Як спраўляцца з праблемамі падлеткаў
Джын Баярд, Роберт Т. Баярд
Выдавец: Народная асвета
Памер: 160с.
Мінск 1990
(што зусім натуральна) раскідвае вакол рэчы, але ўсё роўна яго варта трымаць. Пра сябе яшчэ яна паклапацілася і такім чынам, што паставіла вялікі кошык у пярэднім пакоі і прыбірала ў яго раскіданыя рэчы дачкі.
Для^гэтай маці было б недарэчна пераходзіць да пятага кроку. У яе засталося небагата праблем, і, відаць, яна з імі магла справіцца, працуючы і далей гэтак, як мы ўжо вучылі ў дадзенай кнізе. Аднак для некаторых іншых бацькоў гэты пяты крок можа быць адзіным, досыць дзейсным, каб нешта перайначыць у жыцці. Гэты крок здаваўся адпаведным для сітуацый, у якіх, напрыклад, дзіця кіруе сям’ёй, як дыктатар, або займаецца справамі дарослых (гэта значыць жыве сексуальным жыццём, нават мае дзяцей, кіруе аўтамабілем, не маючы правоў) і не нясе за іх адказнасці, або ўзвалілася на сям’ю, як мёртвы груз і адмаўляецца дбаць пра сябе, нічога не робіць. Дзеці — гэта людзі, і, як усе іншыя, яны таксама могуць стаць дыктатарамі, тыранамі, камбінатарамі, калі дазваляе сітуацыя. У такіх выпадках патрэбны моцныя меры, такія, як бацькоўскі байкот, каб паставіць усіх на свае, больш разумныя і нармальныя месцы.
Кэралін, шаснаццацігадовая дзяўчына, часцей за ўсё ігнаравала сваіх бацькоў. Яна рабіла ласку загаварыць з імі звычайна тады, калі хацела выказаць знявагу або даць ім загады. Яна ўжо адчувала сябе абсалютна вольнай у адносінах да пунктаў, якія датычаць жыцця дзіцяці, і проста ігнаравала старанні бацькоў адстаяць свае правы адносна пунктаў, што датычаць жыцця бацькоў. Здавалася, яна так глыбока была пераканана, што ў бацькоў няма ніякіх правоў, што байкот, мабыць, быў адзіны спосаб даказаць ёй, што яны маюць пэўныя правы.
Ад пятнаццацігадовага Карла зацяжарала пятнаццацігадовая дзяўчына, і ён паведаміў сваёй сям’і, што прывядзе яе ў дом, каб жыць разам. Яго бацькі запярэчылі, кажучы, апрача ўсяго іншага, што ім не падабаецца думка пра тое, што двое непаўналетніх будуць займацца сексам у спальні іх сына. Карл адказаў на ўсе іх пярэчанні злосцю і адчайнымі пагрозамі: ён, маўляў, кончыць жыццё самагубствам, калі не зробяць так, як ён хоча. Усё ж ён саступіў і згадзіўся, што ён і яго дзяўчына не будуць займаць гэту самую спальню. Ён паведаміў, што яна перабярэцца ў майстэрню сваёй маці. А тым часам ён усяляўся з ёю і з яе шматлікімі сумкамі і каробкамі ўжо на наступны дзень. А гадзінай ці дзвюма пазней гэтыя двое дзяцей пайшлі да Карлавай маці пытацца, што будзе на абед.
Гэтыя бацькі так не змаглі пастаяць за сябе, і сітуацыя развівалася так хутка, што мы адчувалі: комплекс нашых практыкаванняў будзе недастатковы для іх. Мы парэкамендавалі зараз жа і цвёрда пачаць бацькоўскі байкот, падчас якога Карл зразумее, што ён можа жыць як дарослы са сваёй дзяўчынай толькі тады, калі возьме адказнасць за гэта, а жыць у бацькоўскім доме са сваёй дзяўчынай, як двое дзяцей-маладажонаў, бацькі яму не дазволяць.
Пятнаццацігадовая Барбара адмаўлялася ісці ў школу, а замест гэтага, калі яе маці была на працы, запрашала даволі грубых бамбізаў-сяброў да сябе ў госці. Яе маці заяўляла ёй, чаго яна жадае са свайго боку, хадзіла дамаўляцца са школай і іншымі афіцыйнымі асобамі і дабівацца для Барбары таго. чаго яна, мяркуючы па яе словах, хоча. Барбара заўсёды з ёю супрацоўнічала ў складанні дагавораў і абяцала іх выконваць, а пасля працягвала ўсё па-ранейшаму. Мы згадзіліся са школьным дарадчыкам, што для Барбарынай маці было б найбольш мэтазгодным забаставаць.
Мы просім вас абдумаць сваю сітуацыю і вырашыць, які найлепш вам цяпер прыняць кірунак. Калі ў вас паправіліся справы дзякуючы працы, рэкамендаванай у гэтай кнізе, тады вы робіце нешта вельмі патрэбнае і належным чынам. Ваша задача цяпер — навучыцца рабіць гэта нават яшчэ лепш. 3 другога боку, калі пункты, якія датычаць жыцця бацькоў, усё яшчэ з’яўляюцца для вас важнай турботнай праблемай, і забастоўка здаецца патрэбнай, тады рабіце ўсё тое, што вам раяць у пятым кроку. He вагайцеся і верце ў гэта.
пяты КРОК
Усё тое, што мы прапанавалі вам зрабіць да гэтага моманту, зыходзіць з меркаванняў, што вы і далей будзеце выконваць прынятую грамадскасцю функцыю ў адносінах паміж бацькамі і дзіцем. Гэта значыць, што вы будзеце жыць з дзіцем і забяспечваць яго матэрыяльнымі дабротамі: жыллём, ежай, вопраткай, магчыма, грашамі на дробныя выдаткі і г. д., а таксама менш адчувальнымі навобмацак формамі бацькоўскай падтрымкі. Па справядлівасці, аднак, адносіны паміж бацькамі і дзіцем павінны быць двухбаковыя, як вуліца з двухбаковым рухам. Бацька і маці павінны адчуваць узнагароду за клопаты і падтрымку, а ўзнагарода — гэта веданне таго, што дзіця добра развіваецца, што ў бацькоў і дзяцей разумна добрыя ўзаемаадносіны; адчуванне таго, што яны любяць і іх любяць. Усё гэта павінна быць у такой ступені, каб бацька і маці мелі асалоду ад таго, што яны гадуюць дзіця. Калі вы не маеце аддачы, дык мы лічым, што вы да сябе несправядлівыя: вы аддаяце ўсё і нічога адчувальнага не атрымліваеце ўзамен. Вашы такія адносіны, мабыць, не зусім на карысць і вашаму дзіцяці. Мы думаем, што дзіця, якое пастаянна адмаўляецца ўдзельнічаць у супрайоўніцтве з бапькамі, напэўна, зробіць важныя для сябе вывады, калі будзе жыць без нейкай часцінкі бацькоўскай падтрымкі, якую вы ўвесь час яму даяце, або наогул без падтрымкі.
Калі б такія адносіны былі ў вас з нейкай іншай асобай, скажам з сябрам, начальнікам, працадаўцам, суседам, з жонкай ці мужам, і калі б вы ўвесь час адчувалі несправядлівае да сябе стаўленне пасля такой жа вялікай працы з вашага боку, вы, напэўна, палічылі б, што вам трэба ці менш сябе аддаваць, ці зусім адысці ад гэтай асобы. Мы не бачым ніякай важкай прычыны, чаму гэтыя вашы адносіны можна трактаваць інакш, тым больш што навучыць дзіця стаць незалежнай асобай з’яўляецца асноўнай мэтай вашых з дзіцям адносін з самага пачатку. Фактычна, калі мы паглядзім на гэтыя адносіны як проста на адносіны паміж двума людзьмі, дзе адзін і другі вольныя адмовіцца ад іх, калі ім гэтага захочацца, дык так, пэўна, лепш і зрабіць. Таму наша асноўная парада для пятага кроку — аб’явіць ваш намер выбыць з гэтых умоўных бацькоўска-дзіцячых адносін на нейкі час, пакуль не здарыцца штосьці такое, што можа зрабіць іх больш шчаслівымі.
Мы разумеем, што для некаторых бацькоў зрабіць гэта зусім не проста, нават калі дзеці даўно пераступілі недазволеныя межы. Вы, магчыма, якраз належыце да такіх бацькоў, і, нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія пераносіце, у вас і вашых падлеткаў ёсць прычыны, іпто прымушаюць вас захоўваць традыцыйныя паміж бацькамі і дзецьмі адносіны. Адной з гэтых прычын можа быць стаўленне да гэтага пытання нашай грамадскасці. Сёння, калі ваш муж (ці жонка) ставіцца да вас так. як ваш падлетак, дык грамадскасць, пад якой мы разумеем вашых сваякоў, сяброў і адміністрацыйныя ўстановы, найчасцей падтрымае вас, калі вы захочаце з ім (ці з ёю) разысціся. Аднак гэта ж грамадскасць бясконца доўга можа вас пераконваць, што вы павінны і далей несці адказнасць за сваё дзіця, мірыцца з самымі дрэннымі да сябе адносінамі.
Стаўленне грамадскасці можа аказаць на вас немалы ўплыў, і вам будзе страшна зрабіць так, як падказвае разумны сэнс. I вы і ваша дзіця ведаеце гэта стаўленне грамадскасці да бацькоўскадзіцячых адносін. Інакш кажучы, вы і ваша дзіця, магчыма, верыце, што вы не вольныя адмовіцца ад гэтых адносін і павінны мірыцца з тым, з чым мірыцца нельга.
Калі вы выканаеце парады пятага кроку, адносіны паміж вамі і вашым дзіцем могуць палепшыцца, а могуць і не перамяніцца. Будзьце гатовыя да таго, што справа можа павярнуцца і ў адзін бок, і ў другі. У любым выпадку будзьце задаволеныя, што вы гэты крок рэалізавалі. На нашу думку, лепш зрабіць пяты крок (якія б вынікі ні былі), чым працягваць адчуваць сябе няшчасным.
Пачніце гэты крок адным ці двума частковымі байкотамі.
Прыгадайце тое, што вы робіце са сваіх бацькоўскіх абавязкаў для свайго дзіцяці, тое, у што вы не ўклалі б столькі жыццёвай энергіі, калі б гэта было не для вашага дзіцяці. Для вас гэта можа быць наступнае:
гутарыць з сынам (ці дачкой), адчуваць заклапочанасць, зацікаўленасць, любоў;
гатаваць вячэру кожны дзень;
купляць прадукты для дваіх, чатырох, шасці чалавек;
пасылаць плату стаматолагу за лячэнне зубоў, якія няправільна растуць;
вучыць кіраваць аўтамабілем;
дазваляць яму (ці ёй) мець ключ ад дзвярэй дома;
даваць яму (ці ёй) энную суму грошай, грошы на другое снеданне, грошы на адзенне;
прыходзіць дамоў вечарам кожны дзень, хочаце вы гэтага ці не;
трымаць асобны пакой у доме для гэтай асобы.
Цяпер вырашыце, што ў далейшым вы будзеце рабіць з усяго гэтага толькі тое, што вам падабаецца. Перад тым як пачняце рабіць штосьці з гэтага, запытайцеся ў сябе, ці хочацца вам гэта рабіць. Калі хочацца — пачынайце. Калі не — скажыце:
— Я сёння не маю намеру рабіць вячэру (не збіраюся купляць прадукты на гэтым тыдні). У мяне такое адчуванне, што я толькі даю і нічога не атрымліваю ўзамен.
— Заўтра я не вазьму цябе вучыцца кіраваць аўтамабілем. Адчуваю, што я зрабіў ужо болып чым дастаткова, і не маю намеру траціць свой час, пакуль справы ў нас дома не пойдуць больш справядліва.
— Я не маю намеру мыць вашы рэчы на гэтым тыдні. Я не жадаю, каб мне садзіліся на галаву, бо я толькі ўсё даю і нічога не маю ўзамен.
I затым займайцеся сваёй справай. Калі ваша дзіця падрыхтуецца да ўрокаў ці зробіць нешта іншае прыемнае для вас або такое, што будзе схіляць вас зрабіць тое, што вы заракаліся не рабіць, дык скажыце: «I ўсё-такі мне падабаецца гэта рабіць».
Калі ж ваша дзіця не робіць тое, што павінна, трымайце сваё слова. Устрымайцеся ад таго, што вы рабілі для свайго дзіцяці, калі толькі вам сапраўды не хочацца гэтага.
Часам бацькі вагаюцца, ці рабіць байкот, бо яны клапоцяцца пра іншых членаў сям’і. He думайце, калі ласка, нібы з-за гэтага трэба мірыцца з несправядлівым стаўленнем да сябе. Няхай вам дапаможа ваш розум, каб прыдумаць спосаб байкоту, які, на ваш погляд, будзе справядлівы адносна іншых членаў сям’і. Калі не можаце, усё роўна мы рэкамендуем вам зрабіць байкот. Гэта, магчыма, створыць нейкую нязручнасць для іншых членаў сям’і, а можа, і падштурхне іх узяць на сябе адказнасць і дапамагчы вам вырашыць вашу праблему з дзіцем. Але, мы думаем, гэта лепш, чым быць несправядлівым да свайго ўнутранага «я» і адмаўляцца ад таго, каб клапаціцца пра гэта «я».