• Газеты, часопісы і г.д.
  • Язычніцтва старажытных беларусаў  Людміла Дучыц, Ірына Клімковіч

    Язычніцтва старажытных беларусаў

    Людміла Дучыц, Ірына Клімковіч

    Выдавец: Харвест
    Памер: 368с.
    Мінск 2014
    108.58 МБ
    Хапун, таксама хапала дзяцей. Толькі яе ахвярамі рабіліся звычайныя немаўляты, якіх яна выкрадала ў няўважлівых матак і падмяняла іх сваімі ўласнымі чарцянятамі, брыдкімі і непрыгожымі. Такое падменнае дзіця раілі пакласці пры заходзе сонца на парозе і біць асінавымі дубцамі, пакуль чарціха не прыйдзе па яго. Тады яна вяртала назад чалавечае дзіця і дакарала кабету: «Я тваё так пеленгавала, а ты маё б'еш».
    Пра міфалагічных духаў поля захавалася не менш павер’яў. Палявік, або Палявы, апякун палёў і лугоў, часам атаясамліваўся з працаўніком-хлебаробам. Выглядаў як сівы стары ў доўгай свіце, лапцях і з кіем у руках.
    Паводле некаторых меркаванняў, ён заўсёды спрыяе дбайным працаўнікам. Так, у адным паданні расказваецца пра тое, як Палявік сустрэў двух галодных падарожных, якія папрасілі ў яго хлеба. Тады апякун поля загадаў паказаць ім свае рукі. Апынулася, што ў аднаго з падарожных рукі былі шурпатыя і з мазалямі, а ў другога — гладкія і далікатныя. Вось гэтаму апошняму Палявік і адмовіў у просьбе, а першаму дазволіў узяць хлеба столькі, колькі той зможа ўнесці. У другіх
    Лойма (невядомы мастак)
    выпадках Палявік набывае аблічча пачварнага прывіду, выступае злосным помслівым дэманам, які знішчае палявую гаспадарку селяніна. Тады ён разбурае загарадкі, заманьвае скаціну ў шкоду, наганяе на яе аваднёў і сляпнёў або проста дзеля забавы прыгінае да зямлі збожжа і траву, скручвае і псуе расліны, адганяе дождж. Можа і падманам залагодзіць чалавека ласкаю, а потым знянацку наслаць на яго сонцапёк і забіць на месцы.
    Падобным на злоснага Палявіка, якім продкі палохалі дзяцей, каб тыя не тапталі жыта, з’яўляецца дух жытняга поля — Русавы Дзед. Гэта босы стары, з доўгімі валасамі і барадой, апрануты ў доў-
    гую кашулю, падперазаную перавяслам. Ён цікуе за адзінокімі людзьмі, якія выпадкова зайшлі ўжыта, і потым душыць іх.
    Вельмі падобная на гэтага духа па сваіх варожых адносінах да людзей дэманічная істота Русаўка, або Жалезная Баба. Яна з’яўляецца разнавіднасцю Русалкі, якая, выходзячы з вады на Русальным тыдні, пасяляецца на ніве і сцеражэ жытняе поле, каб дзеці, шго збіраюць кветкі, не атрасалі пылок з каласоў, калі «жыта красуе». Яе ўяўлялі нізкарослай кудлатай старой з жалезнымі вялікімі грудзямі, якімі яна душыла непаслухмяныхдзяцей або выпадковых
    Палявік (мастак Б. Забірохін)
    прахожых. Пра яе казалі, што яна хапае жалезным круком дзяцей, якія асмельваюцца заходзіць адны не толькі ў палі, але і агароды, каб паласавацца бобам, гарохам, макам і ўвогуле гароднінай, кідае іх у сваю жалезную ступку, таўчэ і есць.
    Апроч злосных і варожых духаў поля існуе шэраг добразычлівых, якія спрыяюць багатаму ўраджаю жыта і клапоцяцца пра дабрабыт сялянскай гаспадаркі. Гэта ў першую чаргу Бялун — сівы дзед, якія нібыта жыве ў жыце каля дарогі:
    «Ён, кажуць, паказваецца бедняку, што ідзе па
    дарозе, і просіць яго ўцерці яму нос, з каторага цякуць возгры; калі той згадзіцца да ўтрэць, то Бялун высыпе яму золата із сваёй торбы».
    Такога персанажа як Жыцень некалі лічылі боствам восені, дзякуючы якому выспявала збажына і агародніна. Верылі, што ў яго тры вокі, адно з якіх на патыліцы. Таму ён заўсёды бачыць, ці добра прыбраны ўраджай на нівах. Калі ён знаходзіць шмат каласкоў, пакінутых нядбайнымі гаспадарамі, дык падыходзіць да іх і грозіць пальнам, што азначае неўраджай у будучым. Перад беражлівым і старанным гаспадаром Жыцень можа з’явіцца ў абліччы жабрака,
    папярэджваючы яго такім чынам пра галодны і неўраджайны год, і дае таму такім чынам магчымасць падрыхтавацца да небяспекі.
    У аснове такіх міфалагічных вобразаў, як Спарыш і Спешка-Спарышка, знаходзяцца язычніцкія ўяўленні беларусаў пра продкаў, ад якіх залежаў дабрабыт земляроба. Першы вобраз абагаўляўся і мог набываць як чалавечыя абрысы, так і звярыныя, якія ў народнай традыцыі лічыліся душамі памерлых. Да яго звярталіся са словамі падзякі-малітвы:
    Жыцень (мастак В. Славук)
    «Дзякуй, Спарышачнік, LUmo па полю хадзіў, Што па полю гуляў, Маладых жней прыганяў».
    Спешка-Спарышка таксама была ўвасабленнем спору ў земляробчай працы і абрадах. Яна была апякункай жніва, якую смаленскія беларусы бачылі ў вобразе чалавека і звярталіся да яе з просьбай:
    «Спешка-Сапурйшка. Оббегй кругом постатю, помогй мне жатй й прйходй ко мне полудновать co своей краюшкой».
    Глава 4
    ДУХІ ХВАРОБ
    Паводле народных вераванняў, чалавек хварэе не проста так, хваробы насылаюць на яго асаблівыя дэманы і розная нячыстая сіла — чэрці, ведзьмакі, людзі з ліхім вокам. Дэманаў хваробы ўяўлялі сабе па-рознаму: у абліччы жанчыны ў белай, чырвонай або чорнай вопратцы; прыгожай дзяўчыны з даўгімі валасамі; пачварнай бабы з кашчавымі рукамі, ашчэранымі зубамі і агністымі вачыма. Часам тыя дэманы маглі мець выгляд жывёл: сабакі, коткі, начной птушкі, мухі або матылька.
    Да прыкладу, Воспа, або цётка Воспіца, Ліхая, Рабуха, Шчарбачка — гэта злосная агідная жанчына з пухірамі замест вачэй і адным моцным зубам, які тырчыць вонкі. Яна пырскае сваёю атрутнаю слінаю ў выбраную ахвяру, з-за чаго на твары ў той застаюцца сляды гэтай хваробы. Пра такога чалавека ў насмепіку казалі, што на яго твары чэрці гарох малацілі ці ячменныя крупы дралі. Часам Воспіцу бачылі ў абліччы падарожнай кабеты, якая разносіць па свеце хваробу, але яна аберагае тыя хаты, дзе ёй далі прытулак.
    Такая хвароба як Халера уяўлялася ў самых розных вобразах. 3 аднаго боку гэта была прыгажуня, якая час ад часу махала на вёску з-за могільніка чырвонай ці чорнай хусткай, ад чаго людзі «мруць як мухі». 3 другога боку яе бачылі жахлівай жанчынай з доўгімі светлымі валасамі і бліскучымі вачыма, якая ўвесну, нібыта сеючы, вымае з невычэрпнага кошыка зерне хваробы, перамешвае яго з агародным насеннем і раскідвае паўсюль на вялікую адлегласць. У другіх выпадках гэтая хвароба выступала ў выглядзе хударлявай жанчыны, апранутай ва ўсё чорнае; або кабецінай на каровіных нагах, якая перасоўваецца на тройцы вараных коней і нюхае тытунь. I дзе
    Воспа (мастак В. Славук)
    яна з’явіцца, там народ пачынае адразу паміраць. Некаторыя бачылі хваробу худым мужыком, што ходзіць уначы па хатах і атручвае ежу ці пітво, якія пакінулі непрыкрытымі.
    А бывала і так, што Халера прымала выгляд беднай вандроўнай жабрачкі, якая прасіла каго-небудзь з вяскоўцаў падвезці яе да вёскі, а калі тыя гэта рабілі, яна пачынала «касіць старых і малых». Таму, каб яна не прабралася ў вёску, на перакрыжаванні дарог раскладалі ахоўны агонь, здабыты трэннем дрэва аб дрэва. Вельмі дзейсным сродкам супраць хваробы лічыліся ручнікі-абыдзённікі, якія трэба было напрасці і выткаць за адну ноч ці за адзін дзень, потым закапаць па баках вёскі і на тым месцы паставіць крыж. Існавала і такое павер’е: быццам таго, хто першы захварэў на Халеру, трэба было абавязкова пахаваць жыўцом, і тады разам з ім «пахаваецца» сама хвароба.
    На Беласточчыне Халеру называлі Марай, якая ўяўлялася ў выглядзе бязважкай кашчавай кабеты з кароткімі нагамі, ухутанай у белае адзенне. Лічылася, што Мара любіць душыць сонных людзей уначы, перашкаджаючы ім дыхаць, прычым яна час ад часу адпускае ахвяру, каб нацешыцца яшчэ большымі яе пакутамі пасля перадыху. Адзіны сродак пазбавіцца ад Мары — згадаць, што пакуты адбываюцца ў сне, а не наяве. Тады пакутнік прачынаецца, і Мара знікае. Але, як гавораць, дадумацца да гэтага могуць толькі састарэлыя людзі, да якіх, дарэчы, Мара чапляецца вельмі зрэдку. Каб адагнаць хваробу ад людзей, купляюць не гандлюючыся, новы гладыш і ўночы палююць на Мару, спрабуючы загнаць яе ў збан. Ёсць і другі спосаб: трэба запрасіць Мару на снеданне і пакласці на парозе крыж-накрыж мятлу і сякеру.
    Больш за ўсё аповедаў і паданняў прысвечана Ліхаманкам — дэманічным постацям хваробы, якіх уяўлялі ў выглядзе 7, 9, 12, 33, 40 і нават 77 сясцёр. Звычайна Ліхаманкі жывуць у рэках і балотах, але час ад часу лётаюць па паветры ў выглядзе мушак або парушынак і трапляюць у ежу. Хто яе пакаштуе, той захварэе на ліхаманку. A бывае, што ў абліччы маладых і спакуслівых жанчын або, наадварот, ліхіх, хударлявых і пачварных старых яны ходзяць па начах, грукаюцца ў вокны, клічуць людзей на імя — хто адгукнецца, да таго яны і чапляюцца і прыносяць страшэнныя пакуты.
    Кожная з сясцёр мае сваё імя па тым уздзеянні, якое яна аказвае на чалавека. Сярод іх смяротная. якая выклікае смерць; нутраная паражае вантробы; павярхоўная выклікае скураныя хваробы; касцявая суправаджаецца ламотаю ў касцях; пудовая з’яўляецца ад перапуду; існуюць веснавая (сонная, гарачая, мокрая, губастая, пякучая, ліхучая, жоўтачка) і восеньская (сцюдзяная, вадзяная, сінючаяў, гарохавая праяўляецца падчас цвіцення гароху; асінавая сядзіць на асіне і трасе яе; агнявая; лёдавая і г.д. Этнографамі зафіксаваны таксама назвы Трасца, Хіндзя, Хондзя, Незбудзь, Фыбра, Цётка, Шуня, Варагуша, Ірадава дачка... Апошняя назва пайшла ад падання, паводле якога, ліхаманкі лічацца дочкамі цара Ірада, якія праваліліся пад зямлю за грэх свайго бацькі, заклятага Богам за смерць Яна Хрысціцеля. 3 тых часоў яны служаць Д’яблу, які насылае іх на людскія пакуты.
    Каб засцерагчыся ад Ліхаманак, дэманаў намагаліся падмануць. Так, у хаце зачынялі вокны і дзверы, а на паркане пра хворага пісалі вугалем: «Яго няма дома, паехаў». Думалі, што якая-небудзь з сясцёр-Ліхаманак прачытае гэты надпіс, паверыць і абыдзе хату бокам. Ад хвароб ратаваліся і абворваннем паселішча, або стварэннем ахоўнага магічнага кола, праз якое хвароба нібыта не асмеліцца пераступіць.
    Таксама, каб пазбавіцца ад хваробы, прыносілі ёй своеасаблівую ахвяру ў выглядзе варанага яйка ад чорнай курыцы. Яго, паводле колькасці ліхаманак, дзялілі на 33 або 77 частак і кідалі на раздарожжы ці ў балота, прыгаворваючы: «Ёсць тутыцька вас 77, наце вам вячэру ўсем!». Потым трэба было збегчы ад гэтага месца, не азіраючыся. Лічылася, што сёстры-Ліхаманкі накінуцца на прынесеную ахвяру, кожная атрымае сваю долю і не будзе пераследаваць людзей. Каб не захварэць на ліхаманку, насілі з сабой у якасці абярэгаў і вялікоднае яйка, і галаву змяі, і жывога кажана, і пярсцёнак з цвіка ад труны...
    Ліхаманку так баяліся, што не асмельваліся нават сварыцца на яе і ўсяляк улагоджвалі, пакланяліся ёй. Так, на Дзяды «Трасцухну-матухну» нават клікалі на вячэру, каб ушанаваць і не наклікаць яе гнеў. Пра яе казалі: «Няхай яна здаровенькая і вясёленькая ходзіць».