Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў
Джын Баярд, Роберт Т. Баярд
Выдавец: Народная асвета
Памер: 160с.
Мінск 1990
— Я вольны рабіць, што жадаю. Што ж мне хочацца зрабіць цяпер, на працягу наступных пяці хвілін? Пабегчы? Пагаварыць? Легчы і адпачыць? Патанцаваць? Паглядзець, колькі колераў я магу ўбачыць, не мяняючы позы? Нічога?
— Я вольны рабіць, што жадаю. Што мне хочацца зрабіць у бліжэйшыя тыдні ці месяцы? Купіць пішучую машынку? Пайграць на фондавай біржы? Заняцца разьбой па дрэву?
— Я вольная рабіць, што душа жадае. Што б я зрабіла, калі б была крыху смешная, крыху дзівакаватая? Пабегала б на карачках? Памяняла б работу? He спала б усю ноч і слухала пласцінкі? Рагатала б?
Будучы малым дзіцянём вы, несумненна, мелі мноства ідэй пра тое, што хацелася б вам зрабіць. Магчымасць думаць, як вы думалі раней, не страчана; вашы здольнасці вас чакаюць, калі вы захочаце яшчэ раз да іх звярнуцца.
— Я вольны рабіць тое, што захачу і як захачу. Што б я хацеў зрабіць цяпер, калі б мне было пяць гадоў? Пацягнуцца і пабачыць, ці магу я дастаць столь? Пабегчы пад душ і асвяжыцца? Нырнуць у глыбокі снег у купальніку? (Адзін з нас зрабіў так.) Уцячы ад сваіх дзяцей на некалькі дзён?
Дайце сабе крыху волі, адказваючы на гэтыя пытанні,— няхай вашы адказы будуць самыя неверагодныя. Тады выберыце самыя дзівакаватыя і рэалізуйце іх. Могуць быць прыдатныя наступныя прыклады, якія мы для вас прыдумалі.
Вы — Томава маці. Аднойчы ваш сын прыходзіць дамоў а трэцяй гадзіне ночы. Ён уваходзіць як найцішэй, каб яго не злавілі на гэтым і не накрычалі: «Мы спадзяваліся, што ты прыйдзеш дамоў не пазней дванаццаці», «Ты спазніўся!», «Дзе ты быў?», «Ты ўжо зусім апусціўся». Ён адчыняе парадныя дзверы, чуе вясёлую мексіканскую музыку і страшэнна здзіўляецца, бо раптам бачыць, што
вы лежыце на падлозе і таропка нешта пішаце. Вакол вас валяюцца параскіданыя парваныя паперкі, пустыя пасля кавы кубкі і пласцінкі. Ваш сын выпальвае: «Што ты тут робіш?» (Ледзь не першы раз ён запытаўся ў вас, што вы робіце.) I вы адказваеце: «Я вырашыла не класціся спаць, пакуль не вывучу ўсе словы іспанскіх песень на маіх пласцінках».
Вы, як заўсёды, па дарозе на работу адвозіце дачку ў школу і на скрыжаванні, дзе вы заўсёды паварочваеце налева, на гэты раз паварочваеце направа. Дачка ваша з недаверам, пытаецца: «Куды ты, татка?» (Ледзь не першы раз яна запыталася ў вас, куды вы едзеце.) I вы адказваеце: «Я напрасткі спрабую даехаць да Рыва Роўд. Я прыкінуў, колькі гэта будзе міль, і хачу праверыць, ці правільна я вызначыў адлегласць».
Ваша дачка Маршыя на працягу паўгадзіны тузае некалькі разоў дзверы ваннай і бачыць, што вы ўсё яшчэ там, у ваннай. Нарэшце яна кажа: «Мамка, што ты там робіш?», (Ледзь не першы раз у жыцці яна запыталася ў вас, чаго вы так доўга купаецеся ў ванне.) I вы адказваеце: «Я ляжу ў п^ннай вадзе і ем кукурузны амлецік, які сама спякла».
Усё гэта крыху дзівакаватыя выпадкі. Мы просім вас зрабіць шмат чаго такога; фактычна, выпрацаваць навык рабіць такое ўвесь час. Колькасць такіх дзівакаватых учынкаў залежыць толькі ад таго, колькі ў вас хопіць здольнасці іх прыдумваць. Мы пераканаліся, што дастаткова вам прыдумаць некалькі, як яны самі пасыплюцца ў вашу галаву. Гэты занятак такі прыемны, што лёгка ўваходзіць у звычку, і вы робіце гэта не толькі для дзіцяці, але і для сваёй забавы.
Тое, што вы робіцеся «дзівакаватыя» з-за такіх учынкаў, дапамагае стварыць раўнавагу паміж вамі і вашым дзіцем, і таму мы раім наступнае.
Хаця б частку свайго часу ахвяруйце на ўчынкі, якія цяжка кантраляваць,— непрадбачаныя, смешныя, а ролю чалавека заклапочанага, на якім ляжыць адказнасць,— пакіньце дзіцяці, калі яно гэтага жадае.
Калі вы размаўляеце з падлеткам-сынам ці дачкой, засяродзьце ўвагу на тым, чаго вы самі хочаце, як вы самі дзейнічаеце, што вы самі адчуваеце.
Хаця б частку свайго часу не перажывайце, не хвалюйцеся зусім. Калі хто і будзе перажываць, дык гэта ваша дзіця, якое будзе думаць, што вы цяпер зробіце. Як асоба вы заўсёды былі непрадказальны, а ваша дзіця гэтага не ведала. Даведацца такое пра вас — гэта для яго, бадай, самае прыемнае. Сын ваш яшчэ не разгадаў, што вы сабою ўяўляеце. I, як вы заўважыце, робячы гэты крок, вы для сябе самога — загадка, а гэта таксама прыемнае адкрыццё.
Вы зрабілі пачатак усіх гэтых дзеянняў ужо ў шостай главе. Там мы вам раілі завесці звычку пытацца ў сябе, што вы хацелі б зрабіць, кім быць, што мець. Мы прасілі вас зрабіць нешта маленькае, спантаннае, смешнае, а таксама прыслухоўвацца да свайго ўнутранага голасу; ужываць «я-сказы» досыць часта і кожны дзень: «Я адчуваю», «Я люблю», «Я хачу», «Я збіраюся».
Цяпер пара павялічыць усё гэта. Калі вы працуеце сур’ёзна, дык убачыце, што вы асвойталіся з гэтым, што вам усё лягчэй і лягчэй гаварыць так у прысутнасці свайго дзіцяці, у прысутнасці яго сяброў, а таксама ў прысутнасці суседзяў, тых людзей, якія сустракаюцца ў магазіне, і перад сваякамі.
Заўважце, што мы не просім вас рабіць нешта такое, што магло б пакрыўдзіць каго-небудзь. Мы просім рабіць такія рэчы, якія зробяць вас больш раскаванымі, упэўненымі ў тым, што вы можаце разлічваць на сябе, каб здзейсніць свае жаданні.
Калі вы папрактыкаваліся ў тым, каб быць больш спантаннымі і непрадказанымі ў такой ступені, каб добра, без напружання адчуваць сябе, тады пераходзьце да чацвёртага кроку.
ЧАЦВЕРТЫ КРОК
Тут вы павінны даказаць вернасць свайму слову, даказаць дзіцяці, што вы зробіце тое, што сказалі. Калі не вырашаны сур’ёзныя праблемы з вашым дзіцем, давайце падрыхтуемся да таго, як выкарыстаць ультыматум і бацькоўскі байкот. Задоўга да гэтага сапраўднага ультыматуму вельмі важна, каб ваша дзіця верыла, што вы абавязкова зробіце тое, што паабяцалі зрабіць. Толькі калі ваша дзіця ўпэўнена ў гэтым, яно зможа вам паверыць, калі вы сур’ёзна аб’явіце пра ваш намер «баставаць». Калі ж вы паставіце ультыматум, а дзіця лічыць, што вы ўсур’ёз пра гэта не думаеце, што вы можаце ўступіць, тады яно можа балансаваць на грані вайны з вамі і працягваць свае дрэнныя паводзіны проста, каб пабачыць, ці сапраўды вы «забастуеце». 3 другога боку, калі дзіця добра ведае, што гэта ультыматум, таму што вы заўсёды робіце тое, што кажаце, тады яно можа зрабіць адпаведны выбар з усёй адказнасцю: або прыняць гэты ультыматум, або адмовіць і быць гатовым прыняць вынікі.
Гэты крок прызначаны для таго, каб умацаваць у галаве дзіцяці думку, што вы зробіце тое, што паабяцаеце.
Для гэтага кроку мы просім вас зрабіць цэлы шэраг спецыяльна прадуманых яскравых «спектакляў» для дзіцяці. 3 вашага боку спатрэбіцца смеласць і вынаходлівасць, магчыма, вам гэта прынясе і прыемнасць.
Першае. Падбярыце нейкую нязначную сітуацыю, якая непакоіць вас. Няхай гэта будзе штосьці малаважнае, што здараецца досыць часта.
Нехта заўсёды выстаўляе зубную пасту на ракавіну, замест таго каб схаваць яе ў скрыначку.
Дзеці часта ўступаюць у спрэчкі і шумяць, калі мы ўсе за сталом вячэраем.
Пакідаюць рэчы на самым праходзе, там, дзе я магу аб іх спатыкнуцца.
Другое. Калі яшчэ раз ваша сітуацыя паўторыцца, пастарайцеся ўжыць усю сваю фантазію і прыдумаць, што вы зробіце, каб гэта адпавядала наступным умовам:
а) вы будзеце лягчэй адчуваць сябе, калі вы гэта зробіце. Ваш «свіст» не будзе такі востры;
б) гэта нікога не пакрыўдзіць і не будзе накіравана непасрэдна на ваша дзіця;
в) гэта можа быць нешта крыху смешнае — неабгрунтаванае, абуральнае, нечаканае, або нешта, што палохае;
г) гэта павінна быць досыць прыкметным, каб іншыя, і асабліва ваша дзіця, абавязкова гэта заўважылі:
д) гэта павінна мець нейкія адносіны да таго выпадку, які вас непакоіць, пры гэтым не трэба нікога вінаваціць і нікому не трэба надаваць адмоўнай увагі.
е) гэта нешта такое, што вы можаце выканаць самастойна.
Калі здарацца выпадкі, пра якія мы гаварылі вышэй, можна зрабіць наступнае.
Напішыце вялікую аб’яву зубной пастай на люстэрку ў ваннай, што вы патрабуеце, каб пасту прыбіралі.
Забярыце свой абед, цырымонна пастаўце яго на паднос і занясіце ў сваю спальню, зачыніце дзверы, ешце яго ў адзіноце, у спакоі і цішыні.
Сабярыце ўсё, што валяецца на праходзе, і выкіньце на дарогу або на дах, або ў ванную.
Калі вы прыдумалі нешта такое, што хацелі б зрабіць, дык трымайце гэта ў галаве, а цяпер.
Трэцяе. Лагодна, мякка аб’явіце сям’і ў «я-сказах», чаго вы хацелі б у сувязі з гэтым пунктам. Напрыклад:
— Я хацеў бы (хацела б), каб зубная паста захоўвалася ў скрынцы.
— Я сапраўды хачу, каб за вячэрай была спакойная і прыемная атмасфера.
— Я хачу, каб на праходзе не валяліся ніякія рэчы.
Чацвёртае. Чакайце, пакуль сітуацыя паўторыцца (а ў гэтым можна не сумнявацца).
Пятае. Паўтарыце сваёй сям’і, чаго вы патрабуеце ў гэтай сітуацыі, і заявіце ўсім, што вы зробіце, калі не будзе так, як вы хочаце.
— Я сапраўды хачу, каб зубную пасту трымалі ў скрынцы. Калі гэтага не будзе, я буду пісаць зубной пастай на люстэрку.
— Я сапраўды хачу, каб было спакойна і ціха за сталом. Калі гэтага не будзе, я забяру сваю ежу ў спальню і буду есці адна.
— Я хачу, каб у пакоі было чыста. Калі я ўбачу, што пад нагамі нешта валяецца, я выкіну ўсё ў ванну.
У гэтым месцы вы можаце падумаць: «Нелагічна размазваць зубную пасту па люстэрку, калі я хачу, каб у ваннай было чыста і ўтульна». I праўда, гэта нелагічна з пункту гледжання блізкай перспектывы, што датычыць чысціні ваннай. Але ж ваша мэта намнога шырэйшая, чым чысціня ваннай, і з пункту гледжання гэтай шырэйшай перспектывы іншыя, больш вузкія погляды могуць, безумоўна, быць зусім нелагічныя. Няхай вас не саб’е з панталыку логіка, паслядоўнасць і г. д. Зубная паста — гэта сродак для ўсталявання вашай верагоднасці, даверу да вас.
Шостае. Пачакайце, пакуль сітуацыя зноў узнікне (а пасля вашай апошняй заявы гэта абавязкова будзе), тады зрабіце тое, што паабяцалі. Рабіце гэта з задавальненнем.
Сёмае. Лічыце гэты крок поспехам ці ўдачай, калі вы пачынаеце адчуваць радасць і нават сілу, робячы такія ўчынкі. Мы імкнёмся да пачуцця волі (вы не трапілі ў палон свайго дзіцяці або сітуацыі), да пачуцця спаборніцтва (вы можаце рабіць так, каб клапаціцца пра сябе), да пачуцця радасці (натуральна адчуваць уздым і радасць, што ты вольны ва ўсім і можаш зрабіць тое, што хочаш).