ЯК? Азбука паводзінаў
Сяргей Дубавец
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 252с.
Мінск 2009
0
ЯК ОКАЦЬ?
Пад націскам паміж Усходам і Захадам
Беларусы, як правіла, ня окаюць. Яны кажуць адкрытым ротам — Масква. А калі ў слове сустракаецца літара «о», яе вымаўляюць пад націскам, нібы пад прымусам. Оканьне для нас — як знак чужога, як сымбаль геапалітыкі, як індыкатар нашага знаходжаньня паміж Усходам і Захадам.
Да прыкладу, варта беларусу прачытаць пасвойму назву расейскай сталіцы — МОсква — і ўжо загучыць па-польску, зь фіксаваным націскам на перадапошнім складзе. Наш паляк парасейску — пОляк, як і па-польску. Прозьвішча Дубавец, напісанае па-расейску, у беларускім прачытаньні зьмяняе свой націск —ДубОвец — і таксама гучыць, як па-польску, а напісанае па-беларуску, па-расейску чытаецца зноў жа як па-польску — ДубАвец. Калі выключыць беларускі фактар, Дубавец-Дубовец выпадае з геапалітычнай прасторы, бо ён і не расеец, і не паляк. А хто?..
Са зьяўленьнем інтэрнэту і беларусы заокалі. Але ня ў тым сэнсе, як окаюць у паўночнарасейскіх ці ў нашых заходнепалескіх гаворках. «Чаго ты ўсё окаеш?!» — папракае адзін карыстальнік сеціва другога, які на кожны допіс адказвае кароткім «ок» — ад ангельскага o’key. Мог бы і па-свойму напісаць: добра, няхай, згодны.
ЯК ПРЫСТАСОЎВАЦЦА?
Чалавек на апошнім месцы — Небеларуская ўлада — Калябаранты — Дамова з рэжымам — Страшней за забойства
Адсутнасьць прынцыпаў сама па сабе — яшчэ не злачынства.
Прыстасаванец у нас — лаянкавае слова. Але з тым, што чалавек выжыў, дзякуючы свайму прыстасаванству, таксама згаджаюцца, нібыта, усе.
Прыстасаванства заслужыла сабе ганьбу за беспрынцыпнасьць. Але з наяўнасьці прынцыпаў пачынаюцца войны.
Чалавек на апошнім месцы
Так здарылася, што пры ўсіх рэжымах на нашай зямлі большасьць людзей ня мела выбару, апроч прыстасаванства, каньюнктуры, калябарацыі, канфармізму. Бо ўлада для чалавека ніколі не была сваёй, ніколі ня брала асобу чалавека за пункт адліку. Што заўгодна магло быць важней — ідэалёгія, ворагі, індустрыялізацыя... Толькі не чалавек.
Прыстасаванства — нармальная рэакцыя чалавека на абставіны. У тым, што многія нашы супляменьнікі прыстасаваліся гаварыць па-расейску, нас насамрэч абурае не прыстасаванства й ня тое, што па-расейску, а тое, што яны страчваюць сваю (і нашу) самабытнасьць, ад чаго й сама гэтая самабытнасьць страчваецца, бо бяз носьбіта яна не жыве.
Чаму адзін варыянт супрацоўніцтва з рэжымам мы называем ганебнай калябарацыяй, a на іншы заплюшчваем вочы? У кожным разе крытэры ацэнкі — у нас саміх, дакладней, у нашых уласных перакананьнях. А само па сабе прыстасаванства тут ні пры чым. Вінавачаньні ў прыстасаванстве беспадстаўныя. Або, вінавацячы ў прыстасаванстве, мы насамрэч вінавацім у нечым іншым.
Небеларуская ўлада
Беларускае ўлады, якая б хоць збольшага адпавядала беларускай ідэі, у Беларусі не было ніколі. А гэта значыць, усе, хто тут рабіў нешта грамадзкае значнае, былі калябарантамі. Праўда, тыя, хто пісаў віншаваньні Кайзэру, Пілсудзкаму або Гітлеру, дагэтуль ня маюць рэабілітацыі. А тых, што віншавалі Сталіна, афіцыйна ніколі ніхто не асуджаў.
Хоць у пляне рэальнага крыміналу і першыя і другія такія ж злачынцы, як і ахвяры.
Гэта самае галоўнае — ці не прынёс ты крыўды іншаму: не забіў, не зьнявечыў, не пакінуў бяз хлеба, не зламаў лёс і не пасярэднічаў ва ўсіх гэтых злачынствах. Калі не — усё астатняе — толькі гульня ўяўленьня, — ня болып.
Выходзіць, пісаць оды тыранам — не ганебна?
Але самі тыраны лічаць сябе героямі. I мы, пішучы оду тырану, ніколі не ўсхваляем тыранства, а толькі геройства, гэта значыць, мы пішам оду герою.
Большасьць беларускіх паэтаў у часы Брэжнева пяяла хвалу рэжыму й рабіла гэта шчыра, бо шчыра верыла ў камунізм.
Тысячы беларускіх настаўнікаў, якія пад нямецкай акупацыяй вучылі ў школах дзяцей, у нацызм шчыра ня верылі. Яны выконвалі свой прафэсійны абавязак і толькі за гэта іх расстрэльвалі савецкія партызаны — як калябарантаў. Хто тут злачынец, а хто ахвяра — адказ лінейны.
Прыстасаванец — зусім ня той, хто падпісаў дамову з д’яблам. Сумленьне чалавека можа быць заплямленае чужой крывёй, бядою ці крыўдай. I нічым іншым.
Ідэалёгіі прыходзяць і сыходзяць. Калі імі вызначаецца, хто праведнік, а хто злачынца, то заўтра фігуранты зьменяцца месцамі, маса людзей пацярпіць, а злачынцы дажывуць свой век як героі.
Калябаранты
Часам мы прымаем за калябарацыю сцэны публічнага самапрыніжэньня чалавека. Памятаеце, як Алесь Наварыч сказаў, што за сьпінаю прэзыдэнта яму спакойна? Але мы ня можам асуджаць Наварыча ані за асаблівасьці характару, ані за жаданьне прыстасавацца, ані, тым болып, за тое, што ён атрымаў прэмію за свой раман незаслужана. Заслужана.
Нас абурае, што столькі людзей культуры займаюцца не сваімі творамі, а сэрвіроўкай прэзыдэнцкага стала? Але ніхто іх да гэтага не прымушаў. Гэта значыць, што ў іх гэта ёсьць і заўсёды было. Урэшце, ня ўсе людзі — Данкі з вырваным сэрцам.
Матывацыі прыстасаванства — ня з плоскасьці ідэалёгіі. Гэта ўвогуле ня справа грамадзкіх катэгорыяў. Гэтасправа індывідуальная, прыватная, асабістая. I асуджаць такога чалавека, калі вам хочацца яго асуджаць, вы можаце як слабую ці нявартую асобу. Але ніяк не за здраду радзіме ці ідэі.
Дамова з рэжымам
Сёньня «падпісаць дамову» з рэжымам — ды хоць бы пакласьці ў кішэню пашпарт з «капустай». Ці ёсьць у самых прынцыповых людзей выбар? Чаму ж не? Адмоўся, не бяры ніякага грамадзянства. У нейкім квазірамантычным варыянце так і павінна быць. Увядуць новы закон аб мовах, які забараняе выходзіць тарашкевіцай — закрый сваю газэту або часопіс. Ці выходзь падпольна.
Прынцыпова? Так. Але непрадуктыўна. Бо гэтак нацыянальная ідэя добраахвотна сыходзіць у гета й будзе зьмяншацца, пакуль ня зьнікне канчаткова. Але заўваж, ты захоўваеш вернасьць прынцыпам толькі на ўзроўні знакаў, а ня сутнасьці.
Той, хто хацеў бы пашырыць кола, паводзіцца ў гэтым сэнсе беспрынцыпна. Ён прыстасоўваецца. Ён кажа пра дыфузію рэжыму. Вось Алег Трусаў кажа, што пачынаецца працэс зьмены
чынавенства — на месца былых камсамольцаў прыходзяць дзеці Адраджэньня. Можа быць, там знойдзецца з кім пагаварыць? Размова ніколі ня будзе на шкоду. А калі ты настолькі загаварыўся, што мы ўжо ня можам прызнаць у табе свайго... Значыць, ты й раней ніколі ня быў сваім. А цяпер вось праўда праявілася, і дзякуй Богу.
Калі глядзець на нашу сытуацыю здаля, дык супрацоўніцтва з уладай на карысьць Беларусі, яе каштоўнасьцям — гэта й не прыстасаванства ніякае. Што ганебнага ў тым, каб лідэры апазыцыі выступалі ў афіцыйных СМІ ў тых сытуацыях, дзе інтарэсы супадаюць? Ці гэта немагчыма? I выступ ня возьмуць у рэдакцыі? А ці вы спрабавалі прапанаваць?
Страшней за забойства
Калі для ўлады на першым месцы не чалавек, тады прыстасаванства становіцца злачынствам, горшым за забойства. Нешта не чуваць з заходняга сьвету, дзе ў галаве вугла чалавек, каб некага закляймілі за прыстасаванства.
Раскладаючы па палічках уласнае прыстасаванства, трэба задаць сабе тры пытаньні, якія насамрэч зусім не зьвязаныя з тым, ці дачыняесься ты з рэжымам, ці не. Ты ў кожным разе дачыняесься, хоць бы таму, што жывеш тут і цяпер. Вось гэтыя тры пытаньні:
Ці прынес я каму-небудзь рэальную шкоду?
Ці здрадзіў я ўяўленьням аб прыстойнасьці — лісьлівіў, хлусіў, маўчаў?
Ці здрадзіў я нейкай ідэалёгіі?
У часы аўтарытарнай прапаганды гэтая шка-
ла злачынстваў і «злачынстваў» перагортваецца з ног на галаву. Але...
Але пэрыяды татальнай калябарацыі часам зьмяняюцца пэрыядамі ўсеагульнага экзарцызму. На сучаснай мове гэта называецца люстрацыяй. Люстрацыі падлягаюць зусім не прыстасаванцы, а тыя, у каго станоўчы адказ — на першае пытаньне.
р
ЯК РАБІЦЬ?
Наш час не пакіне антыкварыяту — Выгнаньне аўтара — Трыюмф сьмецьця — Вечныя зэдлікі
Уладзімер Караткевіч казаў: любую справу рабіць хвацка! Але хвацка — гэта ты. А як — рабіць?
Мастак Валодзя Голуб езьдзіць па галерэях і захапляецца творамі старых майстроў: Вэрмэер выглядае як учора напісаны! Раней і зэдлік рабілі на вякі, а сёньня ўсё, што ні робіцца — дачаснае. Тры-пяць гадоў — і мяняй імбрык, пралку, тэлевізар. Шафы, зэдлікі, сталы маюць тэрмін прыдатнасьці. Як масла ці тварог. Ды што казаць, будынкі, архітэктура, нават ляндшафты — усё часовае, не разьлічанае на вечнасьць ці хоць бы на ўнукаў.
Наш час не пакіне антыкварыяту
I вялікіх твораў мастацтва — таксама.
Расейскі архітэктар старое школы выказаў думку, што цяперашнія дамы (у сэнсе — будынкі) пазбаўленыя цела. Дамы-пакункі. Тое самае
ў мастацтве й літаратуры (тое ж, між іншым, і ў палітыцы). Праекты не становяцца творамі, бо сама іх сутнасьць застаецца на раскрэсьленым ватмане. I ўсё. Канец фільму.
Пад праекты знаходзіцца фінансаваньне. Дачасныя зэдлікі развальваюцца ў нішто адразу, як толькі «асвоены сродкі». Але ад праектаў не нараджаюцца дзеці, і дзецям ад іх не застаецца нічога.
Нават такую кансэрватыўную сфэру, як беларуская літаратура, мутацыя ў праекты працяла амаль да донца. I старыя і малыя пішуць хвостка, зло або сьмешна, мы сьмяемся, ці плачам, ці гневаемся разам зь імі, але толькі на момант прачытаньня тэксту. Далей — мог бы й не чытаць...
Выгнаньне аўтара
Рэч у тым, што выканаўца праекту — ня аўтар, а толькі імітатар твору. Ён накрэсьлівае на паперы «ідэю дому», будаваць які ніхто ня будзе. Імітатар у нашым праектным сьвеце заняў месца Вэрмэера, аўтара.
У часопісе крытык абураецца тым, што новая кніга Ніла Гілевіча выйшла накладам 100 асобнікаў. Пры гэтым — за грошы аўтара, таго самага, што заўсёды чытаўся ў Беларусі безь перабольшаньня — масава.
Можа быць, народны пісьменьнік «не ўпісаўся ў рынак»? Дакладней — Ніл Гілевіч папаў у праектны пераплёт. Да грошай чытачоў, якія, думаю, ня менш масава, чым заўсёды, куплялі б яго новую кнігу, яго не дапускае ўлада. Што да рынку, дык яго няма. Прычым ні ў якой сфэры.
Ёсьць карпаратыўны дзялёж грантаў, куды не дапускаюць Гілевіча гэтаксама, як назіральніка за выбарамі не дапускаюць да падліку галасоў, затуліўшы стол зь бюлетэнямі шчыльным шэрагам сьпінаў. Гранты ідуць на «праекты», а па-сутнасьці — проста кормяць пэўную карпарацыю, што не дае ані плёну ніякага, ані выніку.
Трыюмф сьмецьця
Нехта назваў наш «стабільны» час часам сьмецьця. Трэш — папулярны «кірунак» у літаратуры, палітыцы, жыцьці.