Каханы горад  Антон Адамовіч, Янка Юхнавец, Лявон Савёнак

Каханы горад

Антон Адамовіч, Янка Юхнавец, Лявон Савёнак
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 372с.
Мінск 2006
99.79 МБ
Сымон сказаў гэта так пераканаўча, што блізу ўсе згадзіліся.
28 жніўня. Але ж да чаго цяпер спрытны народ пайшоў! Толькі пазірай ды дзівіся. Стаімо гэта мы сяньня на біржы, разглядаемся. А тут каля нас і Круглоў трэцца. Асоба такая імклівая й досыць размаітая. Працаваў ён за саветамі й нейкім тэхнікам, і транспартнікам, і асьветнікам, наагул спэцыяльнасьцяў мае шмат, а тым часам ніводнае. Пакуль гэта мы паволі прыслухоўваліся, што, дзе й як, а тым часам зь біржы выходзіць дзядзька з барадою ды кажа:
— А хто, — крычыць, — ёсьць крысаловы? Добрыя ўмовы. Пацукоў, знацца, лавіць. На «Заготзярно».
Ну, ведама, мышалоўная спэцыяльнасьць цяпер даволі рэдкая, і таму ніхто надта й не адгукнуўся на гэты заклік. Пракрычэў гэта ён некалькі разоў ды змоўк. I вось, калі ўжо здавалася, што мышы цалкам апануюць гэтым «Заготзярном» з прычыны адсутнасьці належнага спэцыяліста, у гэты, як кажуць, крытычны момант на сцэну вырываецца Круглоў:
— Я, — крычыць, — магу мышэй лавіць! Курсы на гэта канчаў! Дыплёмы маю!
I панёсься за барадою. А праз часін дзесяць вяртаецца й паперкаю з накіраваньнем махае:
— Ну, — крычыць, — трымайся, мышы! Круглоў ідзе.
— А як ты, — пытаемся, — лавіцьмеш гэтых мышоў? Ты ж ня спэц.
— Даражэнькія, нешта злаўлю. Калі не мыша, то хоць збажыны якой. Гэта ж «Заготзярно».
I пайшоў мышэй лавіць. А я ведаю, што ён ніколі нічога, апрача мух, не лавіў. Вось гэта спрыт! Такі чалавек нідзе не загіне.
29 жніўня. Мар’і Іванаўне зноў занёс пшанічнае мукі й цукру. Нічога ня зробіш — трэба падкормліваць. Казала, што хутка вернецца лейтэнант. «Ад пэўнага чалавека чула». Можа, гэта яна мяне палохае, а можа, і сапраўды ёсьць такія чуткі? Трэба папытацца ў Наязнова: ён на гэтыя рэчы знаўца.
30 жніўня. Рыгор спраўляў улазіны. Ну, трэба сказаць, што такога баляваньня я шчэ ня бачыў. Было літаральна ўсё. А гарэлкі — Божачка мой! Хоць анучы палашчы. Усе мы стараліся каля яе досыць дружна. Пасьля пачаліся прамовы. Рыгора віталі, хвалілі ягоны спрыт і розум, ягоную вытрываласьць. Дый як не хваліць, калі чалавека нават агонь не бярэ. Згарэў ушчэнт, а праз пару месяцаў зноў у сваёй хаце, дый абсталяванай лепш за ранейшую. He, такі чалавек варты пашаны. Нават і Сымон у сваёй, хоць і кароткай, але гарачай прамове адзначыў гэта:
— Што ж, — казаў Сымон, —што Рыгор выгляду ня мае? Што, пытаюся ў вас, з таго, калі наш паважаны сусед з выгляду як бы й дурань які? Выгляд гэта, кажа, дрэнь, глупства. Другі бывае й выглядам паважны й гэтым за разумнага сябе ўдае, a загадай паміж трох сьвіней зацірку падзяліць — не патрапіць! А Рыгор падзеліць! Ды так падзеліць, што яшчэ й сабе застанецца. Вось у чым сэнс! Вось у чым, кажу, уся навука. Хай жыве Рыгор!
Мы дружна выпілі за Рыгора, таксама й за ягоную жонку, але ў канцы ўсяе справы нашае лагоднае частаваньне ледзь не сапсуў Апанас Дзюрка. Сярод іншых пачастункаў ён неяк згледзеў на стале сьвежаніну і ўспомніў, што ў яго калісь укралі кабана, і што варажбітка паказала на свайго. Гэта ў яго сфармавалася ў пэўную думку, якая й выклікала рэальныя чыны. Ён падняўся, ірымнуў кулаком па стале і, хоць не зусім выразна, але досыць станоўка, загадаў:
— Пакіньце жэрці! Мая сьвежаніна! Украў! — і яшчэ раз грымнуў.
Але мы яго хутка супакоілі: нацадзілі ў ягонае чэрава літровую конаўку «ярша», пасьля чаго ён зусім астаўпеў і забыўся ўжо пра ўсё на сьвеце.
Так мы лагодна й скончылі баляваньне.
— Дай Божа так кажнаму пагарэць, як Рыгор, — казаў Загржэмбіцкі, калі мы ўжо разыходзіліся.
31 жніўня. Сяньня жонка сьцягала ў царкву. «Ідзі, кажа, грахі адмольваць, распусьнік». Мабыць, ёй нешта сплялі. Няйначай. Таму я надта й не ўпіраўся. Узяла гэта яна трохі натураю (грошы, кажа, Богу не патрэбныя). Ну й пайшлі. Хто моліцца, а хто й так. Пастаяў гэта я трохі і, як толькі жонка адхінулася спарадкаваць прынесеную натуру, я й сігануў за дзьверы.
Ля царквы народу шчэ больш. Тут я назіраў адну цікавую зьяву, якая мяне пераканала ў тым, што ні ў якой справе нельга быць надта заўзятым. Нейкі былы актыўны бязбожнік у сувязі са зьменаю агульнага кірунку зьмяніў і свае перакананьні й паціснуў зь бязбожнай ячэйкі ды ў панамары. А якаясь цётка расшыфравала ягоны манэр і, згледзеўшы былога бязбожніка каля царквы, счапілася зь ім:
— Прэч, — крычыць, — бязбожнік, прэч адсюль! He пагань сьвятога месца.
Тут народ зграмадзіўся, цікава ўсім.
— Завошта яго, цётка, гоніш? Што ўкраў?
— Гад, — крычыць, — нядаўна ячэйкай кіраваў, нас цягнуў у бязбожнікі, а цяпер у сьвятое месца лезе. Прэч!
— Няхай лезе, — кажуць людзі, — што табе, цётка, сьвятога месца ня хопіць? Шкада? Можа, чалавек пакаяўся?
Рыжы бязбожнік, якога цётка так утюрыста гнала ад царквы, трохі зьбянтэжыўся, але шчэ трымаўся з гонарам:
— А можа я, — кажа, ■— маскаваўся, калі быў бязбожнікам? I я заўсягды ў Бога ўвяраў!
Справа скончылася тым, што ўпорыстая цётка прагнала-ткі рыжага бязбожніка. I варта: ня трэ быць такім упартым.
1 верасьня. Любоўная праблема ўсё больш хвалюе нашую ваколіцу. На суседняй вуліцы, Берасьцейскай, сяньня муж разыходзіўся з жонкаю, зь якой жыў два гады. Прыйшоў гэта ён забіраць свае рэчы, а жончына сямейка, дасканальна ўзброеная, атакавала яго пры самых дзьвярох. Жонка зь вілкамі, цешча зь мяшалкаю абышлі з флянгаў, а цесьць зь нейкім адмысловым уруччам зайшоў з тылу — узялі, як кажуць, у мяшок ды
так пачалі пыл выбіваць, што небарака-наважон ледзь выратаваўся. Прыходзіць ён да новае жонкі ўвесь у сіньцох. Ажна й тут пры самых дзьвярох ваенная застава — не прымае й новая.
— Дзе рэчы? — пытае. — Няма! Ну, то й мяне няма! Мне галадранцаў ня трэба!
He прыняла. Цяпер мужык ходзіць па суседзях, скардзіцца, асабліва на тое, што новая жонка так празаічна паставіла любоўнае пытаньне:
— Ды я ж, —кажа, — даводзіў, што шчасьце ня ў рэчах, а ў каханьні, а яна й слухаць ня хоча. Ты мне, — кажа, —вады не муці! Прыйдзі з усёй маёмасьцяй, тады й каханьне будзе на ўсе сто дваццаць адсоткаў, а бяз гэтага — вэк! цурык! 1 дзьвярыма бразгае. Гэта мяне горш за ўсё крыўдзіць, што яна цвыркае. I скуль яна гэтага навучылася?
I апынуўся цяпер чалавек пры дзьвюх жонках і бяз хаты. Вось палажэньне!
2 верасьня. Рэзалі — дваццаць адно. Рыгор прайграў дзьве тысячы, Дзюрка з паўтысячы. Выйгралі я й Разак.
3 верасыія. Быў у гасьцёх у інжынера Паліханава. Шкадаваў, што пайшоў. Праўда, пачастунак быў адмысловы, але гаспадар мне ледзь душу ня выматаў. Прысукваўся, як з нажом да горла:
— Ну, што будзеш рабіць, як вернуцца? Куды дзенесься?
I так гэта націскае, што быццам ужо й вярнуліся.
— Ды шчэ ж, кажу, не вярнуліся, чаго мне загадзя думаць... А тады нешта скамбіную.
— He, ты цяпер скажы!
Я хоць і п’яны быў, але патрапіў сплесьці нешта такое двойчы дубальтовае, што й сам не зразумеў.
— Хітры ты, — кажа, — чалавек, — але ўжо больш не прысукваўся. Ад мяне, браток, і ад соннага нічога ня выцягнеш. Дарэмна!
4 верасьня. Ізноў быў на біржы. Дзівакі! Прапануюць ехаць на торф. А навошта мне іхны торф, калі я дроў назапасіў? А тарфянога заработку мне яшчэ ня трэба.
5 верасьня. Прафэсар Наязноў дастаў працу. Хоць і не па спэцыяльнасьці, але тым часам гнуць можна. Хай гне на здароўе. Нашы сілы ўмацоўваюцца!
6 верасьня. Сустрэў Ахрэма Авечку:
— Ну, як, — пытаюся, — жыцьцё?
— А нічога, — кажа, — добра. Bopara сьцігуем памысна.
— А як межы?
— Ну, межы цяпер нашыя напэўна. 3 захаду нашых падваліла. I хлопцы ўсе — адзін у адзін. Сіла!
Трэ будзе бліжэй падысьці да гэтай сілы ды прыгледзецца да яе. Можа, на што й прыдасца.
7 верасьня. Сымон працуе ўжо. Прымайстраваўся возьнікам да нейкай ці то ўстановы, ці то фабрыкі — не разьбярэш.
— Я й сам добра ня ведаю, што шчэ з гэтага выйдзе. Нешта калупаюцца. Аднаўляць, кажуць, будзем. Хай аднаўляюць. Мне клопат не вялікі: дзьве гадзіны на дзень — і ўся работа, а малясу каню даюць. Знацца, самагонку ў мяне цяпер конь дастае. Наагул добра, бо дырэктар —■ боўтка. Як толькі расшыфраваў яго, то цяпер раблю што хачу. Прыйду гэта да яго, шапку скіну й грымну: «Гаспадзін Піпікаў!» (яго Піпікам завуць), то што ні прасі — зробіць. Надта любіць, каб гаспадзінам звалі. А мне што, шкада? Ды я цябе хоць чортам, — кажа, — назаву, абы рабіў, што мне трэба. Яму, былому парцейнаму, гэта, можа, і цікава, а мне — пляваць, мне языка не шкада, абы малясу даваў.
Наагул, кажу, каб не было дурных, то разумнаму надта цяжка было б жыць.
8 верасьня. Хадзілі з Сымонам аглядаць гароды. Сымон кажа, што кажную справу трэба пачынаць загадзя, каб пасьля не было мітусьні й хапаніны. Намацалі два ладныя гароды. Былыя гаспадары недзе зьніклі, а бульбы тым часам шмат.
— На булён хопіць, — сказаў Сымон, — абы скварка.
Хутка пачнем капаць.
9 верасьня. А Фэцкі зноў лічыць. Гэтым разам вылічае, калі скончыцца вайна. Паводле ягоных табліцаў выходзіць, што вайна скончыцца, а калі — шчэ не падрахаваў. Нешта ў яго ў інтэгралах заела: атрымліваюцца велічыні то бясконца малыя, то бясконца вялікія, так ён і ня можа схапіць за хвост канца вайны. Сымон раіў, каб ён лавіў гэны канец на дарозе, бо ад вялікага да малога ня так многа.
— Тады ўцэліце ў самы пункт, бо найлепш пераймаць у дарозе. Толькі, — кажа, — лічэце ня надта па-вучонаму, дзе сотня менш, сотня больш — ня мае значэньня. Бо для жывога чалавека часам і год нешта значыць. Я ведаў аднаго чалавека, на Пярэсьпе жыў, які дваццаць год чакаў на спадчыну ад багатага дзеда й не дачакаў аднаго году: дзед перажыў яго на адзінаццаць месяцаў і дваццаць восем дзён. Хіба ж гэта ня крыўда? Вось вы так і лічэце, даражэнькі, каб людзі не пакрыўдзіліся.
А па мне, то хай лічыць, як хоча. Калі скончыцца — для мяне ня мае значэньня.
10 верасьня. Ці то час такі, ці то людзі цяпер такія. Адно — злодзей на злодзеі. Тую бульбу, што мы нагледзелі, — ужо капаюць. Прыходжу сяньня на гарод, а там два дзецюкі шастаюць бульбоўнікам ува ўсе бакі.
— Што гэта, — кажу, — робіце? Хіба прыватную ўласнасьць ужо скасавалі?
— А даўно, — кажуць, — скасавалі. Цяпер усё агульнае. Няма, — кажуць, — ні свайго, ні чужога.
Вось і гавары з такімі! Ледзь прагнаў. Напалохаў урэшце, што жаўнераў паклічу.
Раіліся з Сымонам, што рабіць. Сымон тае думкі, што цяперашнім часам лепш міска дранікаў на стале, чымся асьміна бульбы на гародзе. Трэба заўтра капаць.