Язычніцтва старажытных беларусаў
Людміла Дучыц, Ірына Клімковіч
Выдавец: Харвест
Памер: 368с.
Мінск 2014
У той жа час у беларускіх замовах супраць змей сустракаюцца імёны Марэя, Марына, Мархва, якія можна параўнаць з Мар’яйМарай. У рускіх Мару завуць яшчэ Марухай або Кікімарай, яна ўва-
сабленне смерці і паморку. Санскрыцкае тага азначала «вільгаць», а таксама «хвароба» і «смерць». Сінонімы дзеясловаў «марыць» і «мроіць» — «трызніць, блюзніць, бачыць галюцынацыі». Узгаданая вышэй італійская багіня Цэрэра, якую параўноўвалі з МаржанайМарэнай, апроч усяго іншага насылала на людзей вар’яцтва. Уяўленне пра Мару як пра начны кашмар зафіксавана ў польскім zmora, французскім cauchemar, англійскім nightmare. Як бачым, шмат у якіх народаў існуюць назвы падобных істот і паняццяў якія паходзяць ад ад-
наго кораня.
Але згодна з іншымі павер’ямі беларусаў, Hama Mapa адлюстроўвала не столькі начны жах, колькі ўвасоблены лёс, які прадказвае людзям іх долю і будучыню. Яна багіня-пралля, якая тчэ павуціну чалавечых лёсаў. Верылі, што Маратаемна шые і прадзе па начах пры святле месяца, дапамагае гаспадыні хутчэй скончыць працу.
Такім чынам можна зрабіць выснову, што Мара-Марэна — адно з самых загадкавых бостваў нашага пантэона, дзе адлюстраваўся старажытны архетып, звязаны не толькі са смерцю, але і з нараджэннем і ўрадлі-
Спальванне саламянага пудзіла Марэны васцю.
Некаторыя навукоўцы лічаць, што міфалагічныя персанажы з імёнамі на «таг» з’яўляюцца рэліктамі вельмі старадаўняга вобраза Вялікай Багіні, некалі адзінага боства, адказнага за абнаўленне Жыцця на Зямлі.
Глава 3
МІФІЧНЫЯ ПЕРШАНАСЕЛЬНІКІ БЕЛАРУСКАЙ ЗЯМЛІ: БАЙ, ВОЛАТЫ 1 ВАЛАТОЎНЫ, АСІЛКІ
Кожны народ у сваёй гісторыі праходзіў этап этнічнага самаасэнсавання, імкнуўся сакралізаваць сваё паходжанне і зацвердзіць права на тэрыторыю. Згодна з этнагенетычным міфам, родапачынальнікам беларускага этнасу з’яўляецца князь Бай або Бой, Буй. У міфалогіі фігуруе славяна-скандынаўскае боства сілы і навальніцы Буй-Тур. Адсюль не выключана сувязь скандынаўскага бога Тора і беларускага князя Бая.
Паводле этнаганічнага міфа беларусаў, які тлумачыць паходжанне зямлі і ўсяго жывога на ёй, напачатку была толькі вада, пасярод якой тырчаў адзін камень. Пярун стаў біць у камень, выбіў тры іскры, і ўсё ў свеце змяшалася, а калі прасвятлела, то апынулася, што вада і зямля адасобіліся. Потым з’явілася жыццё на зямлі і ў вадзе. З’явіўся і чалавек — магутны асілак, князь Бай. Ён меў многа жонак і дзяцей, а таксама любімых сабак — Стаўры і Гаўры. Апроч гэтага, ён быў і нашым першапродкам: ад ягонага сына Белаполя пайшлі ўсе мы — беларусы.
Пасля смерці князя ягоныя сабакі засталіся Белаполю. Па бацькоўскаму запавету сабак тых трэба было пусціць у розныя бакі, і колькі зямлі ўдзень яны аббягуць, столькі і будзе яе ў Белаполя. Там ён можа сяліцца і пладзіцца. Каб выканаць наказ Бая, аднойчы на паляванні злавіў Белаполь дзвюх птушак, адну з паўднёвага мора, a другую з заходняга. Потым, патрымаўшы іх некаторы час, выпусціў на волю, а за імі нацкаваў сваіх сабак. Кожная птушка паляцела ў свой бок, за імі пабеглі Стаўры і Гаўры.
Па слядах сабак пацяклі рэкі Дзвіна і Дняпро. У іх абшарах пасяліўся Белаполь, а ад розных жонак яго «развяліся розныя плямення пад прозвішчам Беларусы. Яны і да гэтага часу там ходзяць, зямельку скародзяць ды жыта сеюць».
Паводле падання, Стаўры і Гаўры былі пахаваны на беразе Дрысы, каля сучаснай вёскі Краснаполле Расонскага раёна на Віцебшчыне. Людзі іх ушаноўвалі раз на год, і гэты дзень сталі называць Стаўроўскія Дзяды. На месца пахавання прыносілі ежу, пітво і праводзілі час да позняй ночы. Рэшткі страў кідалі ў вогнішча з заклікамі: «Стаўры, Гаўры, гам, прыхадзіце к нам!» Яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. навукоўцы зафіксавалі, што каля Докшыцаў у глухім месцы
сяляне хавалі ад паліцыі нейкага ідала. Каля яго збіраліся, таньчылі і паўтаралі «Стаўры, Гаўры — гам». Тое самае кажуць у многіх вёсках Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці яшчэ і сёння, калі спраўляюць на год шэсць Дзядоў.
Бай быў не толькі першым насельнікам нашай зямлі, але і першым памерлым, якістаўваладаром царства мёртвых. Гэтымі рысамі князь Бай і ягоныя сабакі вельмі нагадваюць адпаведныя персанажы
другіх індаеўрапейскіх міфалогій. Вядома, што ў міфах такога кшталту царства памерлых таксама ахоўваюць сабакі. Узгадаем грэчаскага Кербера (Цэрбера) і паляўнічага пса Індры, чые дзеці ахоў-
ваюць шлях у царства Ямы.
Гліняная культавая статуэтка сабакі, пачатак 1-га тыс. (гарадзішча каля вёскі Мыслі, Капыльскі р-н., Мінская вобл.)
Папулярны шматлікія беларускія паданні пра волатаў, асілкаў, багатыроў. Гэта міфічныя істоты незвычайнага росту, сілы і антрапаморфнага аблічча. Паводле міфалагічных уяўленняў, саманараджэнне волата адбываецца ў пачатковых водах:
«Ішоў Спас па сіняму мору, бачыць — мора пачынае пеніцца і біць незвычайна моцныя хвалі, з’явіўся аграмадны вадзяны стоўб. Спас падыходзіць да гэтага стаўба пагля-
дзець і бачыцьу сярэдзіне яго жывога волата, які паварочваецца, але не можа ўстаць. Спас узяў гэтага волата і выкінуў на бераг. З’явіўся такі прыгажун, што прыгажосці яго здзівіўся сам Спас...»
Згодна з паданнямі, волаты былі такога росту, што цяперашнія людзі не даставалі б ім і да калена. Галовы іх былі як вялізныя цэбры. Яны ўтваралі рэкі, вытоптвалі азёры, перасоўвалі горы. У паданнях расказваецца, што волаты кідалі вялізныя камяні, якія па памерах нагадвалі жорны, маглі ўзяць на далонь аратага з канём і вупражжу. А калі веліканы злаваліся і пачыналі біцца паміж сабой, узнікалі буры і непагадзь. Волат мае сувязь з богам Вялесам і пазнейшым Чортам. Як сцвярджаюць павер’і, крыніцай надзвычайнай сілы волата з’яўляецца наяўнасць у яго «чортавага рабра». Так называлі ў народзе трынаццатае, суцэльнае, «бы абруч», «лішняе» рабро. Яно прыпісвалася міфічным веліканам і вельмі моцным людзям: «задужыя, бо маюць чортава рабро». Калі волаты паміралі, іх клалі на зямлю і насыпалі ўзгоркі. Такія ўзгоркі сталі называць валатоўкамі.
Валатоўкі — гэта народная назва пахаванняў нашых продкаў канца I — пачатку II тысячагоддзя. Назва такіх археалагічных помнікаў у асноўным супадае з арэалам рассялення крывічоў. Паданні звязваюць валатоўкі з магіламі паганскіх воінаў-вялікалюдаў, а таксама з закапанымі скарбамі, якія нарабаваў волат. Адзін з вялікіх насыпаў у курганніку каля вёскі Валынеж Касцюковіцкага раёна на Магілёўшчыне яшчэ не так даўно называлі Волатава Магіла. Расказвалі, што тут жылі два браты-асілкі. Яны забаўляліся тым, што перакідваліся каменнымі сякерамі, падхопліваючы іх у паветры. Аднойчы ў час такой гульні малодшы брат забіў старэйшага і пахаваў у кургане.
Варыянтамі назваў курганных могільнікаў з’яўляюцца таксама Вілатоўка, Вілаватка, Валатовачкі, Калатоўкі, Латоўкі, Малатоўкі, Талатоўкі і іншыя.
У паданнях часта фігуруюць валатоўны — вялізныя жанчыны, надзеленыя надзвычайнай сілай. 3 жаночым культам звязаны многія горы і гарадзішчы, у першую чаргу з назвамі кшталту Дзявочая або Дароціна, Бабіна Гара. Так, у Мсціславе гарадзішча Дзявічая Гара або Дзеўя Горка, Дзявічы Гарадок, нібыта нанасілі фартухамі дзяўчатыбагатыркі, калі засыпалі магілу багатыра, якога ўсе яны аплаквалі, a потым ва ўрочны дзень спраўлялі па ім трызны і ладзілі тут ігрышчы. Пра Дароціну Гару на Полаччыне гаварылі, што ў купальскую ноч валатоўна Дарота перакідвалася бярвёнамі з чараўніцай Княгіняй, якая жыла на Піруновай Гары на востраве Асвейскага возера.
Пра Багатыр-Гару на мяжы Полацкага і Расонскага раёнаў паданне расказвае, што там жыла жанчына велізарнага росту і гэтакай жа сілы. Ваду на гару яна насіла за дзесяць вёрст з возера Нешчарда і адразу па два цэбры, у якія ўлазіла па дзесяць вёдзер. Каромыслам ёй служыў дубовы вочап. Аднойчы яе затрымалі татары і спыталі: як бліжэй патрапіць у Полацк. Жанчына адказала, што не чула пра такі горад, а між тым з гары была бачна Святая Сафія. Татары раззлаваліся і накінуліся на багатырку. Яна сваім каромыслам бадай што ўсіх перабіла, але адна з татарскіх стрэлаў трапіла ёй у сэрца. Жанчыну пахавалі на гары, і адсюль пайшла назва Багатыр-Гара. 3 цэбраў пацякла вада і ўтварылася рэчка Багатырка.
У паданнях жанчыны-багатыркі маюць непасрэднае дачыненне і да камянёў. Да прыкладу, некалі на беразе Свіслачы ляжаў валун пад назвай След Валатоўны, які быццам пакінула дзяўчына, калі пераступала праз раку. А недзе каля Віцебска ў рэчышчы Дзвіны раней існаваў камень Дзявочы след, пра які расказвалі, што след на камяні належаў таксама валатоўне.
Вядомае паданне пра Сіні Калодзеж, што побач са Слаўгарадам, былым Прапойскам, распавядае пра багатырку Кацярыну. Да яе сваталіся два багатыры — Сцяпан і Марка, але ёй падабаўся больш Сцяпан, хаця ён быў і не такі дужы, як нялюбы Марка. Кайярына сказала, што пойдзе замуж за таго, хто далей кіне валун з высокага правага берага Сажа на луг. Нялюбы Марка кінуў камень якраз туды, дзе цяпер вёска Кліны, а любы, але слабейшы Сцяпан кінуў не так далёка. Каб не пайсці за нялюбага Кацярына стала на ягоны камень і сказала: «Лепш пайду вадой служыць, чым з нялюбым жыць». Потым падскочыла, грымнулася аб валун, разлілася вадой і выскачыла з-пад зямлі вёрстаў за пяць ад Прапойска, дзе і ўтварыўся Сіні Калодзеж. Пасля гэтага на Маркавым камяні застаўся след нагі Кацярыны, а на Сцяпанавым — сляды пальцаў ягонай рукі.
У многіх паданнях валатоўна выступае як жанчына-воін або дзева-багатырка накшталт скандынаўскіх валькірый. На Лепельшчыне расказваюць, што нібыта багатырка перамагла волата і яго войска, а затым перакуліла і паставіла ўверх каранямі вялізную елку. Паводле другога падання, багатырка падымала высока над галавой коней і ішла «валяць чужаземнае войска». На Браслаўшчыне занатавана паданне, што курганы засталіся ад старадаўняй вайны, дзе войскі ўзначальвалі дзве родныя сёстры-ваяркі.
Яшчэ ў XIX ст. у ваколіцах Гомеля было шырока распаўсюджана паданне пра Гецьманку. Расказвалі, быццам адзін селянін у лесе ўбачыў вялізнага росту жанчыну ў залатым адзенні. Яна ехала вярхом на кані ў поўным узбраенні. Чалавек са страху залез на дрэва. Гецьманка яго не заўважыла, спынілася на адпачынак і заснула. Мужык злез з дрэва і забіў багатырку. У Петрыкаўскім раёне на Гомельшчыне яшчэ не так даўно гаварылі пра Хімкіны Горы. Нібыта там жыла багатырка Хіма. Яе цяжка было ўбачыць: яна ўзбіралася на дрэвы і хавалася ў лістоце. У Хімы быў лук са стрэламі, і ніхто не наважваўся падыйсці і загаварыць з ёй, таму што мог быць забіты.