Кала Бруньён  Рамэн Ралан

Кала Бруньён

Рамэн Ралан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2001
55.06 МБ
— Ды ці перастанеш ты здзекавацца з людзей! — усклікнула Марціна, стоячы на каленях і нанава праціраючы (я ўжо тру, тру, тру) з шалёнай радасцю шыбы.
I за гэтай работай (яна працавала, а я піядзеў) мы перакідваліся слаўнымі і сакавітымі слоўцамі. У глыбіні крамы, якую Марціна напаўняла сваім рухам, сваёю гаворкай, сваім моцным жыццём, сядзеў, заціснуўшыся ў кут, Фларымон, незадаволены і пануры, пакрыўджанай фігурай. У нашай кампаніі яму заўсёды не па сабе; ён палохаецца смелых жартаў, ядраных гальскіх прыгаворак; яны закранаюць яго годнасць; яму незразумела, што можна смяяцца ад здароўя. Чалавек ён маленькі, бледненькі і хмурны; век на ўсё скардзіцца; яму здаецца, што ўсё дрэнна, мабыць таму, што ён нічога, апрача сябе, не бачыць. Абматаўшы ручніком сваю куранячую шыю, ён сядзеў з трывожным тварам і круціў вачамі то ўправа, то ўлева; нарэшце ён сказаў:
— Тут дзьме з усіх бакоў, як на вежы. Усе вокны адчынены.
Марціна, не паварочваючыся, адказала:
— Во ўжо! А мне дык душна.
Некаторы час Фларымон трываў на сваім крэсле... (Скразняк, па праўдзе кажучы, стаяў такі, што хоць куды...) I вылецеў куляй. Мая маладзіца, не ўстаючы з каленяў, падняла галаву і сказала, дабрадушна і весела пакепліваючы:
— Ён зноў залезе ў печ.
Я спытаўся ў яе хітравата, ці па-ранейшаму яна жыве ў згодзе са сваім пекарам. Яна, вядома, не стала казаць, што не. Во ўпартая махлярка! Хоць на кавалкі яе разрэж, яна ніколі не прызнаецца ў памылцьі.
— А чаму ж мне з ім не жыць у згодзе? — сказала.— Ён вельмі мне ўсмак.
— Я б дык паеў,— кажу.— Але ў цябе рот вялікі, маленькі піражок на адзін глыток.
— Трэба задавольвацца тым, што ёсць,— адказвала яна.
— Добра сказана. I ўсё ж, быў бы я на месцы піражка, я пачуваў бы сябе, прызнаюся, не вельмі ўжо спакойна.
— Чаму? Яму баяцца няма чаго, я гандлярка сумленная. Але каб і ён такім быў! А інакш, яму сказана: калі ён, махляр, уздумае мяне ашукаць, не пройдзе і дня, як я настаўлю яму рогі. Кожнаму сваё дабро. Яму ягонае, а мне маё. Таму няхай ён выконвае свой абавязак!
— I да канца.
— А як жа! Няхай толькі ўздумае ён у мяне скардзіцца, што набыў совачку на сваю галовачку.
— Ах, чарцяка. я бачу, як у кнізе, гэта ты адказвала сарызе, калі яна прынесла нябесны загад.
— Я ведаю многа сарычоў,— сказала яна,— але толькі бяспёрых. Ты пра якога гаворыш?
— Хіба ты не чула, кажу, расказу пра сарыгу, якую кумкі паслалі да Госпада Бога прасіць яго, каб іхнія птушаняты, як толькі народзяцца, станавіліся на свае нажаняты? Гасподзь сказаў: «Калі ласка». (Ён з дамамі ветлівы.) «За гэта я патрабую ад маіх дарагіх прыхаджанак толькі аднаго: каб з гэтай пары пад прасціны дамы і дзеўкі клаліся адны». Сарыга пакінула Гасподні дом, нябесны загад несучы пад крылом; сам я там не быў, бо меў тэрміновую работу ў час яе прылёту; але я чуў, што вястунцы не паздаровілася!
Марціна, седзячы на кукішках, перастала церці і выбухнула гучным рогатам; потым пачала мяне тармасіць і крычаць пры гэтым:
— Стары балбатун! Як ветраны млын, трашчыць, лапоча, не лянуецца! Пайшоў адсюль, пайшоў прэч! Пустаслоў няшчасны! Ну, для чаго ты прыдатны, скажы? Для таго, каб у людзей час адымаць! Ну, выбірайся прэч! I, дарэчы, забяры з сабою і гэтую сучачку бясхвостую. якая блытаецца ў мяне ў нагах, тваю Гладзі,
вось гэтую самую, якую зноў выправадзілі з пякарні, дзе яна ўжо, несумненна, запусціла лапы ў цеста (бач, нават нос вымазала). Прэч абое, пакіньце нас у спакоі, вырадкі вы гэткія, не перашкаджайце нам працаваць, бо зараз я вазьму швабру...
Яна нас выгнала за дзверы. Мы пайшлі ўдваіх вельмі задаволеныя; мы пайшлі да Рыу. Але на беразе Іоны мы зрабілі маленькі прыпынак. Глядзелі, як вудзяць рыбу. Давалі парады. I вельмі радаваліся, калі ныраў паплавок ці з зялёнага люстэрка выскаквала верхаводка. Але Гладзі, убачыўшы на кручку чарвяка, які курчыўся ад смеху, сказала мне з незадаволенай грымаскай:
— Дзядуля, яму баліць, яго з’ядуць.
— Ну так, мілая мая,— адказваў я,— вядома! Быць з’едзеным не вельмі прыемна. He трэба пра гэта думаць. Думай лепш аб тым, хто яго з’есць, аб прыгожай рыбцы. Яна скажа: «Гэта смачна!»
— А калі б цябе з’елі, дзядуля?
— Ну і што ж, я б таксама сказаў: «Ну і смачны ж я! Во шчасліўчык! I шанцуе ж жуліку, які мяне есць!» Вось так яно, ці бачыш, мой светлячок, заўсёды і задаволены твой стары дзядок. Ці нас ядуць, ці мы ядзім, на ўсё заўсёды весела глядзім. У нас у Бургундыі не ведаюць мерліхлюндыі.
Так гамонячы, мы апынуліся (яшчэ не было адзінаццаці гадзін), самі таго не заўважыўшы, у Рыу. Канья і Рабінэ мяне чакалі, але мірна, разваліўшыся на беразе; і Рабінэ, узяўшы вудачку, цярпліва дражніў печкуроў.
Я ўвайшоў у хлеў. Варта мне апынуцца паміж прыгожых камлёў, якія ляжаць, распранутыя дагала, і пачуць свежы пах апілак, далібог, час і вада могуць цячы колькі ім уздумаецца. Я гатоў не стамляючыся мацаць гэтыя бакі. Для мяне дрэва мілейшае за жанчыну. У кожнага сваё захапленне. Гэта нічога, што я ведаю загадзя, якое з іх я хачу і вазьму. Калі б я быў у Турцыі і ўбачыў на рынку сваю каханую пасярод тузіна прыгожых голых дзяўчат, няўжо вы думаеце, што мая любоў да мілай перашкодзіла б мне, між іншым, спазнаць вачамі красу астатняга статка? Я не такі дурань! Ці на тое Бог даў мне вочы, прагныя да красы, каб, калі яна з’яўляецца, я стаў іх закрываць? He, яны ў мяне адкрыты шырэй, чым вароты. Усё туды заходзіць, нічога не выслізне. I падобна да таго, як пад скурай у хітрых жанчын я ўмею, стары круцель, адгадваць іхнія пажаданні і таямніцу іхніх думак, хітрых і небяспечных, так і пад карою маіх дрэў, шурпатай і атласнай, я ўмею распазнаваць іх патаемную душу, якая вылупіцца з яйка,— калі я захачу яе выседзець.
Пакуль я збіраюся захацець, Канья, якому не сядзіцца (гэта жываглот; толькі мы, старыя, умеем смакаваць), лаецца з плытнікамі, якія бадзяюцца на тым беразе Іоны ці тырчаць на Беянскім мосце. Бо калі ў нашых прадмесцях птушкі і розныя, дык звычай у іх адзін: укапаўшыся задам у поручні, сядзець цэлы дзень на мастах ці прамочваць горла ў пажыўных месцах. Размова — так
ужо заведзена — паміж сынамі Беўрона і сынамі Віфлеема складаецца з прыгаворак. Паны іудзеі называюць нас мужыкамі, бургундскімі смаўжамі і дармаедамі. А мы адказваем на гэтыя кампліменты, абзываючы іх «лягвамі» і шчупачынымі рыламі. Я кажу — мы, таму што, калі чую малітваслоўі, не магу не ўставіць і сам: «Госпадзі памілуй!» Проста з ветлівасці. Калі да вас звяртаюцца, трэба адказаць. Пасля таго як мы далікатна абменьваемся такімі-сякімі ласкавымі выразамі (што гэта, хіба ўжо на поўдзень звоняць? Я нават уздрыгваю. Вось дык так! Ну, браток Час, дружок, і бяжыць жа ў цябе пясок!), я прашу нашых добрых плытнікаў, па-першае, дапамагчы Канья і Рабінэ загрузіць мой вазок і, па-другое, адвезці яго ў Беўрон разам з бярвеннямі, якія я выбраў. Яны на ўсё горла трубяць:
— Чортаў Бруньён! Ты, аднак, не саромеешся!
I ўсё-такі слухаюцца, хоць і трубяць. Яны мяне любяць.
Вярталіся мы наўгалоп. Людзі, стоячы ў дзвярах, глядзелі нам услед і захапляліся нашай стараннасцю. Але, калі мой вазок уз’ехаў на Беўронскі мост і мы заспелі ўсіх трох вераб’ёў, Фецю, Гадэна і Трэнке, якія па-ранейшаму сузіралі плынь вады, ногі спыніліся, а языкі пусціліся ва ўсю моц. Гэтыя лаялі тых за тое, што яны штосьці робяць. Тыя лаялі гэтых за тое, што яны нічога не робяць. Спевакі перабралі ўвесь свой рэпертуар. А я сядзеў на тумбе і спакойна чакаў канца, каб увянчаць перамогай лепшага спевака. Як раптам чую над самым вухам:
— Разбойнік! Нарэшце дык з’явіўся! Будзь ласкавы расказаць, дзе гэта ты бавіў час з дзевяці гадзін паміж Беўронам і Беянам? У, гультай! Во ўжо гора з табою! Калі б жа ты вярнуўся, каб я цябе не спаймала? Дадому, ліхадзей! У мяне абед згарэў.
Я сказаў:
— Першы прыз табе. Сябры мае, прыкусіце языкі: па частцы спеваў вы перад ёю шчанюкі.
Мая пахвала толькі ўзмацніла яе фанабэрыю. Яна пачаставала нас яшчэ адной арыяй. Мы ўсклікнулі:
— Брава! А цяпер дамоў гурбой! Давай наперад! Я за табой.
Дык вось, жонка мая пайшла дадому, ведучы за руку маю Гладзі ў суправаджэнні абодвух чаляднікаў. Пакорна, хоць і не спяшаючыся, я збіраўся зрабіць тое ж, як раптам з вышняга горада хлынулі радасны гул галасоў, гукі рагоў і вясёлы перазвон святога Мартына, так што я, стары шпег, павёў носам, прадчуваючы новае відовішча. Гэта было вяселле пана д’Амазі і мадэмуазель Люкрэс дэ Шампо, дачкі зборшчыка падаткаў і пошлін.
Каб убачыць вясельнае шэсце, усе ўміг схапілі ногі ў ахапак і кінуліся ўгару, да замкавага пляца. He трэба і казаць, што не я бег ззаду ўсіх! Такая ўдача не кожны дзень выпадае. Толькі Трэнке, Гадэн і Фецю. гультаі, не паспрабавалі нават адшруба-
ваць свае зады ад плаціны ля вады, заявіўшы, што яны, жыхары прадмесцяў, панам з вежы не зробяць такой ласкі. Слоў няма, гонар я люблю, і самалюбства — цудоўная рэч! Але ахвяраваць дзеля яго сваёй пацехай... слуга пакорны. якая ж гэта любоў да сябе! Гэта накшталт любві кюрэ, які ў дзяцінстве мяне лупцаваў для майго, маўляў, шчасця, добры чалавек.
Хоць я і праглынуў адным махам лесвіцу на трыццаць шэсць прыступак, якая вядзе да святога Мартына, я паспеў на пляц (во няшчасце!), калі вяселле ўжо ўвайшло ў царкву. Што тут рабіць — трэба было пачакаць, пакуль яно выйдзе. Але гэтыя праклятыя кюрэ могуць слухаць свае спевы бясконца. Каб неяк заняць час, я здолеў прабіцца, нямала папацеўшы, у царкву, ветлівенька праціскаючыся паміж паблажлівых жыватоў і мясістых задоў; але ў прытворы мяне аблегла людская пярына, і я апынуўся, як у ложку, у цяпле і ў пуху. Калі б не святасць храма, у мяне б узніклі, мушу прызнацца, дураслівыя думкі. Але трэба быць сур’ёзным, усяму свой час і месца; і, калі трэба, я ўмею быць паважным, як асёл. Але іншым разам здараецца, што высунецца кончык вуха і асёл раўне. Так здарылася і тут, бо, калі я сузіраў пакорліва і з глыбокай пашанай, разявіўшы рот, каб лепш бачыць, радаснае ахвярапрынашэнне цнатлівай Люкрэс пану д’Амазі. чатыры паляўнічыя рагі — святы Губерт сведка — затрубілі, суправаджаючы набажэнства, у гонар паляўнічага; не хапала толькі сабак; а вельмі шкада! Я стрымаўся ад смеху; але. разумеецца, не стрымаўся ад таго, каб не прасвістаць (ціхенька) матыў. Але вось надышло ракавое імгненне, калі на пытанне цікаўнага кюрэ маладая адказала «так»; надутыя шчокі ліха затрубілі лоўлто: тут я не вытрымаў і крыкнуў: