• Газеты, часопісы і г.д.
  • Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў  Джын Баярд, Роберт Т. Баярд

    Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў

    Джын Баярд, Роберт Т. Баярд

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 160с.
    Мінск 1990
    54.05 МБ
    Я не магу
    цешыцца жыццём, рабіць тое, што хацела б, мець свае сакрэты, быць мастаком,
    таму што маё дзіця не паводзіць сябе належным чынам, a мой абавязак клапаціцца пра тое, каб яно паводзіла сябе добра.
    Карацей кажучы, мы маем на ўвазе тое, што, магчыма, вы пазбаўляеце сябе прыемнасці рабіць нешта сваё, стараючыся кантраляваць уласнае дзіця. Надзейная засцярога ад узнікнення самых патаемных жаданняў — вось што вы атрымліваеце, стараючыся захаваць кантроль над сынам ці дачкой. Гэта яшчэ адна сур’ёзная прычына таго, чаму так цяжка пазбавіцца кантролю над дзіцем.
    Тым часам вы, напэўна, памятаеце з чацвёртай главы, што падлетак атрымлівае надзейную гарантыю ад самастойнага прыняцця рашэнняў, правакуючы вас узяць кантроль у свае рукі. Усё гэта становіцца вельмі падобным на ўзаемную дамоўленасць. пры якой кожны з вас пазбаўляе адзін аднаго магчымасці свабодна рабіць тое, што хочацца.
    Нам думаецца, што вы не толькі засцерагаеце адзін аднаго. На жаль, вы яшчэ перадаяце адзін аднаму страх. Адносіны людзей заразлівыя. Людзі ў сваіх адносінах залежаць адзін ад аднаго. Калі вы бачыце, што нехта не баіцца, то і вы таксама хутчэй за ўсё будзеце адчуваць сябе больш смелым, а калі вы бачыце, што нехта курчыцца ад страху, вы і самі хутчэй за ўсё адчуеце вострае пачуццё страху. Пакуль вы і ваша дзіця знаходзіцеся ў такой дамоўленасці, вы паказваеце адзін аднаму, што вы баіцеся рабіць так, як хочацца, і ў нейкай меры перадаяце адзін аднаму сігналы:
    Небяспечна рабіць тое, што хочацца.
    Самастойныя ўчынкі небяспечныя, яны насцярожваюць.
    Больш бяспечна падпарадкоўвацца чужым думкам, камандам, ідэям, чым сваім уласным.
    Сваімі паводзінамі бацькі кажуць дзіцяці:
    Я павінен кіраваць тваім жыццём, а не ты сам.
    Дзіця сваімі паводзінамі кажа бацькам:
    Вы павінны кіраваць мною, а не сабою.
    Такім чынам, бацькі і дзеці не толькі пазбаўляюць адзін аднаго магчымасці рабіць тое, што хочацца, але і ўплываюць адзін на аднаго так, што кожны з іх яшчэ больш баіцца думак, якія ўзнікаюць на першым этапе.
    Гэта ўзаемная дамоўленасць звычайна праяўляецца ў такіх узаемаадносінах, калі кожны бок мае сваю пэўную ролю і выконвае яе кожны раз па падказцы другога. Дзіцяці звычайна адводзіцца роля бунтаўшчыка, уцекача, ілгуна, ашуканца, чалавека, якога несправядліва прыгнятаюць. Бацькам адводзіцца роля загадваць, распытваць, тлумачыць тое, пра што падлеткі ўжо чулі, чытаць натацыі, выступаць у ролі сышчыкаў, крычаць на дзіця, караць яго, адчуваць сябе ашуканымі, занепакоенымі, расчараванымі.
    Мэнды (15 гадоў) не ходзіць у школу і курыць з сябрамі марыхуану. Маці сварыцца з ёю, просіць не рабіць гэтага, карае яе. Мэнды сорамна, яна адчувае сябе вінаватай і кажа, што больш так рабіць не будзе. Маці супакойваецца. Праз тры дні Мэнды прапускае ўрокі і ідзе з сябрамі купацца. Маці сварыцца, упрошвае яе не рабіць так, зноў карае. Мэнды няёмка, і яна згаджаецца ісці ў школу. На наступным тыдні яна прапускае заняткі і ідзе бадзяцца па магазінах.
    Дэйв (14 гадоў) крадзе грошы з матчынага кашалька. Маці засмучана і занепакоена, чытае яму мараль. Дэйв плача і абяцае выправіцца. Маці пакідае кашалёк на відным месцы ў хаце. Дэйв крадзе з яго грошы. Маці чытае яму мараль. Дэйв кажа, што выправіцца.
    Джэкі (16 гадоў) позніцца на вячэру. Яе бацьку гэта крыўдзіць. Ён пытаецца, чаму яна не прыходзіць своечасова. Яна кажа, што ў яе няма гадзінніка. Ён доўга тлумачыць, што можна запытаць у сяброў, якая гадзіна, або пачуць час па радыё. Праз некалькі дзён яна на дзве гадзіны позніцца на вячэру. Бацька зноў пытаецца чаму, злуецца, тыдзень не выпускае дачку з дому. Джэкі тлумачыць, што ў час вячэры была ў машыне, якая сапсавалася. Праз тыдзень яна зноў позніцца, але здараецца так, што яе бачаць, калі яна праходзіць міма дома да мясцовага парку хвілін праз пятнаццаць пасля вячэры. Бацька ідзе яе шукаць і не можа знайсці. Калі яна нарэшце прыходзіць, бацька дапытваецца, вельмі перажывае і зноў не выпускае яе з дому.
    Падкрэсліваем, ва ўсіх гэтых прыкладах паводзіны бацькоў і дзяцей на самай справе служаць для таго, каб трымаць і тых і другіх у безнадзейнай і напружанай сітуацыі. Безумоўна, ніхто — ні бацькі, ні дзеці — не лічаць так тады, калі праходзяць праз гэта. Вы ніколі спецыяльна не вырашаеце, што намераны разам з сынам ці дачкой застацца назаўсёды ў вартай жалю сітуацыі дзеля забавы. Вы робіце гэта аўтаматычна і не ўсведамляеце, што самі вінаваты ў тым, што ўсё адбываецца менавіта так (вы робіце і кажаце якраз тое, што спрыяе гэтаму). Вы быццам іграеце ў пінг-понг у здранцвенні: ад вас напалову залежыць працяг гульні, а вы ўвесь час адбіваеце мячык і не ўсведамляеце, што вы робіце. Мы хочам, каб вы апрытомнелі, каб вы ўсвядомілі, што ваша рэакцыя ўздзейнічае на працэс гульні, што вам трэба ўзяць адказнасць за сваю партыю ў гульні ў свае рукі і накіроўваць гульню па свайму жаданню.
    Прывычку разважаць у чатыры этапы, пра якую мы гаворым у гэтай главе, можна змяніць. Навучыцца разважаць інакш — магчымая і, па сутнасці, простая задача, і, калі вы адмовіцеся ад сваёй звычкі, гэта будзе карысна і вам, і вашаму дзіцяці. Зразумела, што калі б вы не абмяжоўвалі сябе ў думках, у вас было б больш магчымасцей здзяйсняць свае ўласныя, унікальныя мажлівасці. У той жа час, калі б вы разважалі больш практычна, то вы былі б для свайго дзіцяці ўзорам смеласці. Паколькі смеласць, як і страх, перадаецца ад чалавека да чалавека, то вы ўплывалі б на вашага сына ці дачку так, каб яны таксама станавіліся смелыя і выкарыстоўвалі, як і вы, свае магчымасці прымаць рашэнні.
    Далей мы пагаворым пра тое, як навучыцца думаць больш рацыянальна. Аднак, каб абмежаванні трэцяга этапу праз вас не ўплывалі на вашага сына ці дачку, мы прапануем зрабіць наступнае.
    1.	Сядзьце і не спяшаючыся вырашыце, чым бы вы больш за ўсё хацелі заняцца, калі б раз-пораз мелі паўгадзіны абсалютна вольнага часу — паўгадзіны, на працягу якой ніхто ад вас нічога не хацеў бы, ніхто не перашкаджаў бы рабіць тое, што вам хочацца. Паўгадзіны часу толькі на сябе і ні на каго больш... Чым бы вы заняліся? Вось некаторыя адказы, што далі бацькі, з якімі мы працавалі:
    Занялася б макрамэ, да якога не дакраналася некалькі месяцаў.
    Ляжала б у шэзлонгу і нічога не рабіла б.
    Пайшла б у бібліятэку і пакорпалася ў кнігах.
    Спякла б што-небудзь смачненькае і паласавалася б.
    Крыху папрацаваў бы ў майстэрні.
    Паляжала б у ванне з добрым дэтэктывам.
    Упэўніцеся, каб тое, на чым вы спыніцеся, было такім, што вам падабаецца проста таму, што прыносіць задаволенасць і што вы можаце здзейсніць гэта самастойна без чыёй-небудзь дапамогі. 2. Пасля таго як вы спыніліся на нечым пэўным, зрабіце так, каб у любы момант, не адкладваючы, вы маглі заняцца гэтым. Калі вы вырашылі заняцца вырэзваннем па дрэву ці макрамэ, паклапаціцеся, каб інструменты і матэрыял былі пад рукой і ў любы час вы маглі з асалодай займацца сваёй справай, не трацячы часу на падрыхтоўку. Калі вы спыніліся на чытанні, падрыхтуйце кнігі ці часопісы, якія вы хочаце пачытаць, і пакладзіце іх дзе-небудзь у зручным месцы, каб не трэба было шукаць.
    3.	Цяпер паабяцайце сабе, што ў наступны раз і наогул кожны раз, калі вы будзеце адчуваць расчараванне, злосць, неспакой і іншыя пачуцці, пра якія мы гаварылі, апісваючы чацвёрты этап, вы не будзеце пакутаваць, думаючы пра гэта, а наадварот, выкарыстаеце гэта пачуццё ў якасці сігналу аб тым, што наступныя паўгадзіны вам трэба прысвяціць той справе, якую вы выбралі.
    4.	А цяпер зрабіце нешта накшталт такога.
    Свайму сыну Білу (14 гадоў) бацька прачытаў лекцыю пра тое, як трэба карысна выкарыстоўваць час, але Біл працягвае глядзець тэлевізар па тры-чатыры гадзіны ў дзень. Аднойчы, калі бацька заходзіць у пакой і бачыць, што Біл зноў ляжыць перад тэлевізарам, яму робіцца маркотна. Ён рэзка паварочваецца і ідзе на паўгадзіны ў сад, дзе праводзіць эксперыменты з усялякім угнаеннем.
    Кэран (16 гадоў) сышла з дому і жыве ў сваіх сяброў, якія не падабаюцца яе маці. Маці пакутуе, бо кожны раз, калі думае пра Кэран ці калі звоніць тэлефон, ці калі чуе, што да дома пад’ехала машына, яна з болем адчувае жах за дачку. Тады маці ўспамінае гэта практыкаванне. I наступны раз, калі яна адчувае востры раптоўны боль, яна прыслухоўваецца да яго і робіць нешта такое, што заглушае гэты боль: садзіцца ў аўтамабіль і едзе ў горад пахадзіць па магазінах.
    Калі маці Эні (13 гадоў) гатуе абед, ёй звоняць са школы і паведамляюць, што Эні няма ў школе два тыдні. Маці адчувае востры боль трывогі, злосці, абурэння. Яна звяртаецца да дачкі: «Гэта паведамленне табе. Званілі са школы і сказалі, што ты не была там два тыдні. Мне вельмі балюча чуць такія весткі, і я хачу супакоіцца. Таму я пайду паплюхаюся ў ванне», затым выключае пліту і знікае ў ваннай.
    Часам пачуцці чацвёртага этапу ўзнікаюць тады, калі вам не надта зручна патраціць паўгадзіны на сябе. Яны могуць узнікнуць у разгары важнай дзелавой канферэнцыі або калі вы корміце дзіця, рыхтуецеся да экзамену. У такіх выпадках занятак, які вы выбралі для сябе раней, можа не задаволіць вас у гэты момант. Вы, магчыма, захочаце працягваць рабіць тое, што рабілі. Калі такое здарыцца, спачатку паабяцайце сабе, што вы абавязкова выкарыстаеце свае паўгадзіны, і ў самым хуткім часе («як толькі скончыцца канферэнцыя» ці «сёння а сёмай гадзіне вечара») абавязкова выканайце гэта заданне. Пасля дайце сабе магчымасць адразу ж паглыбіцца ў сваю важную справу і рабіце яе з задавальненнем. Мэта тут двайная: клапаціцца пра сябе, робячы тое, што
    вам падабаецца, і стрымліваць сябе, каб не засяроджваць негатыўнай увагі на сыне ці дачцэ. Мы таксама раім вам быць як мага больш рашучым тады, калі вырашыце, ад якой справы вы можаце адарвацца, каб узяць паўгадзіны часу для сябе. Нават, калі вы робіце нешта такое, што патрэбна для ўсёй сям’і, а нехта прычыніць вам боль, і ў вас узнікнуць пачуцці чацвёртага этапу, членам вашай сям’і (і вам) будзе больш карысці, калі яны зразумеюць, што вы будзеце клапаціцца пра сябе, а не пакорліва працягваць рабіць тое, што «павінны».
    У першых чатырох главах кнігі мы прасілі вас перастаць кантраляваць свайго падлетка і апісалі магчымыя праблемы, з якімі вы можаце сутыкнуцца. Цяпер мы хочам пагаварыць пра некаторыя перавагі такіх паводзін. Адна з іх — гэта, безумоўна, станоўчы ўплыў на ваша дзіця. Другая важная перавага ў наступным: як толькі вы перастанеце кантраляваць паводзіны падлетка, у вас можа ўзнікнуць у сувязі з гэтым дзіўнае адчуванне. Вы страчваеце нешта такое, што прызвычаіліся рабіць на працягу доўгага часу, вы страчваеце старую прывычку, і вам без яе нечага не хапае. У некаторых людзей узнікае адчуванне «пустаты» ўнутры, іншыя перажываюць пачуццё нейкай лёгкасці. Гэта можна параўнаць з тым, быццам гара ўпала з вашых плячэй або вы згубілі тое, да чаго прызвычаіліся. Хоць вы не ведаеце, што ўяўляе сабой такое пачуццё (яно можа непакоіць, нават палохаць), але нам хочацца ўпэўніцца, што вы пачынаеце шанаваць яго. Гэта пачуццё можа суправаджацца адчуваннем прасторы, магчымасці займацца сваёй справай. Яно вельмі карыснае і з’яўляецца надзвычай патрэбным і вам, і вашаму падлетку.