ЯК? Азбука паводзінаў
Сяргей Дубавец
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 252с.
Мінск 2009
Большасьць Гілевічавых калегаў у разгубленасьці. Іншыя з усіх сілаў стараюцца адпавядаць сытуацыі, пісаць тое й так, што й як у гэтых умовах можа і накарміць, і прынесьці вядомасьць. Але нашто майстру рабіць дачасныя зэдлікі? Калі ўсе аўтары прагнуцца пад гэты «цякушчы пэрыяд», заўтра ня будзе каму знайсьціся ў новым часе, калі зноў стане важным не праект, а твор, не рыштаваньні, а цела архітэктуры, ня будзе каму самой наяўнасьцю сваёй зьмяніць умовы гульні, у якіх аўтар стаў падчарам і фінансуецца паводле рэшткавага прынцыпу. Засталіся сродкі ад «асваеньня сродкаў» — можна й аўтару нешта заплаціць.
Эх, былі ж некалі часы, калі выдавец аўтару кнігу — замаўляў. Пад тое выдаваўся аванс. Выдавец разумеў, што аўтар можа тыя грошы пражыць, прагуляць у рулетку, прапіць. Аднак рызыка апраўдвалася тым, што калі кніга ўсё ж напішацца й выйдзе з друкарні, усе выдаткі пакрыюцца з коптурам.
Вечныя зэдлікі
У старым сьвеце, між іншым, і ў гэтым праектным часе захоўваюць тую герархію дачыненьняў, бо разумеюць, што, страціўшы такую герархію, страціш і шанец выйсьці з гэтага бясплённага часу. Кажучы словамі Гілевіча, «перажыўшы вайну». Калі ж бы людзі ўспрынялі вайну не як нешта дачаснае, а як нейкую своеасаблівую стабільнасьць, яны б ніколі не дачакаліся яе канца.
Заўтра пачнецца зь вяртаньня аўтара. Калі ўсе астатнія ўдзельнікі працэсу канчаткова занудзяцца ў сваёй пустаце. I калі сам аўтар сёньня канчаткова не ператворыцца ў праектанта. Праекты — усяго толькі пражэкты. У літаратуры, палітыцы, жыцьці.
Хто можа, рабеце вечныя зэдлікі і не аддавайце іх «за нішто», бо гэта не красьлюнкі на ватмане, а тое, што некалі стане антыкварыятам нашага часу.
с
ЯК СПРАЧАЦЦА?
Выпрабаваньне айца Надсана — Спрэчка ня сварка — 3 бобу на гарох — Тэст для сябе самога
Спрачацца — палемізаваць, дыскутаваць, пераконваць адно аднаго.
Мне пашчасьціла назіраць, як айцец Аляксандар Надсан адказвае на пытаньні публікі. Паміж іншым — пра папоў-русіфікатараў, палянізатараў-ксяндзоў ды антыбеларускі рэжым. Публіка хацела аўтарытэтнага пацьверджаньня свайму ўласнаму стаўленьню да гэтых зьяваў, а заадно, сьвядома ці несьвядома, — выпрабаваць айца на цьвёрдасьць пазыцыі.
Выпрабаваньне айца Надсана
Можна было жыва ўявіць сабе, як прамоўца ў адказ кляйміць маскоўскі імпэрыялізм, прадажны клір ды ганебных уладароў. Прынамсі, паводле лінейнай лёгікі так і мусіла адбывацца. I публіка разышлася б задаволеная. Але на справе ўсё атрымалася інакш.
Айцец Надсан, чалавек мудры й дасьціпны, пачынаў свае адказы, а ў кантэксьце ягоных словаў чыталася: што б такое сказаць, каб нікога не пакрыўдзіць? I казаў пра тое, што мы самі ня маем права да змусу кагосьці, пра тое, як нас ушанаваў Бог, даўшы нам жыцьцё, і як мы з гэткай самай пашанай павінны ставіцца да іншых, пра тое, што чым бліжэй мы да Бога, тым бліжэй паміжсобку...
Словам, нібыта, цалкам прымірэнчыя казаў рэчы. Нікога не крытыкаваў, не кляйміў, ня ганіў. Але кожны ў залі пры тым мацнеў у думцы, што Надсан мае цьвёрдую пазыцыю. Проста дзіва нейкае. Ён нікога не зачапляе, а ты адчуваеш, што ён, таксама як і ты, не прымае ані той русіфікацыі, ані палянізацыі, ані гвалту.
У выніку публіка атрымала ўсё, што хацела, але пры тым разышлася не са сьціснутымі кулакамі ды кленічамі на адрас паскудных праяваў жыцьця, a — прасьветленая.
Спрэчка — ня сварка
Хоць два гэтыя жанры ў наш час лёгка блытаюцца. Атрыбуты сваркі — пераход на асобу, зьнявага ды навешваньне ярлыкоў. Але ўсё гэта ніяк ня ўпісваецца ў законы спрэчкі.
«Ты дурань — сам дурань» — гэта ня спрэчка. Гэта ня спрэчка, калі я кажу: «Трэба купляць зямлю», — а візаві мне адказвае, што я поўны ідыёт, бо паталягічна ненавіджу тое й тое (адкуль ён гэта ўзяў?), што ў мяне генэтычная (этнічная, расавая) прага нажывы, што я — бальшавік (а ён сам ненавідзіць бальшавікоў), ці нацыяналіст
(а яго гідзіць ад «нацыкаў»), ці апазыцыянэр (а яго дасталі «тупыя оппы»)...
Адкуль каму ведаць, хто ёсьць хто? Ён чалавек, такі самы, як і ты, толькі думае інакш. Дык у тым жа й сэнс спрэчкі, каб ты сваім думаньнем пераканаў яго ў слушнасьці свайго погляду або наадварот. У спрэчку ўваходзяць з гатовасьцю зьмяніць уласнае гледзішча — як у шахматы сядаеш гуляць, дапускаючы, што табе можа быць мат. Спрэчка немагчымая без узаемапавагі.
Калі ў інтэрнэце чытаеш камэнтары да ўласных тэкстаў, болей даведваесься пра сябе самога, чым па сутнасьці таго, што выкладзена ў тваім тэксьце.
3 бобу на гарох
Неяк я памясьціў у сеціве эсэ «Партрэт бацькі». I — пасыпаліся ядры «палемістаў». Першая «загана» (майго эсэ?) — натуральна, тое, што жыву ў Вільні. Але да гэтага я прызвычаіўся і пытаньне пра сваё месца жыхарства не абмяркоўваю, бо не лічу яго важным. Другая — што мой бацька такі й такі, а значыць, я сам — увогуле растакі. Таксама ня адрасна, бо таўруюць кароў, а не людзей. Трэцяя «загана», чацьвертая, пятая... I ні слова на тэму выказанага ў тэксьце.
Асабліва шчыраваў надта прысутны ў інтэрнэце нехта «gorliwy litwin», для якога пераход на асобу аўтара — як рэфлекс. Я ня стаў бы яго згадваць, калі б створаны ім уласны вобраз ня быў такой дакладнай ілюстрацыяй падмены жанраў — спрэчкі і сваркі. Узяўшы сабе за мянушку назву віленскай масонскай лёжы, а за юзэрпік — партрэт генэрала Л. Жалігоўскага,
ён быццам сьцьвердзіў сваю прыхільнасьць да ідэалаў «каралеўскага мастацтва» і краёвасьці (а гэтыя ідэалы ў нас часьцяком супадалі, бо вызнаваліся тымі самымі людзьмі). Але ніводзін зь вядомых масонаў краю і ніводзін зь вядомых краёўцаў ніколі не апускаўся да сварак, абразаў і ярлыкоў.
Прадметам спрэчкі зьяўляецца не асоба візаві, а сутнасьць праблемы. А для таго, каб злавіць гэтую сутнасьць, трэба чуць, услухоўвацца ў аргумэнты й не падмяняць тэмы, не загаворваць яе, не зьбівацца з бобу на гарох. Спрэчка губляецца, калі губляецца яе нітка. Мне важна зразумець цябе, каб я мог захоўваць канву нашай размовы.
Тэст для сябе самога
Можна сказаць, што мы й распачынаем спрэчку для таго, каб праверыць слушнасьць уласных уяўленьняў, а калі яны няслушныя, дык прыняць іншае гледзішча. I такая зьмена, калі яна здараецца, становіцца вяхою на нашым уласным шляху. Гэта значыць, што мы не спыніліся, мы рухаемся, мы прамінаем гэты дарожны знак і ўжо бачым наступны. Чапляючы ярлык на чалавека, вы яго самога разглядаеце як прыдарожны слуп, а не як падарожніка, які, магчыма, яшчэ ня страціў здольнасьці руху.
Пачуцьцё асалоды ад усьведамленьня ўласнае эвалюцыі можна параўнаць хіба што з асалодаю творчасьці. Можа быць, спрэчка — гэта й ёсьць творчасьць?
ЯК СЯБРАВАЦЬ?
Сябра не таварыш — Слова на мяжы — Зьнікае, нібы аблачынка — Адкуль бяруцца сябры?
Самы загадкавы тып дачыненьняў — сяброўства.
Яно, як і любоў, узьнікае не на зямлі, але, у адрозьненьне ад любові, якая прагне растварэньня адно ў адным, сяброўства патрабуе дыстанцыі.
Нібыта, не сваякі, не калегі й не таварышы. Сябры.
Сябра не таварыш
Мой колішні выкладчык Пятро Садоўскі нават выкарыстоўвае панятак сяброўства (як нейкую ідэальную меру дачыненьняў), каб выкрыць фальшывасьць таварышаваньня. У ягоным артыкуле на сайце Радыё Свабода шмат прыкладаў на гэтую тэму, пачынаючы ад «нізкай» этымалёгіі слова «таварыш» і сканчаючы нізкім маральным кшталтам таварышаваньня — Беларусі з Вэнэсуэлай або Нямеччыны з Расеяй. Якуб Лапатка ў камэнтарах да гэтага тэксту спадара Садоўскага заўважае: «Сябраваць дзяржавамі і народамі немагчыма».
Дзяржавамі немагчыма — згодны, а народамі... Тут ёсьць нюансы.
Да прыкладу, Павал Севярынец у сваёй кнізе «Люблю Беларусь» чарговы раз акцэнтуе ўвагу на здольнасьці беларусаў ахвяравацца і, як вынік, на любові да беларусаў з боку ўсіх іхных суседзяў.
Праўда, можна на ўсё гэта паглядзець і інакш. Беларусаў любяць усе, бо беларусы, у адрозьненьне ад усіх астатніх, ніколі ні на што не прэтэндуюць, у тым ліку, на сябе й сваю краіну. Прынамсі, да апошняга часу было так. I калі за саветамі ў прыймовым пакоі крамлёўскага чыноўніка армянін сядзеў са скрыняй каньяку, a літовец з чамаданам каўбасаў, і зьяжджалі яны, адпаведна, са скрыняй і чамаданам фондаў, дык бескарысьлівы беларус прыходзіў ні з чым, і сыходзіў, бяссрэбранік, ні з чым. Нават саромеўся думаць пра тое, каб нечым падмазаць там, дзе падмазаць — норма дачыненьняў.
Гэткая сьвятасьць, між іншым, часьцяком межавала з дурасьцю. I калі літовец за саюзныя грошы на манумэнтальную прапаганду аднавіў з руінаў Троцкі замак, беларус за тыя ж грошы мэтадычна качаў бэтон у прыдарожныя канструкцыі «Наша цель — коммуннзм».
Слова на мяжы
Сяброўства і гучыць на кожнай мове па-сакральнаму, быццам вісіць у паветры. Таму расейскі «друг» у беларускім кантэксьце выглядае грубавата і па-прасьцецку. Ну, быццам друг — гэта той, каго можна без рэвэрансаў пабразгаць па плячы й заклікаць на піва. Польскі «прыяцель» па-нашаму — таксама ня сябра, а нехта, дачыненьні з кім маюць легкаважны ці хуткацечны характар. I наш «сябра» ў вуснах расейца ці паляка гучыць паблажліва й фамільярна.
Іншымі словамі, калі карыстацца апазыцыяй Пятра Садоўскага, таварыш — гэта зямная
прафанацыя ідэальнага — сябра, які ў кожнай мове мае сваё, прывязанае да гэтай тэрыторыі і гэтай нацыі слова-азначэньне, якое, пераходзячы мяжу, «зазямляецца», набываючы сэнс таварышаваньня.
Нешта падобнае, дарэчы, адбываецца і зь любоўю, якая ў нас значыць нешта сакральнае, у расейцаў дапаўняецца сэнсам нашага «зямнога» каханьня, у палякаў набліжаецца да простага ўпадабаньня чагосьці, тады як польская сакральная міласьць у нас — гэта проста нешта мілае, а ў расейцаў і ўвогуле амаль што міласьціна.
Зьнікае, нібы аблачынка
У нашым сёньняшнім разуменьні сяброўства высьпелілася з кніг Дзюма й Рэмарка, з асяродкаў шасьцідзясятнікаў, што чыталі Папу Хэма, слухалі Высоцкага й глядзелі кіно пра вайну. Нашы ўласныя сябры прыходзілі са школы, з войска, са студэнцкіх аўдыторыяў, зь першае працы на заводзе.
Жыцьцёвы досьвед навучыў нас, што сябры найлягчэй набываюцца ў маладым веку, а страчваюцца праз усё жыцьцё.
У адрозьненьне ад іншых тыпаў дачыненьняў, у тым ліку й ад любові, сяброўства страчваецца зусім лёгка, яно быццам увесь час чакае нейкай дробнай нагоды, каб выпарыцца й зьнікнуць, нібы аблачынка. А нават і без нагоды. Сяброўству вельмі хутка надакучвае яно само. Таму выпрабоўваць ягонае цярпеньне доўгімі й блізкімі кантактамі ня варта.