Язычніцтва старажытных беларусаў
Людміла Дучыц, Ірына Клімковіч
Выдавец: Харвест
Памер: 368с.
Мінск 2014
Асаблівае значэнне меў фартух. Так, лічылася абавязковым пакласці ў труну менавіта яго, каб на тым свеце бабцы было куды змяс-
ціць перарэзаныя ёю пупкі тых дзетак, якім яна дапамагла з’явіцца
на гэты свет.
Павітуха адорвала «абабленага» ёю дзіцёнка грашыма «на шчасце» пры першым яго купанні, а на саракавы дзень пасля народзін прыносіла яму ў якасці падарунка пояс і апаясвала яго са словамі: «Як гэты пас доўгі, так і жыць табе доўга». Верылі, што калі павітуха не
падорыць свайму ўнуку пояс, то пасля смерці будзе вымушана на тым свеце пераходзіць уброд раку. У супрацьлеглым выпадку ёй дапамогуць прайсці па кладках ўнукі, якія памерлі раней за яе.
Ведала павітуха і як вылечыць хворага дзіцёнка. А калі ў сям’і часта паміралі дзеці, яна пры дапамозе спецыяльнай замовы замыкала замок і клала яго памерламу дзіцяці ў дамавіну. Залежала ад павітухі і далейшая нараджальнасць жанчыны, якая не хацела больш мець дзяцей: адразу пасля родаў бабка пераварочвала пасцель парадзіхі на другі бок.
Фартух бабкі-павітухі са Случчыны
Глава 4
ВЯСЕЛЬНЫЯ АБРАДЫ
Здаецца, што беларускае вяселле далёкіх часоў — гэта ўсеагульнае гулянне з выпіўкай і танцамі, радасць і свята для ўсіх і кожнага. На самой справе вясельны абрад ўяўляў сабой цалкам прадуманы парадакдзеянняў, заўчасна прапісаны звычаямі продкаў. Гэта дапамаглі высветліць летапісы, матэрыялы гісторыкаў і некаторыя археалагічныя знаходкі. Але і яны дазволілі скласці толькі агульную карціну.
У сівых міфах даўніны вясельная ўрачыстасць сімвалізавала нябесны шлюб паміж Месяцам і Сонцам. Месяц выступаў у ролі жаніха, а Сонца — нявесты. Такім чынам у абрадах вяселля адлюстроўвалася ідэя пра плоднасць прыроды і працягу роду.
Вядома, што адным са старажытных спосабаў здабывання сабе жонкі было гвалтоўнае выкраданне (умыканне) нявесты, якое дзе-
a^WAFa
Сімвал кахання, элемент вышыўкі
нідзе існавала на Беларусі яшчэ да XVII ст. «Аповесць мінулых часоў» XII ст. узгадвае пра некаторыя ўсходнеславянскія плямёны, якія «умыкйваху ў воды девнця», «умыкаху жёны собе». Такія паводзіны не былі разбэшчанасцю, наадварот, яны толькі адлюстроўвалі тыя боскія дзеянні, якія здзяйсняліся на нябёсах. Да прыкладу, у фальклоры захаваліся міфалагічныя песні пра шлюб Месяца, які выкрадае сабе ў жонкі дзяўчыну непасрэдна з рытуальных арэляў падчас ігрышчаў на Ярылу вешняга (вясновага Юр’я). Вясенне-летнія моладзевыя зборы часцей за ўсё адбываліся на высокіх берагах рэк або на Красных (Прыгожых) горках. Летапіс не апісвае дэталёва, як адбываўся вольны выбар партнёраў на ігрышчах, але мы можам ускосна даведацца пра гэта з абрадавых песень і чарадзейных казак, дзе лёсавызначальныя сустрэчы адбываюцца каля рэчак ці азёр.
Другі старажытны спосаб знайсці сабе жонку — купля нявесты як узаемны абмен паміж родамі. Ва ўсялякім разе арабскі купец Ібрагім ібн Якуба сведчыў у X ст. пра
куплю жонак у славян за асаблівую плату — вено. Пра гэтую плату кажа і «Аповесць...» пад 983 і 1043 гг. У пазнейшых вясельных абрадах былі яскрава ўвасоблены як першы спосаб, так і другі, а таксама старадаўнія міфалагічныя ўяўленні пра тое, што нявеста пераходзіць з «чужога» роду ў «свой». I не проста пераходзіць, яе трэба было або заваяваць, або выкупіць. Сляды куплі жонкі захаваліся ў сімвалічных абрадах выкупу нявесты ў яе брата і продажы яе касы перад вяселлем, у прамовах свата: «Увас тавар, у нас — купец».
Атое, што нявесту некалі выкрадалі або заваёўвалі сведчыцьтакі факт. Вясельная працэсія жаніха (вясельны поезд), якая адпраўлялася за нявестай на вянчанне малюецца ў нашым фальклоры як ваенная дружына князя, дзе апошнім выступае сам жаніх. А ўсе ўдзельнікі вясельнага поезда маюць назву таксама адпаведна з ваеннай сімволікай. Гэта «тысяцкі», «харонжы», «маршалак» і г.д. Удзельнікі поезда жаніха збіраюцца за нявестай як у вайсковы паход, клянуцца адзін аднаму ва ўзаемнай вернасці. У вясельным абрадзе выкарыстоўваюцца такія вайсковыя атрыбуты, як меч, шабля, страла, сцяг. А вясельныя песні, якія спяваюць госці падчас падрыхтоўкі да шлюбу маладых, таксама нагадваюць матывы заваёвы і палону дзяўчыны, асады яе двара.
Пазней вайсковая сімволіка нівеліравалася, набыла жартаўлівы сэнс і стала прысутнічаць у вясельных абрадах чыста намінальна. Прычым такую самую «дружыну» мае ўжо і нявеста, а самі маладыя пасля заручын завуцца князем і княгіняю. I калі раней на старадаўнім вяселлі галоўную ролю граў тысяцкі — старажытны военачальнік, які кіраваў тысяччу ваяроў, то ў больш познія часы яго замяняе ўжо «дружка». Яго маладыя выбіралі з кола сваіх знаёмых і сваякоў, часцей гэта быў хросны бацька з боку жаніха і старэйшая сяброўка з боку нявесты.
Дружка, як і ранейшы тысяцкі, выконваў ролю галоўнага арганізатара вясельнага абраду, ягоным указанням падпарадкоўвалася ўся «дружына» і жаніха, і нявесты. Дружка валодаў такімі якасцямі, як вясёлы нораў, дасціпнасць, веданне старажытных звычаяў і фальклорных тэкстаў. Ад гэтых ведаў залежала паспяховае правядзенне шлюбных і вясельных абрадаў. Ягоньгмі атрыбутамі былі: вясельны ручнік, які ён перакідваў праз плячо, і пуга (бізун) для засцерагання маладых і адпужвання ад іх ліхіх духаў. Аднак і надалей дзе-нідзе ў Беларусі дружку працягвалі называць па-вайсковаму: маршалак, маршал, ваявода, баярын. Адпаведна з боку нявесты гэта былі баярка і маршалка. Калі дружку даручалася несці вясельны сцяг ці вясельнае жазло, яго называлі харонжы ці харонга. Харонжы — таксама вайсковая пасада, якая па сэнсе азначала сцяганосца.
Абрад сватаўства (Украіна)
131 >=
Вяселлі ў старажытнай Беларусі звычайна пачыналі гуляць пасля Пакравоў або пасля Вадохрышча. Доўгая, расцягнутая на некалькі тыдняў, вясельная ўрачыстасць распачыналася сватаннем і заручынамі. Сям'я жаніха выбірала сватоў і адпраўляла іх у дарогу, што суправаджалася старажытнымі абрадамі, якія дапамагалі правесці паспяховы паход у «чужы» род за нявестай. Так, каб увайсці ў дом нявесты, сватам трэба было выканаць шэраг умоўнасцей. Пры ўваходзе ў хату сват павінен быў перанесці праз парог спачатку правую нагу і ў дадатак стукнуць ёю аб парог пяткай, каб нявеста не адступілася. Калі сваты ўваходзілі ў дом, яны станавіліся пад цэнтральнай бэлькай хаты — маціцай. Пазней выраз «стаць падмаціцу» стаў азначаць «пасватацца». Каб засцерагчыся ад ганьбы ў выпадку адмовы, сваты звычайна прыходзілі або пад вечар, калі сцямнее, або на досвітку, калі яшчэ цёмна. Часта чакалі маладзіка або поўні, верылі, што гэта паспрыяе поўнаму і багатаму жыццю маладых, а іх шчасце будзе расці і павялічвацца, як расце месяц і ўзнімаецца над зямлёю сонца.
Калі ўсё было добра, сваты дамаўляліся з бацькамі нявесты пра згоду на шлюб і пасаг за нявесту, пра ўзаемныя падарункі і другія вясельныя траты, пра дзень і парадак вяселля, пра колькасць гасцей на гэтым мерапрыемстве. Таму дадзены абрад у Беларусі называлі змовінамі. Калі ўсё было абгаворана, маладыя сядалі за стол і клалі свае правыя рукі на хлеб, а бацька або хросны нявесты абвязваў іх хусткай або стужкай. Адсюль другая назва гэтага абраду — заручыны.
Нарэшпе замацаванне дамовы здзяйснялася шляхам узаемнай трапезы і выпіўкай — «прапіваннем» нявесты. Гэты абрад здзяйсняўся ў некалькі этапаў: каб дамовіцца пра ўсе падрабязнасці вяселля, сваты наведваліся ў дом нявесты некалькі разоў. Таму ў розных рэгіёнах Беларусі гэта называлася па-рознаму: запоіны, першыя і другія (вялікія) заповіны, запэвыны, запіткі, запіўкі, запой, перапой, малая і вялікая гарэлка, і г.д. Выпіўку звычайна прывозіў сват жаніха: «Я сват прысланы, каб быў стол засланы».
У канцы запоінаў нявеста дарыла жаніху напоўненую жытам бутэльку, закручаную ў палатно і абвязаную поясам сваёй працы, што пацвярджала яе канчатковую згоду на шлюб. 3 дадзенага моманту дзяўчына лічылася засватанай, яна атрымоўвала новую назву — «княгіня» ці «заручоная». I ніхто, як з боку жаніха, так і з боку нявесты пасля гэтага моманту не меў права змяніць сваё рашэнне. У чарку нявесце клалі манету, якую яна потым забірала сабе. У якасці закускі бацькі маладой падавалі яешню або сыр. Адсюль і выраз: «запілі дзяўчыну, заелі яешняй». Як бачым, характар запоінаў зноў-такі на-
гадваў звычайную гандлёвую аперацыю, паспяховы вынік якой заканчваўся абрадам запоінаў.
Перад самым вяселлем, у суботу вечарам, у доме нявесты ладзілі «зборную суботу» або «дзявочы» ці «паненскі вечар». Дзявочы вечар быў своеасаблівай мяжой у жыцці і сацыяльным статусе дзяўчыны. Яна развітвалася са сваім маладым жыццём, са сваімі сяброўкамі. Развітваючыся са сваім мінулым і родным домам перад вяселлем, нявеста аплаквала дзявочае жыццё. Прычым плакаць трэба было абавязкова, таму што плач лічыўся рытуальным. I чым гучней, тым лепш, верылі, што пасля гэтага далейшае жыццё дзяўчыны будзе больш весялейшым.
Вяселле. Фота з Мотальскага музея (Іванаўскі р-н., Брэсцкая вобл.)
Змена сацыяльнага статусу нявесты сімвалічна параўноўвалася са смерцю ў мінулай якасці і нараджэннем у новай. Паколькі нявесце даводзілася пераходзіць на чужы бок, у новую сям’ю, гэты працэс быў для яе больш актуальным, чым для жаніха. Таму большасць абярэгаў і забабонаў, якія пачыналі дзейнічаць пасля сватаўства, тычыліся менавіта нявесты. Сюды ўваходзяць і рытуальныя дзеянні, звязаныя з валасамі чалавека — крыніцай сувязі і сілкавання з Космасам і са светам продкаў. Так, да шлюбу будучая нявеста павінна была насіць дзявочы вянок, які пакідаў адкрытай макушку галавы, а яе валасы былі заплецены ў адну касу.
Напярэдадні вяселля, перад вянчаннем, касу маглі абрэзаць і «прадаць» жаніху, але часцей распляталі і перапляталі ў дзве, якія ўжо ўкладаліся па-жаночы — у «гняздо». Мяняўся і галаўны ўбор, дзявочы на жаночы, які цалкам закрываў валасы нявесты. Гэта быў павойнік, намітка або чапец. Гэтым дзеяннем дзяўчыне сімвалічна перакрывалі сувязь з яе продкамі, з яе родам. На Магілёўшчыне этнографы зафіксавалі такі звычай: падчас расплятання касы твар маладой таксама накрывалі наміткай або хустачкай. А рабілі так таму, каб «не сурочыць» маладую, засцерагчы яе ад нядобрага вока, таму што твар, а найперш вочы — асноўны канал узаемаадносін з людзьмі і гасцямі. Відаць, адсюль і пайшла сучасная фата, якая ў мінулым закрывала галаву і твар маладой і тым самым ахоўвала яе ад ліхіх сіл. Пасля вянчання і змены прычоскі нявесту пачыналі звацьмаладзіцай.