• Газеты, часопісы і г.д.
  • Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў  Джын Баярд, Роберт Т. Баярд

    Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў

    Джын Баярд, Роберт Т. Баярд

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 160с.
    Мінск 1990
    54.05 МБ
    I не дакарайце сябе, калі не зробіце ўсяго таго, што мы прапануем. Мы таксама не ўсё маглі зрабіць з прапанаванага намі тут, калі ў нас быў крызіс з дзецьмі. Калі б нам давялося ўсё гэта рабіць спачатку, ведаючы ўсё, што мы ведаем цяпер, то мы б дакладна зрабілі тое, што раім у гэтай кнізе. Нам жа давялося прайсці праз цяжкія выпрабаванні, і мы зрабілі шмат памылак. Мы даруем гэта сабе і спадзяёмся, што і вы прабачыце сябе за тое, чаго зрабіць не зможаце. Спадзяёмся, што, прачытаўшы гэту кнігу, вы станеце крыху больш самімі сабой, што ваша жаданне стаць іншымі будзе мацнейшым.
    ГЛАВА 1
    РАЗГЛЕДЗІМ ПРАБЛЕМУ Ў ПЕРСПЕКТЫВЕ
    Для вас цяпер цяжкі час. Вы ўстрывожаны і засмучаны, а можа, раззлаваны тым, што робіць ваша дзіця. У вачах навакольнага свету гэта, магчыма, нешта асабістае і зусім нікчэмнае.
    Джоды робіць уражанне, што ў яе няма ніякай самаўпэўненасці. Амаль увесь час яна праводзіць у сваім пакоі, а ў час абеду ледзь-ледзь адзываецца.
    Праблема можа быць даволі сур'ёзная, нават іншыя ячэйкі грамадства школа, паліцыя — уцягваюцца ў яе.
    Дэна затрымала паліцыя за тое, што ён ехаў на чужым аўтамабілі без правоў.
    У кожным разе для вас гэта прымае перабольшаныя пагрозлівыя памеры, і вас турбуе, што робіцца з вашым дзіцем, што яно зробіць яшчэ, а магчыма, яшчэ і тое: як вам жыць з гэтай асобай, пакуль яна не стане дарослай.
    Вось такія могуць быць выпадкі, на якія, як нам вядома, уважлівыя бацькі скардзяцца.
    Том (14 гадоў) крадзе ў нас грошы, алкагольныя напіткі, каштоўнасці.
    Джэн (13) увечары позна прыходзіць дамоў або, калі ёй захочацца, нават зусім не прыходзіць начаваць.
    Сын (17) не хоча нічога рабіць дома. Усюды пакідае беспарадак: у сваім пакоі, на кухні і ніколі не прыбірае.
    Ведаю, Лінда (14) прымае марыхуану.
    Дачка (12) ходзіць з пахабнымі, старэйшымі за сябе, хлопцамі, якія нічым не займаюцца, а проста сноўдаюць. Эн (16) мела два аборты. Цяпер цяжарная трэці раз. Джэры (14) уступіў у скаўты, і як толькі заплацілі за форму, ён выбыў.
    Я цярпець не магу ашуканства. Ніводнаму слову Кэран я не магу паверыць.
    Морыс (16) не хоча хадзіць у школу, за апошнія два гады ён быў у школе не больш як некалькі тыдняў.
    Мэрадыс (12) была арыштавана за кражу ў магазіне. Донна (17) заўсёды хоча быць адна. Яна цэлымі гадзінамі сядзіць у сваім пакоі.
    Сын (16) не хоча быць членам нашай сям’і. Нізашто нікуды не пойдзе з намі і рэдка калі з намі гаворыць.
    Мой сын (14) уцёк з дому, быў шэсць дзён у свайго сябра.
    Дэйв (13) ужывае непрыстойныя словы. Называе мяне такімі словамі, якіх ніякі хлопчык не павінен у прысутнасці маці нават вымаўляць.
    Такія выпадкі, і гэта зразумела, палохаюць большасць бацькоў, і яны лічаць:
    Мой сын (ці дачка) кепска кончыць.
    Я быў дрэнны бацька (або: я была дрэнная маці).
    Маё дзіця не любіць мяне.
    Людзі даведаюцца, што я пацярпеў паражэнне.
    Я ў пастцы і мушу так жыць з гэтай асобай яшчэ тры (пяць, сем) гадоў, і выйсця няма.
    Апрача таго, што ў вас такія пакутлівыя думкі, вы, магчыма, адчуваеце сябе зломленым, вам здаецца, што ў гэтай сітуацыі вы ўжо не можаце нічога зрабіць. Напэўна, вы выпрабавалі ўсё, што маглі прыдумаць, а ў выніку толькі ўпэўніліся, што ўсё гэта дарэмна. Вы стараліся прыструніць дзіця:
    Ну што ж, будзеш сядзець дома.
    Ты зноў зрабіў тое самае. Будзеш сядзець дома цэлае лета!
    Або абяцалі «ўзнагароды»:
    Я дам табе пяць долараў, калі ты не прапусціш ні аднаго занятку за гэты тыдзень.
    Я зраблю табе пачастунак, калі ты пераапранешся пасля школы.
    Або выкарыстоўвалі практычныя бацькоўскія павучэнні і загады: Эні, ты павінна і хадзіць у школу, і рабіць урокі. Калі ты гэтага не будзеш рабіць, то пасля не знойдзеш прыстойнай працы. А табе будзе хацецца гэтага.
    Нядобра красці, ты не павінен гэтага рабіць. He стаўся так да сваёй маці.
    Пэўна, вы спрабавалі непасрэдны кантроль:
    Я пабуджу цябе ў 6.30, завязу ў школу, завяду ў клас і забяру адразу пасля заняткаў.
    Вы, магчыма, вырашылі, што вашаму дзіцяці не хапае разумення, любві, і вялі шчырыя размовы з ім, запэўнівалі, што вы яго любіце:
    Карл, чаму ты так робіш? Давай пагаворым пра гэта. Я люблю цябе.
    Вы, магчыма, былі перакананы, што выпрабавалі ўсе спосабы, якія вам грамадства прапанавала, і калі ні адзін з іх не дапамог, значыць, нечага не хапае ў вас саміх:
    Што я раблю не так, як трэба? Дзе я правінілася? Я павінна была быць з табою, калі ты быў маленькі.
    Магчыма, гэта таму, што ты вырас у няпоўнай сям’і. Я цябе пазбавіла бацькі (або: я цябе пазбавіў маці), калі развялася з ім (развёўся з ёю).
    Усё гэта стварае пакутлівую сітуацыю для бацькі ці маці. Балюча адчуваць сябе нешчаслівым, бездапаможным, прыніжаным, вінаватым. Мы і звяртаемся да такога болю ў гэтай кнізе. Мы хочам вам сказаць, што зусім неабавязкова так катаваць сябе. Мы верым, што, калі вы шчыра будзеце прытрымлівацца парад, якія мы выпрацавалі для вас, вам стане лягчэй, і вы зробіце ўсё магчымае для лепшага развіцця свайго падлетка.
    На самай справе, у вашай, цяпер цяжкай, сітуацыі могуць быць станоўчыя бакі. Чым горшае становішча ў вас з вашым падлеткам, тым больш вы, напэўна, дакараеце сябе, і таму тым больш энергіі вам захочацца аддаць на тое, каб вывучыць гэту праблему і перамяніцца. Мы просім вас пастарацца паводзіць сябе інакш і нават думаць у некаторых выпадках інакш, чым вы гэта рабілі раней, хоць у вас і ўзнікне спакуса пазбавіцца ад такіх прапаноў. Вашы перажыванні могуць падштурхнуць вас выкарыстаць некаторыя з гэтых новых парад, і тады вы і ваша дзіця пачняце жыць шырэй і шчаслівей.
    Уявім, што вас турбуе тое, што робіць ваш сын-падлетак ці дачка, а вы не ведаеце, як сябе паводзіць. Мы апішам такія паводзіны ў пяці ці шасці ступенях (адзін або два параграфы, каб ахапіць кожную ступень). Прапануем вам аднесціся да кожнай ступені сур’ёзна і патраціць на яе пэўны час, а затым толькі пераходзіць да наступнай ступені, бо кожная ступень грунтуецца на пэўным засваенні папярэдніх ступеней. Спачатку вы можаце толькі перагартаць усю кнігу, каб мець агульнае паняцце пра ўсё. Пасля мы раім усесціся і папрацаваць над кожнай ступенню па парадку. Як мы разумеем, вы ў цяжкім становішчы, якое стварылася не адразу, да якога маюць дачыненне ўсе члены сям’і і якое нельга выправіць
    некалькімі павярхоўнымі захадамі. Калі з вашага боку будзе сумленнае абавязацельства працаваць сур’ёзна і настойліва, крок за крокам, магчыма, што праз шэсць-сем тыдняў вы заўважыце пэўныя змены ў вашых справах. Істотныя намаганні на працягу некалькіх месяцаў, магчыма, дадуць яшчэ большыя поспехі.
    Перад тым як мы пачнём, дамовімся наконт узроўняў бацькоўскага ўдзелу. Калі маці і бацька абое ўключацца ў выхаванне дзіцяці, то пажадана, каб яны прытрымліваліся м, гаду, прапанаванага ў гэтай кнізе. Аднак, калі ваш партнёр адмовіцца ўдзельнічаць, то зусім рэальна ўключыцца ў справу аднаму. У кожным разе, як паказвае практыка, нават калі толькі маці (або бацька) робіць шчырае і доўгатэрміновае намаганне адолець курс, які мы прапануем у кнізе, паляпшэнне бывае дасягнута.
    Цяпер мы гатовы пачаць. Першы крок павінен падбадзёрыць вас. Лічым, што, працуючы над паляпшэннем сітуацыі з вашым дзіцем, важна захацець паверыць у гэту магчымасць, навучыцца расслабляцца, бачыць перспектыву ў сваёй сітуацыі і наогул дасягнуць пэўнага ўнутранага спакою. Калі вы ўсхваляваныя, устрывожаныя, злосныя, то вы хутчэй за ўсё будзеце дзейнічаць імпульсіўна і зробіце тое, што можа даць якраз процілеглае таму, чаго вы шчыра дабіваецеся. Так што просім вас патраціць некалькі хвілін і прывесці сябе ў адпаведны настрой для таго, каб дасягнуць чагонебудзь станоўчага. Найлепш будзе, калі вы пачняце з таго, што паспрабуеце дамагчыся ўнутранага спакою і рэлаксацыі.
    У вас могуць быць свае ўласныя метады, як гэта зрабіць. Магчыма, вы рэгулярна займаецеся аўтатрэнінгам або, напрыклад, лічыце за лепшае прагуляцца пяшком ці пабыць проста сам-насам, і гэта расслабляе вас, дае вам шырэйшую перспектыву. Магчыма, вы робіце пэўныя рэгулярныя практыкаванні, пасля якіх адчуваеце сябе пасвяжэўшымі і расслабленымі. Калі так, зрабіце гэта самастойна перад тым, як пачаць працаваць па гэтай кнізе, і паўтарайце гэта кожны раз, як толькі вам зробіцца цяжка. Калі ж вы хочаце паспрабаваць некаторыя нашы спосабы самазагартоўкі, мы прапануем практыкаванні, якія, на нашу думку, могуць быць карыснымі (магчыма, яны здадуцца вам просценькімі).
    Мяркуем, што толькі адзін фактар можа перашкодзіць асобе паспяхова сябе падбадзёрыць: гэта няздольнасць паверыць у тое, што такое можна зрабіць. Многія людзі не разумеюць, што яны самі ствараюць свой настрой і самі могуць мяняць яго, што для іх жа саміх гэта карысна. Калі вы наважыцеся, вы можаце прывесці сябе ў спакойны настрой. Мы бачылі, як людзі гэта рабілі, мы самі гэтага дасягалі і таму верым, што і ў вас ёсць здольнасць гэта зрабіць.
    Для таго каб падбадзёрыць сябе перад тым, як непасрэдна заняцца дзіцячай праблемай, зрабіце наступны комплекс практыкаванняў.
    Практыкаванне першае
    Цяпер, калі вы седзіце ў крэсле, навучыцеся расслабляць усе мускулы, за выключэннем толькі тых, якія патрэбны для таго, каб сядзець і трымаць кнігу.
    Адна з дзіўных прывычак, якія выпрацоўваюць у сабе дарослыя, калі яны трапляюць у нязручныя ці стрэсавыя сітуацыі, гэта напружванне мускулаў. Гэта дзіўная прывычка, бо напружаныя мускулы не спрыяюць нам у кепскай сітуацыі, наадварот, нашы мускулы мацней «замыкаюць» нас у ёй. Неабходна навучыцца абсалютна адваротнай рэакцыі: расслабляць мускулы, як толькі з’яўляецца дыскамфорт або стрэс. Калі мы гэтага даб’ёмся, то будзем у лепшым становішчы пры вырашэнні нашых праблем.
    3 цягам часу вы зможаце расслабляцца цалкам праз секунду ці дзве. Аднак, калі вы ўбачыце, што гэта патрэбуе так мала часу, мы цвёрда ўпэўнены, што вы палічыце гэта нявартай справай і хутка яе закінеце. Таму заклікаем вас навучыцца расслабляцца і рабіць гэта сістэматычна раз-пораз у наступныя дні і тыдні, пакуль гэта не стане вашай другой натурай: як толькі вы адчуеце, што ўзнікае трывожная праблема, расслабляйце ўсе мускулы, якія без патрэбы напружваюцца. Калі вашы мускулы будуць расслаблены, то амаль немагчыма, каб сітуацыю з вашым дзіцем вы ўспрымалі, як раней, ужо таму, што ў гэтым стане вы не зможаце рэагаваць так, як дагэтуль. Магчыма, вы нават не зможаце разгневацца або расхвалявацца, калі цалкам расслаблены.