ЯК? Азбука паводзінаў
Сяргей Дубавец
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 252с.
Мінск 2009
Народ цэніць не навуку змагацца, а навуку жыць. Мы ўсе толькі вучымся жыць ва ўмовах цяперашняй цывілізацыі — без экстрыму й не за працадні. Спэцыфіка дысэнту ў тым, што дысыдэнты якраз у жыцьцёвым сэнсе не асабліва прыстасаваныя, яны жыць ня ўмеюць і нікога гэтаму не навучаць.
Зьніжка за мову
Амаль кожны мой наезд у Беларусь адзначаецца чарговым адкрыцьцём. Ці то прадавачка ў краме, ці касірка ў акенцы, ці чалавек на прыпынку абавязкова зьдзівіцца: «А вы заўсёды размаўляеце па-беларуску?» — «Ахібавамтакія не сустракаліся?» — перапытваю я. А сам сабе думаю — а дзе ж тады жывуць сотні маіх беларускамоўных знаёмцаў, доблесных палемістаў з інтэрнэт-форумаў, аўтараў кніг, часопісаў, газэт і радыёперадач? Хіба ня тут? Ці — не цяпер?
Апошні такі эпізод адбыўся з паркоўнікам у Верхнім горадзе ў Менску. Штогадзіну тут перамяняюцца сотні машынаў. I прапечаны на сонцы паркоўнік, пачуўшы маю мову, адразу сам пераходзіць на беларускую: «Гэта ты прыкалваесься ці заўсёды гаворыш па-беларуску?» — «А што, вам болей такія не сустракаліся?» — «Не», — усьміхаецца.
Мне падабаюцца такія моманты. Бо адчуваньне еднасьці з тым дзядзькам болыпае за адчуваньне карпаратыўнай повязі на былой Варвашэні 8. Асабліва калі ўсё сканчаецца з выгадай і паркоўнік — за мову! — скідае пару тысяч з васьмі.
3
ЯК ЗАСТАЦЦА?
Аднадумцы з таго сьвету — «Малі Бога за нас» — Безыменныя помнікі — Фабрыкі мёртвых —
У адведкі
Можна пражыць непрыкметнае жыцьцё, нічога асаблівага не зрабіць і неўзабаве зьнікнуць з памяці тых, хто цябе ведаў, але пасьля сыходу застацца неардынарнай асобай, выклікаць павагу і пасяляць веру ў іншых ці проста падымаць іншым настрой.
Калі кажуць, што архітэктура — гэта застылая музыка або што архітэктура падводзіць рысу сваёй эпосе, дык для звычайнага чалавека і музыка і эпоха — гэта ягонае звычайнае жыцьцё, а архітэктура — помнік, які нашчадкі паставілі на месцы ягонага спачыну.
Аднадумцы з таго сьвету
Апынуўшыся дзесьці на незнаёмых могілках, я пачынаю шукаць помнікі з надпісамі па-беларуску. Трапляюцца яны ня часта, таму знаходка заўсёды выклікае станоўчыя эмоцыі. Ты ня веда-
еш, хто там быў за чалавек, як жыў і што любіў, аднак ужо толькі мова помніку сьведчыць, што ты зь ім такі самы. Уражаньне нават болыпае, чым калі сустракаеш аднадумцу па-за могілкамі. Жывы чалавек можа зьмяніцца або зьнікнуць з твайго поля зроку, а гэты ня зьменіцца й ня зьнікне. Ён — быццам твой рэальны набытак, яшчэ адзін паплечнік.
У адрозьненьне ад масавых помнікаў па-расейску, беларускія ня могуць выглядаць недарэчна, неэстэтычна альбо банальна. Магчыма таму, што іх так мала. Расейскія — як афрыканскія грыбы на беларускай глебе. Ну і ўсеагульны стандарт эпітафіі ператварае іх у падабенства піянэрскай лінейкі, пазбаўляе глыбіні суперажываньня й роздуму пра зямлю, часткаю якой яны сталі.
«Малі Бога за нас»
Беларускія помнікі нязьменна ўражваюць, іх слова гучыць нібы ўпершыню:
«Сьпі зь мірам і малі Бога за нас», або «Крыўдна, што так рана», або «Даруй нам, матуля, і дзякуй табе».
Зусім непрадказальным чынам адна толькі беларуская мова на помніку дае ясны адказ — дзеля чаго жыў чалавек. Зразумела, што абсалютная большасьць тых, хто спачыў, былі перакананыя, што жывуць дзеля родных, сяброў і дзеля Радзімы. Але калі памяць сям’і зафіксавалася ў каменю кароткай фразай, дык жыцьцё для Беларусі — не. Цалкам можна дапусьціць, што й ня згадваў чалавек ніколі пра тую Беларусь. Прыехаў адкуль-небудзь з Архангельску ці Сібіры або
нават не прыехаў, а так, зазірнуў на дзень-другі, і тут раптам спынілася ягонае сэрца.
Беларускія эпітафіі месца для такіх думак не пакідаюць. Калі падпісаны на роднай мове — значыць, тутэйшы чалавек, свой і жыў дзеля Беларусі.
Складаньне эпітафіі па-расейску нагадвае пярэпалах падчас пахаваньня, калі людзі больш настрашаныя не раптоўнай сьмерцю блізкага, a тым, што ня так пакладуць, ня тыя вынесуць ці там люстэркі не завесяць. Важна, каб усё было, як ва ўсіх. Банальнасьць надпісаў ідзе ад гэтай скаванасьці й боязі дапусьціць у эпітафіі нейкую вольнасьць, а насамрэч — шчырасьць.
У беларушчыне чалавек сам пачуваецца гаспадаром сваіх словаў. Яго не абавязвае ані ўсеагульны стандарт, ані быццам бы адпаведны моманту трагізм. Абавязвае толькі дотык да вечнасьці. А вечнасьць не заўсёды трагічная, яна можа быць усякай, нават іранічнай. Кажуць, адзін паэт сам сабе прыдумаў эпітафію: «Ён кінуў піць, бо сьпіць».
Безыменныя помнікі
Адзінкавыя беларускія магілкі сустракаюцца на вясковых кладах з падобнаю частатой што на Гарадзеншчыне, што на Гомельшчыне. На Віцебшчыне яшчэ можна дзе-небудзь у аддаленым паселішчы забрысьці на клады, акуратныя й дагледжаныя, дзе стаяць адны драўляныя крыжы, бяз подпісаў.
Яны прыйшлі да нас з тых архаічных часоў, калі вёска ведала, каго й дзе пахавала. Калі жывыя пра гэта забываліся, падаў бяз догляду
й зьнікаў назаўсёды крыж. Чужыя людзі сюды ўвогуле не хадзілі, дык навошта падпісваць? Здаецца, подпіс можа толькі парушыць працэс натуральнага зьліцьця з прыродай.
Аднак цывілізацыя расьцерушыла людзей па сьвеце, моладзь выехала ў горад, а тут яшчэ надышло інфармацыйнае грамадзтва... Словам, цяпер падпісваюць у вёсцы гэтаксама, як у горадзе.
Фабрыкі мёртвых
Беларускіх эпітафіяў, якія гучаць няшчыра й непаэтычна, я не сустракаў. Ды ўжо нават толькі імя й прозьвішча, напісаныя па-беларуску, робяць магічнае ўзьдзеяньне. Быццам увесь сьвет вакол цябе складзены з кардонных дэкарацыяў, з-за якіх раптам вызірнула сама праўда, і ты хуценька адводзіш вочы, ці то ад сораму, ці ад боязі ўбачыць сьвет без ілюзіяў, такім, які ён насамрэч. Такую рэакцыю на беларускія надпісы мне даводзілася бачыць ня раз.
Людзі, што сталі гараджанамі ў першым пакаленьні, гэта значыць калісьці даўно пераехалі ў горад і ўсімі сіламі імкнуліся гаварыць па-гарадзкому, выкараняючы зь сябе саму памяць пра тую вясковую мову, якія сваю вясковую маці перавучвалі на гарадзкі капыл і, натуральна, помнік ёй паставілі па-расейску, цяпер прыехалі на Радуніцу і раптам бачаць, што помнік суседняй бабе падпісаны па-беларуску, ды так прыгожа й суладна... У душы цэлая гама пачуцьцяў — і замілаваньне, і сорам, і крыўда, і шкадаваньне. Але жыцьцё пражытае так, і ўжо нічога ня зьменіш.
Гарадзкія могілкі нагадваюць фабрыкі. Тут заўсёды кіпіць работа: капаюць, адпяваюць, прывозяць, прыходзяць, разьлічваюцца... Аднатыпныя помнікі не схіляюць да роздуму, a наганяюць беспрасьветную паныласьць. Гэта нядобра, бо могілкі мусяць пасяляць перакананьне ў нямарнасьці жыцьця. I нават у стандартным панылым асяродзьдзі гэтай «фабрыкі мёртвых» рэдкі помнік па-беларуску быццам бярэцца выправіць тваё ўражаньне й вяртае адчуваньне нямарнасьці ды сэнсоўнасьці ўсяго гэтага сьвету.
У адведкі
Аднак зусім па-іншаму пачуваесься далёка ад мэгаполісу, на малых вясковых могілках. Тут і настрой адпаведны, і кожны помнік — не адзін з сотні тысяч, а сам па сабе. I эпітафія пабеларуску ў вёсцы выглядае не выключэньнем з правіла, а зусім гарманічна. Бо навокал дагэтуль чуваць жывую мову.
Помнікі вядомых людзей на вясковых кладах — як шэдэўры. Якое дзіва было б сустрэць імя народнага паэта Максіма Танка на Ўсходніх могілках у Менску. Там ляжаць усе, каму «паложана». Але воля паэта была — пахаваць на радзіме, у Новіках Мядзельскага раёну, дзе хаваюць памерлых зь ягонай роднай Пількаўшчыны. Паэт, прызнаны тонкім эстэтыкам, ня здрадзіў сабе ў гэтым, не схацеў у намэнклятурны шэраг і лёг дома. Нашчадкі стварылі на месцы ягонага апошняга прыстанку мэмарыял — немалы, але й не пыхлівы, поўны глыбокай вобразнасьці й сэнсу.
Калі выхадцы зь вёскі лягаюць у вёсцы (а гэта і дзеці іх могуць быць, і ўнукі, ды нават проста дачнікі пры гэтай вёсцы), лічыцца, што сваякам будзе цяжка даглядаць магілу — далёка езьдзіць. Але праблема ня ў гэтым. Для чаго патрэбны той догляд? Каб выказаць пашану да продка, засьведчыць памяць. А выказваньне пашаны кілямэтрамі не вымяраецца. Ты можаш ехаць за трыста км — ня проста на магілу сваяка, а туды, дзе ён жыў, адкуль ён родам, дзе ягоныя (і твае) карані. Ну не для таго ж мы прыходзім на Радуніцу на клады, каб толькі павырываць бадылякі.
Тут жа наадварот: паездка да сваяка ці да народнага паэта — да аднадумцаў — становіцца падзеяй ужо твайго жыцьця. Ты сто разоў паўторыш дзецям, наколькі гэта важна. Глядзіш, і да цябе некалі завітаюць у адведкі.
ЯК ІДЭНТЫФІКАВАЦЦА?
Род Янкоўскіх — Беларус з дваран — Залаты Век — «Расеец са знакам якасьці» — Крамольная праўда
Ідэнтыфікавацца — знайсьці ўласную тоеснасьць-ідэнтычнасьць, разабрацца з тым, хто ты і адкуль узяўся, што — тваё, а што — не, у якой іпастасі ты найбольш цікавы й карысны сабе й сьвету.
Пасьля сыходу з жыцьця актора Алега Янкоўскага расейскія СМІ паведамілі, што род ягоны паходзіць з польскага дваранства, БТ — што зь віцебскай шляхты, «апалячанай» — удакладніла «Наша Ніва». Польская «Газэта Выборча» напісала, што актор — з польскай шляхты, «як сьцьвярджаюць расейскія мэдыі». Маўляў, мы, палякі, не прэтэндуем. А польскія інтэрнэт-парталы, прысьвечаныя кіно, канкрэтызавалі: нарадзіўся Янкоўскі «ў сям’і беларускіх арыстакратаў».
Род Янкоўскіх
Мы ня будзем наіўна перацягваць Янкоўскага ў «нашы славутыя землякі». Ён расейскі актор,
і гаворка ўвогуле не пра тое. Гаворка пра складанасьці й патрэбу ідэнтыфікацыі.
Уласна зь віцебскай шляхты быў бацька актора Іван Паўлавіч, рэпрэсаваны ў канцы 1930-х гадоў. Але ў сыіісах рэпрэсаваных ні Івана, ні Паўла Янкоўскіх я не знайшоў. Хацеў даведацца пра канкрэтную мясцовасьць, адкуль гэты род, але нітка згубілася.
Далей нэкралёгі пішуць пра вялікія таленты, якімі быў надзелены Алег Янкоўскі. А мне думалася пра тое, што ў талентах многае тлумачыцца генэтычна. Чалавек міжволі ўласным лёсам працягвае лёсы сваіх папярэднікаў. А калі ён далёка ведае свой род, дык робіць гэта ўсьвядомлена.
Тое самае можна сказаць і пра нацыю — на што ў сваёй гісторыі яна арыентуецца, з чым сябе зьвярае, чаму імкнецца адпавядаць, каб не згубіцца сярод іншых. Ёсьць фальклёр, этніка, чалавечая прырода, а ёсьць свой кшталт цывілізацыі, які на працягу гісторыі выпрацавалі продкі. Як яго ўхапіць?