Каханы горад  Антон Адамовіч, Янка Юхнавец, Лявон Савёнак

Каханы горад

Антон Адамовіч, Янка Юхнавец, Лявон Савёнак
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 372с.
Мінск 2006
99.79 МБ
Дахаты пайшлі разам з Авечкам і Арыентацкім. Авечка яшчэ не суняў свайго жалю і ўсё чмыхаў носам:
— Такая, — казаў, —страта... такая страта...
Арыентацкі, наадварот, выглядаў надта вясёлым.
— Я, — казаў, — хоць бы штодня ладзіў такія гарбаткі.
-— Але ж у такім разе, — кажу, — вы рызыкавалі б за які месяц разьвітацца з усімі слыннымі людзьмі гораду.
— А, такой бяды! He былі б яны, былі б іншыя. Хіба ня ўсё роўна?
Я, ведама, цалкам зь ім згодны, што для мяне гэта не было б стратай, але ўголас пра такое не сказаў. Хто яго ведае, што за чалавек Арыентацкі.
21 лютага. На суседняй вуліцы асяліўся пагарэлец. Пацярпеў ён, бядак, ад няшчаснага выпадку з вайсковай неасьцярожнасьці. Ледзь з душой выскачыў. А цяпер усунуўся ў голую хату з голай сям’ёй.
— Ну, як ты цяпер жыць будзеш? — спачуваюць суседзі. — У цябе ж нават вяроўкі няма, каб на крук пачапіць.
— А дармо, — кажа, — неяк пражыву. Дыяген і гэтага ня меў.
Нараілі яму схадзіць да сабедапамогі.
— Мы ж складаліся, дык вось табе й будзе.
Пайшоў, адважылі там тры кілё мукі й паўкілё солі.
— Ну, — кажуць, — папраўляйся, чалавеча, не сумуй.
А чаго яму сумаваць, калі памагаюць? «Моцны выжыве, a нямоцных жыцьцё кусае». Так казаў пра гэты выпадак Наязноў. Але, здаецца, ён і сам ня быў перакананы, што гэты выснаў можа хоць трохі задаволіць пагарэльца.
25 лютага. Мар'ю Іванаўну прасачыў з шофэрам. Усё зразумела! Здрада! Ашуканства! Безадкладна ўжыць станоўкія захады! Гэта чорт ведае што такое3!
28 лютага. «Любоўная лодка разьбілася аб быт», як пісаў той паэта. У мяне яна разьбілася ўдрузачкі. 3 Мар’яй Іванаўнай — квіты. Перамовы ні да чаго не прывялі. «Разыдземся, — кажа, — Іван Іванавіч, добрымі сябрамі». Нічога! Я шчэ табе пакажу добрых сяброў. Будзеш памятаць...
2 сакавіка. Фэцкі ў выніку лічэньня дайшоў да выснаву, што ў навуцы ўжо няма чаго рабіць: усё вынайдзена. I цяпер конча перакінуўся на практычную справу.
— Г андаль, — кажа, — асноўнае, што цяпер трэба чалавеку, бо гандаль — гэта рухавік усяе культуры.
Ухапіўся й ён за гэты рухавік, але першыя ягоныя крокі былі не зусім моцнымі. Купіў на інкубатарнай станцыі 30 піскляў па рублю галаву й меркаваў прадаваць па 10 рублёў. Такім парадкам ад гэтага рухавіка мусіла атрымацца пэўная культурная астача. Але, як кажуць, рыба ў рацэ, ды не ў руцэ. Пакуль ён валок у сетцы гэтых 30 піскляў із станцыі, пяцёх па дарозе ўдалося задушыць, рэшту пасадзіў на авёс. Піскляты адмовіліся ад аўсу. Ведама, які пісклячы розум, скуль ім ведаць, што паводле навукі ім належыць ужываць толькі гэтае зерне? Але Фэцкі конча пастанавіў прымусіць іх падпарадкавацца вымаганьням навукі й безадкладна дзюбаць авёс. Пачалося ўпорыстае змаганьне. Піскляты вымагалі дробна пасечанага тугога яечка ды дробных крупак, але Фэцкі яйка й крупы еў сам, а піскляў засыпаў градам аўсу. У выніку трохдзённага змаганьня, праводжанага зь несьціханай жорсткасьцяй з абодвух бакоў, яшчэ 10 змагароў выбыла з варожага стану, а колькі атрымала цяжкія пашкоджаньні. Толькі тады Фэцкі змогся й рэшту недабіткаў выкінуў на рынак. Але тут яго чакала канчальная аварыя: піскляў ня толькі ніхто не купляў, але нават і дарма ня браў.
3 Тут колькі радкоў зацёрта. —Л. К.
Ізноў навука падвяла.
— Усё было б добра,— казаў пра гэтую аварыю Сымон, — каб піскляты былі натуральныя. Тыя дык і авёс бы жэрлі. А тут — зробленыя электрыкай.
Зь ім згадзіўся й Мікіта:
— Ды хіба электрыкай можна жывое зрабіць? Пісклё — гэта, браток, не чалавек: у яго арганізма кволая. Дый чалавека, бадай, ці зробіш электрыкай? — скончыў ён у задуменьні.
5 сакавіка. Трэба падаваць дэклярацыю аб прыбытку, ведама, каб падаткі плаціць. Дайце рады, якія ў мяне прыбыткі, калі я нічога не раблю! Але патэнту маю, знацца, павінен быць і прыбытак. Раіўся з Рыгорам і Наязновым. Наязноў ня даў ніякае парады. Гэта, кажа, не па маёй лініі. А спытайся што па ягонай лініі — таксама ня скажа. Вось табе й прафэсар!
Рыгор параіў проста:
— Накруці ім якую хочаш лічбіну, абы не зусім мізэрную, і падавай. Хто цябе спраўджваць будзе?
Давядзецца так і зрабіць. А Мікіта Гузак, хоць і шыльду мае, але дэклярацыі падаваць ня думае.
— Ніякага прадпрыемства ў мяне, — кажа, — нямашка. А калі й сталярка, дык я з гэтага саматутам хлеб зарабляю й лішніх прыбыткаў у кішэню не кладу, бо мне лячыцца трэба.
Хто тут сушэйшым з вады выйдзе — ня ведаю.
8 сакавіка. Мірылі Апанаса Дзюрку і Мікіту Гусака. Зьвялі гэта мы іх у Рыгора й кажам:
— Ну й што гэта, хлопцы? Вы ж, тым часам, швагры... Трэба жыць дружна, як суродзічы, а вы вунь што... за чубы...
Дзюрка здаўся хутка:
— Я, — кажа, — што ж? Я гэта ўсё разумею... I гатовы ад свайго боку...
Цяжэй было зь Мікітам. Той ніяк не хацеў пагадзіцца на тое, што ён вінаваты.
■— Я чалавек спакойны, -— кажа, — курчанё не пакрыўджу, a тым больш такую сьвіньню.
I гэтым ледзь не сапсуў усёй справы. Бо Апанас пасьля такое пігулкі таксама стаў дуба. Добра Рыгор скеміў нацадзіць ім па шклянцы. Тыя палыпалі вачыма й... выпілі. Зрабілася лягчэй. Згоду конча замацавалі яшчэ трыма пляшкамі. I калі швагры пасунуліся ў абдымку дахаты, дык на галаве Мікіты ражном стырчэў Апанасаў капялюш — гэты галоўны стрыжань нязгоды, а да Дзюркавай галавы прыліпла Мікітава кепка. Знацца, згода была поўная.
9 сакавіка. Сяньня малоў рыс на муку — жонка паслала. Пілавала мяне ўжо даўно:
— Што гэта, каша ды каша. Зьмялі рыс на муку, дык каржоў сьпяком.
Прыходжу ў млын, а там людзей, як на рынку. Хто пуд, хто пяць меле, а хто й дзесяць пудоў пытлюе. Ведама, як каму Бог спасобіў. Прыглядаюся я гэта да ўсіх скрозь аржаны пыл, ажна глянуў... Божухна! Пачаканцаў Юрка сядзіць ля латка й рот разявіў. А Пачаканцава я ведаю добра, бо мы зь ім колісь на савецкай «хаўтурцы» рублі касілі.
— А, даражэнькі, — кажу, — што ж ты тут робіш і чаго рот разявіў?
— Жыўлюся, — кажа.
— А каб ты спух, — кажу, — якое ж гэта жыўленьне, калі тут адзін пыл.
— А вось жа ў гэтым і сэнс. Мне адзін прафэсар параіў: «Калі падыхаць, — казаў, — восем гадзінаў гэтым аржаным пылам, дык ня менш за 200 грамаў хлеба глынеш. Бо, — кажа, — у Баварыі быў адзін млынар, важыў 4 пуды, падымаў 80 пудоў». Вось што значыць гэты пыл.
— Ну й што ж?
— А вось нічога. Глытаю.
— А працуеш дзе?
— Дзівак! Якая ж праца, калі я тут восем гадзін сяджу й глытаю свае 200 грамаў без усялякае працы. Зразумей, дзе выйгранка. He, на працу я шчэ пачакаю.
Я, ведама, зразумеў, дзе выйгранка, але на гэтую працу не пайшоў бы.
10 сакавіка. Жыхары з цэнтру чагосьці сігаюць па ваколіцы. Да Рыгора прыйшла сваячніца, да Наязнова — швагерка. Да іншых таксама. Іх там, здаецца, паветрам трохі напалохалі. А Сымон зь іх жартуе:
— Дарэмныя турботы, — кажа, — жыві там, куды цаляць хочуць — будзеш цэлы. Бо паветра, яно таксама рух мае — зганяе.
А ў нашай ваколіцы палахлівых няма. Толькі Разак напалохаўся, як пачуў трывогу, бо ў гэты час якраз скончыў брагу калбаціць. Пасьля казаў, што ўсё іншае глупства, але на выпадак чаго — брагі шкада было б.
II сакавіка. У кажнага свой закон. Юрэц Бладук трохі павучыў сваю жонку. Каб сказаць моцна, дык не, так, зьлёгку. А ба-
бе чамусь не спадабалася. Выбегла на вуліцу і ў лямант. Забіў, крычыць, пакалечыў! гвалт! Як на тое ліха, вайскоўцы ехалі. Натуральна, пацікавіліся, аб чым лямант. А ў выніку — павучылі Бладука па свайму закону. Зьезьдзілі яму тры аплявухі, ды шчэ і ў паліцыю патрабавалі. Ня бі, кажуць, бабу, ды шануй. Баба ўжо й ня радая, а мужчыны сьмяюцца.
— Завошта ён цябе гладзіў, Бладучыха?
— Каб жа было за што, a то за глупства. Засьпеў ён нас з Байцовым у гарызантальным палажэньні, ну й азьвярэў.
Дзіва што азьвярэў.
— Але гэта толькі на жарт было, — апраўдвалася Бладучыха. -— Мы так жартавалі.
— Добры жарт, — рагатаў Сымон, — ад такога жарту бывае, што бацька потым свайго дзіцяці не пазнае.
Толькі жонкі спачувалі.
— А якое ж каханьне ў іх было, любачкі, проста даваеннай якасьці. А ён, гад, біцца!
Але хутка Юрэц вярнуўся без аварыі, і ўсе супакоіліся. Назаўтра Бладук пайшоў упрочкі, але хутка вярнуўся. Бо ўсё ж, як той казаў, жонка не балалайка — пайграўшы, на сьценку не павесіш.
12 сакавіка. Хадзілі з Сымонам у тэатар слухаць пра новы зямельны закон.
— Хвалю такія парадкі, — цешыўся Сымон. — Свая зямля — гэта ўсё. Шчэ мой дзед казаў: лепш свае тры аршыны, чымся чужая валока. I гэта сьвятая праўда. Калі мой швагра жыў на сваіх трох дзесяцінах, дык ня тое што хлеба на пяць душ хапала, а й скварка не выводзілася, а як загналі дабравольна ў калгас, дык ажна з Лагойшчыны ў Менск дыбаў па кілю хлеба. Зямлі ў калгасе было па тры дзесяціны на душу, хлеб жа, што калгасьнікі рабілі, улада забірала на рублі, а ім прадавала па рублю за кілю.
А мне гэты закон абы-што, бо зямлю рабіць мне не да твару, і хлеба на мой век хопіць.
14 сакавіка. Што на сьвеце дзеецца — чысты сьмех. Настаўнік Дзівак разжаніўся з жонкаю. А жылі разам 45 год. Ці-то надвор’е на іх паўплывала, ці вайна — невядома. Толькі старыя не захацелі жыць супольна. Падзялілі свой пакой напалам, перацягнулі ў куты кажны свае рэчы, а пасьля ўзяліся агульнае дабро дзяліць. Праўда, дабра гэтага ў іх небагата — усяго адна бочка агуркоў. Як яны перахаваліся ў старых — невядома. Але гэты скарб старыя, як людзі старой загартоўкі, мусілі падзяліць
сумесна. Толькі нешта ня выйшла ў іх сумленна — пасварыліся ў час дзяльбы. Ці то старая хацела старога на агурочках аб’ехаць, ці можа й стары перасморгнуў агурком — пра гэта не хваліліся. Паклікалі на дапамогу суседзяў. Людзей прыйшло шмат. Ведама, кажнаму хочацца на такую рэч паглядзець. Ну, стоўпіліся суседзі й раяцца, як такую справу найлепей абстругаць. Адны раілі расьпілаваць бочку напал, але іншыя запярэчылі, бо гуркі папілуеш, дый расол выльлецца. Хацелі раскласьці гуркі па штуках: табе, бабка, табе, дзедка, але зноў бяда: другое судзіны ў старых няма. Нарэшце наважылі на месцы агледзець справу й там памеркаваць. Рушылі да бочкі з гуркамі, адчынілі яе, дзівяцца. Ну й гуркі!
Узяў адзін сусед агурок на зуб — хрумшчыць. Другі таксама паспытаў — добра. Трэйці — таксама. Старыя толькі вачыма лыпаюць. I пайшла спроба, як іхныя гуркі хрумшчаць.