Каханы горад  Антон Адамовіч, Янка Юхнавец, Лявон Савёнак

Каханы горад

Антон Адамовіч, Янка Юхнавец, Лявон Савёнак
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 372с.
Мінск 2006
99.79 МБ
— Грошай няма й ня будзе. Я іх усіх рашыў дашчэнту.
I што ж вы думаеце? Колькі яго ні прасілі, колькі ні сарамацілі, нават пагражалі — нічога.
— Што ў мяне, — крычыць, — варштат, каб грошы рабіць? Няма дый годзе. Адкасьніцеся!
Так і адкаснуліся. 1 скончылася нашая ўзаемадапамога — сабедапамогай. Так вось будзе й тут. Бо хто, прыкладам, аднясе малочнаму заводу, скажам, бідон, калі чалавек ужо ў бідон алею нацадзіў ці шпэку націскаў? Ніхто не панясе. Я народ ведаю.
Із Сымонам нельга не згадзіцца.
6 жніўня. Бачыў нейкі дзіўны сон. Нібы я ў Маскве. Толькі, здаецца, скончыўся налёт, а я чамусьці ў ювэлірнай краме стаю. I вось, быццам, кладу я гэта ўва ўсе кішэні гадзіньнікі, пярсьцёнкі, ды ўсё залатыя, з дыямэнтамі. Золата й яшчэ золата. Толькі гэта я набраў поўныя кішэні й наважыў выйсьці, як пачуў нейкі гул, нібы гром. Я ў дзьверы, а перад самай крамай велічэзны натоўп. Сьцягі навокал, музыка, тысячы людзей. Я ўжо быў нацэліўся пад прылавак сігануць, ажна чую, мяне нехта бярэ пад рукі й выводзіць з крамы. Напалохаўся я страшэнна, ажна нядобрае зрабілася (пра гэта я пазьней даведаўся, як прачнуўся). I вось з натоўпу выходзяць трое, набліжаюцца да мяне, схіляюцца нізка-нізка дый кажуць:
— Ты, Іван Іванавіч, — цар Чужанінаў. Садзіся, цару, у Крамлі, кіруй намі, кіруй заместаСталіна! Просім цябе. Просім! Ура! Аркестра! Музыкі, грай камарынскую!
Толькі гэта я расчыніў рот, каб згадзіцца, ажна раптам нешта як грымне! Я прачнуўся (відаць, жонка няўдала павярнулася). Расказаў пра гэты сон Рыгору й Сымону. Рыгор кажа, гэты сон глупства.
— Каб ты, —кажа, — ня золата бачыў, а наадварот, то гэта было б к прыбытку, а так — дрэнь.
Сымон, наадварот, даводзіць, што сон нешта значыць:
— Што, — кажа, — азначае — добрае ці дрэннае — ня ведаю, але нешта азначае.
Ці не схадзіць толькі да варажбіткі? Надта ўжо дзіўны сон. Раіўся пра гэта з тым прафэсарам, што падлічваў, колькі вайна каштуе. Але гэты дзівак сказаў, што хоць навука разьвязала ўжо ўсе пытаньні, але, што такое сон, яшчэ ня ведае, а таму ён і ня можа параіць, ісьці да варажбіткі ці не. Давядзецца, мабыць, схадзіць.
7 жніўня. Рыгор нечакана зрабіў выбрык. He пайшоў ні па разьмеркаваньні, ні па жыльлёвых справах, а падаўся на нейкі склад. Там ён нешта прымае й штосьці выдае. Праца, відаць, плённая, бо дом пачаў расьці, як грыб пасьля дажджу. Хутка будзем спраўляць улазіны. Сымон з гэтага поваду жартуе, што тэмпы ў Рыгоравым прыватным будаўніцтве лепшыя за бальшавіцкія стаханаўскія.
— Відаць, — кажа ён, — што Рыгор на гэтым складзе больш прымае, чымся выдае, бо відавочна, намнажаюцца нейкія рэшткі, што ня месьцяцца на складзе.
Рыгору гэтыя жарты не падабаюцца, а жонка Рыгорава, дык тая проста казала, што Сымон зайздросьціць. Так, відаць, Рыгору можна пазайздросьціць, калі чалавек ня будзе дурным ды не прасыпецца.
8 жніўня. Варажбітка наваражыла Апанасу, што сьвіньню скраў свой блізкі. Дзюрка цяпер ходзіць па ўсіх суседзях ды ўсё прынюхваецца, ці ня пахне адкуль сьвежанінай. Дзівак! Ведама, што скраў свой, але хіба ж ён дурны, каб табе сьвежанінным пахам у нос пушчаць? Ён, браток, на Пярэсьпе зварыць, а на Камароўцы зьесьць. Злаві тады пах, калі ты такі майстра. Але што казаць? Дзюрка й ёсьць дзюрка.
9жніўня. Мар’і Іванаўне занёс паўкілі цукру й пляшку алею. Трохі паморшчылася, але ўзяла. Расказала пра тры ведамыя ёй выпадкі, што мужы пакінулі сваіх жонак і перабраліся з усім сваім скарбам да іншых.
Ці не пад мяне яна пад’яжджае? Калі так, то гэта, даражэнькая, дарэмныя турботы. Мая Ніна Паўлаўна да гэткае катастрофы не дапусьціць, каб аддаць сваё дабро перавалачы ў чужую хату, яна дабра з-пад сябе ня выпусьціць, хоць з гарматы страляй. Дый мне такая камбінацыя не да густу. Я мяркую на два франты дзеяць, па ўсіх лініях...
10 жніўня. Байцоўпрынёс швачную машынку. Частаваліся. Ён хоць і хваліўся, што ўсякія мадэры мае, а тым часам маля-
соўку смактаў ня горні за Яську. Выцадзілі два літры. Ён ужо ледзь пальцамі варушыў, а ўсё яшчэ ківаў на пляшку:
— Нацадзі яшчэ... па малой...
Добра, што жонка скеміла вады ў пляшку наліць, інакш ня ведаю, чым бы гэта частаваньне скончылася.
11 жніўня. Здарылася канфузьлівая рэч. Учора пайшоў праводзіць Байцова (у яго ўжо ногі не цыркулявалі) ды па дарозе назад трапіў нейкім парадкам не да хаты, а да Мар’і Іванаўны. Прачнуўся сяньня не ў сваёй хаце ды лыпаю вачыма, як дурны: дзе ж гэта я? Чую, за пераборкай голас Мар’і Іванаўны — з прыяцелькай сакочуць. Відаць, знарок паклікала — на сьведку. Ну й бабы! Да чаго ж шкоднае стварэньне! Хацеў гэта я, затоіўшыся, ляжаць хоць да вечара, — можа, пашэнціць, думаю, цішком высьлізнуць праз вакно, аж не — не дала, сьцерва.
— Іван Іванавіч, — крычыць, — чай гарачы. Хуценька піць!
Каб ты смалы гарачай напілася. Прыяцелька сяньня ж усім раззвоніць, а там і да жонкі дойдзе. Галоўнае, нічога ня памятаю: было што ці не. Каб было, то яшчэ не такая крыўда. А калі на халастую праспаў? Сорам! Канфузія!
Але нічога ня зробіш, мусіў выйсьці. Як прывітаўся, як піў чай, — лепш не ўспамінаць. Да хаты йшоў як мыла зьеўшы. Жонцы сказаў, што начаваў у Байцова, бо ўжо позна было.
Трэба Байцова папярэдзіць. А ўсё ж гарэлка — паганая рэч. Мабыць, трэба кінуць.
12 жніўня. У прафэсара Вадзянецкага пазнаёміўся з беларусамі. Хлопцы як хлопцы — нічога страшнага. I гарэлку куляюць нядрэнна. Але адзін зь іх, зь нейкім дзіўным прозьвішчам, Янка Шчыры, надта ўжо заўзяты. Як выпілі па чарцы, то й пачаў крычэць:
— Мы зробім, мы возьмем! Мы ад Пскова да Чарнігава, мы ад Беластоку да Мажайску.
Крычыць і рукамі махае. Як дайшла справа да Мажайску, я не сьцярпеў:
— Дазвольце, найшаноўны, спытаць, а хто гэта вам дасьць так шырака размахнуцца?
— Як, хто? Самі! Уласнымі рукамі!
— А калі дадуць па руках?
— Хто пасьмее? За наша крэўнае!
— Ага, так. Ну, то... (у гэтым месцы дзёньніка, паводле нейкіх меркаваньняў, Чужанінаў выкрасьліў пяць радкоў — Л. К.).
Умяшаўся ў гутарку й другі хлапец — Арыентацкі.
— Бачыце, — кажа ён, -— вы абодва памыляецеся. Але ж даруйце, я маю рацыю. Бо калі ўзяць межы ў гістарычным акрэсьленьні, то ёсьць шмат спрэчнага, і тыя вучоныя, з працы якіх я карыстаю, таксама не пагаджаліся ў пытаньні станаўленьня сілы як адзінага вырашэньня межавых спрэчак.
— Даруйце, шаноўны, і Вы, — кажу я, — сіла ўсё робіць. А сіла там, дзе бальшыня, знацца, і бальшыня там, дзе сіла. Вось гэта й будзе справядліва й па закону.
Тут Янка Шчыры ажно падскочыў.
— Вы, — крычыць, — вялікадзяржаўнік, вы маскоўскі імпэрыялісты, вы драпежнік! Усіх скруцім у казіны рог!
Яго падтрымаў трэці хлапец, які дасюль маўчаў, Авечка Ахрэм.
— Так, — кажа, — мы гэта зробім, абы толькі дазволілі. А як будзе дазвол, то ўжо й пачнем скручваць. Абавязкова. I межы таксама, калі дадуць, то возьмем, а не дадуць, то не. А скручваць будзем.
Я ўжо й ня рады быў, што сашчапіўся зь імі. Чаго добрага й мяне пачнуць скручваць. Добра, што пакуль прышпілілі толькі маскоўскі імпэрыялізм, а маглі б і чырвоны прышпіліць. А тады ўжо, Іване, давай нырца на самае дно й не вытыркайся.
Гэтых трэба высьцерагацца. Калі дачуўся пра гэтую спрэчку Сымон, то казаў, што гэта справа самая звычайная:
—У спрэчках за межы так бывае заўсёды. Калі яшчэ на вёсцы жыў і ў нас аднаго разу гаспадары захацелі зямлю перадзяліць, то за гэтыя межы колькі калоў паламалі, колькі насоў паўгіналі ды сківіц папсулі. Процьму! А Міколу Кульгаваму, дык таму шчэ й рабрыну зламалі. Урэшце ўсяго лепшыя шнуры прысвоілі дужэйшыя. Гэта праўда, што межы дзяліць — трэба сілу мець і хахла не шкадаваць.
Мяне іхныя межы ня надта цікавяць. Але як утрымаесься, калі чалавек гэтак шырака хоча размахнуцца.
13	жніўня. Пілі. Быў выпадак.
14	жніўня. Зноў пілі. Бяз выпадку.
15	жніўня. Бачыў, як сяньня Рыгор валок з працы мяшок нейкага дабра, ажна ўгінаўся. Сымон, які таксама гэта згледзеў, казаў, што гэта добра.
-— Калі чалавек сваёй парай арудуе, то гэта шчэ дармо: добры склад і за дзесяць год на сабе не перавалачэш. А Рыгор і за год не адзін раз на рагатку наткнецца, знацца, яшчэ й другім дабра застанецца. На сабе няхай цягае. Ня дай Бог, калі чалавек пачне ўжо з транспарту карыстаць, ну, тады ўжо пішы — пра-
паў. Будзе якраз тое, што з Міхасём Уловічам было. Пакуль той цягаў на сабе, усё добра было, а як ужыў мэханізацыю — прапаў. He пасьпеў ён і двух рэйсаў, як казаў, скамбінаваць, ажна й накрылі яго з шапкаю. ГТраўда, той не любіў анучы ў вадзе сушыць — хутка выскрабаўся, але ўжо голы, як бізун. Мэханізацыя — рэч ненадзейная!
А ўсё ж Рыгорава праца зайздросная. Ці не падацца мне па такой лініі? Раіўся з Рыгорам.
— Табе, — кажа Рыгор, — як спэцыялісту просты ход на ўправу.
— Але ж там, — кажу, — мова, а я ня ведаю па-іхнаму.
— Якая мова? Дзівак! Калі ведаеш «выбачайце» й «будзьце ласкавы», то й усё ў парадку. Там такіх, як ты, хоць грэблю насьцілай.
Трэба гэтую справу памацаць, бо надта ж ужо зайздросна на Рыгора глядзець.
ібжніўня. Быў у прафэсара Ванава. Нічога. Трымае сябе як сьлед. Пра старое — ані гуку. Раіўся зь ім наконт працы.
-— Што ж, — кажа, — гэта можна. Сваіх людзей заўжды падтрымаюць.
А жыве ён, відаць, нядрэнна, і харчоў мае. Як частаваў, то й масла паставіў, і цукру, і каўбасы, нават і віна бутэльку адшкадаваў. Нічога! Нашыя не прападуць! Дармо што той крычыць: хай дадуць! хай дазволяць! Пакуль ты будзеш «хай» ды «хай», a мы тым часам і апануем... Жыць трэба ўмеючы.
17 жніўня. Проста дзіва, які чалавек жывучы. Сяньня зь Яськам Разаком сустрэў тую старую порхаўку, што нам назаляла, як склад парадкавалі, ды сарамаціла нас. Я ўжо думаў, што ён даўно душой загавеўся, ажна не — шкандыбае па вуліцы, праўда, абшарпаны, але жыве.
— Ну, як у вас, — пытаюся, — жывот із сумленьнем ня надта спрачаецца? Да бойкі яшчэ не дайшло?
— А ў чым рэч? — пытаецца.
— Ды як жа, Вы ж крычэлі, што рабаваць несумленна. А цяпер што скажаце?
— I цяпер тое скажу: дрэнна рабілі, несумленна.
Сказаў і зноў пашкандыбаў. Во дзе ўпартая порхаўка! Ну, хоць бы пашкадаваў, што ня выкарыстаў моманту. А можа й шкадуе, ды сорам прызнацца. Напэўна так, бо ня можа быць, каб гэткіх дзівакоў зямля на сабе трымала.