Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў
Джын Баярд, Роберт Т. Баярд
Выдавец: Народная асвета
Памер: 160с.
Мінск 1990
ГЛАВА 2
НЯХАЙ ДЗІЦЯ ВУЧЫЦЦА АДКАЗВАЦЬ ЗА СЯБЕ
Тут мы мяркуем выказаць некаторыя думкі, якія могуць вас здзівіць або ўразіць як эгаістычныя, амаральныя ці рэвалюцыйныя. Калі ў вас з’явіцца такая рэакцыя, просім устрымацца са сваімі меркаваннямі наконт гэтых думак, пакуль вы не прачытаеце ўсёй кнігі і не зразумееце нашага пункту гледжання. Лічым, што гэтыя думкі гуманныя і эфектыўныя, хоць да іх трэба прызвычаіцца.
Калі вы перажываеце цяжкасці ў выхаванні сына ці дачкі, дык вельмі верагодна, што вы робіце або адно, або адно і другое з наступнага:
1. Безумоўна, вам не ўдаецца дамагчыся таго, што па праву ўваходзіць у вашы абавязкі: зрабіць сваё жыццё шчаслівым.
2. Вы хутчэй за ўсё берацеся за работу, якая справядліва належыць вашаму дзіцяці, а не вам: кіраваць жыццём свайго дзіцяці.
Наша кніга і мае на мэце дапамагчы вам перайначыцца па гэтых двух пунктах. У гэтым і наступных трох раздзелах, пачынаючы з другога пункта, мы будзем даваць вам парады, як адвучыцца кіраваць жыццём свайго дзіцяці. Мы спынімся далей на гэтым падрабязна, але цяпер для пачатку, для таго, каб вам было лягчэй, калі вы працуеце над цэлай праблемай, просім вас зрабіць наступныя крокі.
КРОК ПЕРШЫ
Вазьміце паперу і ручку і зрабіце спіс (па магчымасці больш поўны) усіх учынкаў свайго дзіцяці, якія вас непакояць. Нават, калі нехта іншы працуе з вамі над гэтай праблемай, рабіце спіс і ўсё іншае па гэтай кнізе самастойна. Калі бацька і маці працуюць над гэтай праблемай разам, кожны павінен зрабіць асобны спіс. Пры параўнанні выявіцца, што ў іх спісах будзе хоць некалькі розных пунктаў.
Гэты спіс будзе асновай у вашай працы па кнізе. Мы спадзяёмся, што зможам даць вам парады, як і што зрабіць па кожным пункце.
Калі вы пачняце працаваць, вы зможаце, напэўна, уключыць у спіс восем — дзесяць, а можа, і больш пунктаў. У якасці прыкладаў пералічым некаторыя ўчынкі, якія непакояць бацькоў.
Позна кладзецца спаць.
Ашуквае. Напрыклад:
Кажа, што ідзе ў адно месца, а ідзе ў іншае.
Кажа, што зрабіў заданне на дом, а на самай справе не рабіў яго.
Кажа, што не крала з майго кашалька.
Пакідае беспарадак на кухні.
Ставіць на месца хлебніцу з рэшткамі хлебных крошак у ёй.
Пакідае мокрыя ручнікі абы-дзе па ўсёй ваннай.
Пакідае за сабой нямытую пасуду.
He корміць сваіх звяркоў.
He прыбірае за сваім сабакам.
Карыстаецца маім адзеннем без дазволу.
Апранаецца, як бадзяга.
Ужывае замнога грыму.
Аддае маё адзенне (фен, касметыку) сваім сяброўкам.
Вышмыгвае праз акно ноччу.
Позна прыходзіць або зусім не прыходзіць нанач.
Пакідае веласіпед (канькі і да т.п.) на дварэ.
Пакідае мае інструменты на дварэ, дзе яны ржавеюць, часам губляе іх.
Вісіць на тэлефоне цэлымі гадзінамі.
Нагаворвае вялікія сумы за міжгароднія тэлефонныя размовы без майго дазволу.
Нізашто не памяняе адзенне пасля школы.
Бывае ў дрэнным настроі, агрэсіўны.
Бывае ў прыгнечаным настроі.
Ходзіць з непажаданымі сябрамі.
Mae старэйшага па ўзросту хлопца (старэйшую па ўзросту дзяўчыну).
Залішне многа глядзіць тэлевізар.
Ляжыць цэлымі днямі і слухае стэрэазапісы або глядзіць тэлевізар.
He выконвае заданняў на дом.
He хоча хадзіць у школу.
Адстае ў вучобе.
Прыводзіць дзяцей у дом, калі я адсутнічаю.
Прыводзіць у дом дзяцей, якія крадуць у нас.
He прымае ванну.
He робіць нічога па гаспадарцы.
Раздражняецца і пагражае, калі яму не ўдаецца рабіць тое, што хоча.
He хоча прыбіраць свой пакой, пакідае там беспарадак.
Уцякае з дому.
Б’ецца з братамі і сёстрамі.
Гаворыць, што я яе не люблю.
Лаецца.
Абзывае мяне брыдкімі словамі.
He хоча нічога рабіць разам з сям’ёй.
Хоча быць адна амаль увесь час.
Патрабуе грошы.
Гаворыць іншым, што я з ёй дрэнна абыходжуся.
Крадзе ў мяне і іншых членаў сям’і грошы (каштоўнасці, манеты з калекцыі, алкагольныя напіткі).
Курыць.
П’е піва з сябрамі.
Курыць марыхуану.
Mae наркотыкі ў сваёй спальні.
Сексуальна актыўны і нават неразборлівы.
Пагражае фізічнай расправай мне і іншым.
Ад яго зацяжарала сяброўка-дзяўчына.
Мела аборт, а цяпер зноў цяжарная.
Псуе атынкоўку, калі зазлуе.
Бярэ чый-небудзь аўтамабіль і едзе на «вясёлую прагулку». Залазіць у суседскі дом і крадзе рэчы.
Крадзе ў магазіне.
Пагражае, што заб’ецца.
Ездзіць у аўтамабілях, украдзеных безадказнымі сябрамі. Зневажае мяне за сувязь з блізкім мне чалавекам.
Сумна чытаць такі спіс. Калі б яго прачыталі бацькі да таго, як вырашылі мець дзяцей, можа, яны перамянілі б сваё рашэнне. Аднак ёсць і станоўчы бок у тым, каб прачытаць яго: магчыма, у вашым спісе няма ўсіх гэтых праблем! Калі ж яны ёсць, мы думаем, што на кожную такую праблему можна паглядзець не толькі як на пакутлівы канфлікт, але і як на магчымасць, дзякуючы якой можна змяніць сваё жыццё на лепшае. Давайце цяпер зробім класіфікацыю і пэўны парадак у вашым спісе.
КРОК ДРУГІ
Прачытайце свой спіс і адзначце ў ім усё тое, што робіць ваша дзіця і што не мае ўплыву на ваша будучае жыццё, хоць можа адбіцца на будучым жыцці вашага сына ці дачкі. Назавём гэта групай учынкаў, якія датычаць дзіцяці. Чытаючы, прадумайце кожны пункт. Калі вы праверыце свой спіс, вы, магчыма, зразумееце, што пэўныя пункты датычаць толькі вашага дзіцяці і, такім чынам, належаць да «дзіцячай групы». Іншыя пункты выразна пакінуць след у вашым жыцці і таму не належаць да гэтай групы. А некаторыя, магчыма, вам давядзецца разбіць на часткі — адна частка мае непасрэднае дачыненне да вас, а другая — не мае.
Калі вы не можаце вырашыць, у якую групу павінен увайсці той ці іншы пункт, запытайцеся ў сябе, ці маеце вы непасрэдную ўладу над гэтай сітуацыяй. Напрыклад, калі касметыка, якую вы пазычаеце сваёй дачцэ, не вяртаецца да вас, вы можаце не пазычаць больш. Аднак, калі дачка мае прывычку курыць цыгарэты па-за домам, то вы не можаце зрабіць пэўны захад, каб змяніць гэту сітуацыю. У першым прыкладзе ў вас ёсць пэўная непасрэдная ўлада над сітуацыяй, у другім — няма. Мы мяркуем, што пункты, якія не датычаць непасрэднага вашага жыцця, адлюстроўваюць сітуацыю, у якой вы не можаце нічога зрабіць. Мы лічым, што займаць актыўную пазіцыю ў той сферы, дзе ты бездапаможны,— неапраўданая тактыка, і прапануем аднесці гэтыя пункты да групы ўчынкаў, якія належаць выключна дзіцячаму жыццю. Пакіньце сваю энергію для сфер, з якімі мы будзем пазней мець справу ў гэтай кнізе, сфер, у якіх вы, бясспрэчна, маеце сродкі для дасягнення мэты.
Безумоўна, спосаб, пры дапамозе якога вы размяжоўваеце пункты, будзе залежаць ад вашай унікальнай сітуацыі. Толькі вы можаце вызначыць, ці належыць дадзены пункт да групы ўчынкаў, якія не ўплываюць на ваша жыццё. Тым не менш мы можам прайсціся па спісе прыкладаў, што ўпаміналіся вышэй, і прапанаваць тыя пункты, якія, увогуле кажучы, маглі б слушна ўвайсці ў гэту групу.
Наступныя пункты наогул лепш падыходзяць да групы, якая датычыць дзіцячага жыцця, хоць некаторыя з іх маюць аспекты, якія датычаць вас і падпадаюць пад ваш кантроль.
• Позна кладзецца спаць
Гэты пункт часта непакоіць бацькоў па той прычыне, што дзіцяці трэба адпачыць, каб устаць своечасова і быць бадзёрым у школе. Вядома, калі дзіця позна кладзецца спаць, назаўтра ў яго заспаныя вочы, вялыя рухі, і ўсё гэта непасрэдна ўплывае на яго жыццё (на ваша жыццё гэта не мае такога прыметнага ўплыву). Таму будзе справядліва далучыць гэты пункт да дзіцячай групы і пакінуць у запасе такія аспекты, якія, безумоўна, датычаць вашага жыцця.
Бурклівы на заўтрашні дзень.
Перашкаджае мне мець прыватнае жыццё (ці спакойна спаць ноччу).
Патрабуе, каб яго разбудзілі наступнай раніцай.
• Замнога глядзіць тэлевізар
Тут мы можам падумаць пра тое, як гэта адаб’ецца на жыцці сына або дачкі, тым больш што гэта і вас непакоіць. Дзіця, напэўна, дарэмна марнуе свой час, свой розум на пустэчу замест таго, каб навучыцца выкарыстоўваць вольны час па-творчаму. Тут нішто не датычыць непасрэдна вас, а значыць, залічым гэты пункт у дзіцячую групу з такой аіаворкай:
He дае мне магчымасці глядзець мае ўласныя праграмы.
Тэлевізар працуе доўга і гучна, шум ад яго дзейнічае мне на нервы.
• He прымае ванну
Жахлівы малюнак узнікае перад вачамі бацькоў, дзеці якіх не хочуць мыцца: праз 15—20 гадоў вы ідзяце па вуліцы са сваім дзіцем. Вы акуратныя і элегантныя, а ён (ці яна) нямыты, нячэсаны дарослы чалавек. Кожны ваш знаёмы, убачыўшы вас разам, падумае: «Гэта ж трэба дапусціць, каб дзіця вырасла такое неахайнае!»
Апрача гэтага сораму, той факт, што ваша дзіця не хоча мыцца, не ўплывае на ваша жыццё, але гэты факт абавязкова пакідае след у жыцці дзіцяці (што мяркуюць пра яго сябры, настаўнікі і сваякі, нейкім чынам залежыць і ад таго, ці ўмываецца ён). Пастаўце, калі ласка, гэты пункт у дзіцячы спіс, а наступныя аспекты, калі яны для вас з’яўляюцца праблемай, адкладзіце ў запас.
Як толькі яна праходзіць, ад яе непрыемна патыхае.
Як сядзе, дык ад яго становіцца бруднай мэбля.
Калі яго чарга гатаваць страву, не мые рукі, і ў мяне адчуванне, што ежа брудная.
He сочыць за асабістымі рэчамі.
• Пакідае веласіпед на дварэ, дзе ён мокне і дзе яго могуць украсці
Амаль кожны дарослы, хто зведаў цану запрацаваным грашам, адчувае абурэнне, калі бачыць, як не шануюць каштоўныя рэчы. А калі вы бачыце, што з рэчамі, якія вы купілі, абыходзяцца бесцырымонна, вы пачынаеце думаць, што і вас не цэняць. У вас таксама можа развівацца пачуццё трывогі, што вам давядзецца і далей плаціць за новыя рэчы, што вашы грошы проста распускаюцца, што яны цякуць, як вада.
Каб змяніць гэту сітуацыю і мець магчымасць кантраляваць свае фінансавыя расходы, мы раім размежаваць рэчы, якія належаць дзіцяці і вам. Тое, што ваша дзіця робіць са сваімі ўласнымі рэчамі, будзе, безумоўна, належаць да спіса жыццёва важнага для вашага дзіцяці. Зразумела, што калі ў яго ўкрадуць веласіпед, калі ён парве або запэцкае школьную форму, аддасць
грошы, якія яму выдадзены, то гэта паўплывае на яго жыццё, а не на ваша. Аднак трэба адзначыць некаторыя аспекты гэтага пункта, якія, безумоўна, маюць дачыненне да вас.
Чакае, каб я замяніла рэчы, якія згубіў (знішчыў або аддаў).
• Б'ецца з братам або сястрой
Гэтыя турботы звычайна бываюць у сем’ях, дзе больш чым адно дзіця. Формы, інтэнсіўнасць гэтых турбот розныя, і перад намі ўзнікаюць усё новыя і новыя варыяцыі. Як толькі з’яўляецца новая, мы пачынаем думаць: «Гэта сітуацыя сапраўды выключная» — і шукаем новыя спосабы яе вырашэння. Але кожны раз мы вяртаемся да такога разумення сітуацыі, якое апісваем у гэтай кнізе.