• Газеты, часопісы і г.д.
  • ЯК? Азбука паводзінаў  Сяргей Дубавец

    ЯК? Азбука паводзінаў

    Сяргей Дубавец

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 252с.
    Мінск 2009
    58.83 МБ
    ы
    ЯК Ы РАЗУМЕЦЬ?
    Беларуска-расейскі саюз
    Літара «ы» — адзінае, што ёсьць у беларускай і расейскай мовах і чаго ні ў якой больш мове няма.
    Думаю, што б яшчэ такога ўнікальнага ды характэрнага толькі для нас і для іх лучыла нашы народы, і не знаходжу адказу. Зрэшты, і «ы» — злучальнік сумнеўны. Як беларускарасейскі саюз.
    «Ы» ніколі не стаіць на першым месцы, зь яго ніколі нічога не пачынаецца (яго парадкавы нумар у беларускім альфабэце 28, у расейскім — 29), і пішацца яно дзьвюма асобнымі часткамі, кожная зь якіх сама па сабе літара — «ь» + «і». Пра мэлёдыку лепш не казаць увогуле...
    У адрозьненьне ад расейскай мовы, беларуская мае сваю традыцыю пісаньня лацінскім шрыфтам, у якім «ы» перадаецца літарай «у» (згадайце «Muzyckuju праўду» Кастуся Каліноўскага). А гэта значыць, што пры найменшым павароце Беларусі ў бок Эўропы, да эўрапейскіх
    каштоўнасьцяў, усё, чым мы ахвяруем, — літара «ы», цёмная й невыразная, як сымбаль ня самых сьветлых часоў і ня самых мілагучных матываў нашай мінуўшчыны.
    ь
    ЯК Ь-М РАТАВАЦЦА?
    «Зьвестак пра выкананьне прысуду няма»
    Гартаючы справы рэпрэсаваных у сталінскія часы, не перастаю зьдзіўляцца адной заканамернасьці. Чым болып цяжкі прысуд, тым больш лёгкае стаўленьне да падсуднага з боку пракурораў, чэкістаў і публікі таксама. Мяркую паводле таго, як вяліся справы. Калі на цябе напісалі данос і «тройка» прысудзіла табе год ссылкі, або тры гады лягераў, або восем гадоў турмы, усе неабходныя «графы» ў тваёй справе будуць запоўненыя дакладна. Калі ж табе далі ВМП (расстрэл), нічога дзіўнага, калі тваё прозьвішча напішуць з памылкай, дата арышту ня будзе прастаўленая, а дата расстрэлу ня будзе ўказаная як правіла. Часты запіс: «Зьвестак пра выкананьне прысуду няма».
    Падчас сталінскае навалы ў беларускай mo­bs найбольш пацярпеў мяккі знак. Рэформа Савету Народных Камісараў 1933 году патрабавала «спрашчэньня» беларускага правапісу й «набліжэньня яго да расейскага». 3 таго часу
    сьнег, зьява, позьні й яшчэ тысячы словаў у афіцыйным напісаньні істотна «спрасьціліся» й пацьвярдзелі. Правапіс змусіў да адпаведнага вымаўленьня — «снег», «з’ява», «позні» — і адпаведнага ўспрыманьня беларускай мовы як грубай, непрыгожай ці калхознай, што, у сваю чаргу, ператварылася ў гарадзкой публікі ў стэрэатып.
    Зразумела, што мове ад усяго гэтага ні халодна, ні горача. Праблема ў людзях. Сымбаль мяккасьці беларускае мовы (а яна лічыцца другой паводле мяккасьці сярод эўрапейскіх моваў пасьля італьянскай) зьнішчаўся рэформай 1933 году гэтаксама, як з арсэналу этыкі тых гадоў выгняталася чалавечнасьць. Інакш кажучы, калі ты адпраўляесься на расстрэл, ты ўжо «адпрацаваны матэрыял», ты ўжо нікому нецікавы, ты проста нішто, сьмецьце.
    Прынцып людзкасьці: чым болыпая ахвяра, тым яна важнейшая. А тут было наадварот. Расстраляць — «нічога ня значыла».
    У афіцыйнай РБ улады ўсё яшчэ не адмежаваліся ад сталінскіх рэпрэсіяў, кагэбісты ўсё яшчэ з гонарам называюць сябе чэкістамі, гэта значыць, што ў галовах у іх нябачна прысутнічае тое самае: чым цяжэйшы прысуд, тым менш вартая ўвагі ахвяра. I мяккі знак, «ь», знак чалавечнасьці, усё яшчэ ня вернуты ў беларускую мову. Аднак калі ты, не чакаючы пастановы ўладаў, асудзіў сталінскія рэпрэсіі, калі незалежна ад сыстэмы лічыш сьмяротныя прысуды цяжкай ахвярай, значыць, ты ўжо сам «зьмякчыў» свой пагляд.
    э
    ЯК ЭВАЛЮЦЫЯНАВАЦЬ?
    Зьменены чалавек — У чым прывабнасьць нашаніўства — Ці быць беларусам,
    кожны вырашае сам
    Як жыць, як любіць, як рабіць?.. Я насамрэч ня ведаю, як гэта ўсё адбываецца ў зьмененым часе, і толькі спрабую разгледзець пэўныя заканамернасьці ў навакольным жыцьці. Зразумела, што ў кожнага свой досьвед, але людзі, якія жывуць у адну эпоху, маюць і пэўную супольную этыку. А ці эвалюцыянуюць этыка і сам чалавек адносна таго, якімі мы іх ведалі ў даўнейшыя часы ды ў кнігах клясыкаў?
    Зьмененычалавек
    Самі клясыкі найчасьцей падкрэсьлівалі, што — не, сутнасьць чалавечая не эвалюцыянуе. Леў Талстой, кажуць, напрыканцы дзён сваіх дзівіўся: столькі тоўстых кніг напісаў, а чалавек ня лепшае. Ці — Алаіза Пашкевіч, памятаеце? — «Дзевятнасьце сотняў, як Езус радзіўся. I за гэту пору мужык не зьмяніўся».
    Пасьля гэтых выказваньняў мінула сто гадоў. Сёньняшні чалавек стаў болып тэхнічна аснашчаным і шчыльней сацыялізаваным за таго Цётчынага мужыка. Але пры гэтым у істоце сваёй — ва ўчынках і пачуцьцях — наш сучасьнік больш нагадвае пэрсанажаў анімалістычных тэлеканалаў. Можна з аднолькавым захапленьнем глядзець сэрыял пра сурыкатаў і сэрыял пра мэксыканскія любоўна-грашовыя ці расейскія мянтоўска-бандыцкія жарсьці — і паўсюль бачыць адны й тыя простыя матывацыі ды схемы паводзінаў.
    Нормы этыкі застаюцца ўвогуле тыя самыя, іншая рэч, што болып прымітыўным у этычным вымярэньні становіцца чалавек. Ужо няма такіх складаных псыхалягічных драмаў, як трыццаць, пяцьдзесят, сто гадоў таму, і на ўроку не разьбіраюць, што б на месцы героя зрабіў ты. Мудрагелістасьць сышла ў інфраструктуру, а ў душы засталася арытмэтычная прастата.
    У чым прывабнасьць нашаніўства
    Пра тое, што чалавек робіцца ўсё болып простым у этычным вымярэньні, сьведчыць поўны заняпад публікацыяў «натэмымаралі» іўвогуле адсутнасьць увагі да этыкі.
    У свой час я задаўся пытаньнем: у чым прыцягальная сіла «Нашае Нівы» — газэты, якая стварыла беларускую нацыянальную ідэю? Ну не ў барацьбе ж супраць чорнае сотні або за вызваленьне сельскага пралетарыяту. Апошняй барацьбой маё пакаленьне было літаральна перакормленае на ўсіх ступенях адукацыі.
    Адказ на гэтае пытаньне знайшоўся ў арты-
    куле сучасьніка той першай «Нашай Нівы». Ён пісаў:
    «Перад намі, як бачым, зьява нечувана цікавая: перараджэньне рэвалюцыйна-грамадзкага руху ў рух нацыянальны. I гэтая трансфармацыя адбываецца незалежна ад волі яе ініцыятараў. Сацыялістычны агітатар ішоў «у народ» абуджаць нянавісьць да пана і пратэст супраць дзяржаўнага ўладкаваньня... Сеяў нянавісьць да іншых, а ўзышла зь яе любоў больш сьвядомая да сваіх».
    Што гэта значыць? Тое, што беларуская ідэя ў інтэрпрэтацыі нашаніўцаў была найперш ідэяй этычнай. I гэты яе зарад рабіў і робіць беларушчыну прывабнай на працягу ўсяго мінулага стагодзьдзя, аж да сёньняшніх дзён. Ён кліча да лепшага жыцьця і вынікае з народнае мудрасьці — няважна, якой ты нацыянальнасьці, абы чалавек быў добры. Ён яднае вакол беларускай ідэі і багатых і бедных, і левых і правых, і пасьпяховых і лузэраў з фрыкамі. I так будзе заўсёды, калі беларушчына ня страціць свайго этычнага зараду.
    Калі ж адбываецца наадварот — пачынаецца дзяленьне людзей паводле якіх заўгодна прыкметаў на нашых і нянашых, беларушчына зараз ператвараецца ў садзьмуты балён — не ўздымаецца ў неба і вока ня радуе.
    Ці быць беларусам, кожны вырашае сам
    Нацыянальнае ўсьведамленьне беларуса дае магчымасьць найпаўней раскрыцца ягоным чалавечым якасьцям. Але, будучы беларусамі ад нараджэньня, мы выбіраем, ці быць нам белару-
    самі, ці кімсьці іншым, ці проста нікім. Маючы зададзенасьць сям’і і ўлады на веравызнаньне, мы ўсё адно яго выбіраем паводле ўласных адчуваньняў таго, што нам бліжэй. Нарэшце, мы выбіраем прафэсію — не халтуру, якую будзем усё жыцьцё цынічна рабіць адно дзеля грошай, а работу, якая будзе нам па душы і ад якой будзе карысьць.
    Гэты выбар — этычны. I, робячы яго, мы этычна эвалюцыянуем — кожны сам па сабе. Але праз гэты пэрсанальны выбар мы становімся народам, які здольны будзе некалі зрабіць і выбар супольны.
    ю
    ЯК ЮЗАЦЬ?
    Этыкі ў сеціве ня больш, як у гульнёвым аўтамаце
    Іншы раз і сапраўды здаецца, што сеціва — гэта новая рэальнасьць са сваёй мовай ды этыкай, а таму заклікі да перамяшчэньня беларушчыны ў віртуальны сьвет не такія ўжо наіўныя. Быццам усе сьвядомыя выехалі на няжылую выспу і там стварылі сваё суладнае беларускае жыцьцё. Некаторыя яшчэ толькі зробяць для сябе такое адкрыцьцё «акіяну неабмежаваных магчымасьцяў» і яшчэ толькі рынуцца ў яго з галавой.
    Між тым, усялякае масавае захапленьне рана ці позна сканчаецца. Я ведаю шмат «старых юзэраў», якія ўжо зразумелі гэта. Інтэрнэт — ня новая рэальнасьць, а толькі новая рэалія, ён ня мэта, а сродак, прылада, інструмэнт.. I пагражае ўвабраць у сябе ўсё на сьвеце з такім самым нахабствам, зь якім фатаграфія ў свой час прадказвала канец жывапісу, або кіно — канец тэатру, або тэлевізія — канец кіно, тэатру й газэтаў з часопісамі.
    Вядома, у выніку нешта інтэрнэт адкусіць ад гэтага пірага, бо сьвет даўно падзелены. Ахвярамі сеціва стануць слоўнікі, даведнікі, энцыкляпэдыі. Але ня ўсе. У інтэрнэт перамесьцяцца бібліятэкі-фільматэкі-фанатэкі. Але ня цалкам. Ляснуцца штодзённыя газэты. Але толькі тыя, што выходзяць у жанры дайджэсту. Словам, усё, што тычыцца дапаможнае інфармацыі. Падставовая інфармацыя будзе існаваць на сваіх носьбітах: паэзія і проза — у часопісах і кнігах, нацыянальная супольнасьць, мова і культура — у рэальным жыцьці, як і этыка, якую сёньня інтэрнэт выпрабоўвае сваімі падступнымі мэтадамі — ананімнасьцю, глухатой, умоўнасьцю дачыненьняў.
    Насамрэч этыкі ў сеціве ня больш, як у гульнёвым аўтамаце — «аднарукім бандыце». Каб зразумець гэта, дастаткова адвярнуцца ад манітора.
    я
    ЯК ЯДНАЦЦА?
    Футбол бяз поля пад нагамі — Дачакацца спрыяльнага Заўтра — «Кактусаводы» ідуць у палітыку — Водазабор
    Яго нельга інсьпіраваць. Можна толькі падтрымаць, умацаваць, пашырыць або — згубіць. Але ўзьнікае яднаньне само.
    Ты скажаш: а якое дачыненьне палітычная партыя парлямэнцкага тыпу мае да трох сяброў-кактусаводаў у Пухавіцкім раёне? Ці да групы маладых людзей, якія штолета ходзяць на байдарках па Страчы? Ці да тых, што разам займаюцца фатаграфіяй або стварылі ў сябе ў мястэчку тэатар?..
    Калісьці беларускі рух за перабудову БНФ і паўстаў з такога аб’яднаньня аматараў, падарожнікаў, краязнаўцаў з усёй Беларусі.
    Футбол бяз поля пад нагамі
    Асёньня, праз дваццаць гадоў, мы спытваем у сябе: чаму масавы некалі народны рух цяпер — і ня масавы, і не сказаць, каб народны.
    У краінах Балтыі колішнія рухі даўно ператварыліся ў партыі парлямэнцкага тыпу. Нешта падобнае адбылося і з БНФ. Гэта заканамерны працэс. Палітыка — іншая сфэра. Сама па сабе яна не ўключае фэномэну яднаньня. Створаныя гэтым фэномэнам рухі ператвараюцца ў партыі тады, калі дасягаюць парлямэнту й надзейна займаюць свой пляцдарм у грамадзтве. Далей яднаньня й не патрабуецца, пачынаецца гульня — прынцыпаў, інтарэсаў, амбіцыяў.