Каханы горад  Антон Адамовіч, Янка Юхнавец, Лявон Савёнак

Каханы горад

Антон Адамовіч, Янка Юхнавец, Лявон Савёнак
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 372с.
Мінск 2006
99.79 МБ
натуральна, карціць даведацца, ці хутка ён вернецца дзеля пакаёвага змаганьня. Вось яна й рынулася ў сьпірытызму, каб хоць дух які дарадзіў ёй у гэтай самотнай справе.
Мы прыйшлі якраз у пару. Выклікалі духа Аляксея, але дух нешта зацяло — ён чамусьці не адгукаўся на выклік: ці то ён дзе па малой справе адхінуўся, ці можа яму кумпанія не спадабалася. Бо кумпанія, трэба сказаць, была несамавітая: сама Ніна Васільеўна, асоба ўжо ладна пацёртая, ейная прыяцелька, нейкая абскубаная істота, адзін былы камуніст з абвіслым чэравам і яшчэ нейкі стары хрэн. Калі не лічыць мяне й Наязнова, дык зусім зразумела, што ад такой кумпаніі які хочаш дух нос адверне. 3 гэтае, мабыць, прычыны й другі й трэці духі не адгукаліся. Нарэшце выклікалі нейкага духа Макса. Той, праўда, адразу пачаў круціць сподачкам. Напачатку ён настукаў, што мужык Ніны Васільеўны вернецца праз два тыдні сам, бязь ейных клопатаў Пасьля адказаў, што вайна скончыцца праз тры тыдні. А якая ж улада будзе, запыталіся ў яго ўсе, наша ці не? Ты, дух, скажы толькі адно слова — так ці не. I дух адказаў «так». Тут жанкі запляскалі ў далоні, а былы камуніст пагладзіў сваё чэрава.
Я, ведама, ня даў гэтаму веры, але на ўсялякі выпадак занатаваў у дзёньніку: вайна скончыцца трэцяга сьнежня.
Калі варочаліся з Наязновым дахаты, то я спытаўся: ці можна гэта з навуковага гледзішча пагадзіць такія дзьве рэчы, як марксізм і сьпірытызм. Ён адказаў, што калі ўжыць дыялектычны мэтад, дык, безумоўна, можна пагадзіць якія хочаш рэчы. Хоць ён і прафэсар, але тут, як мне здаецца, збрахаў.
17 лістапада. Назіраньні апэрацыяў Разака пакуль што не далі ніякіх станоўкіх вынікаў. Зноў вывезены машына мэблі й воз мяхоў. Што ў мяхох — не ўстаноўлена.
19 лістапада. А ў беларусаў няма адзінага фронту. Сяньня чытаў у газэце пра заходнікаў і ўсходнікаў Вынікае, што яны паміжсобку не зусім у згодзе. У чым разыходжаньні, я з артыкулу так нічога й не зразумеў, але разыходжаньні ёсьць. Трэ будзе даведацца пра гэта ў Арыентацкага.
25 лістапада. Меў сустрэчу з прадстаўніком аграрыяў. Да Рыгора прышкандыбала аж з-пад Чэрвеня ягоная цётка. Ну, ведама, мы ўсе сабраліся да Рыгора, бо кажнаму цікава даведацца, што на сьвеце дзеецца. Седзімо й слухаем, як цётка лепартуе:
— А дзетачкі мае, — казала яна, — ня бачыла я гораду два гады, каб яго й век ня бачыць. Ледзь не здурэла. Прывезьлі гэта
мяне тыя хлопцы, што на тракце пасадзілі ў машыну, ды ссунулі прост у руіны.
— Ну, — кажуць, — цётка, табе направа, а нам налева. Дыбай да свайго Рыгора.
Сказалі гэтак і паехалі. А я стаю, як дурная. Зірнула направа — пустка. Зірнула налева — пустка. Зірнула сьпераду — дзірка. А гораду няма. Села гэта я на каменьне дый плачу. Ажна тут нейкі добры чалавек трапіўся:
— Чаго, — кажа, —цётка, вільгаць пушчаеш? Паводле якога здарэньня?
Ну я яму й выклала як сьлед: ехала, маўляў, у Менск, да Рыгора, а трапіла сама ня ведаю куды.
— Дык, — кажа, — гэта ж і ёсьць Менск, а сядзіш ты, цётка, на самай Ляхаўцы.
I скіраваў мяне, дзякаваць, куды трэба.
Мы ўсе надта сьмяяліся, як гэта цётка гораду не пазнала? Але Сымон давёў, што такія здарэньні могуць быць:
— Гэта, — казаў, — ня дзіва, што цётка гораду не пазнала. Мой прыяцель Юрэц Бладук, дык той аднойчы хаты роднае не пазнаў, а й выпіўшы быў ня надта. Прыйшоў гэта ён аднойчы ўвечары дахаты й пытае: «А венікі сьвежыя ё?» I пачаў распранацца. Скінуў гэта ён, выбачайце, усё й палез на сьцяну з гальнём, які яму добры сынок падсунуў. «Ну, — кажа, — і напаруся сяньня». Ускочыла жонка ў хату, а ён, выбачайце, зусім голы лезе на сьцяну ды гальнё.м сябе па бакох хвошча. «Паддай, — крычыць, — пары». Дзецям, ведама, пацеха, а жонка абурылася: «Ты гэта што? Звар’яцеў? Сорам згубіў?» А ён сваё: «Дырэктар, -— крычыць, — давай сюды дырэктара’ Гэта што за непарадкі! Чаму, — крычыць, — бабы ў мужчынскай лазьні?» Ледзь яго ўгаманілі, што гэта ня лазьня, а свая хата. Дык вось якія здарэньні бываюць. А гораду не пазнаць — гэта глупства, заўсёды можна.
Пакуль мы слухалі апавяданьне Сымона, Згржэмбіцкі меў інтэрвію з чэрвеньскай цёткай у пытаньні тамтэйшых коштаў. Выявілася, што яйкі — 30, сала — 40, а попыт ёсьць на дрожджы й соль.
29 ліспгапада. Нешта недзе дзеецца, а што — невядома. I чуткі пайшлі нейкія, надта сакрэтныя. Рыгорава жонка прысягалася, што сама на рынку чула, як казалі пра тры самалёты і адну бомбу. Дзюркаў знаёмы пад сакрэтам паведаміў, што на фронце заламаліся, але хто — яшчэ не даведаўся. Аднак казаў, трэба чакаць вялікіх падзеяў. Наязноў таксама ходзіць вельмі
таямніча й нічога не гаворыць. Відаць, нешта й ён чуў. Каб мяне гэта надта турбавала, дык не, але ўсё ж цікава ведаць, зь якога боку вецер дзьме.
2 сьнежня. Апанас Дзюрка набыў капялюш. «Годзе, — казаў, — у носе калупаць, пара й з новай Эўропай вітацца». Праўда, капялюш несамавіты, нібы стары грыб сядзіць на ім. Але Дзюрка надта ганарыцца.
— Цяпер я сьмела, — кажа, — магу да Эўропы далучацца, і ніхто мяне не затрымае. А йзноў жа, — кажа, — годзі нам памыі на галаву лілі, пара й рот разявіць.
А Сымону не падабаецца такое пераабсталяваньне Дзюркі.
— Ат, -— кажа, — дармо, хоць ты й пад капелюшом ходзіш, а ўсё роўна дурань. Хіба твая галава пад капялюх выструганая? Ёю палі забіваць і то вялікі гонар.
Сымон, ведама, як кансэрватар, уважае, што на ўсякую галаву павінна быць свая покрыўка.
5 сьнежня. Ёсьць подлыя людзі на сьвеце. Сяньня зьявіўся Хамовіч (той, што цэлую капэлю захапіў) і прынёс рапараваць нейкую басэтлю.
— Вы ж, — кажа, — шаноўны, музычны майстра. Патэнту выбралі. Дык, будзьце ласкавы, адрамантуйце гэты музычны струмант. Прашу.
I нагою шмаргануў. Зараза! Хіба ён ня ведае, што зь мяне такі ж музычны майстра, як зь цеста куля. Я яго, ведама, пагнаў зь ягонай басэтляй, а ён пагражаў данесьці, што я не музычны майстра, а сымулянты. I данясе. Такая паскуда гэта зробіць. А данясе -— могуць быць непрыемнасьці. Трэба, няйначай, ліквідаваць прадпрыемства ды мяняць кірунак.
7	сьнежня. Загржэмбіцкі ў выніку нядаўняе размовы з чэрвеньскай цёткаю набыў каня й тэрмінова скіраваўся ў Чэрвеньшчыну.
10 сьнежня. Хадзіў ва ўправу. Там сустрэў былых актывістых. Разам за бальшавікамі працавалі. Нічога! I цяпер ня крэкчуць: адзін ва ўправе на аржаным месцы, другі недзе на базе, a трэці — так, каля базы. Дармо, не прападуць!
— Як жывяце? -— пытаюся.
■— Ды так, — кажуць, — нічагуткі — пракідаемся патрошкі. А вы?
А што я? Ім пракідвацца добра, калі яны на службе, а мне, самаіужніку з патэнтам? Тут як ні пракідвайся, а Хамовіч цябе ўраз расшыфруе. He, трэба нешта рабіць.
14 сьнежня. Фэцкі кінуў голую тэорыю й перакінуўся на практычную матэматыку. Цяпер лічыць, што гэта, скажам, было б, каб у Менску наладаваў машыну дрожджаў, шугануў іх у Заходнюю, а там абмяняў бы на сала, яго — у Менск і тут бы рэалізаваў гэтае сала на вольным рынку на грашовыя знакі. Як бы гэта ўсё выглядала? Папярэдняе інтэграваньне дае нешта такое жудаснае, што нават на звыклай да лікаў лысіне Фэцкага валасы дуба сталі. Фэцкі лічыць на два варыянты апэрацыяў: адзін — калі дрожджы на рынку й машына чужая, другі — калі машына службовая й дрожджы службовыя. У апошнім выпадку выходзяць такія астранамічныя лікі, што калі аб іх прачуў Загржэмбіцкі, дык у бедака ад перапуду раптам аслабеў жывот.
18 сьнежня. Вайна скрышыла ўсе спэцыяльнасьці. Круглоў і той занядбаў сваю мышыную спэцыяльнасьць ды скіраваўся на купца. Праўда, ён больш прадае, чымся купляе, але гэта ня шкодзіць яму мець пэўную, як ён кажа, дывідэнту. Учора меў ад нейкай апэрацыі такі гешэфт, што ад лікаў млосна робіцца.
— Каб гэта, — казаў ён, — на мірную пару такая дывідэнта, дык жонку сваю ўшыў бы ў каракулі ды ў саболі, а сам бы малясоўку смактаў із залатое конаўкі.
Вось тут і кажы пра адукацыю. Недавука, мышыны спэцыялісты, а галава — міністэрская.
20 сьнежня. А ўсё ж у паветры нечым пахне. Бо Мар’я Іванаўна й тая зьмяніла тон. Сяньня ў яе засьпеў нейкага невядомага з падазроным абліччам. Казала, што гэта ейны знаёмы шофер, нават далёкі родзіч. Прывіталася са мной надта скупа, як з чужым. I трымаецца неяк больш бадзёра й незалежна.
— Сядайце, — кажа, — таварыш Чужанінаў.
Цікава: учора быў Ванечка, а сяньня — таварыш Чужанінаў. He, тут штосьці ня так. Ці тут гэты шофер прычынаю, ці то іншыя справы, больш сакрэтныя. У кажным разе трэба даведацца, які тут вецер пад бабін хвост дзьме.
21 сьнежня. Купляў цацкі на ёлку. Дзіўная рэч: вайна, скрозь галеча, а людзі ёлку ладзяць. Разам са мной купляў цацкі нейкі тып.
— Дайце мне, — кажа, — якіх-небудзь вясёленькіх цацак.
— Вясёленькіх? — кажа крамніца.— Калі ласка.
I шусь на прылавак гармату, гранату, самалёт ды яшчэ якіхсь пушак.
— He, — кажа тып, — дзякую за такую вясёласьць. Я ўжо гэтага наглытаўся досыць.
— Дык якога ж, — пытае, -— храна вам трэба?
— Дайце мне якуюсь цацачку, якая 6 клікала да жыцьця, a не да сьмерці.
— Тады бярыце барабан або трубу.
— He, ня тое! Мне б вось такую мірную цацачку, каб, скажам, певунка або птушачку, бо ў мяне ўжо гэтая чырвань вочы выела.
— Ну, дык наце вам коніка.
I паднесла да яго носу валавянага коніка.
Той аж напалохаўся.
— Вы, — кажа, — даражэнькая, што гэта мне сунеце?
— А што? — пытае.
— У гэтага каня хвост уніз вісіць, а мне трэба, каб угару стаяў.
Тут ужо й крамніца раззлавалася:
— Вы, — кажа, — грамадзянін, не выдумляйце тут! Што вы хочаце, каб я за вашыя за тры маркі ды хвост угару падымала? Сорам вам!
Публіка, што ў краме была, падтрымала крамніцу:
— Сапраўды, — кажуць, — грамадзянін, нічога не выдумляйце. Якое вам яшчэ трасцы нестае? Бярэце, што даюць, дый годзе. He зазірайце пад хвасты.
Так і пайшоў гэны грамадзянін нічога не купіўшы. А й сапраўды дзівак. Хіба яму ня ўсё роўна, куды хвост вісьне — уніз пі ўгару? Я купіў барабан, дырыжабаль СССР, дзьве гарматы, пяць бліскучак, дзясятак пшыкавак. Жонка была задаволена.
24 сьнежня. Калі ўжо не пашанцуе, дык і дзеўцы ветрам надзьмуе. Гэта праўда. Небараку Загржэмбіцкага, якога колькі разоў ужо калечылі, зноў паклалі на лапаткі. Вярнуўся з падарожжа голы, як бізун. Сустрэла яго ў лесе пад Чэрвенем нейкая вясёлая кумпанія й кажуць: усё ваша — будзе наша, а вы, пане, — вэк! Яшчэ й усыпалі троху на дарогу, каб не замёрз часам. Hi каня, ні саней, ні солі. Кідаецца цяпер ува ўсе бакі, як вар’ят. А што з гэтага кіданьня будзе — невядома.