Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў
Джын Баярд, Роберт Т. Баярд
Выдавец: Народная асвета
Памер: 160с.
Мінск 1990
Калі падлетак крадзе
Часам бацькі паведамляюць пра такія рэчы:
Дзе б я ні паклала грошы, мой сын Том (16 гадоў) знойдзе і ўкрадзе крыху.
Сандра (14 гадоў) бярэ мае рэчы, біжутэрыю і прадае сябрам.
Ралф (16 гадоў) прывёў у дом двух сяброў, калі я быў у ад’ездзе па службовых справах, і дазволіў ім лазіць па шафах. Яны знайшлі 65 долараў, якія я пакінуў жонцы на прадукты, і ўзялі іх сабе.
Бацькі часта пачынаюць двухэтапную праграму, якая ўзмацняе і правакуе падлетка на крадзеж, адразу пасля першага выпадку крадзяжу. Яны робяць гэта, па-першае, канцэнтруючы адмоўную ўвагу на той асобе, якая ўкрала нешта: лаючы яе, задаючы пытанні, караючы; па-другое, працягваючы пакідаць на відным месцы каштоўныя рэчы, якія можна ўкрасці ў наступны раз. Чым больш іх хвалюе тое, што падлетак крадзе, чым больш яны хочуць мець магчымасць давяраць сваім дзецям, тым больш верагодна, што яны будуць рабіць гэта.
Што хочаце, але толькі не гэтыя два метады могуць спрыяць вырашэнню праблемы крадзяжу. Ваша задача — вызначыць свае паводзіны, якія не будуць суправаджацца адмоўнай увагай у адносінах да вашага падлетка і не будуць падштурхоўваць яго зноў красці. Існуе шмат розных творчых шляхоў у выбары таго, што можна зрабіць, і любы з іх, безумоўна, дасць лепшы вынік, калі вы выбераце яго самі. Бо тое, што вы робіце, менш важнае, чым тое, што вы маглі б рабіць, адчуваючы сябе ўтульна і спакойна, без эмацыянальнай нагрузкі, і вы самі лепш ведаеце, што так можа быць. Напрыклад, вы можаце выкарыстоўваць кожны крадзеж як сігнал таго, што павінны заняцца любімай справай, аб’яўляючы ўсім (у тым ліку і верагоднаму злодзею), што вы робіце гэта, каб зменшыць боль, які прычыняе вам крадзеж. Яшчэ, што можна зрабіць, дык гэта не адбіраць у злодзея ўкрадзеную рэч.
У рамане Гюго адзін чалавек украў у свяшчэнніка, які даў яму ежу і прытулак, сярэбраныя рэчы. Калі жандары прывялі яго да свяшчэнніка, каб праверыць, ці праўда, што ён не краў гэтыя рэчы, свяшчэннік аб'явіў, што гэта сапраўды быў падарунак. Такое ахвяраванне серабра з'явілася крытычным паваротным пунктам у жыцці гэтага чалавека і прывяло яго да шмат лепшага жыцця. Зноў жа важнай рысай кожнага рашэння з’яўляецца не сам выбар, а тое, што вы адчуваеце сябе лёгка і спакойна, калі робіце гэта. Калі пасля прыняцця рашэнняў, апісаных вышэй, вы адчуваеце, што пра вас ніхто не дбае, паглядзіце, ці не дапамогуць вам наступныя два простыя і практычныя крокі.
Спачатку ўпэўніцеся, што вы не спрыяеце таму, каб ваш падлетак краў, і не пакідайце спакуслівыя рэчы на відавоку, калі ведаеце, што іх могуць украсці. Паглядзіце, якія рэчы ў вас крадуць. Гэтак жа, як вы схавалі б іх пад замок у пакоі ў атэлі, зрабіце тое самае і ў сваім доме. Вы ж не пакінеце абы-дзе сумку, кашалёк, грошы ці каштоўнасці, нават проста прывабныя невялікія рэчы (такія, як электронны гадзіннік ці транзістар), калі сапраўды не хочаце страціць іх і калі ведаеце, што бываюць выпадкі крадзяжу.
Скажыце свайму сыну ці дачцэ, ужываючы «я-сцвярджэнне», што збіраецеся зберагчы свае рэчы ад небяспекі. Напрыклад: «Кэрал, я заўважыла, што частка маіх грошай знікае, таму з гэтага моманту я буду захоўваць іх у іншым месцы».
Мы давалі такія парады многім бацькам.
Мэрына маці адна гадавала дваіх дзяцей у цеснай кватэры: адзінае месца для сваіх асабістых рэчаў, якое яна магла сабе дазволіць, была скрыначка на шафе, дзе яна захоўвала каштоўную біжутэрыю, цыгарэты і крыху грошай. Некалькі разоў на тыдзень яна заўважала, што некаторыя гэтыя рэчы знікалі, і яны з Мэры (13 гадоў) сварыліся з-за гэтага. Сварка заўсёды праходзіла па адной мадэлі: маці пыталася, ці брала Мэры што-небудзь, Мэры адмаўлялася, маці абвінавачвала, Мэры здавалася, маці плакала. Мы навучылі Мэрыну маці перастаць задаваць пытанні, абвінавачваць, плакаць, а купіць надзейны замок для скрыначкі.
У сям’і над Роджэрам (15 гадоў) працяглы час вісеў цень падазрэння. У яго бацькі ў буфеце стаяў поўны збанок са старажытнымі манетамі. Паступова іх станавілася ўсё менш і менш. Бацькі падазравалі, што Роджэр браў манеты. Ён, зразумела, адмаўляўся. Мы параілі бацьку трымаць збанок з манетамі пад замком.
Калі вы зберажаце рэчы ад небяспекі, то гэта, напэўна, будзе недастаткова для таго, каб вырашыць праблему крадзяжу. Перш за ўсё, калі гэта адзінае, што вы робіце, ваш падлетак можа палічыць, што гэта гульня ці нейкае спаборніцтва, і ўхітрыцца знайсці месца хованкі, зламаць замкі і паадчыняць шуфляды. Акрамя таго, вам, напэўна, не хочацца замыкаць рэчы ў сваім уласным доме датуль, пакуль дзеці не вырастуць і не пойдуць з дому.
Другое, і гэта зрабіць цяжэй, выключыць адмоўную ўвагу і жыць сваім жыццём, як бы нічога не здарылася, калі ў вас нешта ўкралі.
Мы не сумняваемся, што падлеткі крадуць таму, што баяцца выдзеліцца і здацца добрымі, шчаслівымі, вартымі даверу людзьмі, а крадзеж — гэта лёгкі шлях заставацца ў вачах іншых кепскімі і ненадзейнымі. Дзеці могуць здабыць амаль усё, што крадуць, якімі-небудзь іншымі шляхамі, але для гэтага трэба быць сумленнымі і, напэўна, працавітымі, штохарактарызавала б іх як людзей, вартых даверу. Тое, што яны крадуць, наадварот, пацвярджае, што яны нічога не вартыя, таму яны і робяць гэта. Значыць, самы лепшы сродак спыніць крадзеж — гэта пераканаць, што, крадучы, падлетак не дасягае сваёй мэты. Трэба зрабіць усё магчымае, каб яму стала прыемна адчуваць сябе добрым, надзейным чалавекам. Але гэтага можна дасягнуць, калі вы самі будзеце ўзорам, паказваючы, што вам самім добра, весела і надзейна, што вы будзеце клапаціцца пра сябе і што вас нельга справакаваць на адмоўную ўвагу. Калі вы будзеце прыкладам для свайго падлетка, ён пакрысе асмеліцца і будзе адчуваць сябе вартым і надзейным, яму не трэба будзе больш красці, каб даказаць адваротнае.
Як жа клапаціцца пра сябе, калі ваш сын ці дачка ўкралі ў вас што-небудзь? Мы просім вас рабіць менавіта тое, што вы рабілі б, калі б абваліўся кавалак даху. Каб адрамантаваць яго, вы, мабыць, папрасілі б дапамогі, але ні ў якім разе не крычалі б і не вінавацілі свайго падлетка. Вы чалавек, якога пакрыўдзілі тым, што абакралі, і ваша задача цяпер — зрабіць што-небудзь, каб супакоіць
сябе. Вось некалькі прыкладаў, якія паказваюць, як можна паклапаціцца пра сябе. Заўважце, што ва ўсіх прыкладах пазбягаюць адмоўнай увагі да дзіцяці. Замест гэтага падкрэсліваюцца «я-сказы» і ўвага засяроджваецца на справядлівых адносінах да сябе.
Уявіце, што вы заўважылі, што з вашай сумкі ці кашалька прападаюць грошы. Адно з дваіх вашых дзяцей, Біл, браў грошы і раней, і таму вы падазраяце, што і на гэты раз іх узяў ён, хоць вы цалкам не ўпэўнены ў гэтым. Вы кажаце:
— Мэйбл і Біл, я толькі што заўважыла, што ў маім кашальку не хапае 10 долараў. Я хацела б, каб мне дапамаглі вярнуць іх.
— Я не браў іх.
— I я не брала.
— Я разумею, што вы кажаце. А я кажу, што хачу, каб вы мне іх вярнулі. Калі іх не будзе да заўтра, у нас цэлы тыдзень будзе суп з сачавіцы, бо тыя грошы прызначаліся на прадукты.
Наступным крокам можа быць тое, што вы ці хто іншы «знойдзе» грошы. Яны таямнічым чынам могуць апынуцца ў рэшце рэшт у вашым кашальку, ці Біл раптам знойдзе іх у шуфлядцы на кухні, дзе звычайна ляжыць ваш кашалёк. Калі грошы знойдуцца такім чынам, вазьміце іх, быццам так і трэба, і ўстрымайцеся ад сарказму. Калі грошы не знойдуцца, гатуйце суп з сачавіцы да таго часу, пакуль не зэканоміце тыя самыя 10 долараў для сябе.
Па-рознаму, у залежнасці ад сітуацыі, мы вучылі бацькоў, чые дзеці кралі ў іх, клапаціцца пра сябе.
Рэлф (16 гадоў) быў спакойны, даволі сарамлівы хлопец, якому вельмі хацелася мець сяброў. Аднойчы яго бацька вярнуўся са службовай камандзіроўкі і ўбачыў, што з яго шафы знікла 65 долараў. Рэлф даў яму наступнае тлумачэнне. Яго вельмі ўразілі два хлопцы, якіх ён сустрэў: яны груба і рэзка размаўлялі і, відавочна, непараўнальна лепш за яго ведалі, што да чаго ў жыцці. Пакуль дома не было бацькоў, Рэлф запрасіў гэтых хлопцаў да сябе і не запярэчыў, калі яны пачалі абшукваць бацькоўскую спальню. Яны знайшлі 65 долараў у бацькавай шафе і хутка зніклі з імі. Пачуўшы гэта, бацька выклікаў паліцыю, аднак цяпер узнікла непаразуменне: ніхто не ведаў, што гэта былі за хлопцы, дзе яны цяпер і ў каго з іх грошы. Мы параілі бацьку паводзіць сябе так, як ён паводзіў бы сябе ў сітуацыі, калі б яго сябар-аднагодак згубіў пазычаныя ў яго грошы. Бацька не крычаў на сына і не пакараў яго. Ён проста сказаў, што сын нясе адказнасць за дом і за ўсё тое, што ў ім знаходзіцца, калі бацькоў няма дома, і ён спадзяецца, што Рэлф кампенсуе грошы. Сын згадзіўся выплаціць іх з грошай, якія ён зарабляў, працуючы пасля школы. Бацька таксама сказаў Рэлфу, што не хоча, каб у яго адсутнасць чужыя прыходзілі ў дом, і калі не будзе іншага выйсця, то нойме вартаўніка, каб спакойна адчуваць сябе ў ад’ездзе, хоць лепей хацеў бы спадзявацца на тое, каб Рэлф клапаціўся пра бацьку ў гэтай справе.
Сёстры Трышыя (15 гадоў) і Мэрылін (16 гадоў) былі ветраныя і эксцэнтрычныя. Яны думалі, што могуць рабіць усё, што ўзбрыдзе ім у галаву, абы толькі гэта ім было прыемна. Яны ўвесь час карысталіся матчынымі асабістымі рэчамі, і, здавалася, іх не кранаюць матчыны скаргі, папрокі, просьбы і нават слёзы з-за гэтага. Аднойчы маці асабліва засмуцілася, убачыўшы, што з яе шафы прапаў дарагі світэр. На гэты раз яна проста цвёрда сказала дочкам: «Я хачу, каб вы вярнулі мне мой світэр». Дзяўчаты, вядома, крычалі, што не ведаюць, дзе ён, што маці несправядліва іх падазрае. А потым замест таго, каб адказваць на матчына пытанне, адна з іх з абурэннем кулем выбегла з дому. На працягу ўсяго гэтага інцыдэнту маці змагла заставацца спакойнай і стрыманай, таму што дакладна ведала, што будзе
рабіць незалежна ад таго, што будуць рабіць дзяўчаты, і таму, што яна засяродзіла ўвагу не на дзяўчатах, а на тым, што будзе сама рабіць. Яна проста цвёрда стаяла на сваім і, што б ні казалі ці рабілі дзяўчаты, цэлы час адказвала толькі адно: «Я хачу мець мой світэр». Прайшло некалькі гадзін, а яна ўсё казала дзяўчатам: «Я хачу мець мой світэр, і калі я не атрымаю яго сёння вечарам, то ведайце, што перавярну ўсё ў вашых шафах і выкіну вашы рэчы ў басейн». Відаць было, што маці гатова зрабіць гэта. Нарэшце, Мэрылін здалася і, усхліпваючы, сказала: «Добра, пачакай крыху. Я пазычыла твой світэр сяброўцы і толькі што пазваніла ёй. Яна прынясе яго раніцай».