Язычніцтва старажытных беларусаў
Людміла Дучыц, Ірына Клімковіч
Выдавец: Харвест
Памер: 368с.
Мінск 2014
Лічылі, што смерць з’яўляеццада людзей з прадказаннем хуткага набліжэння іх скону ці ў момантразвітання чалавека з жыццём. Верылі, што смерць забірае людзей не па свайму выбару, а тых, каго Бог ёй прызначыць. Смерць любіць прыходзіць перад узыходам сонца, у гадзіны, кратныя тром — а 9-й і 12-й раніцы і а 3-й, 6-й, 12й увечары. 3 апоўначы і да світанку яна не прытрымліваецца канкрэтных тэрмінаў і можа забраць чалавечае жыццё ў любы момант.
Нябожчыкаў адносілі да «чыстых» і «нячыстых». Першымілічыліся людзі, якія пражылі свой век да старасці, памерлі натуральнай смерцю і былі пахаваны па існуючых у пэўнай грамадзе нормах. 1х у народзе называюць дзядамі. «Нячыстымі» лічылі тых, хто памёр выпадкова і гвалтоўна, да прыкладу, ад празмернага п’янства, змёрз або
Курган Xcm. «Чорная Магіла», Чарнігаў (рэканструкцыя ўзвядзення насыпу)
згарэў у пажары, а таксама тапельцы, самагубцы і тыя, хто знік без звесткі.
Галоўнай адзнакай «няправільнай» смерці з’яўляецца тое, што памерлы не пражыў свой век да канца вызначанага тэрміну або жыў непаўнавартасна. Гэта мёртванароджаныя дзеці або дзеці, загубленыя сваімі маткамі ці памерлыя няхрышчанымі. «Нячыстымі» нябожчыкамі робяцца і тыя, хто пры жыцці меў справу з нячыстай сілай — вядзьмаркі, чараўнікі і тыя, каго праклялі бацькі. Усіх гэтых памерлых лічылі вельмі небяспечнымі, верылі, што пасля смерці яны ператвараюцца ў такіх «хадзячых» нябожчыкаў, як вупыры, ру-
салкі і кікімары. Таму іх хавалі па-за межамі могілак і без звычайнага абраду пахавання; памінак па такім памерлым не ладзілі.
Што тычыцца «чыспіых» нябожчыкаў былі ўпэўнены, што яны і на тым свеце працягваюць актыўнае жыццё. Зразумела, што пахавальнаму абраду як галоўнаму абраду «перахода» з нашага свету ў свет памерлых старажытны беларус заўсёды надаваў вялікую ўвагу. Жанчыны задоўга да смерці пачыналі ткаць сабе кашулю-саван са сваіх валасоў або звычайнае палатно, якое пасля смерці слалі ёй у труну. Таксама маглі пакласці ў дамавіну папярэдне вытканы пояс, верылі, што на той свет нябожчык павінен з’явіцца падпяразаным. Падчас пахавальнага абраду нябожчыка мылі, апраналі ў новае святочнае адзенне, а калі гэта былі дзяўчына ці хлопец дашлюбнага ўзросту — у падвянечныя строі. На Брэсцкім Палессі перад галавой памерлага, якога б узросту ён не быў, ставілі вялізны бохан хлеба.
Тым падкрэслівалі, што чалавек памёр не ад голаду і беднасці, а па волі Божай.
Калі хавалі мужчыну, каля галавы клалі шапку, калі жанчыну — хустку або чапец, цяжарнай — пялюшкі і дзіцячыя цацкі, краўцу — іголку, шаўцу — шыла, цясляру — сякеру. Калі паміраў дзіцёнак, яму ў дамавіну клалі нітку, якой папярэдне вымяралі рост ягонага бацькі, каб ён ведаў, да якіх памераў яму трэба вырасці ў «тым» жыцці. На Піншчыне пасля смерці суродзіча каля брамы ягонага двара распальвалі вогнішчы, каб «нябожчык пагрэў ногі». Правільна здзейснены пахавальны абрад і памінальныя рытуалы лічыліся ўмовай захавання жывых, існавання ўсяго калектыву. Верылі, што душы памерлых адыходзілі на вяршыню Сусветнага дрэва, а памерлы чалавек мог ператварацца ў жывёл, птушак, насякомых, дрэвы і расліны.
Труна лічылася жытлом нябожчыка на «тым свеце». А каб памерлы не выходзіў і не ўмешваўся ў справы жывых, яна была без акон і дзвярэй. Звычайна дамавіну рабілі на двары нябожчыка, але, калі ў гаспадарцы меліся чорны певень або сівы вол (сімвалы смерці), тады ў іншым месцы. Дошкі для труны гадамі высушваліся на гарышчах хат. Трэскі, якія заставаліся ад вырабу, спальвалі на месцы працы або іх пускалі па бягучай вадзе ці клалі ў труну. «Нячыстых» нябожчыкаў хавалі без труны і за межамі могільніка. Калі хавалі дзяўчыну-нявесту, труну абвязвалі чырвоным поясам ці хуст-
кай. Тым, хто ішоў за такой дамавінай падчас пахавання, бацькі раздавалі простыя рознакаляровыя паясы, зробленыя нябожчыцай. Калі нябожчыка неслі праз паселішча, то ўсюды будзілі спячых, а немаўлятам і малым дзецям у якасці абярэгаў клалі каля галавы шчотку, а ў нагах нож. На Заходнім Палессі стараліся знайсці чорнага вала з белай плямай на ілбе, каб ён велічна завёз труну на могілкі.
План курганнага пахаванняХІ—ХІІстст.
Могільнікі мелі сваіх ахоўнікаў. Напрыклад, на Магілёўшчыне і Міншчыне захавальніцай могільнікаў лічылася Знічка — жоўтабледная, худая, раскудлачаная жанчына невысокага росту, апранутая ў празрысты белы саван, які свяціўся ў цемрадзі. Ноччу яна плакала над магіламі пахаваных. Былі ўпэўнены, што гэтай міфічнай істоце падпарадкоўваліся розныя магільныя духі, прывіды і страшыдлы.
У народнай культуры вялікае месца займае культ продкаў. Ён грунтуецца на веры ў непарыўнае адзінства жывых пакаленняў з іх памерлымі продкамі, якіх ушаноўваюць як адразу пасля смерці, так і падчас каляндарных абрадаў. Пасля пахавання спраўлялі хаўтуры або памінкі. Некалі гэта адбывалася на могілках, а пазней у хатах. Католікі праз 30 дзён, а праваслаўныя праз 40 і цяпер спраўляюць памінальны абрад. У праваслаўных гэты звычай вядомы як Сарачыны. Лічылася, што ў дзень памінання душа нябожчыка перад тым, як адляцець на неба, наведвала родную сядзібу. Памінальны жалобны стол паходзіць ад старажытнай язычніцкай трызны. Яшчэ ў пачатку XX ст. у Ельненскім павеце на Смаленшчыне да магілы памерлага, на 40 дзень пасля пахавання, запрашалі святара з прытчам. Магілу спачатку пакрывалі авечай скурай, а потым абрусам і запальвалі свечку. Пасля заканчэння паніхіды святар здымаў з сябе рызу і таксама накрываў ёю магілу.
«Аповесць мінулых часоў» гаворыць: «А каліхто паміраў, спраўлялі трызну па яму». Пад трызнай мелася на ўвазе сумесная трапеза, а калі нябожчык быў воінам, асабліва высокага рангу, то ў трызну ўваходзілі яшчэ і спаборніцтвы ў гонар памерлага. Гэта былі або ваенная гульня, або конныя турніры, або кулачныя баі, або стральба з лука і такім чынам ладзілі своеасаблівы парад, які прымаў нябожчык. На вяршыні кургана складалі яго зброю і даспехі, там жа ўрачыста сядалі суддзі. Хутчэй за ўсё, адгалоскам такой трызны з’яўляецца ўшанаванне самага вялікага кургана ў магільніку XI ст. каля вёскі Княжая Магіла (цяпер пас. Чапаева непадалёк ад г.п. Урэчча) Любанскага раёна. Там яшчэ напачатку XX ст. вешалі на дрэва, якое расло на кургане, драўляную стрэльбу і шаблю. Так рабілі нібыта ў памяць пра загінуўшага ў бітве князя.
Аднымі са старадаўніх памінальных абрадаў якія дайшлі да нашага часу, з’яўляюцца восеньскія Дзяды і вясновая Радаўніца. Што тычыцца Дзядоў, іх адзначалі раней па ўсёй Беларусі, а Радаўніцу ў асноўным на ўсходзе краіны. Але апроч гэтага, існуе яшчэ шмат такіх памінальных дзён, як перад ці пасля многіх каляндарных свят, у тым ліку перад Сёмухай і пасля Вялікадня.
Каменны курган XIII cm. (малюнак В. Шукевіча, пач. XX cm.) Тэрыторыя былога Лідскага павета
Дзяды — гэта памінальная рытуальная вячэра ў памяць памерлых родзічаў, якая адзначалася ў хаце. Да яе пачыналі рыхтавацца яшчэ вясной, калі гаспадар выбіраў са свайго статку якую-небудзь свойскую жывёлу і прызначаў яе да рытуальнага стала. Калі скаціна не дажывала да гэтага часу або ішла на другія мэты, лічылася, што продкі маглі пакараць сям’ю. Калі ж гаспадары ўвогуле забудуцца ад-
План пахавання ў каменнай магіле ХШ—XIVстст. каля вёскі Перавоз (Глыбоцкі р-н., Віцебская вобл.)
значыць гэты вечар, у іх хаце абавязкова здарыцца няшчасце: захварэе або памрэ нехта з сямейнікаў, а на скаціну нападзе мор.
Перад вячэрай адчынялі заслонкі ў печы, дзверы ці вокны, запальвалі свечку. Верылі, што менавіта ў гэты час памерлыя выходзяць з магіл і ідуць у свае хаты на памінальную трапезу. У самым пачатку застолля гаспадар рабіў магічнае абкурванне: з запаленай свечкай тройчы абыходзіў вакол стала. Потым усе садзіліся есці. Хлеб не рэзалі, а ламалі. Пасля вячэры душы выправаджвалі: ад стала да дзвярэй палівалі вадой падлогу, выкідвалі гаршчок з куццёй і зачынялі дзверы. На паўночным усходзе Беларусі перад вячэрай трэба было абавязкова памыцца ў лазні і пакінуць там ваду і рэчы для дзядоў.
Самыя раннія пахаванні на тэрыторыі Беларусі вядомы з эпохі неаліту. У Краснасельскіх крамянёвых шахтах у Ваўкавыскім раёне выяўлена пахаванне старажытнага шахцёра. Побач са шкілетам знойдзена касцяная іголка, а каля ног гліняны гаршчок. Паблізу вёскі Пархуты Дзятлаўскага раёна на Гарадзеншчыне адкрыта пахаванне з каменнай сякерай, крамянёвай пласцінай і гліняным гаршчком. Пазней, у эпоху бронзы і ранняга жалезнага веку, суіснавалі два віды пахаванняў: абрад крэмацыі (трупаспалення) і інгумацыі (трупапалажэння). У асноўным гэта тычыцца паўднёвых раёнаў Беларусі. Былі як грунтовыя пахаванні, так зрэдку і курганныя. Археалагічныя назіранні сведчаць, што на грунтовых могільніках рубяжа нашай эры пахаванні пазначаліся нейкімі драўлянымі збудаваннямі. Пра гэта гавораць сляды ямак ад слупоў, што засталіся на пахаваннях.
На тэрыторыі цэнтральнай і паўночнай Беларусі пра пахаванні гэтага часу амаль нічога не вядома. Мяркуецца, што спаленыя косткі загортвалі ў тканіну, бяросту ці змяшчалі ў гліняны посуд і апускалі ў вадаёмы або ў дуплы дрэў, ці закопвалі ў валах гарадзішчаў. Сінхронныя могільнікі выяўлены ў вадаёмах на суседніх тэрыторыях Літвы і Латвіі. Аднак ёсць і невялікая колькасць знаходак спаленых костак у каменных агароджах, якія нагадваюць скрыні, а таксама ў гліняных вёдрападобных сасудах, накрытых зверху глінянай патэльняй. Гэта ў ваколіцах Лагойска, Вілейкі, вёсцы Казлоўцы Мёрскага раёна і іншых.
У другой палове I тысячагоддзя на большай частцы тэрыторыі Беларусі пачаў распаўсюджвацца курганны абрад пахавання, які праіснаваў да часоў хрысціянізацыі. Як рэлікты язычніцтва сустракаліся выпадкі вяртання да курганнага абраду пахавання і ў часы позняга сярэднявечча. Прыкладам, у Чамярах і Чурылаве Мёрскага,
Курганны насып XI cm. з каменнай абкладкай, вёска Селішча (Лагойскір-н., Мінская вобл.)
Надмагільная канструкцыя XII cm. каля вёскіДакучын (Крупскір-н., Мінская вобл.)
Надмагільныя камяні са знакамі (Панямонне)
Крапіўне Аршанскага, Крамянцы Лагойскага раёнаў і іншых месцах.
У міфалагічных уяўленнях курганы суадносяцца з легендарнымі першапродкамі — волатамі або з чужынцамі-ворагамі — татарамі, шведамі, французамі... Інтэрпрэтацыя ў народнай свядомасці з волатамі ўзнікла з-за велічыні насыпаў, вышыня якіх часам дасягае да трох і наватда пяці метраў, а іх дыяметр ад 15 да 20, асабліва на паўночным усходзе Беларусі. Большасць жа курганных насыпаў мае вышыню каля метра і дыяметр каля пяці метраў. Велічыня кургана сведчыць пра сацыяльны статус пахаванага, а таксама пра тое, наколькі доўга трымалася памяць пра чалавека. Існаваў звычай штогод у памінальныя дні падсыпаць курганы.