• Газеты, часопісы і г.д.
  • Язычніцтва старажытных беларусаў  Людміла Дучыц, Ірына Клімковіч

    Язычніцтва старажытных беларусаў

    Людміла Дучыц, Ірына Клімковіч

    Выдавец: Харвест
    Памер: 368с.
    Мінск 2014
    108.58 МБ
    «Чорт, каб толькі ўзяць душу, усё даць можа чалавеку: здароўе, доўгае жыццё, шчасце, заступніцтва, дастатак, талент — адным словам, усё, чаго толькі чалавек жадаць і прагнуць можа».
    Вельмі часта, паводле народных павер’яў, хцівыя людзі, каб дасягнуць жадаемага, заключалі дамову з Чортам. Такія дамовы складаліся з дапамогай чараўнікоў па адной схеме, дзе агаворваўся тэрмін, на працягу якогаЧорт будзе служыцьчалавеку, а затым прыйдзе па ягоную душу, усё гэта падпісвалася крывёю хціўца. Дамова заключалася ў лесе або ў лазні, на ростанях, пад мостам, у пустой карчме. Каб атрымаць душу чалавека, Чорт мог пайсці на хітрасць і падман. Прыкладам, угаворваў вандроўнага чалавека: «прадай мне тое, чаго дома не ведаеш», і даваў мех золата. Той прымаў грошы, падпісваў дамову, а дома даведваўся, што жонка нарадзіла сына, якога неасцярожны бацька прадаў Чорту.
    Каб здзейсніць ліха і шкоду чарты пільнуюць людзей часцей за ўсё на дарогах і ростанях, дзе пад выглядам звычайных вандроўнікаў ці салдат, якія вяртаюцца са службы дадому, чапляюцца да чалавека, упрошваюць яго выпіць, а потым заводзяць у непраходную пушчу ці ў балота. Калі чалавек своечасова перажагнаецца або ўспомніць пра Бога, Чорт пакіне яго ў спакоі, у адваротным выпадку няшчаснага чакае смерць. Асабліва любяць чэрці п’яных. Напускаюць на іх туман і заводзяць у балота. Тут садзяць іх на купіну і, калі п’яны — музыка, прымушаюць іграць, а самі скачуць. Ці пераконваюць п’яных, што яны ў лазні. Тыя распранаюцца і лезуць у багну, а зімою ў гурбы, дзе і замярзаюць. Часта Чорт выяўляе асаблівую любоў да музыкі і танцаў, з’яўляецца там, дзе весяліцца і таньчыць моладзь, вучыцца сам або навучае чалавека граць на музычных інструментах.
    У народных паданнях Чорт часта апісваецца як гараджанін, пан ці паніч, шляхціц, апрануты ў капялюш і «пінжак з гузікамі», абапіраецца на элегантную кавеньку. Ён можа з’явіцца ў выглядзе немца або француза ў парыку з коскай ззаду, і ў фраку. Тады ягоную дэманічную прыроду можа заўважыць толькі па незвычайных нагах — яны або занадта тонкія, або крывыя і без пятак, або наогул маюць выгляд птушыных лап. Часта Чорт мае адну нагу са звычайнай ступнёй, а другую — у выглядзе конскага капыта, таму ён заўсёды кульгае.
    У палескіх былічках мужык пазнае Чорта ў зухаватым фурмане: «у пана адна нага — коньскі капыт, а другая — курачая нага». Некаторыя сцвярджаюць, што Чорт выглядае спераду як звычайны чалавек, але ззаду ў яго адкрытая спіна, так што бачны ўсе вантробы:
    «Выглядаў мужчынаю такім, як салдат. Спераду салдат у гузіках, а ззаду кішкі вісяць. Все тэ трэбухі вісяць. А спераду такі герой сядзіць, а задам павернецца — усё гола. Ногі йе, да такія, проста каравячыя ногі».
    Згодна з некаторымі павер’ямі, чэрці ў выглядзе прыгожых хлопцаў з’яўляюцца на дзявочыя вясковыя вячоркі, дзе іх выкрываюць па звярыным нагам. Чорт можа з’явіцца ўначы да ўдавы, якая моцна сумуе па памерламу мужу.
    Чорт (мастак В. Славук)
    «Няможна думаці ніколі ўночы ані аб умерлым, ані аб каханку дзеўцы, ані хлопцу аб дзяўчыне, каторую любіць, бо ўночы Чорт у тае асобы постаці будзе прыходзіць».
    Таксама Чорт мае здольнасць як самы лепшы пярэварацень прымаць выгляд будзь якога чалавека, жывёлы, насякомага, атмасферных з’яў, можа з’явіцца ў выглядзе віхра і снежнай завірухі, вогненнага шара, радзей — капны сена, абгарэлага пня, кола. Больш за ўсё яму падабаецца пераварочвацца ў казла, барана, каня, сабаку, свінню, кажана, ваўка, зайца.
    Якіўсе нячысцікі, чэрці актывізуюцца ўначы, а дакладней, апоўначы. Верылі, што ўдзень Чорт не мае ўлады над чалавекам і можа яму шкодзіць толькі з вечара да таго часу, пакуль не закрычыць певень. Тады нячысцікі знікаюць да наступнай апоўначы. У той жа час іх актыўнасць павялічваецца восенню і ўзімку, а ўвесну і ўлетку яны, хоць і працягваюць шкодзіць людзям, але збольшага хаваюцца ад свайго ворага — грымотніка Перуна, які намагаецца забіць іх сваімі грамавымі стрэламі. 3 іншага пункту гледжання, Чорт мяняе асяродак. свайго знаходжання ў залежнасці ад вегетатыўных цыклаў расліннасці.
    «Чарты пастаянна сядзяць у вадзе і балоце. Калі асвячаюць ваду, яны пераходзяць на вярбу, па асвячэнні вярбы пераходзяць у зелле, а адтуль зноў у ваду. Такі пераход адбываецйа спрэс».
    Нягледзячы на ўсе тыя негатыўныя рысы, якія прыпісвае Чорту хрысціянскае светаўспрыманне, у народных аповедах захаваліся і станоўчыя рысы гэтага персанажа. Па некаторых беларускіх павер’ях, Чорт запрашае на сваё вяселле беднага чалавека і шчодра адорвае яго золатам, а самы галоўны з чарцей — Люцыфер — карае свайго падначаленага чорта за тое, што той скраў у жабрака апошнюю скарынку хлеба, і прымушае яго прыслугоўваць таму чалавеку на працягу трох гадоў, покуль той не разбагацее. Чорт можа выступаць і ў ролі ахоўніка справядлівасці: ён карае карчмара за тое, што той аблічвае наведвальнікаў і не далівае ім напояў, можа давесці да смерці суддзю, які за хабар вынес незаконны прысуд беднай удаве. Прысутнасць Чорта лічылася неабходнай пры варожбах, калі яго спецыяльна прасілі з’явіцца і прадказаць будучае. Сустракаюцца такія народныя павер'і, дзе Чорт перадае людзям сакрэты пэўнага прафесійнага майстэрства. Лічыцца, што чэрці першыя вынайшлі кола млына і касу, навучылі людзей граць на музычных інструментах, адкрылі чалавеку якасці лекавых траў.
    Даследчыкі старажытных вераванняў прааналізавалі багаты фальклорны матэрыял, звязаны з гэтым міфічным героем, і прыйшлі да высновы, што ў архаічныя часы персанаж Чорта з’яўляўся балцкім боствам. Гэтае боства таксама апекавалася памерлымі і свойскай жывёлай, было звязана з язычніцкімі святарамі (жрацамі) і музыкамі, варожбамі і прадказанне.м будучыні, з лесам і звярамі, плоднасцю і земляробствам, грала важную ролю ў сферы эротыкі. Гэтае боства лічылася хтанічным і было адначасова звязана як са стваральнай сілай зямлі і вады, так і разбуральнай, якая забірае жыццё.
    У розных індаеўрапейскіх міфалогіях такому Чорту адпавядаюць славянскі Вялес (Волас), германскі Одзін і яго крэўны брат Локі, старажытнаіндыйскі бог справядлівасці і пакаральнік вінаватых Варуна, кельцкі бог багацця і дастатку Езус, старажытнагрэчаскі ўладар мёртвых Аід, пасрэднік паміж тым і гэтым светам Гермес, бог жывёлы, палёў і лясоў Пан...
    Раздзел VI
    НАРОДНЫЯ ВЕРАВАННІ
    Ў КАЛЯНДАРНАЙ АБРАДНАСЫ
    Глава 1
    НАРОДНЫ КАЛЯНДАР
    Каляндар — сістэма ўяўленняў пра час і святы, падлікаў і рэгламентацыі гадавых прамежкаў, якая заснавана на перыядычнасці з’яў прыроды, бачных рухаў нябесных свяцілаў. Уяўленні пра каляндар звязаны з уяўленнямі пра хаос і космас, пабудову свету. Зараджэнне календара пачалося яшчэ ў часы палеаліту, калі чалавек стаў заўважаць заканамернасці змен у прыродзе: кругазварот сонца, фазы месяца, рух зорак. Светлы час сутак атаясамліваўся з жыццём, цёмны — са сном і смерцю. 3 цягам часу сталі вылучаць дні сонцастаяння і раўнадзенства. У многіх народаў яшчэ з эпохі бронзы і ранняга жалезнага веку вядомы гліняныя гаршчкі-каляндары, пазначаныя 12 сімваламі па колькасці месяцаў у годзе.
    Каляндарным цыклам падпарадкоўвалася ўся гаспадарчая дзейнасць. Самымі старажытнымі мерамі часу быў час па звароце месяца. Сляды месячнага календара выразна захаваліся ў беларускіх звычаях і прыкметах. Пазней з’явіўся сонечны каляндар, які фіксаваў гадавы рух сонца, а затым і сонечна-месячны каляндар.
    У XV ст. ужо былі друкаваныя календары. Іх складалі духоўныя асобы на падставе працэсаў сонцастаяння і раўнадзенства. Асноўныя каляндарныя абрады былі прымеркаваны да чатырох астранамічных пунктаў сонца: раўнадзенства — з 21 на 22 сакавіка і з 22 на 23 верасня, сонцавароты — з 21 на 22 снежня і з 21 на 22 чэрвеня. Тысячагадовы сімбіёз язычніцтва і хрысціянства паўплываў на асаблівасці каляндарных абрадаў.
    Усе сферы матэрыяльнай і духоўнай культуры звязаны з паходжаннем і развіццём календара. Генэзіс каляндарных уяўленняў уз°з<256>=
    дзейнічаў на развіццё выяўленчага мастацтва, вусна-паэтычнай творчасці, абраднасці і захоўвання традыцый. Каляндар — яскравы прыклад адзінства чалавека з сусветам.
    Народны каляндар беларусаў галоўным чынам быў звязаны са зменай фаз або квадраў месяца. Кожная з квадраў успрымалася як спрыяльная або неспрыяльная для гаспадарчых прац. У народным календары захаваліся і элементы сонечнага календара — старадаўні падзел года адпаведна зімоваму (на Каляды) і летняму (на Купалле) сонцастаянню. Рэлікты такога падзелу можна ўбачыць у своеасаблівым звычаі на Піншчыне. Там яшчэ сто гадоў таму на працягу ўсіх Калядаў збіралі лепшыя агаркі ад свечак і захоўвалі іх да Купалля. Падчас купальскіх свят ішлі на поле, засеянае ільном і малявалі імі вакол сябе кола. Верылі, што такім чынам змогуць убачыць, як выходзяць з зямлі і прасушваюцца на сонцы скарбы.
    Існаваў падзел на шчаслівыя і нешчаслівыя дні. Шчаслівымі днямі лічыліся аўторак і чацвер, нешчаслівымі — панядзелак і пятніца. Увогуле кожны дзень тыдня быў надзелены пэўнай сімволікай.
    Панядзелак лічыўся мужчынскім днём. У гэты дзень не саджалі курыцу на яйкі, бо верылі, што выведуцца адны пеўнікі. 3 панядзелка пачыналі многія справы. Існуе нават прыказка: «У панядзелак светснаваўся».
    Аўторак таксама быў мужчынскім днём. Верылі: калі пасватацца ў аўторак, тады не атрымаеш «ад варот паварот». У гэты дзень звычайна пачыналі сеяць яравыя культуры. Верылі, што чалавек, які нарадзіўся ў аўторак, пражыве доўгае і шчаслівае жыццё. Разам з тым папярэджвалі: не пазычай ніколі грошай у аўторак, потым усё жыццё іх будзе замала. На другім паслявелікодным тыдні менавіта ў аўторак ладзіцца Радаўніца — дзень ушанавання продкаў. Гэта дзевяты дзень пасля Вялікадня, які лічыцца адным з ключавых у сістэме памінання памерлых.
    Серада была жаночым днём. У сераду забаранялася пачынаць сяўбу, прасці, купаць дзяцей, збірацца ў дарогу. У народзе існавала перакананне: калі на гэты дзень прыйдзецца маладзік, можна смела закладаць хату або печ. На Палессі, каб засцерагчы пасевы ад граду, ушаноўвалі Градавую сераду.
    У чацвер — мужчынскі дзень — пачыналі будаўніцтва, жніво, спраўлялі зажынкі, а таксама запрашалі на вяселле. Некаторыя чараўнікі былі ўпэўнены, што прысушкі (любоўныя нагаворы) лепш за ўсё рабіць у чацвер. Чацвер на масленічным тыдні лічыўся днём Воласа, або Уласія, — бога-ахоўніка хатняй жывёлы. Вылучалі і Чысты чацвер перад Вялікаднем.