• Газеты, часопісы і г.д.
  • Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў  Джын Баярд, Роберт Т. Баярд

    Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў

    Джын Баярд, Роберт Т. Баярд

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 160с.
    Мінск 1990
    54.05 МБ
    Каб навучыцца гэтаму, неабходна запомніць дзве асноўныя рэчы. Па-першае, гэта асаблівыя метады набыцця ўпэўненасці ў сабе, якія мы фармулюем у главах 8—10. Па-другое, гэта адносіны да вашага падлетка — спакойныя, зычлівыя і сардэчныя, бо цяпер вы ведаеце: вы будзеце клапаціцца пра сябе, а значыць, нішто не пагражае вашаму шчасцю ў такой сітуацыі. У гэтай главе мы яшчэ раз разгледзім, як трэба дзейнічаць або разважаць, што, як мы мяркуем, дапамагае выпрацаваць такія адносіны.
    Мы ўжо спыняліся на гэтых меркаваннях у папярэдніх главах кнігі, таму яны не будуць для вас новыя. Абдумайце іх па чарзе, каб падрыхтаваць сябе да адпаведнага стану перад тым, як энергічна ўзяцца за выкананне заданняў наступных трох глаў, якія дапамогуць вам паверыць у сябе.
    •	He забывайце пра сваю мэту
    Калі вы адчуваеце цяжкасці ў адносінах з падлеткам, памятайце, якая ў вас асноўная мэта. Вы хочаце:
    Быць шчаслівым.
    Бачыць, што ваша дзіця прыстойны, варты даверу чалавек.
    Прытрымлівайцеся гэтай мэты і не даводзьце справы да таго, каб вамі авалодвалі эмоцыі, якія не маюць ніякага дачынення да вашай мэты.
    Больш за ўсё людзі хочуць шчасця і добрых узаемаадносін з іншымі людзьмі. Мы думаем, што і вы, і ваш падлетак хочуць гэтага таксама. Аднак людзі схільны забывацца пра ўсё, што іх на самай справе турбуе, і пачынаюць дзейнічаць так, быццам самым важным для іх было:
    хто выйграе;
    даказаць, што я маю рацыю;
    паказаць, што я магу мець кантроль над сваім дзіцем; даказаць, што я добрая маці ці бацька;
    што падумаюць іншыя;
    што лічыць грамадскасць наконт дадзенай сітуацыі.
    Мы ніколі не чулі, каб бацькі казалі, што самым важным для іх з’яўляюцца пералічаныя мэты, але бачылі, што многія дзейнічалі так, быццам менавіта гэта было для іх самым важным. Гэта вельмі ўласціва чалавеку, але ў рэшце рэшт гэта прыводзіць да таго, што праблема, якую хочуць вырашыць бацькі, застаецца нязменнай. Мы просім вас захоўваць прысутнасць духу ў тым сэнсе, каб нават у самыя напружаныя моманты вы не забываліся пра сваю мэту і памяталі, чаго вы на самай справе хочаце.
    У стрэсавыя моманты помніце і суцяшайце сябе тым, чаго вы дамагаецеся.
    •	Лічыце сваё дзіця станоўчай асобай
    Гляньце на дрэнныя паводзіны свайго падлетка з іншага боку. Вы, магчыма, думалі, што ваш падлетак прыносіць вам турботы проста таму, што ён хоча гэтага, ці таму, што па сваёй сутнасці ён гультай, несумленны, легкадумны, нясталы яшчэ чалавек, ці проста не любіць вас. Лічыце, што ваша дзіця робіць дрэнныя учынкі таму, што баіцца адстойваць сябе як салідны, прыстойны, варты даверу чалавек, — такія ўчынкі дапамагаюць яму іграць ролю безадказнага чалавека. Таму адносьцеся да іх як да ўчынкаў, прызначаных для таго, каб вы яшчэ больш пераканаліся ў гэтых дрэнных якасцях і паводзілі сябе як злосны, пакрыўджаны чалавек, які лічыць сябе кепскім, бездапаможным бацькам ці маці. Замест таго, каб і далей быць у такой ролі, мы раім зрабіць нешта іншае для вашага сына ці дачкі.
    Паверце, што ваша дзіця, па сутнасці, надзейны, прыстойны, варты даверу чалавек і што яно, як кожны чалавек, хоча справядлівых, прыязных узаемных адносін з блізкімі людзьмі. Калі вы канфліктуеце са сваім дзіцем, звяртайцеся да тых яго пачуццяў, якія прагнуць такіх узаемаадносін.
    •	Вашы адносіны могуць змяніць абставіны
    Тое, як вы разумееце сітуацыю паміж вамі і вашым падлеткам, уплывае на яе. Вашы адносіны да дзіцяці не толькі дапама-
    гаюць вам вырашыць, як дзейнічаць, але, што яшчэ больш важна, яны ўплываюць на ўчынкі і паводзіны вашага падлетка.
    Адносіны паміж людзьмі ўзаемазалежныя. Тое, як вы ставіцеся да чалавека, з якім маеце справу, можа падзейнічаць на яго ў значнай ступені, і вашы адносіны да рэчаіснасці стануць аднолькавыя. Праверце гэта: паглядзіце адкрыта ў вочы першаму чалавеку, якога сустрэнеце, і прыветліва ўсміхніцеся яму або зірніце на яго пахмурна. Вы ўбачыце, як гэта адразу адаб’ецца на ім.
    Гэты ўплыў адзін на аднаго асабліва важны ў адносінах паміж бацькамі і дзецьмі, таму што вы — проста бацька ці маці, дарослы чалавек, а ваш падлетак чакае ад старэйшых ведаў і вопыту незалежна ад таго, што ён мае на ўвазе зрабіць ці сказаць. Такім чынам, вашы адносіны могуць уздзейнічаць на вашага падлетка ў большай меры, чым яго на вашы. Вазьміце на сябе ініцыятыву стварэння настрою і атмасферы паміж вамі і вашым дзіцем і не давайце ўцягнуць сябе ў спаборніцтва, дзе галоўным з’яўляецца «хто выйграе», нават калі падлетак правакуе вас на гэта.
    Зразумейце, што, калі вы будзеце проста станоўча ставіцца да свайго падлетка, гэта зробіць плённы ўплыў на пераадольванне цяжкасцей, якія ўзнікаюць з ім.
    •	Раўнапраўныя адносіны
    Уявіце сабе, якія былі б адносіны, заснаваныя на раўнапраўі паміж вамі і вашым сынам ці дачкой. Калі ў вас бяда, то асноўная цяжкасць, напэўна, заключаецца ў тым, што вашы адносіны з сынам ці дачкой перайшлі ад раўнапраўных да адносін, пры якіх адзін з вас стараецца кантраляваць другога, іншымі словамі, да адносін раба і гаспадара. У першай палавіне кнігі мы прасілі вас не імкнуцца стаць гаспадаром, а дзіця зрабіць рабом. Цяпер гэтак жа важна, каб вы перасталі быць рабом, а дзіця — гаспадаром.
    Вы перастанеце быць рабом, а дзіця — гаспадаром, калі будзеце адносіцца да сваіх жаданняў і правоў гэтак жа сур’ёзна, як да правоў усіх іншых, уключаючы правы і патрэбы вашага дзіцяці; калі вы будзеце адстойваць іх з усёй заўзятасцю, з якой вы рабілі б гэта для любой прыгнечанай істоты.
    Вы пачалі працаваць над гэтым у шостай главе і цяпер павінны працягваць сваю працу.
    Прадумайце, ці супадаюць вашы погляды наконт гэтых адносін з наступнымі думкамі:
    Гэта мой абавязак — клапаціцца пра сваё дзіця. Яно нічым не абавязана мне.
    Я адказваю за яго (ці яе). Ён (ці яна) не адказвае за мяне.
    Мой падлетак мае права на маю падтрымку і любоў без аддачы са свайго боку. У мяне няма ніякіх асаблівых правоў у гэтай сітуацыі.
    Мы чулі, як многія бацькі і падлеткі выказвалі розныя варыянты такога аднабаковага пункту гледжання. Бацькі кажуць нешта накшталт гэтага:
    У мяне ёсць абавязак. Я абавязаны клапаціцца пра яе. Мне даводзіцца мірыцца з гэтым, бо ён мой сын.
    Я пачну жыць для сябе пасля таго, як яна стане самастойнай.
    Падлеткі выказваюць думкі, якія адлюстроўваюць тыя ж самыя ідэі: бацькі вымушаны мірыцца з дзецьмі і прымаць усё, што б яны ні рабілі, пакуль не дасягнуць пэўнага ўзросту. Гутарка з адным пятнаццацігадовым хлопцам адлюстроўвае гэты пункт гледжання:
    — Хто гатуе ежу для ўсіх?
    — Мама.
    — А хто прыбірае кватэру?
    — Мама.
    — А смецце?
    — Мама ставіць у гараж, а бацька па серадах, ідучы на работу, выносіць яго.
    — Як наконт двара?
    — Тата любіць вычышчаць яго па выхадных.
    — Хто мяняе бялізну і засцілае ложкі?
    — Мама.
    — Усе ложкі?
    — Так.
    — Чаму?
    — (Паціскае плячамі.) Гэта яе работа.
    — А твая?
    — (Паціскае плячамі.) Здаецца, ніякая. Але ж мама не працуе, таму клапаціцца пра нас — яе работа.
    Вось яшчэ тры праўдзівыя прыклады з нашых назіранняў:
    Карл (13 гадоў) нарабіў беспарадку ў бацькавай майстэрні і на кухні, гатуючы сабе паесці. Бацька папрасіў усё прыбраць, але Карл сеў на мапед і паехаў вечарам паіграць у пінбол. Калі бацька сказаў: «Значыць, так, пакуль усё не прыбярэш, я не пушчу цябе ў дом», Карл засмяяўся і сказаў: «Пусціш, гэта твой абавязак».
    Эн (14 гадоў), калі маці была на рабоце, у час заняткаў прыводзіла дадому сяброў курыць марыхуану. Дамоў вечарам яна прыходзіла, калі хацела, не прыбірала за сабой у хаце, адмаўлялася дапамагаць па гаспадарцы. калі яе запыталі, чаму маці мірыцца з гэтым і працягвае ўтрымліваць яе, яна проста адказала: «Яна павінна».
    Джэф (17 гадоў) толькі што разбіў матчын аўтамабіль і пакінуў яго на адлегласці некалькіх міль ад дома. На працягу многіх месяцаў ён не дапамагаў па гаспадарцы, ні капейкі не ўносіў у сямейны бюджэт. Калі маці ў поўнай роспачы выказала сваё незадавальненне, ён адкінуўся на крэсла і здзекліва супакоіў: «Ну пацярпі яшчэ адзін год, бэбі!»
    Падлеткі з такімі поглядамі на бацькоў не схільныя быць удзячнымі ім за тое, што бацькі робяць для іх; яны хутчэй могуць абурацца, што іх «слугі» не робяць для іх больш. Мы размаўлялі з падлеткамі, якія шчыра адчувалі сябе ашуканымі, таму што бацькі не забяспечваюць іх аўтамабілямі, а калі і забяспечваюць, дык недастаткова шыкоўнымі. Гэтыя падлеткі лічаць, што яны маюць права на тое, каб іх усім забяспечвалі і пра іх клапаціліся, а самі яны не павінны нічога аддаваць узамен. А пасля яны абражаюцца і злуюцца, калі тое, што прапануюць ім бацькі, не задавальняе іхніх спадзяванняў.
    Калі што-небудзь з пералічаных прыкладаў супадае з тым, як
    склаліся адносіны ў вас з сынам ці дачкой, тады мы лічым, што вам пара скласці для сябе «дэкларацыю правоў чалавека» і даць слова прытрымлівацца яе. Падумайце аб тым, каб замест упамянутага падыходу кіравацца такімі думкамі, як:
    Маё дзіця і я, як усе людзі, маем пэўныя правы.
    Маё дзіця нясе адказнасць за здзяйсненне сваіх жаданняў і за сваё шчасце, а я адказваю за сваё.
    Мая першая задача — любіць сваё ўласнае «я»; гэта, фактычна, пойдзе на карысць блізкім мне людзям.
    Самыя лепшыя бацькі — гэта не рабы і не гаспадары, a бацькі, якія маюць роўныя правы з дзецьмі.
    Самае лепшае, што я магу даць свайму сыну ці дачцэ — гэта прыклад таго, што кожнаму трэба клапаціцца пра свае ўласныя пачуцці, жаданні і погляды і быць шчаслівым.
    Цяпер, каб падвесці вынік нашых меркаванняў аб раўнапраўных адносінах, падумайце аб тым, як перайсці да раўнапраўных адносін са сваім падлеткам.
    •	Вашы правы
    Цяпер, калі вы вырашылі, што сапраўды хочаце мець раўнапраўныя адносіны са сваім сынам ці дачкой, вызначце, у чым заключаюцца вашы правы, і паабяцайце адстойваць іх.
    Як жа даведацца, якія вашы правы?
    На першы погляд вам можа здацца, што вашы правы — гэта нешта такое. што ёсць у вас ад нараджэння, такая ж неад’емная і нязменная частка вашага «я», як вушы і рукі. Аднак, калі вы даведаецеся, што людзі маюць вельмі розныя правы ў розныя часы і ў розных частках свету, вы зразумееце, што не існуе такой рэчы, як прыроджанае права.
    У вас такія «правы», якія вы і людзі вакол вас устанаўліваюць і лічаць сваімі. Напрыклад, калі вы і ўрад лічыце ці дамаўляецеся, што ў вас ёсць права на ўласнасць, тады вы маеце гэта права. Калі вы незадаволенысваімі правамі ў якой-небудзь сітуацыі, вы самі павінны выбраць і патрабаваць для сябе новыя правы, якія, на вашу думку, будуць больш справядлівыя. Так заўсёды было з правамі людзей. Напрыклад, у даўнія часы права голасу проста не існавала. Пасля людзі прыдумалі гэта права, пачалі патрабаваць яго, змагацца за яго, і з таго часу права голасу існуе. Спачатку, аднак, мужчыны мелі гэта права, а жанчыны — не, і на працягу таго часу, на які распаўсюджвалася такое рашэнне, гэта лічылася «правам» мужчын, таму што людзі так дамовіліся. Пасля жанчыны запатрабавалі гэта права для сябе, пачалі змагацца за яго, і цяпер агульнапрызнана, што яны маюць гэта права.