• Газеты, часопісы і г.д.
  • Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў  Джын Баярд, Роберт Т. Баярд

    Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў

    Джын Баярд, Роберт Т. Баярд

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 160с.
    Мінск 1990
    54.05 МБ
    Будзьце ўпэўнены ў сабе і памятайце, што галоўнае, чаго вы дамагаецеся,— гэта ўласнае шчасце і прыстойнае дзіця, якое ўмее прымаць свае ўласныя рашэнні. Помніце, што ваш падлетак, па сутнасці, надзейны, варты даверу чалавек, які свавольнічае таму, што не ведае, як павінен адстойваць свае правы прыстойны і кампетэнтны чалавек.
    Зразумейце, што, выбраўшы такі падыход да дадзенай сітуацыі, вы ўжо паляпшаеце яе.
    Лічыце сваёй мэтай раўнапраўныя адносіны паміж вамі і вашым падлеткам.
    Вызначце свае справядлівыя правы ў гэтых адносінах і прыміце рашэнне абараняць іх. Зразумейце, што, калі вы зможаце разлічваць на сябе ў клопаце пра свае ўласныя правы, вы зможаце адчуваць сябе свабодна і ўпэўнена незалежна ад таго, да чаго прывядзе той ці іншы скандал.
    Зразумейце, што скандалы могуць быць, і спадзявайцеся, што ваша няўпэўненасць у адносінах да іх можа перайсці ва ўпэўненасць і нават у прыемнае чаканне іх, калі вы навучыцеся кіраваць імі.
    Разлічвайце на сваю ўласную шчырасць як на галоўны сродак ва ўсёй гэтай справе.
    ГЛАВА 8
    HE СПРЫЯЦЬ ДРЭННЫМ УЧЫНКАМ дзіцяці І HE ЗАМАЦОЎВАЦЬ ІХ
    Цяпер мы гатовы працаваць над спецыфічнымі праблемамі, якія могуць застацца нявырашанымі пасля таго, як мы старанна прайшлі першыя сем глаў кнігі.
    Калі ласка, прагледзьце і зрабіце папраўкі ў сваім спісе пунктаў, якія датычаць жыцця бацькоў. Той спіс мог змяніцца, некаторыя пункты маглі памяняцца месцамі ці нават знікнуць пасля таго, як вы пераклалі адказнасць за пункты, што закранаюць жыццё дзіцяці, на вашага сына ці дачку. Пакіньце ў спісе пункты, якія ўсё яшчэ з’яўляюцца для вас праблемай, уключаючы і тыя, што ўзніклі ў вас на працягу некалькіх апошніх тыдняў пасля таго, як вы перасталі кантраляваць учынкі, якія датычаць толькі вашага дзіцяці.
    Цяпер давайце пачнём працаваць з гэтым скарэкціраваным спісам.
    У якасці першага кроку адшукайце ў ім тое, з дапамогай чаго вы, не ўсведамляючы гэтага, фактычна, заахвочвалі паводзіны, якія пералічаны ў спісе. Удумвайцеся ў кожны пункт, калі будзеце чытаць гэту главу, і ўважліва сачыце, ці не спрыялі вы самі тым або іншым учынкам вашага дзіцяці.
    У дрэнных паводзінах дзяцей часта вінаватыя бацькі, якія або правакуюць на гэта дзяцей да таго, як яны робяць дрэнныя ўчынкі, або замацоўваюць іх пасля таго, як дзеці зрабілі гэтыя ўчынкі. Пускавым механізмам з’яўляецца, звычайна, якое-небудзь паведамленне ці пытанне, сказанае або зададзенае ад другой
    асобы. Адмоўная ўвага ўскладняе турботную сітуацыю. Таму мы заахвочваем вас карыстацца «я-сказамі», а не «ты-сказамі» ці пытаннямі і канцэнтраваць на сабе станоўчую ўвагу, а не адмоўную ўвагу на падлетку.
    Давайце разгледзім некаторыя з характэрных спосабаў, з дапамогай якіх вы маглі б выклікаць ці замацаваць тыя самыя паводзіны, якія вас турбуюць. Мы абмяркуем пяць пунктаў, якія хутчэй за ўсё заахвочваюцца бацькамі.
    Падлетак хлусіць.
    Падлетак крадзе.
    Падлетак гаворыць тое, што выклікае неспакой і страх, брыдкасловіць, лаецца.
    Падлетак ваяўніча ці панура настроены.
    Падлетак злоўжывае прыхільнасцю бацькоў.
    Калі падлетак ашуквае
    Калі адной з вашых праблем было тое, што ваш падлетак хлусіць, то цяпер, калі вы перадалі яму адказнасць за пункты, якія закранаюць толькі яго, дык ашуканства можа станавіцца менш. Гэта таму, што дзеці часам ашукваюць тады, калі яны вымушаны пытаць у вас дазволу наконт пунктаў, што закранаюць жыццё толькі дзіцяці, і думаюць, што вы скажаце «не». Калі Марылін, напрыклад, хоча пахадзіць па магазінах з сяброўкай, якую нядаўна злавілі, калі яна крала ў магазіне, то ў Марылін узнікае вялікая спакуса сказаць вам няпраўду: «Мам, можна, сёння вечарам я пайду да Паўлы. Мы хочам папрацаваць над школьным заданнем». Калі б вы прытрымліваліся старой мадэлі паводзін, вы хутчэй за ўсё далі б дазвол на гэта, і тады Марылін магла б пайсці ў магазін, справядліва адчуваючы, што ўдала ашукала свайго дыктатара. Аднак, калі вы перасталі дазваляць або забараняць што-небудзь рабіць, як мы прасілі вас у главах 3—5, то ваша дачка не можа так лёгка апраўдаць сваю хлусню, і менш верагодна, што яна наогул будзе ашукваць. Цяпер, па новай мадэлі паводзін, калі Марылін усё ж такі папросіць у вас дазволу на бяскрыўдны візіт да сваёй сяброўкі, вы толькі скажаце: «Я рада, што ты мне пра гэта гаворыш. Я буду ведаць, што трэба пакінуць табе вячэру» ці, можа: «Я больш не даю дазволаў, але дзякуй, што сказала, дзе ты будзеш». Вы не злавілі яе на хлусні, вы пакінулі яе сам-насам з сабою. Марылін у такім выпадку давядзецца ісці ў магазіны, ведаючы, што яна без патрэбы вас ашукала, што больш няма дыктатара, і яна не можа апраўдваць перад сабою хлусню. Гэта для яе менш зручна, чым было раней, і цяпер у яе больш магчымасці быць шчырай з вамі і сказаць, не ашукваючы: «Мам, я іду сёння вечарам у магазіны з С’юзан». У вас таксама ёсць больш магчымасцей выказаць увагу, цікавасць і давер, бо вы перасталі забараняць ёй ці даваць дазвол: «Мне неспакойна, я баюся, што С’юзан можа зноў украсці штонебудзь у магазіне і ўцягнуць у бяду цябе. Усё ж я ведаю, ты сама вырашыш правільна, ісці табе ў магазін ці не ісці».
    Нават калі вы перадалі свайму сыну ці дачцэ адказнасць за пункты, якія закранаюць толькі іх жыццё, то нягледзячы на гэта, вы можаце сутыкнуцца з рознай іншай хлуснёй. У такім выпадку праверце, ці не правакуеце вы хлусню, задаючы пытанні, і ці не ўзмацняеце яе, канцэнтруючы адмоўную ўвагу на сваім падлетку тады, калі ён хлусіць.
    Пачніце з рашэння: хоць тыдзень не задаваць свайму сыну ці дачцэ ніякіх пытанняў.
    Напэўна, гэта не будзе так цяжка, як здаецца. Проста будзьце крыху напагатове, калі размаўляеце са сваім сынам ці дачкой. Кожны раз, як у вас узнікае жаданне задаць якое-небудзь пытанне, лепш нічога не кажыце ці замяніце пытанне на што-небудзь, што вы можаце выказаць «я-сцвярджэннем».
    Замест:
    Ты ўжо зрабіў сваю работу?
    Чаму ты не вітаешся са мной, калі прыходзіш дамоў?
    Як ты дабіраешся дадому?
    Ты зрабіў урокі?
    Паспрабуйце так:
    Я хацела б ведаць, ці чыстая ванна цяпер.
    У мяне ўражанне, што мяне не паважаюць, калі са мной не вітаюцца.
    Я хвалююся за цябе і хачу быць упэўнена, што табе нішто не пагражае па дарозе дадому.
    Нічога не кажыце! (Гэта яўна датычыць жыцця дзіцяці.)
    Ёсць адно пытанне, супраць якога мы вас асабліва перасцерагаем,— гэта пытанне, з дапамогай якога вы правяраеце, ці не ашуквае ваш сын або дачка, калі вы пытаецеся пра нешта, што ўжо ведаеце. Напрыклад:
    Пазванілі са школы і запыталіся, ці не захварэла Джэніфер (14 гадоў), бо яе не было ў школе. Пасля абеду маці запыталася ў Джэніфер: «Што было сёння ў школе?»
    Мы лічым, што такое пытанне — заманьванне ў пастку. Мы супраць гэтага часткова таму, што гэта, хутчэй за ўсё, штурхае Джэніфер на хлусню і ў выніку дае ёй большую магчымасць практыкавацца акурат у тым, чаго не хоча яе маці і, што яшчэ горш, такое пытанне нясе ў сабе той жа элемент падману і маніпуляцый, як і сама хлусня. Простае сцвярджэнне і «я-сказ» былі б болын эфектыўныя:
    Сёння званіў дырэктар і пытаўся, чаму ты не была ў школе. Я цярпець не магу, калі звоняць са школы, і вельмі хацела б (хацеў бы), каб мяне не абцяжарвалі такімі званкамі.
    Калі вы перастанеце задаваць пытанні, выпадкі хлусні, напэўна, значна пойдуць на спад. Праўда, ваш падлетак усё яшчэ часам можа ашукваць вас, таму што ён не разумее: вы болын не збіраецеся працягваць гульню. У такіх выпадках, калі вы пачуеце, што ваш падлетак хлусіць, ні ў якім разе не дайце яму адчуць ад-
    моўную ўвагу з вашага боку, а зрабіце што-небудзь іншае. Любая ваша занепакоеная ці злосная рэакцыя падмацуе звычку ашукваць, таму зрабіце нешта накшталт наступнага:
    Проста скажыце «гм» і займіцеся любімай справай.
    Уявіце, што вы слухаеце, як суседскае дзіця расказвае вам нешта ў час сяброўскай размовы, і нават калі вы лічыце, што яно кажа няпраўду, не варта правяраць гэта; вы можаце проста быць ветлівымі.
    Скажыце: «Мне няёмка, бо я цэлы час адчуваю, што мяне ашукваюць, таму хацела б спыніць гэту размову».
    Калі вы ўпэўніцеся, што сапраўды перасталі задаваць пытанні і ўдзяляць свайму падлетку адмоўную ўвагу, мы не абяцаем, што вы атрымаеце такія ж добрыя вынікі, як Кэйціна маці ў наступным узятым з жыцця выпадку. I гэта нас таксама не здзівіла б. Такая хітрасць часта дае добрыя вынікі, і мы пачалі лічыць, што, калі падлетак ашуквае, гэта адна з самых лёгкіх праблем, з якімі даводзіцца спраўляцца бацькам.
    Місіс Р. скардзілася, што Кэйці ашуквала амаль увесь час. Яна хлусіла, калі расказвала, як правяла дзень (сёння ў школе я атрымала «выдатна»), а таксама выдумляла доўгія гісторыі аб тым, што яна бачыла і чула. Даследаванне паказала, што місіс Р. безупынна задавала дачцэ пытанні, пачынаючы ад: «Як справы?» і <-Што было ў школе?» да «Што ты цяпер робіш?», «Чаму ты ўкрала маю касметыку?», «Што ты збіраешся рабіць?», «Няўжо табе не хочацца быць добрай дзяўчынкай?», «Чаму ты хлусіш?». Мы яе навучылі не задаваць пытанняў, а ўжываць «я-сказы» або проста маўчаць. Інакш кажучы, яна павінна была перастаць правакаваць Кэйціну хлусню. Ёй таксама параілі рэагаваць на любыя яркія гісторыі з выразам шчырай цікаўнасці: «Як цікава!» Інакш кажучы, яна павінна была перастаць падмацоўваць Кэйціну хлусню, праяўляючы адмоўную ўвагу да яе. Місіс Р. зрабіла гераічны паварот, літаральна прытрымліваючыся нашых прапаноў. Хаця мы ўсе думалі, што барацьба з хлуснёй будзе працяглая, Кэйці перастала хлусіць адразу ж.
    Вядома, калі ваш падлетак перастане хлусіць, вы, магчыма, таксама зразумееце, што вас непакоіла не столькі сама хлусня, колькі тое, пра што ён хлусіць. Калі ваш падлетак маніць, што ходзіць у школу, ці не прызнаецца, што нюхае клей, што ўкраў у вас каштоўную біжутэрыю, ваша праблема не будзе вырашана, калі ён проста перастане хлусіць. Вы хочаце, каб ён перастаў прагульваць заняткі, злоўжываць наркотыкамі ці красці. У такім выпадку павіншуйце сябе, што вы змаглі спыніць гэту хлусню! Пасля адразу пачынайце займацца другой падспуднай праблемай. I калі гэта праблема закранае жыццё толькі вашага падлетка, перачытайце главы 2—4. Калі ж гэта праблема, якая закранае жыццё бацькоў, працягвайце працаваць над гэтай і наступнай главамі.