходняга прагматызму, а сьведчаньне нашай адметнасьці. Мы крыху іншыя, і трэба думаць, пра што з намі гаварыць.
У адрозьненьне ад заходняй цывілізацыі, якая даўно ня толькі прайшла стадыю фармаваньня нацыяў, але й пасьпела забыцца, што гэта такое, беларусы яшчэ фармуюцца, таму шмат што ў іхным грамадзкім самапачуваньні дыктуецца генэтыкай, якая шчыльна зьвязаная з прыродай і зь неўсьвядомленым. Варта крыху адпусьціць ланцугі сацыяльнай функцыі, і беларускі чалавек зараз жа пачынае намацваць самога сябе ў гэтым — у сваіх адчуваньнях, памяці дзяцінства ці пахах раньняе восені.
Чалавек пачынаецца з паходжаньня й сканчаецца ў межах сваёй адметнасьці ад іншых. Так можа выглядаць тэрыторыя ўжо не чалавека-функцыі, а чалавека-беларуса, на якой знойдзецца месца і ўнівэрсальным чалавечым свабодам і правам.
в
ЯК ВАРАГАВАЦЬ?
Хто нашы ворагі? — Варагаваць на роўных — Варагаваць адразу — Рэцэпт Багдановіча — Варагаваць да перамогі
Калі ўжо варагаваць, дык адкрыта.
Хоць лепей бы не варагаваць. Але заўсёды знаходзяцца людзі, якія бяз ворагаў жыць ня могуць. He пасьпееш дагаварыць фразу, як ты ўжо камусьці вораг. Мабыць, гэта такі спосаб вытлумачэньня ўсіх праблемаў, калі вакол — ворагі. Трэба іх зьнішчыць, і ўсё наладзіцца.
Той, хто варагуе адкрыта, рызыкуе «нарвацца», але й мае шанец перамагчы ўласную варожасьць.
Той, хто варагуе таемна, займае гэтым большую частку свайго жыцьця. Ён не задумваецца над тым, што, як казаў Франсўа дэ Ля Рошфуко, «самае вялікае зло, якое можа прычыніць нам вораг, гэта прывучыць наша сэрца да нянавісьці». У таго, хто варагуе таемна, нянавісьць не пакідае сэрца.
Хто нашы ворагі?
A priori ніхто ня вораг. Заўсёды з усімі й пра ўсё можна гаварыць. Нават асабістая або ідэйная няпрыязь пераадольваецца размовай, калі ёсьць супольная мэта ці супольны інтарэс. Калі іх няма, тады найлепш перайсьці на іншы бок вуліцы, каб жыцьцё не сутыкала з тым, каму ты вораг. А калі ўсё ж сутыкае?
У знакамітым «палюбі ворагаў сваіх», напэўна, і хаваецца гэты інструмэнт — гавары і слухай, імкніся зразумець. Найлепшы вынік прыносіць размова, якую ты пачынаеш з жаданьнем быць перакананым сваім апанэнтам.
Той самы Ля Рошфуко заўважыў: «Думкі нашых ворагаў пра нас бліжэй да ісьціны за нашы ўласныя». He скажу, што гэта аксіёма, але гэта той кірунак, у якім варта асэнсоўваць сытуацыю.
Ёсьць адна ўмова — гаварыць трэба, прынамсі, ветліва. Людзі, якімі рухае раздражненьне й нянавісьць да апанэнта, кіруюцца не жаданьнем быць перакананымі, а прагай зьнішчэньня — «я хачу, каб цябе не было!». Калі зірнуць на сёньняшні інтэрнэт, мы пабачым, колькі там раздражненьня й нянавісьці ананімаў.
Агульным месцам стала тое, што ў Беларусі вораг усяго беларускага і дэмакратычнага — рэжым. Рэжым, як і належыць аўтарытарнай уладзе, нарадзіўся, усталяваўся й трымаецца на выяўленьні ворагаў: карупцыянэраў, апазыцыі, Захаду... Трэба сказаць, што на дзевяноста адсоткаў гэта рыторыка папулізму, а не рэальнае варагаваньне.
У таталітарнай дзяржаве рэжым варагуе супраць асобы. Тады зьяўляецца тэрмін «вораг народу». Але народ не варагуе, бо яму бліжэй стан замірэньня, прыстасаваньня да абставінаў, нармальнага жыцьця.
Варагаваць на роўных
Нават калі ты адзін, а твой вораг — дзяржава. Варта згадаць дысыдэнтаў 1960-х, якія сілай духу маглі супрацьстаяць таталітарнай сыстэме — на роўных. Прыклад такіх дачыненьняў дала сваім жыцьцём Ларыса Геніюш.
Пра сёньняшніх апанэнтаў рэжыму такога ня скажаш. Але менавіта роўнасьць надае варагаваньню зь дзяржавай сэнс.
Зусім незразумелыя паспалітаму беларускаму вуху спрэчкі вядуцца пра тое, ці дапамагаць рэжыму (што пры розных вагавых катэгорыях уявіць цяжка), ці зьнішчыць рэжым (што таксама неймаверна, бо ніколі не ўдакладняецца — як).
Сёньня рэжым — гэта сыстэма ўлады, якая кантралюе сытуацыю ў краіне і складаецца з тысяч людзей, якія гэтую ўладу ажыцьцяўляюць, нават пры тым, што ставяцца да гэтага рэжыму крытычна. Тады што значыць — зьнішчыць рэжым?
Зрабіць рэвалюцыю? Скінуць дыктатара? Мы так даўно гэтага хацелі, што цяпер болей думаем пра іншае — гэтых скінем, а каго паставім?
Занадта шмат часу прайшло з 1996 году, і сёньня кожны, хто жыве на бюджэтныя грошы — крыху «рэжым».
Варагаваць адразу
Адна рэч, калі «рэжым здае незалежнасьць», і зусім іншая — 15 гадоў паўтараць, што рэжым — гатовы здаць. Ён яе пакуль што ня здаў, бо яму гэта пакуль што нявыгадна, але ён кожную хвіліну можа гэта зрабіць! I так 15 гадоў...
Лягічнае пытаньне — а што гэтыя 15 гадоў рабіў ты? Ці ты ўчыніў нешта сэнсоўнае, каб запабегчы такому ганебнаму кроку рэжыму? Ці табе будзе дастаткова таго, што зараз увядуць расейскі рубель і ты скажаш: ну вось бачыце! Рэжым і напраўду варожы! Што я казаў усе гэтыя 15 гадоў?..
Ты скажаш: з рэжымам размаўляць немагчыма. Яно так і ня так. Зразумела, што рашэньне пра рубель прымае адзін чалавек, якому на першым месцы — ягоная асабістая ўлада. Але ўжо гэтага дастаткова, каб ты мог пачаць сваё поле дзейнасьці — у цябе ёсьць зададзеныя абставіны і цэлая краіна зь яе народам. Твая задача — захаваць незалежнасьць і пашырыць працэс нацыянальнага адраджэньня. Ёсьць абставіны, ёсьць задача і ёсьць ты сам. Рабі. Ці ты чагосьці дасягнуў за гэтыя 15 гадоў? Толькі не спасылайся на абставіны — ты іх ведаў ад пачатку. Дзе эфэкт ад тваёй працы? Ці ты ўсё гэта кажаш таму, што проста ня можаш жыць бяз ворагаў?
Рэцэпт Багдановіча
Пасьля публікацыі на сайце Радыё Свабода папярэдняга эсэ, нехта БелаЭмігрант напісаў, што супраць беларусаў існуе стратэгічны курс,
каб сьцерці самую памяць пра іх. Нават калі так, беларусы мусілі б аб’ядноўвацца супраць варожага курсу, а не варагаваць паміжсобку.
Я згадаў рэцэпт, які ўтрымліваецца ў Багдановічавай «Пагоні». Там не гаворыцца — зьнішчайце выраджэнцаў, ці — мяшайце іх з гразёю, ці — стварайце вакол іх сытуацыю сваркі й інтрыг. Там гаворыцца: біце ў сэрцы іх, біце мячамі, не давайце чужынцамі быць. Калі гэтыя словы ўспрымаць літаральна, мы ўбачым, што вакол нас ня ворагі, а патэнцыйныя паплечнікі, толькі іх, неабуджаных, трэба абудзіць.
Варагаваць да перамогі
Перамога тут можа быць адна — канец варагаваньня. Ня мір і ня дружба, але спыненьне варожасьці. Зноў згадаю Ля Рошфуко: «Замірэньне з ворагамі кажа толькі пра стомленасьць ад барацьбы, пра боязь паразы і пра жаданьне заняць больш зручную пазыцыю».
Вось чаму гаворка ідзе не пра замірэньне з рэжымам, а пра канец варожасьці ў грамадзтве. Калі грамадзтва ўспрыме ідэі апазыцыі не як варожыя, а як альтэрнатыўныя, — гэта й будзе канец варожасьці, гэта й будзе перамога.
Як у прыватных дачыненьнях, так і ў адносінах з рэжымам варагаваньне мусіць ператварыцца ў спаборніцтва — за болып прывабныя ідэі, выніковыя ўчынкі й сымпатыі людзей.