• Газеты, часопісы і г.д.
  • Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў  Джын Баярд, Роберт Т. Баярд

    Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў

    Джын Баярд, Роберт Т. Баярд

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 160с.
    Мінск 1990
    54.05 МБ
    рытму свайго працоўнага дня. Такімі сваімі паводзінамі вы пакажаце дзіцяці, што не збіраецеся выблытваць яго, і вынікі яго ўласных паводзін лягуць не на вашы, а на яго плечы.
    Што вы павінны рабіць, калі ваша дзіця зробіць нешта экстрэмальнае, такое, што патэнцыяльна небяспечна для яго ці для іншых: уцягнецца ў п’янства ці наркаманію, сур’ёзна пагражае скончыць жыццё самагубствам ці робіць такую спробу, стварае сур’ёзную пагрозу для іншых людзей? Гэта, мы лічым, выключны, асаблівы выпадак. Калі дзеці робяць учынкі, за якія іх могуць арыштаваць або ўзяць у бальніцу, мы дапускаем, што ў дадзены момант яны патрабуюць кантролю звонку. Ім неабходны кантроль больш цвёрды, чым вы можаце даць, кантроль, які яны не могуць скінуць з сябе. Прынцыпы, пра якія мы гутарым у нашай кнізе, прыдатныя для гэтых дзяцей, як і для ўсіх іншых, але мы адчуваем, што элемент фізічнай небяспекі робіць гэтыя сітуацыі завельмі складанымі, каб вы самі маглі з імі справіцца. Такія дзеці не адзін раз былі ўжо звязаны з якойнебудзь афіцыйнай установай: паліцыяй, службовай асобай, якая вядзе кантроль за ўмоўна асуджанымі, медыцынскімі работнікамі і г. д. Толькі яны могуць абмежаваць гэту сітуацыю.
    Неўзабаве пасля таго як вы перадаручыце адказнасць за ўласныя рашэнні самому дзіцяці, можна чакаць усяго, пачынаючы ад раптоўнага паляпшэння да ўспышак, горшых чым на самым пачатку. He палохайцеся гэтых магчымых успышак. Калі вы да іх падрыхтаваны, яны не павінны вас бянтэжыць, а калі вы цвёрда і шчыра намераны перадаць адказнасць за асабістыя рашэнні дзіцяці, гэтыя ўспышкі хутчэй за ўсё будуць кароткія. Калі яны скончацца і калі вы прытрымліваецеся таго, што мы прапанавалі рабіць, мы думаем, у вас ёсць поўнае права чакаць ва ўзнагароду больш прыемныя за ранейшыя сітуацыі.
    Апошняя невялічкая парада вам, калі вы выкарыстоўваеце нашы ідэі ў выхаванні дзіцяці — не здавайцеся! Падыход, які мы прапануем, надзвычай эфектыўны, больш эфектыўны, чым здаецца спачатку. У некаторых выпадках ён вырашае праблемы бацькоў і дзяцей адразу ж. У іншых выпадках спатрэбіцца больш часу. Магчыма, вы належыце да такіх бацькоў, якія спачатку наогул не бачаць ніякіх змен ні ў дзіцяці, ні ў сабе, хоць вам здаецца, што вы робіце ўсё, што мы прапануем. Важна, каб вы цвёрда праводзілі сваю лінію і не здзіўляліся пэўным момантам, у якія, не ўсведамляючы гэтага, вы паводзіце сябе яшчэ па-ранейшаму. Пры такім падыходзе вы выпрацоўваеце іншы погляд на з’явы на працягу ўсяго жыцця — вашага і вашага дзіцяці. Вы можаце багата зрабіць, каб наблізіцца да перамены, выконваючы ўсё да дробязей, што мы прапануем у гэтай кнізе, але вы павінны як след асэнсоўваць усё гэта. Магчыма, вы будзеце вымушаны перажыць яшчэ большыя скандалы з дзіцем, у вас можа дайсці да самага жахлівага — таго, што было на самым пачатку, перад тым, як сітуацыя прыме процілеглы кірунак. Трымайцеся і будзьце мужнымі і настойлівымі ў прымяненні гэтых ідэй. Уявіце сабе, што ўсё, пра што мы гаварылі і што вы робіце, вам дапамагае, што станоўчыя вынікі прывядуць да шчаслівага канца незалежна ад таго, бачыце вы ці не карысць адразу. Тое, што можа так здарыцца, мы ведаем з прыкладаў многіх бацькоў, якія страцілі надзею і з якімі мы працавалі.
    Цяпер, калі вы прачыталі і прадумалі гэту і папярэднюю главы, зрабілі тое, аб чым мы вас прасілі, вы гатовы фармальна перадаручыць кантроль самому дзіцяці над яго ўласным жыццём. Вярніцеся да старонак другой главы, дзе пра гэта ідзе гаворка. Затым пераходзьце да пятай главы.
    ГЛАВА 5
    УЗАЕМНАЯ ДАМОЎЛЕНАСЦЬ ПАЗБАЎЛЯЕ МАГЧЫМАСЦІ РАБІЦЬ ТОЕ, ШТО ХОЧАЦЦА
    Мы ўжо абмеркавалі некаторыя прычыны, чаму цяжка адмовіцца ад кантролю за падлеткам тады, калі справа датычыць пунктаў, якія адносяцца толькі да яго. У трэцяй главе мы разгледзелі некаторыя думкі, якія маглі ў вас узнікнуць наконт таго, як павінны дзейнічаць разумныя бацькі. У чацвёртай главе вы ўбачылі, як падлетак можа засцерагацца ад вашых намаганняў кантраляваць яго і як ён сябе паводзіць, каб правакаваць ваш кантроль.
    Нягледзячы на ўсё гэта, вам, магчыма, цяжка адмовіцца ад думкі, што кантраляваць сына ці дачку — ваш абавязак. Але чаму?
    Давайце паглядзім, што дае кантроль над вашым дзіцем вам. Таму што, як ні дзіўна, многае з таго, аб чым мы гаварылі ў апошняй главе пра тое, што дзеці баяцца рабіць самастойныя ўчынкі і што кантроль дарослых пазбаўляе іх гэтай боязі, датычыць, напэўна, і вас таксама.
    Мы сказалі, што выбіраць паміж гатовым рашэннем і сваім уласны.м даводзіцца не толькі падлеткам. 3 гэтым мы маем справу ўсё жыццё, у тым ліку і ў сітуацыі, у якой вы знаходзіцеся цяпер. На самай справе, як нам здаецца, праблема выбару асабліва востра паўстае для вас менавіта ў гэты перыяд вашага жыцця.
    Гэта натуральны крызісны час для вас, таму што менавіта цяпер вы мяняецеся як асоба. На працягу многіх гадоў часткай гэтай асобы была ідэя: «Я чалавек, які адказвае за выхаванне
    дзяцей». Аднак, незалежна ад таго, было вам лёгка ці цяжка, вы прызвычаіліся да гэтай ідэі, яна вам добра знаёмая. Цяпер вы пачынаеце разумець, што можна жыць інакш. Такая перспектыва змен і новай свабоды ў вашым жыцці прысутнічала на працягу ўсяго часу, калі вашы адносіны з дзіцем перарасталі ў адносіны з падлеткам, але асабліва рэзка праяўляецца, калі падлетак становіцца дарослым, і гэта прыводзіць да крызісу. Вашы пачуцці можна параўнаць з тым, што адчуваў леў: моцнае жаданне выскачыць з клеткі і пачаць новае, іншае жыццё і панічны страх пакінуць сваё наседжанае месца.
    Мы вельмі сур’ёзна ставімся да гэтага крызісу і да цяжкасці выбару паміж вашымі ўласнымі думкамі і гатовымі, агульнапрынятымі.
    Вядома, усё, што мы апісалі, можа не адпавядаць дакладна вашай сітуацыі, але калі вы хоць трохі занепакоены, то зусім верагодна, што на нейкім узроўні настае момант, калі вы сапраўды пачынаеце разумець, што можаце рабіць так, як хочаце, але ў той жа час вам крыху боязна. Жаданне пазбавіцца ад уласных новых магчымасцей бывае часта вельмі моцнае.
    Памятаеце, мы казалі, што падлеткі, якія знаходзяцца ў такой жа самай сітуацыі, стараюцца не самі прымаць рашэнні, а прымусіць іншых кантраляваць іх дзеянні. Гэтак робяць і дарослыя.
    Давайце паглядзім, як яно бывае. Мы пазбягаем прымаць рашэнні, перш за ўсё разважаючы пэўным чынам. Гэтыя разважанні складаюцца з чатырох этапаў.
    1.	На першым этапе вам прыходзіць у галаву смелая думка. Вы пачынаеце думаць пра тое, што вы маглі б зрабіць, ці кім вы маглі б стаць, ці што вы маглі б мець: «Я мог бы...
    займацца палітыкай.
    стаць антраполагам (танцорам).
    паехаць на бераг мора пасля абеду.
    купіць новае паліто.
    заняцца фехтаваннем (замежнай мовай, вышываннем). падрамаць.
    быць шчаслівым!»
    2.	Другі этап — гэта пачуццё панікі ці тое, што мы называем панікай. Гэта пачуццё, часта вельмі нясмелае, амаль незаўважнае (бо яно так хутка праходзіць), можа быць і неадольна моцным. Яно, безумоўна, звязана са смелай думкай, якая падказвае: «Небяспечна!»
    3.	Трэці этап — падумаць пра што-небудзь такое, што зробіць немагчымым здзейсніць першы этап. Гэты этап пачынаецца з такой фразы, як «Але я не магу, таму што...», «Калі б мне не трэба было...», «Калі б не...», а пасля дадаецца што-небудзь такое, што вам перашкаджае.
    «Але я не магу, таму што...
    няма часу.
    у мяне няма адпаведнага адзення»,
    «Калі б мне не трэба было...
    мыць пасуду (карміць сям’ю). зарабляць на жыццё»,
    «Калі б не...
    мой муж (мая жонка). мае дзеці.
    матэрыяльная нястача. маё выхаванне» і г. д.
    На гэтым этапе вы выбіраеце якую-небудзь прычыну, якая не дае вам свабоды дзеянняў, і адмаўляецеся ад смелых магчымасцей, якія адкрываюцца перед вамі на першым этапе,— і вы зноў адчуваеце сябе ў бяспецы.
    4.	Чацвёрты этап — гэта пачуццё расчаравання, якое вы перажываеце пасля трэцяга этапу, хоць псіхатэрапеўт палічыў бы, што яно хутчэй за ўсё ад шкадавання таго, што прыгожыя, смелыя думкі першага этапу адкінуты. У гэты момант у вас узнікае не вельмі прыемнае пачуццё адносна трэцяга этапу:
    абурэнне
    неспакой віна
    прыгнечанасць
    адчуванне таго, што цябе ашукалі.
    I зноў-такі, гэта пачуццё расчаравання можа быць любой інтэнсіўнасці — ад вельмі слабага да амаль неадольнага. Яно служыць для падтрымкі і захавання пачуццяў, якія ўзнікаюць на трэцім этапе, і для таго, каб цалкам заглушыць смелую думку. Такім чынам, мы лічым, што, чым мацнейшае гэта непрыемнае пачуццё, тым мацнейшая, больш рашучая была думка на першым этапе.
    Поўная паслядоўнасць вашых разважанняў можа быць прыблізна такая: «Можа, я і мог бы (магла б) зрабіць так, як хочацца. Але гэта парушае мой спакой. Ага! Разумею, што не магу рабіць так, як хачу, з-за гэтага стрымліваючага фактару». Гэты фактар разладжвае ўсе планы!
    Аднак, па меры таго як мы пачынаем звыкацца з гэтай думкай, мы схільны не думаць пра першыя два этапы і вельмі добра памятаць толькі пра апошнія два. У гэтым ёсць сэнс, бо апошнія два этапы існуюць толькі па адной прычыне. Яны прызначаны якраз для таго, каб зрабіць вам балюча, прымусіць вас канфліктаваць з самім сабой і паставіць вас у такое становішча, што вы не можаце ўздзейнічаць на пачуцці, якія ўзнікаюць на першым этапе. Таму канчаецца тым, што вы ўсведамляеце толькі: «Я так разбіты з-за гэтага стрымліваючага фактару!»
    Цяпер, калі вы крыху засмучаны такімі перажываннямі, магчыма і пажадана вярнуцца да першай думкі і пачаць разважаць зноў у тым напрамку, каб нейкім чынам здзейсніць вашу думку, а не заглушыць яе. Мы больш падрабязна пагаворым пра тое.
    як гэта зрабіць, у наступнай главе. А цяпер мы хочам паразважаць пра тое, што вы, магчыма, зробіце на трэцім этапе. Людзі могуць прыдумаць што хочаш, каб абмежаваць свае дзеянні першага этапу, незалежна ад таго, ёсць у гэтым сэнс ці няма, адпавядае гэта ім ці не. На самай справе, што б яны ні выбралі, усё роўна ўся паслядоўнасць іх разважанняў не лагічная. На практыцы мы ўсе схільныя выбіраць тую прычыну, якая з’яўляецца самай зручнай, і звальваць немагчымасць зрабіць так, як нам хочацца, на гэту прычыну. А ў сям’і бацькі для дзяцей і дзеці для бацькоў з’яўляюцца тым самым зручным фактарам, які можна выкарыстаць на трэцім зтапе. Інакш кажучы, існуе вялікая спакуса выбраць на трэцім этапе якую-небудзь прычыну, звязаную з вашым дзіцем ці з яго паводзінамі, каб не рабіць таго, што вам хочацца.