• Газеты, часопісы і г.д.
  • ЯК? Азбука паводзінаў  Сяргей Дубавец

    ЯК? Азбука паводзінаў

    Сяргей Дубавец

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 252с.
    Мінск 2009
    58.83 МБ
    Адкуль бяруцца сябры?
    Паколькі сяброўства — зьява не зусім зямная, мы ня можам самі сваёй воляй ствараць сабе сяброў, але можам быць гатовымі да іхнага зьяўленьня.
    Зразумела, трэба праяўляць узаемавыручку, здольнасьць ахвяраваць сабою дзеля сябра, поўнае паразуменьне... Аднак усе гэтыя праявы ўласьцівыя і для іншых тыпаў дачыненьняў — любові, братэрства, таварышаваньня... Шукаючы нейкую толькі сяброўству ўласьцівую рысу, я сфармуляваў яе для сябе так: сябра — той, хто ніколі не адкажа табе адмовай.
    Гэта, вядома, ідэал. Але ўяві сабе, што ў цябе ёсьць такі чалавек, і жыцьцё ніколі не падасца табе бессэнсоўным.
    Сяброўства ўвесь час зьнікае, сыходзіць, прападае, нібы ведае, што зьдзейсьнены ідэал перастае быць ідэалам. Зь іншага боку, гэта той цуд, які можа паўтарацца. Але паўтор сяброўства паміж табой і тым, хто перастаў быць табе сябрам, — гэта ўжо справа рукатворная і залежыць не ад зорак, а ад цябе. Толькі памятай, што сяброўства не кіруецца зямнымі правіламі.
    Сэрбскі пісьменьнік Ёвіца Ачын выснаваў некалі, што ў сяброўства ў прынцыпе віртуальная прырода, бо ідэальнае, на ягоную думку, сяброўства — па перапісцы: «Сяброўская перапіска захоўвае перапіску зь сяброўствам, нават калі сяброў няма».
    А ці ёсьць у вас нехта, каго б вы без нацяжак маглі назваць сваім сябрам? Падказка: толькі, крый божа, не называйце. Каб ня спудзіць сяброўства.
    т
    ЯК ТАЛЕРАВАЦЬ?
    На мяжы цынізму — Беларусь гамафобская? — Агрэсія й асьвета — Шчырыя-няшчырыя
    Талеранцыя — цярпімасьць да таго, што табе не ўласьціва. Талеранцыя сканчаецца, калі страчваецца паразуменьне бакоў і адна праўда заступае на тэрыторыю іншай, калі пачынаецца гвалт. Вярнуць талеранцыю можна толькі празь перамовы бакоў і пацьверджаньне тэрытарыяльнай цэласьці адной і другой праўды.
    На мяжы цынізму
    Сёньня ніводная тэма ў сеціве не выклікае столькі шуму, як гамафобія. I шум гэты настолькі ж далёкі ад дыскусіі, як праектная дзейнасьць у галіне мастацтва ад мастацтва. Відавочна, гаворка ідзе пра яшчэ адну галіну таго шматжыльнага самасьцьверджаньня, якое й спарадзіла цяперашні глябальны крызыс. Але ж абарона правоў ні ў якой сфэры ня можа мець на мэце самасьцьверджаньне абаронцаў, інакш мы атрымліваем перакулены сьвет.
    Схема й тэхналёгія такога падыходу не хаваюцца. Зьяўляецца тэкст, прыхільны да гомасэксуалізму, зараз налятае цэлая хмара заклапочаных гэтай тэмай камэнтатараў, узровень гаворкі апускаецца ніжэй плінтуса. Асабліва крэпка выказваюцца «гамафобы». Іх зрэдку настаўляюць апалягеты процілеглага погляду, маўляў, глядзіце, апазыцыянэры, калі так і далей будзеце насядаць на гомасэксуалістаў, не відаць вам брусэльскіх грантаў! Гэта дзейнічае мацней за абразу, і хор «гамафобаў» дасягае fortissimo. У выніку набіраецца пульхны том «сьведчаньняў», застаецца іх толькі раздрукаваць. Яшчэ праз кароткі час зьяўляецца паведамленьне, што актывісты пад вясёлкавым сьцягам наведалі Брусэль. Зразумела, што рэпрэзэнтоўвалі сваю краіну, і зразумела, у якім сьвятле, дакладней — у якой цемры.
    Можна талераваць чыесьці каштоўнасьці, але выяўляць цярпімасьць да праектнай дзейнасьці, што мае на мэце паказаць тваю краіну непраўдзіва дрымучай, жаданьня няма. Бо каштоўнасьці заўсёды ў сэрцы, а праекты — на мяжы цынізму.
    Беларусь — гамафобская?
    Мне асабіста ня раз даводзілася быць «гамафобам» ужо толькі таму, што закранаў гэтую тэму, хоць ніколі не займаўся ацэнкай сэксуальнай арыентацыі, бо лічу, што ня гэта ў чалавеку й асобе павінна быць прадметам ацэнкі. Ёсьць людзі такія, ёсьць гэткія, і калі яны лічаць, што гэта дадзенасьць, значыць так яно й ёсьць.
    Што такое гамафобія? Праява «цемнаты». Яна
    правакацыямі або пагрозамі не вылечваецца, наадварот. I тыя, хто абраў сабе праект змаганьня з гамафобіяй — героі той самай опэры. Бо цемната лекуецца асьветай, а не змаганьнем цемнаты зь цемнатою. Тут два мінусы разам даюць тоўсты мінус, а ня плюс.
    Да прыкладу, ці існуе ў прыродзе хоць адзін тэкст пра гейскую субкультуру ў Беларусі — гістарычны момант, праявы ў беларушчыне, мэнтальныя асаблівасьці?.. На Захадзе такая літаратура ёсьць. Таму й стаўленьне да сэксуальна інакшых там ня тое што больш прыхільнае, a больш матываванае. Бо ёсьць пра што гаварыць. I мы, беларусы, чые гаворкі вядуцца выключна вакол фізіялёгіі, на іхным тле выглядаем барбарамі. Але хто ў гэтым вінаваты?
    Агрэсія й асьвета
    He талеруецца гвалт, цынізм і праектны разьлік. Калі публіцы прапануецца не субкультура, а кодэкс барацьбы зь іншымі, з тымі ж «гамафобамі», публіка цьвярдзее сэрцам.
    Усё залежыць ад матывацыяў, шырыні погляду й меры цынізму. Можна ўявіць сабе, як абаронцы жывёлаў цкуюць «неталерантную» публіку шалёнымі псамі, альбо як апантаныя кактусаводы колюць іншых атручанымі голкамі, ці як «зялёныя» кідаюць бурыльшчыкаў у нафтавыя плямы...
    Агрэсія й асьвета — дзьве супрацьлегласьці існаваньня прадстаўнікоў любой меншасьці ў грамадзтве. Чым болып асьветы, тым больш талеранцыі, і чым больш агрэсіі, тым цярпімасьці менш.
    Шчырыя-няшчырыя
    Перачытаўшы апошнія дыскусіі пра геяў і гамафобаў, можна заўважыць няшчырасьць у намерах змагароў з гамафобіяй, што гэтыя дыскусіі справакавалі. Маладзён, які прызнаўся, што ён гей, і атрымаў за гэта адтэрміноўку ад войска, кажа, што ваенком пра ягоную арыентацыю даведаўся раней за бацькоў. Чаму ўзьнікла патрэба пасьвяціць армейскага «бацьку» ў свае сэксуальныя тайны, пра якія ня ведае бацька родны? Бо ў войску будуць зьдзекавацца, — кажа ён так, быццам гэта аксіёма. Хіба ў яго нейкі адмысловы лад жыцьця і, адпаведна, адмысловым мусіць быць стаўленьне грамадзтва? Добра, ніхто ж ня супраць. Але што менавіта павінна ўлічваць грамадзтва, чым дапамагчы яму? Ці ён мяркуе, што яно, грамадзтва, мусіць само здагадацца, як не прычыніць гею нязручнасьцяў?
    Пытаньні без адказу пакідаюць прыкрае пачуцьцё недаверу. Ды не за тое так абрушваецца большасьць «гамафобаў» нападобныя прызнаньні, што нецярпіма ставіцца да іншай арыентацыі. А за тое, што адчувае ў гэтых быццам аксіёмах і недагаворанасьцях няшчырасьць намераў. У выніку змагары з гамафобіяй правакуюць рэальную гамафобію, дзякуй богу, што ня надта пасьпяхова ў іх гэта атрымліваецца ў нашым ня схільным да пагромаў грамадзтве.
    Тэма «гамафобіі» ў Беларусі можа шмат чаго падказаць і ўсім іншым змагарам зь ветракамі, донкіхотам праектнай дзейнасьці.
    У
    ЯК УКАРАНЯЦЦА?
    Шляхецкі складнік — Шэсьць сотак як кампраміс — Гыр-гыр-гарадок — Краіна сядзібаў
    Укараніцца — пусьціць корань у зямлю.
    Шмат хто з маіх знаёмцаў зьбіраецца набыць ці ўжо набыў сабе старую хату на хутары ці ў вёсцы. Мала таго, што гэта выгаднае ўкладаньне грошай (нават сёньня сядзібу можна купіць за дзьве-тры зарплаты), дык гэта яшчэ й вяртаньне да спрадвечных каштоўнасьцяў, калі патрыятызм для нашых продкаў азначаў росквіт і абарону ня нейкіх абстракцыяў, а свае канкрэтнае зямлі, сядзібы, роду.
    Можна толькі ўявіць: калі б мільён беларусаў, што на рэфэрэндуме 1995 году не галасаваў «за», калі б усе гэтыя людзі абселіся на сваіх сядзібах па ўсёй Беларусі ды завялі там свае парадкі, іх не адужаў бы ніякі папулізм.
    Гэта, вядома, фантазіі — пра мільён. Але ж і мільёну ня трэба, каб такім вось чынам сьвядомыя людзі ўкараніліся самі ды ўкаранілі свае ідэалы й мары. Ясна, што зямля, сядзіба,
    маёнтак, дзе ты зладзіў жыцьцё па-свойму, вызначаюць твае інтарэсы не «са столі», як гэта часьцяком адбываецца сёньня. I на мітынг ты выходзіш за свае рэальныя правы, а не за патасныя заклікі да свабоды.
    Шляхецкі складнік
    Mae знаёмцы, што цабылі сядзібы, — людзі зболыпага гарадзкія, жывуць і працуюць на асфальце. Але ў вольны час выбіраюцца «да сябе», бо ніякая кватэра ня робіць чалавека ўкаранёным. Там, на зямлі, у іх ёсьць нагода задаволіць гэты верад беларускай душы — краязнаўства — даведацца пра ўсё, што н§калі было на месцы сядзібы й вакол яе. Некаторыя нават напішуць пра гэта кнігі й здымуць фільмы, бо нецікавых кутоў на нашай зямлі няма. Там, на сядзібе, яны зладзяць свой быт і красу існаваньня, туды вывезуць бібліятэкі й архівы, якія будуць парадкаваць некалі, калі пад старасьць перабяруцца сюды назаўжды. Усе іх матывацыі— такія самыя, якімі спрадвеку кіравалася беларуская шляхта.
    Вядома, што шляхта на момант захопу беларускіх земляў Расейскай імпэрыяй складала ў нас дзясятую частку насельніцтва, і што расейскаяўлада'крокзакрокам «сьпіхвала» дваранаў па герархічнай лесьвіцы саслоўяў уніз — спачатку ў аднадворцы, потым проста ў сяляне. Але пры першай магчымасьці шляхецкі складнік падымаў галаву, перарабляючы жыцьцё на свой капыл. Так было і ў часы сталыпінскай рэформы, і ў часы хутарызацыі ў 1920-я.
    У выніку ў беларускім сялянстве спляліся
    неспалучальныя шляхецкія й пралетарскія імпульсы. Пашана да ўласнасьці, традыцыя, памяць — усё гэта, дзякуючы шляхецкаму складніку. Адмаўленьне ўласнасьці, рабалепства й бяспамяцтва — гэта пралетарскае.
    Шэсьць сотак як кампраміс
    Што да ўлады, дык яна й раней, і цяпер разумела й падтрымлівала толькі пралетарскі віхор у сялянскай душы. Адсюль гэтая яшчэ савецкая прыдумка з шасьцю соткамі, якія шмат хто называе дачамі. Нарадзілася прыдумка з таго, каб даць занятак для мільёнаў сялянаў, што паўцякалі ў горад, далей ад праклятых палачак за працадні, поўнага бяспраўя й невыноснага сялянскага мазаля.
    Паўцякаць яны паўцякалі, але душэўная прага корпацца ў зямлі засталася. Ехаць па тое ў вёску яны не маглі, бо вёску праклялі. Вось і сталіся шэсьць сотак кампрамісам: і сьверб да зямлі задавальняецца, і пры тым — гарадзкія. А шпакоўні на сотках — якая ж гэта маёмасьць — дагэтуль крычма крычаць, што яны — ня вёска, крый Бог, ня вёска, не вярталіся мы ні ў якую клятую вёску, вось жа й разгаварываем па-гарадзкому, бо — гарадзкія.
    Пра тое, колькі папсавалі прыроднае красы гэтымі шанхаямі вакол кожнага гораду, я й не кажу. Бо ў пралетарскі набор каштоўнасьцяў ляндшафтны дызайн не ўваходзіць. Як і ў набор стваральнікаў сёньняшніх аграгарадкоў. Старыя вясковыя бабулі й слова гэтага прамовіць ня могуць, таму прыдумалі нешта сугучнае: «гыргыр-гарадок».
    Гыр-гыр-гарадок
    Аграгарадкі — жалю вартае падабенства хрушчоўскай жыльлёвай кампаніі. Праўда, надта яны ўжо не па часе. У Хрушчова была праблема — куды сяліць мільёны ўчорашніх вязьняў ГУЛАГу.