• Газеты, часопісы і г.д.
  • Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў  Джын Баярд, Роберт Т. Баярд

    Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў

    Джын Баярд, Роберт Т. Баярд

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 160с.
    Мінск 1990
    54.05 МБ
    I вось цяпер, калі вы седзіце ў крэсле, спачатку напружце кожны мускул у целе як наймацней. Сядзіце так да максімуму напружана і нерухома прыблізна дзесяць секунд. Потым няхай усё расслабіцца, няхай цела вяла абвісне ў крэсле. Заўважце, як гэта адбываецца, як наступны ўдых, што вы робіце, становіцца павольны і глыбокі, як напружанне адыходзіць, знікае.
    Далей працягвайце паглыбляць расслабленасць, у думках адчуваючы кожную частку цела і расслабляючы яе далей. Няхай спакой разліваецца па ўсім целе ў той час, як кожная частка яго расслабляецца: «Цяпер пальцы на нагах расслабляюцца (яшчэ больш робяцца вялыя). Цяпер ступні ног расслабляюцца. Цяпер пяткі. Цяпер шчыкалаткі становяцца вялыя і расслабляюцца. Цяпер мае лытачныя і галёначныя мускулы расслабляюцца яшчэ больш».
    Так і працягвайце, вяртаючыся да асобных частак цела, пакуль не адчуеце задавальняючую ступень рэлаксацыі ва ўсім целе.
    Такім чынам, у прыемным стане рэлаксацыі, якой вы дасягнулі, і карыстаючыся толькі тымі мускуламі, якія патрэбны, каб трымаць кнігу і чытаць, пераходзьце да наступнага практыкавання.
    Практыкаванне другое
    Уявіце цяпер, што ў самым цэнтры вашай істоты ёсць маленькі кавалачак вас, які вельмі спакойны і шчаслівы. Яго не турбуюць ні клопаты, ні страхі пра будучае, ён бязмежна мірны, дужы і шчаслівы. Яго нішто не кранае. Уявіце яго ў абрысах якога-небудзь вобраза (полымя, каштоўнасці, загадкавага азярца — ціхага, гладкага
    і без усплёску). Напоўніце яго глыбокім спакоем, радасцю і цішынёй. Ён бяспечны і моцны. Ён там глыбока, унутры вас. Уявіце, што вы — гэта полымя, ці гэта каштоўнасць, ці гэта азярцо. Пастарайцеся запэўніць сябе, што гэты патайны цэнтр будзе ўнутры вас заўсёды, што ён застанецца там спакойны і нерухомы пасля ўсіх праблем і клопатаў, праз якія вы пройдзеце, што вы, калі захочаце, можаце ўспомніць пра гэту маленькую сарцавіну ўнутранага спакою і на працягу дня не раз дакрануцца да яе ў думках. Ведаючы, што яна там, вы можаце адчуць сябе мацнейшым для схваткі, якая мае адбыцца з вашым дзіцем.
    Практыкаванне трэцяе
    Знаходзячыся ў стане рэлаксацыі і ўнутранага спакою, пачынайце паступова пашыраць сваё ўяўленне пра свет, і тады праблема з вашым дзіцем зменшыцца да такой ступені, што ёй можна кіраваць. Калі вы адчуваеце трывогу, абурэнне або іншыя балючыя эмоцыі, думаючы аб гэтай праблеме, вы, напэўна, прызвычаіліся бачыць яе ў абмежаваных рамках (гэтыя рамкі адначасова абмяжоўваюць вашы здольнасці ў выпрацоўцы рашэнняў праблемы). 3 пашыранай перспектывай у вас будзе болып прастору.
    Такім чынам, вы расслаблены, седзіце ў крэсле, і вашы думкі пераходзяць на праблему з сынам ці дачкой. Уявіце сабе яго (ці яе) у гэтай нялёгкай сітуацыі. Калі вы ўсё гэта дакладна ўявілі, падумайце пра сябе, пра сям’ю, у якой жывяце, пра каго-небудзь, хто жыве разам з вамі. Так што вы цяпер думаеце пра сябе, пра сваё дзіця і яшчэ пра таго, хто жыве ў сям’і, пра ўсіх блізкіх.
    Цяпер пераходзьце да блізкага наваколля. Падумайце пра свой двор, суседнія будынкі, пра ўсіх людзей, што там жывуць, пра сябе, сваё дзіця. Калі гэта карціна ў галаве ў вас ясная, ідзіце далей і думайце пра ўвесь свой край: пра сотні іншых бацькоў і дзяцей, пра ўсіх людзей, працуючых і ўзаемадзеючых, пра ўвесь прасцяг зямлі. Затым думайце пра ўсю краіну, пра мільёны людзей і сем’яў, пра мільёны гектараў зямлі. Ахапіўшы такі прасцяг, уявіце ўсю Зямлю — сушу, акіяны і людзей. Дайце сабе волю думаць пра ўсю Зямлю і ўсю Сонечную сістэму — агромністае смалячае Сонца і масіўныя планеты, спадарожнікі, касмічны пыл, што паволі кружыць вакол. Цяпер уявіце ўсю галактыку — усе групы сонечных сістэм, якія працягваюцца так далёка, што адлегласці паміж імі ўявіць цяжка, можна толькі здзіўляцца. Тады дазвольце сабе ўявіць Сусвет — мільёны галактык, якія раскіданы ва ўсіх кірунках так далёка, што чалавек нават і ўявіць не можа адлегласці паміж імі.
    Далей, трымаючы ў галаве адчуванне агромністасці быцця, пачынайце зноў думаць аб праблеме са сваім сынам ці дачкой і вызначце адпаведную важнасць гэтай праблемы ў сістэме ўсяго Сусвету. Усвядомце, што ваша рэальная адчувальная праблема ва ўсёй гэтай агромністасці быцця (можаце паверыць) неяк сама вырашыцца без уліку таго, што вы будзеце рабіць. I ва ўсім свеце ад гэтага не будзе вялікай і доўгатэрміновай шкоды.
    Практыкаванне чацвёртае
    Уявіце сабе, што вы, бесклапотна адпачываючы ў Італіі, аглядаеце руіны старажытнага горада Пампеі. Ціхі летні дзень. Вы азіраецеся вакол і бачыце ўсюды сляды паўсядзённага жыцця мінулага — вуліцы, шарэнгі разбураных дамоў, унутраныя дворыкі, кухні, каменныя вінныя бачуркі. Сотні гадоў таму назад людзі працавалі, размаўлялі, гадавалі сем’і ў гэтым месцы, грэліся на цёплым сонейку. Уявіце сабе, што ў гэтым ціхім месцы вы натыкаецеся на каменную калону, на якой нейкі гаспадар дома гэтага старажытнага горада запісаў падзеі паўсядзённага свайго жыцця. I вось вы чытаеце: «Сёння я быў ахоплены жахам і злосцю, бо майго сына схапіла пампейская паліцыя» або: «Сёння я зразумеў, што мая дачка прымае гашыш».
    Заўважце, якая нязначная доза адрэналіну выпрацоўваецца, калі вы думаеце пра гэту бацькоўскую праблему ў такім даўнім часе. Магчыма, у вас з’явіцца пэўнае спачуванне тым людзям і вы зразумееце іх перажыванне, але сапраўднай трывогі ў вас яно не выклікае.
    Цяпер уявіце, што вы былі тым гаспадаром, што гэта ваша праблема з вашым дзіцем адбіта на каменнай калоне і што амаль 2000 гадоў мінула з таго часу, як тое здарылася. Заўважце: як вы гледзіце на сваю праблему ў гэтым святле?
    Зараз, у прыемна расслабленым стане, працягвайце разважаць з намі, чытаючы наступныя факты:
    Большасць дзяцей, якія робяць тое, што мы пералічвалі ў пачатку гэтай главы, выпраўляюцца. Гэта значыць, стаўшы дарослымі, яны здольны забяспечваць сябе матэрыяльна, разумна падтрымліваюць добрыя адносіны з іншымі, у тым ліку і са сваімі бацькамі, маюць аўтарытэт. Зусім верагодна, што, нягледзячы на тое, што вы турбаваліся, злаваліся, адчайваліся, сітуацыя выправіцца і ваша дзіця стане даволі прыстойным і шчаслівым чалавекам.
    Большасць сем’яў праходзяць праз такі перыяд, калі бацькам і дзецям-падлеткам нялёгка жыць разам. У большасці дзяцей, уключаючы тых, якія робяць тое, пра што мы гаварылі вышэй, пазней адбываецца псіхалагічны паварот (звычайна недзе паміж васемнаццаццю і дваццаццю пяццю гадамі), і яны становяцца сябрамі сваіх бацькоў.
    У вас вялікая кампанія. Тысячы бацькоў перажываюць тое ж самае якраз цяпер, а іншыя тысячы перажылі гэта ў мінулым і выйшлі на другі бераг.
    Вы, напэўна, не пашкодзілі свайму дзіцяці, нават калі думаеце з вялікай віной пра сябе, што вы былі дрэнная маці ці дрэнны бацька. У дзяцей ёсць агромністая сіла (як і ва ўсіх людзей наогул), якая прымушае рэалізаваць сваё жыццё. Гэта сіла больш чым усё, што вы маглі ці не маглі зрабіць, вызначае тое, якімі дзеці
    стануць. Безумоўна, ёсць самыя розныя асяроддзі, у якіх дзеці могуць вырастаць паспяхова: у вёсках Цэнтральнай Амерыкі, у ледзяных хатах эскімосаў, у тубыльскіх плямёнаў, дзе з маленства дзеці гадуюцца іншымі дзецьмі або наогул пабочнымі вясковымі людзьмі і рэдка бачаць сваіх бацькоў.
    Калі вы адчуваеце сябе, як у пастцы, калі вы пакрыўджаныя, калі ваша дзіця перамагло вас, усё ж у вас, напэўна, больш магчымасці, чым вам здаецца, і адчуваць сябе лепш, і змяніць на лепшае атмасферу вакол сябе. I гэта ні ў якім выпадку не пашкодзіць дзіцяці, наадварот, будзе карысна і яму і вам.
    Вось канчатковая смелая думка, над якой вам варта задумацца: у вас столькі ж патрэбнасці і права на шчасце, волю, увагу, любоў і г. д., як і ў вашага дзіцяці.
    Дапусцім, што вы ўжо гатовы пачаць працу над сваёй выключнай праблемай з дзіцем. Спачатку давайце дакладна падумаем, якая ў вас мэта: чаго вы хочаце дабіцца ў адносінах са сваім сынам ці дачкой? Калі вы можаце ўсвядоміць і запомніць, чаго вы хочаце ў сваім кантакце з дзіцем, вы можаце быць зусім упэўненыя, што ідзяце наперад, а не проста закопваецеся глыбей у цяперашнюю стрэсавую сітуацыю. Дакладна, якая ваша мэта ў гэтай сітуацыі?
    Бацькі ў такіх сітуацыях звычайна маюць адначасова некалькі мэт розных узроўняў. Пры найбольш неадкладным спецыфічным узроўні бацькі імкнуцца, каб дзіця перайначыла тое ў сваіх паводзінах, што іх турбуе:
    Нельга, каб ён і далей краў!
    Ён павінен хадзіць у школу!
    Я не хачу, каб яна позна прыходзіла дамоў!
    Я хачу, каб яна перастала гаварыць непрыстойныя словы! Калі запытацца бацькоў, чаму яны хочуць менавіта гэтых перамен, яны, маючы на ўвазе мэту на крыху больш агульным узроўні, адкажуць, напэўна, так:
    Я хачу, каб ён перастаў красці, бо:
    Я хачу, каб ён быў сумленны чалавек.
    Я хачу, каб ён не трапляў у бяду.
    Ён павінен ісці ў школу, бо:
    Я хачу, каб ён скончыў сярэднюю школу.
    Я хачу, каб ён змог знайсці добрую працу.
    Яна павінна прыходзіць дамоў своечасова, бо:
    Я не хачу, каб яна трапіла ў бяду, позна гуляючы.
    Потым, калі дапытваюцца, якой яны дабіваюцца мэты на дальні прыцэл, якімі хочуць выхаваць сваіх дзяцей, бацькі называюць вельмі агульныя мэты:
    Я хачу, каб з яго вырас добры чалавек.
    Я хачу, каб яна была шчаслівая.
    Я хачу, каб ён у сваім жыцці быў у добрых адносінах з іншымі людзьмі.
    Калі мы падсумуем, чаго большасць бацькоў дабіваецца, дык галоўная мэта будзе гучаць прыкладна так: хачу, каб маё дзіця вырасла прыстойным, надзейным чалавекам, які здольны самастойна прымаць рашэнні.
    Мы лічым, што найбольшы шанс дабіцца сваёй мэты на ўсіх узроўнях мае той, хто забывае на нейкі час пра мэту ніжэйшага ўзроўню і накіроўвае ўсю энергію на тое, каб дасягнуць найвышэйшага ўзроўню. Наўрад ці вы зможаце дасягнуць ніжэйшых узроўняў мэты, калі дабіваецеся іх непасрэдна. Стараючыся прымусіць сваё дзіця хадзіць у школу або перастаць красці, вы можаце дабіцца таго, што яно будзе больш красці і часцей прапускаць заняткі, асабліва калі вы звяртаеце ўвагу на гэтыя заганы. Аднак гэтыя самыя мэты ніжэйшага ўзроўню часта трапляюцца тады, калі вы нацэльваецеся на вышэйшы ўзровень. Таму просім вас адкласці ўсе свае непасрэдныя справы: трывогі з-за цяперашняга крызісу ў адносінах з дзіцем з-за таго, што яно крадзе, заводзіць непажаданых сяброў. Замест гэтага вазьміце дальні прыцэл у адносінах з сынам ці дачкой. Вырашаючы, як сябе паводзіць, не прымушайце дзіця перайначвацца ў канкрэтнай сітуацыі. Лепш запытайцеся ў сябе: «Што я магу зрабіць у гэтай сітуацыі, каб паспрыяць яму стаць больш адказным і здольным прымаць свае ўласныя рашэнні?»