• Газеты, часопісы і г.д.
  • Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў  Джын Баярд, Роберт Т. Баярд

    Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў

    Джын Баярд, Роберт Т. Баярд

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 160с.
    Мінск 1990
    54.05 МБ
    Аднак вы можаце запярэчыць: «Але ж маё дзіця робіць дрэнныя ўчынкі, прымае памылковыя рашэнні якраз цяпер. Як жа я магу памяняць свой погляд на гэта?»
    Рашэнні звычайна маюць і добрыя і дрэнныя вынікі, некаторыя з іх хутка выяўляюцца пасля выканання рашэння, некаторыя заўважаюцца пазней. Чым больш сталая і спрактыкаваная асоба, тым больш увагі яна звяртае на вынік пазнейшага перыяду. Падлеткі, як правіла, імкнуцца засяродзіцца на «кароткатэрміновых» выніках, у той час як бацькі надаюць больш увагі пазнейшым вынікам. Гэта, фактычна, з’яўляецца часта прычынай канфлікту паміж бацькамі і падлеткамі.
    Калі бацька і маці прымушаюць або стараюцца прымусіць дзіця вырашыць штосьці пэўным спосабам, яны звычайна менш звяртаюць увагу на тое, што ўяўляецца адразу, а больш — на прамежкавы вынік рашэння. Аднак ёсць вынік далёкай перспектывы, які ігнаруюць і бацька, і маці, і дзіця. Ігнаруюць менавіта тое, што дзіцяці трэба вучыцца прадбачыць усе вынікі рашэння і ўмець прымаць іх у разлік. Навучыўшыся давяраць свайму дзіцяці прымаць рашэнні, бацька ці маці дабіваюцца вынікаў, якія наступаюць адразу пасля прыняцця рашэння, напрыклад: бесканфліктныя адносіны з дзіцем (перавага блізкай перспектывы), а таксама вынікаў, якія наступаюць не адразу. Напрыклад: бацька ці маці бачаць, як дзіця вучыцца разумець і звяртаць увагу на вынікі рашэнняў у будучым (карысць далёкай перспектывы). Калі бацькі перашкаджаюць дзіцяці прыняць рашэнне, якое мае доўгатэрміновыя балючыя вынікі, тады ў дзіцяці менш магчымасцей перажываць адмоўныя вынікі, і нават, калі яно перажывае іх, то мала звяртае на гэта ўвагі, бо засяроджана на тым, як змагацца з бацькавым ці матчыным кантролем.
    Такім чынам, калі вы маеце веру ў здольнасць свайго дзіцяці прымаць добрыя рашэнні, то можаце павялічыць гэту здольнасць. Вашы ранейшыя меркаванні наконт рашэнняў дзіцяці, магчыма, былі вельмі вузкія, бо вы ўлічвалі ва ўсім толькі свае жаданні замест жаданняў дзіцяці. Напрыклад, ваша дачка наважылася ўкрасці штосьці ў магазіне, і гэта можа мець вынікі, якія паўплываюць на яе пазнейшае рашэнне не красці (такім чынам, калі ўлічыць далёкую перспектыву, дык гэта было добрае рашэнне).
    Мы адзначалі, што падспудныя перакананні ўплываюць на тое, што вы і ваша дзіця думаеце пра сябе, што вы можаце зрабіць, кім стаць у жыцці. Мяняючы гэтыя перакананні пра сябе і сваё дзіця, вы можаце істотна паўплываць на тое, што з ім здарыцца ва ўсёй гэтай сітуацыі.
    Вось некаторыя думкі бацькоў наконт свайго дзіцяці, a no634 — думкі, якія могуць узнікаць у падлетка ў залежнасці ад бацькоўскіх думак пра яго.
    Бацька ці маці
    Я адказваю за тое, што робіць маё дзіця.
    Ён гэтага не зробіць.
    Яна не можа прымаць рашэнні.
    Яна дурнаватая.
    Ён псіхічна хворы.
    Яна ходзіць у школу, падпарадкоўваецца маім загадам, ветлівая, выконвае свае абавязкі.
    Ён не ўмее клапаціцца пра сябе.
    Дзіця
    Тата ці мама нясуць адказнасць за мяне, за мае дзеянні. Я не адказваю за тое, што раблю.
    Я такога не зраблю.
    Я не ўмею прымаць рашэнні.
    Я дурнаватая.
    Я псіхічна хворы.
    Я здольная выконваць толькі тое, што іншыя загадаюць. Рашэнні, якія я сама прымаю, не маюць значэння.
    Я не ўмею клапаціцца пра сябе.
    Мы хочам, каб вы падумалі над сваімі адносінамі да дзяцей і змянілі іх у іншы бок. Напрыклад:
    Маці ці бацька
    Маё дзіця адказвае за тое, што яно робіць.
    Ён справіцца як найлепш з любой сітуацыяй.
    Яна можа прымаць рашэнні.
    У асноўным з ім усё добра. Я веру, што ён справіцца з сабой.
    Я не ведаю, што ён яшчэ зробіць, але цікава паглядзець, што з гэтага будзе.
    Дзіця
    Я нясу адказнасць за свае дзеянні.
    Я спраўлюся.
    Безумоўна, я ўмею прымаць свае ўласныя рашэнні.
    Са мной усё добра.
    Я ўмею і буду клапаціцца пра сябе.
    Мама цікавіцца мною, і яна верыць, што я прыму правільныя рашэнні.
    Калі вы сур’ёзна зацікаўлены ў тым, каб перамяніць сваю думку наконт дзіцяці і думаць пра яго не так, як у першым спісе, а так, як у другім, прапануем зрабіць наступнае.
    Падрыхтуйце невялікую запісную кніжку (чыстыя картачкі), ручку і трымайце гэта пры сабе на працягу некалькіх дзён. У канцы дня адзначце, як час ад часу вы думаеце пра сітуацыю з дзіцем і як яе перажываеце, бо гэта сітуацыя — цэлая праблема для вас. Кожны раз, калі вас працінае боль, заўважце, што вы тады падумалі пра сваё дзіця. He турбуйцеся і не разважайце доўга пра гэта, а проста адзначце першую ж думку, якая прыйдзе ў галаву: «Я ненавіджу гэту сітуацыю», «Мне моташна ад гэтай сітуацыі», «Я звар’яцею ад сваёй дачкі», «3 ім нешта блага» і г. д. Цяпер дастаньце кніжку і занатуйце гэту думку.
    А зараз напішыце пасля гэтага новы сказ, пачынаючы з імені свайго дзіцяці і працягваючы «...мае ўсё, што яму (ёй)
    патрэбна, каб прымаць свае ўласныя рашэнні і кіраваць сваім жыццём».
    Рабіце гэта свядома на працягу некалькіх дзён, пакуль вы не заўважыце, што гэта думка-мадэль стала вашай прывычкай. Гэта значыць, што, як толькі пэўная сітуацыя з вашым дзіцем прыносіць вам боль, вы ўслед пачынаеце аўтаматычна ўпэўнена думаць: «Маё дзіця мае ўсё, што толькі яму патрэбна, каб прымаць правільныя рашэнні і кіраваць сваім жыццём».
    У гэтым раздзеле мы стараемся дапамагчы вам скінуць з сябе адказнасць, што вы, магчыма, несяце за рашэнні, якія ваша дзіця само можа прымаць адносна свайго ўласнага жыцця.
    Мы, вядома, не гаворым пра тое, каб дзіця наогул не слухалася вас або пагарджала такім паняццем, як «павінен». Гэта было б памылкова ўжо таму, што азначала б не шанаваць ці нават не прызнаваць вашу асобу. Мы таксама ні ў якім разе не прапануем, каб вы ігнаравалі сваё дзіця або казалі яму, што яго лёс не клапоціць вас («Рабі, што хочаш, і не падумаю хвалявацца!»). Вы можаце і надалей хвалявацца за яго, цікавіцца сваім дзіцем і адначасова адмовіцца перахопліваць яго рашэнні.
    Мы гаворым пра тое, каб вы глядзелі на дзяцей як на здольных прымаць рашэнні і каб вы рабілі ўсё магчымае для заахвочвання дзіцяці прымаць уласныя рашэнні.
    Тут бацькі часта паведамляюць нам аб сваёй глыбокай заклапочанасці тым, што ж будзе, калі яны дазволяць свайму дзіцяці прымаць самому рашэнні.
    Ці ж гэта бяспечна?
    Яна ж пойдзе, і яе могуць згвалціць, напасці на яе, нават забіць.
    Ён не ўмее сабою кіраваць, трапіць у бяду, калі я яго не папярэджу.
    Трывога бацькоў апраўдана. Сапраўды, па-за домам шмат небяспечнага, дзяцей (як і дарослых) гвалцяць, нападаюць на іх, нават забіваюць. I тым большая неабходнасць зрабіць дзіця адказным за свае паводзіны па магчымасці ў больш раннім узросце. Адзіная рэальная абарона, якую дзіця мае супраць небяспекі, гэта яго цвярозы розум і веданне таго, што яно павінна ўхіліцца ад небяспекі і прыняць адпаведнае рашэнне, калі трэба. Калі дзіця ведае, што турботы пра небяспеку і прыняцце рашэнняў наконт яе — гэта ваша справа, дык зусім верагодна, што яно пакіне гэта для вас і будзе мець пачуццё, вольнае ад адказнасці. А вось гэта сапраўды дрэнна, бо дзіця жыве з вельмі памылковым пачуццём бяспекі. Такім чынам, на нашу думку, самае лепшае, што вы можаце зрабіць, каб аберагчы дзіця ад небяспекі, гэта развітацца з верай у тое, што гэта ваша справа. Няхай дзіця ведае, што вы разлічваеце на яго здольнасці прымаць правільныя рашэнні адносна сябе.
    Калі вы лічыце, што трэба пачакаць і перадаць дзіцяці адказнасць пасля таго, як яно прадэманструе здольнасць узяць яе на сябе, дык перадумайце, калі ласка. Людзі неабавязкова вучацца быць адказнымі з узростам. Бывае, што чалавеку ўжо і трыццаць, і сорак гадоў, а адказнасці за сваё жыццё ён не хоча несці. Людзі вучацца быць адказнымі, апынуўшыся ў сітуацыях, у якіх, яны ведаюць, ім ніхто не дапаможа, у якіх яны павінны самастойна прымаць рашэнні, а за вынікі самі несці адказнасць. Ахоўваючы сваё дзіця ад усялякай жыццёвай небяспекі, вы, магчыма, перашкаджаеце развіццю той самай сілы, якая патрэбна, каб перамагчы небяспеку. Мы перакананы, што калі дзецям сапраўды цалкам давяраюць, вераць у іх здольнасці спраўляцца з жыццёвымі сітуацыямі, дык уменне рабіць гэта праяўляецца нават у найбольш неверагодных абставінах. Адсутнасць даверу, які дзеці часам праяўляюць да гэтай сваёй здольнасці, напэўна, звязана з адсутнасцю даверу з боку іншых.
    Калі вам усё яшчэ вельмі цяжка адмовіцца ад намаганняў кантраляваць розныя аспекты жыцця дзіцяці, прапануем адмовіцца хоць бы ад таго, ад чаго вы можаце адмовіцца без асаблівай рызыкі, крыху сябе падштурхоўваючы. He закранайце пакуль што іншыя аспекты. Магчыма, пазней, калі вы ўбачыце станоўчыя вынікі таго, што вы робіце зараз, вы не пашкадуеце, калі адмовіцеся і ад большага. Усё, што вы зможаце зрабіць, напэўна, аплаціцца ў будучым і для вас, і для вашага дзіцяці.
    ГЛАВА 4
    ЯК ВАША ДЗІЦЯ МОЖА РЭАГАВАЦЬ НА ЎСЁ ГЭТА
    У папярэдняй главе мы гаварылі пра вашы адносіны да таго, як дзіця прымае свае ўласныя рашэнні. У гэтым раздзеле паразважаем над тым, што можа здарыцца, калі вы на самай справе перадаручыце свайму дзіцяці права кіраваць сваім жыццём.
    Што ж ваш сын ці дачка хутчэй за ўсё зробяць са «свабодай»? Большасць дзяцей, якіх мы ведаем, кажуць, што болей за ўсё яны хочуць распараджацца сваім уласным жыццём. Можна было б спадзявацца, што калі яны атрымаюць гэту волю, дык прывітаюць яе радаснымі тварамі і шчаслівымі ўсмешкамі. Праўда, часам так здараецца. Але мы проста здзіўляліся таму, як многа дзяцей, калі іх бацькі нарэшце згаджаліся дазволіць ім прымаць уласныя рашэнні, абсалютна не выяўлялі шчасця. Найчасцей дзеці станавіліся сумныя і гаварылі нешта накшталт: «Вы мяне не любіце», «Вы гэтага не дапусціце» або нават: «Няма ў мяне ўпэўненасці, што я гатовы прымаць уласныя рашэнні, і, калі ласка, назірайце за мною!». Часта, атрымаўшы свабоду, яны паводзяць сябе яшчэ горш, чым раней. У гэтым ёсць яўная спроба прымусіць бацькоў зноў узяць над імі ўладу. (У нейкай ступені гэта і «праверка» сур’ёзнасці намеру бацькоў наконт таго, што яны сапраўды хочуць пакінуць кантроль.)
    Давайце паглядзім, чаму яны менавіта так сябе паводзяць. Мы лічым, што ў кожнага дзіцяці сапраўды пераважае жаданне мець «свабоду». Кожнае хоча і можа распараджацца сваім жыццём, прымаць адказныя рашэнні і быць індывідуальнасцю. Але
    адначасова дзіця палохаецца свабоды, хоча быць вызвалена ад яе і робіць усё магчымае, каб за яго прымаў рашэнні нехта іншы.