Язычніцтва старажытных беларусаў
Людміла Дучыц, Ірына Клімковіч
Выдавец: Харвест
Памер: 368с.
Мінск 2014
Асаблівы статус надаваўся і месцу народзінаў. У народным светапоглядзе беларусаў — гэта тая кропка прасторы, той пажаданы цэнтр, дзе адбываецца з’яўленне чалавека і стварэнне мікракосму. Звычайна першыя роды праходзілі ў хаце бацькоў жанчыны або ўвогуле за межамі хаты — у памежнай прасторы — у лазні, хляву, гумне, стадоле, паддашшы... Шчаслівым месцам лічылася месца без столі, лепшым — на голай зямлі: на гародзе, у падполлі. Калі народжаны дзіцёнак быў слабым і часта хварэў, адбывалася яго перараджэнне, абрад якога адбываўся ў сакральным месцы яго сапраўдных наро-
дзінаў. Падчас гэтага абраду дзіця працягвалі праз ворат матчынай кашулі зверху ўніз.
На месцы народзінаў таксама адбываліся самыя важныя абрадавыя дзеянні: нованароджанага абмывалі, змываючы з яго ўсё «нечалавечае», перавязвалі пупавіну пасмачкай чыстага лёну ці суворай ніткай, а паслед — «дзіцячую пасцель» — загортвалі ў кавалак тканіны разам з хлебам і соллю і закопвалі пад вугал хаты, пад печчу,
пад жорны. у садзе пад фруктовае дрэва.
У народзе верылі, што народжанае дзіця не мае полу, і таму. каб вызна-
«Маці і дзіця». Каменны крыж, які раней стаяў каля дарогі паблізу вёскі Даўгінава (Вілейскі р-н Мінскай вобл ) Цяпер у мінскім Музеі еалуноў (фота В. Вінакурава)
чыць яго і далейшы занятак дзіцёнка, пупавіну хлопчыка перавязвалі на тых рэчах, якія сімвалізавалі мужчынскі занятак. Звычайна гэта была сякера. Пупавіну дзяўчынкі перавязвалі на верацяне. A каб хлопец быў моцным і трывалым, ягоную пупавіну часам перабівалі камянямі. У некаторых рэгіёнах пупавіну нованароджанага доўгі час захоўвалі і аддавалі яе пасля таго, як хлопец ішоў у войска, а дзяўчына замуж. Лічылася, што пасля гэтага чалавеку «пашчасціць». Замацоўвалі пол дзіцёнка і абрадавыя дзеянні з паследам. Так, пры нараджэнні хлопчыка паслед закопвалі на куце або на гарышчы, адзяўчынкі — адпаведна ля пячы. Такім чынам далучалі немаўлятку і да бацькоўскай хаты.
Натуральна, калі дзіцёнак з’яўляўся на гэты свет, бацькі імкнуліся як мага надзейней забяспечыць ягонае здароўе, абараніць ад розных напасцяў і бед. Дзеля гэтага адразу пасля нараджэння дзіцёнка спавівалі не абы якой пялюшкай, а вопраткай бацькоў. Звычайна для дзяўчынкі гэта была кашуля маці, а для хлопчыка — бацькава кашуля або штаны: «Каб такі быў крэпкі, як твой бацька крэпкі». Такая пялюшка лічылася не толькі абярэгам і ахоўвала немаўлятка ад нячыстай сілы, але і забяспечвала правільнае наследаванне сямейных каштоўнасцей. Дачцэ перадаваліся маральныя і фізічныя якасці маці, а сыну — бацькавы.
Каб засцерагчы дзіця ад небяспечных і варожых уплываў, яго «свяцілі праз парог». У сітуацыі, калі немаўля яшчэ не лічылася канчаткова сфармаваным чалавекам, парог як мяжа паміж сваёй (хатняй) прасторай і чужой (неасвоенай) адыгрываў лёсавызначальную ролю. Так, пасля першага купання дзяўчынкі ваду адмыслова вылівалі за парог, каб тая ў свой час выйшла замуж. Перад тым, як везці на хрост хлопчыка, на парог таксама клалі сякеру або далато, а калі везлі дзяўчынку — лён або верацяно. Верылі, што ў будучым гэта паспрыяе развіццю ў дзіцяці ўмельства ў пэўнай галіне. Пасля хросту кумаўя, вяртаючыся з царквы, клалі малечу на парог ягонай хаты, a бацька, стоячы ў хаце за парогам, прымаў дзіця. Гэты абрад сімвалізаваў далучэнне дзіцяці да сферы культуры, і яно афіцыйна атрымлівала імя.
На Палессі доўгі час захоўваўся такі абрад, як Кувада. Ён палягаў у тым, што ў народзінах прымаў самы непасрэдны ўдзел бацька будучага дзіцёнка. Так, ён не толькі прыносіў у дом ваду і награваў яе, чым, безумоўна, падтрымліваў сваю жонку, але і сімвалічна «народжваў»: стагнаў і крычаў разам з парадзіхай, беручы на сябе частку яе болю. Інфарматары прыводзяцьу прыклад такія словы мужчыны: «Я за цябе пастагну, што б мне было гэтай болі нямножка».
Яшчэ мужчына падчас родаў сваёй жонкі, каб аблегчыць і паскорыць іх, імітаваў пакуты парадзіхі. Дзеля гэтага ён клаўся на палаці, за адчувальнае месйа яму прывязвалі нітку, якая цягнулася да ложа парадзіхі. Калі жанчына стагнала ад родавых пакут, то бабкапавітуха, якая сядзела побач, торгала за нітку, што выклікала і стогны мужчыны. Калі роды былі цяжкімі, то муж паіў жонку са свайго роту, нібыта голуб галубку.
Згодна з легендай, якая тлумачыць паходжанне гэтага звычаю, у мінулыя часы ўсе мужы ўмелі браць на сябе пакуты жонак:
«Вітахмоўць, кажуць, калісьці былі чарадзеі. Перад родамі муж доўга глядзеў жонцы ў вочы, а потым знікаў з хаты і ішоў у пушчу, і там крычаў, біўся аб дрэва. I жонкі раджалі лягчэй, а мужчыны, кажуць, нават адчувалі боль, яны нібыта бралі частку пакут на сябе. Потым, як заўсёды, ад гэтага засталася адна абалонка. Ніхто амаль не ўмеў «браць на сябе», але ў пушчу ўсё адно ішлі...»
3 часам Кувада стала існаваць у аслабленым варыянце. Муж і жонка станавіліся па розныя бакі парога і першы паіў другую вадой із рота. Або парадзіха тройчы пераступала праз ногі свайго мужа ці праз ягоную вопратку: штаны, пояс. Нарэші з, каб стымуляваць схваткі, мужа маглі прымусіць зрабіць, «што і заўсёды», іншымі
словамі, «пераспаць» з жонкай. Роды «на дваіх» павінны былі хаця б першапачаткова абараніць дзіцёнка ад нячыстай сілы і падмены. Таму што бацькі ў час народзінаў адчувалі амаль фізічны страх перад ліхімі духамі з іншасвету і зайздроснымі людзьмі з гэтага. Да таго ж, бацькоўскія «роды» гарантавалі законнасць нованароджанага і ягоную прыналежнасць да дадзенага біялагічнага роду.
Верагодна, карані такога звычаю ідуць з часоў пераходу ад матрыяр-
Традыцыйная лялыса «Парадзіха» (майстра М. Высоцкая)
Маці / дзеці (Рэчыцкі павет.
Фота I. Сербава, пачатак XXcm.)
хальных каштоўнасцей да патрыярхальных.
Вельмі важнай і нават неабходнай была прысутнасць на родах бабкіпавітухі. Так называлі жанчыну, старэйшую за 50 год, чыя роля палягала ў тым, каб дапамагчы дзіцёнку з’явіцца на свет і стаць паўнапраўным членам грамадства, а маладой маці — паўнавартас-
най жанчынай. Тым не менш, успрыманне павітухі ў народнай культуры было супярэчлівым. 3 аднаго боку, небяспека народзінаў, прыналежнасць іх да нячыстых духаў іншасвета прымушаюць лічыць работу павітухі таксама небяспечнай і нячыстай. 3 другога — яна пасрэднік паміж зямной і сакральнай сферай тагасвету, у чыіх руках знаходзіцца плоднасць жанчыны, а яшчэ яна продак, які дае
жыццё маладому пакаленню.
Запрашэнне прыняць роды ўспрымалася як гонар, і адмовіцца ад яго было вялікім грахом. Каго запрашалі ў павітухі? Вельмі часта ўся вёска звярталася да адной жанчыны, якая валодала рэпутацыяй «вядунні», у другіх выпадках запрашалі сваячак. Разам з тым бабкапавітуха, як жанчына сталага веку, не мела права на сексуальныя адносіны, і ўвогуле магла быць толькі рытуальна «чыстай» (пасля менапаўзы), было нават пажадана, каб роды прымала ўдава.
Дапамога, якую аказвала павітуха пры родах, насіла перадусім магічны характар і складалася з агучвання замоў і ажыццяўлення абрадавых дзеянняў. Тэксты радзільных замоў паказваюць павітуху як пасярэдніцу паміж парадзіхай і тагасветнымі сіламі, а яе магічная сіла мае боскае паходжанне: «Нея прыступаю, Сам Гасподзь прыступае, Сваерукі падкладае». Разам з тым, палешукі лічылі, што ў сваіх замовах-малітвах павітуха звяртаецца не столькі да Бога і святых, колькі да чорта і хатніка. На гэтую тэму на Палессі распаўсюджаны сюжэт падання, дзе бабка-павітуха прымае роды ў чарціхі, пасля чаго атрымлівае падарункі або дар бачыць нячыстую сілу ў яе са-
праўдным выглядзе.
Але галоўнай задачай павітухі было паспрыяць хуткім і нармальным родам. Так, для стымуляцыі родаў, яна прымушала парадзіху хадзіць вакол дзяжы або стала, церціся жыватом аб куты хаты, аб-
курвала парадзіху янаўскімі зёлкамі, абгортвала яе жывот гарачым ручніком. Да таго ж, павітуха павінна была «раскрыць» цела парадзіхі. Дзеля гэтага яна здымала з яе пярсцёнкі і завушніцы, расплятала косы, расшпільвала на яе вопратцы ўсе гузікі і засцежкі, развязвала вузлы, адмыкала ў хаце замкі і куфры, засланкі, вокны і дзверы. Тое самае павінен быў зрабіць муж парадзіхі і ўсе тыя, хто выпадкова апынуўся пры народзінах.
Пасля таго, як выходзіла дзіцячае месца, павітуха пачынала «бабіць» дзіця: пераразала і перавязвала пупавіну. Гэтае дзеянне было найбольш сімвалічным і часта яго даручалі выканаць другой жанчыне, якая атрымоўвала назву «бабка-пупарэзніца». Яна ж потым ушаноўвалася як сапраўдная павітуха і рабілася хроснай маці дзіцёнка.
Як пасрэднік паміж тым і гэтым светам павітуха адыгрывала важную ролю ў пазбаўленні нованароджанага ад слядоў тагасветнага паходжання, засцерагала яго ад будучага ліха, а таксама надзяляла яго доляй і імем. Такім імем, дадзеным «бабкай» яшчэ да хросту ў царкве, бацькі называлі малога ў далейшым ягоным жыцці.
Павітуха была абавязана надаць дзіцёнку правільную форму, таму яна падчас першага ягонага купання сімвалічна «выцягвала», «сціскала і распроствала» ягонае целыда. Выконвала яна гэта з дапамогай замоў і быцца.м «дароблівала» дзіцёнка. Яна ж прадказвала лёс нованароджанага па ягонай знешнасці, паводзінах, па абста-
Калыска з г. Буда-Кашалёва (Гомельская вобл.)
Дзеці ў традыцыйных строях
вінам нараджэння. Каб немаўля было ў далейшым багатым і шчаслівым, павітуха ніколі не прымала дзіця голымі рукамі, а карысталася спецыяльным ручніком-радзільнікам.
Павітуха не толькі дапамагала пры родах, але таксама турбавалася аб парадзісе і немаўляці на працягу першых дзён ягонага жыцця, а часам і ўсяго шасцітыднёвага перыяду. У яе абавязкі ўваходзіла арганізацыя хрэсьбіндзіцёнка: запрашэнне гасцей, хросных, купанне нованароджанага, перадача яго хрос-
ным бацькам. Часам яна сама выступала ў ролі хроснай маці, прыкладам, у выпадку пазашлюбнага дзіцёнка. На гэтых мерапрыемствах павітуха выступала ў якасці гаспадыні дома. Усюды быў распаўсюджаны звычай, калі бабка-павітуха на хрэсьбінах гатавала галоўную рытуальную страву — бабіну кашу і раздавала яе гасцям у канцы абеду. А тыя ў абмен на гэта дарылі ёй грошы.
Усе прынятыя павітухай падчас народзінаўдзеці лічыліся яе ўнукамі і былі цесна звязаны з ёю аж да свайго вяселля ці провадаў у войска. Яны павінны былі ўшаноўваць яе ў пэўныя каляндарныя дні. Павітуху ўшаноўвалі напрыканцы хрэсьбін, яе наведвалі, калі дзіцёнку спаўняўся год. На Палессі свята павітух прыходзілася на ўвесь велікодны цыкл, дзе адзін з дзён быў цалкам прысвечаны ёй і насіў назву «Бабін дзень». На кожным такім свяце бацькі, хросныя і павітыя ёю ўнукі адорвалі «бабку» рознымі падарункамі. У асноўным гэта былі кавалкі тканіны, стужкі, пялюшкі, хусткі, рушнікі, фартухі. Пасля смерці павітухі тыя самыя падарункі ёй клалі ў труну ці на яе магілу, таму што лічылі, што і ў іншым жыцці яна будзе займацца сваім рамяством.