Кала Бруньён  Рамэн Ралан

Кала Бруньён

Рамэн Ралан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2001
55.06 МБ
— Улюлю!
Вы сабе ўяўляейе, які падняўся смех. Але наблізіўся швейцар, хмурачы бровы. Я сагнуўся і, крадучыся праз гушчу клубоў, выйшаў прэч.
Я апынуўся на пляцы. Кампанія там падабралася цікавая. Пераважна, як і я, людзі паважаныя, якія вачамі ўмеюць бачыць, вушамі пераварваць тое, што праглынулі чужыя вочы, а языком расказваць, балазе гаварыць можна не толькі пра тое, што бачыў сам. Ну і даў жа я сабе волю!.. Каб складна махляваць, не трэба з’яўляцца з далёкіх краін. Такім чынам, час праляцеў хутка, ва ўсякім разе для мяне, пакуль не расчыніліся зноў царкоўныя дзверы пад гром арганаў. Паказалася паляванне. Паперадзе пераможна крочыў д’Амазі, ведучы пад руку злоўленую дзічыну, якая манерна пастрэльвала па баках сваімі прыгожымі вачамі сарны... Так, я рады, што не мне сцерагчы прыгажуню. Хто пусціўся з ёю ў скокі, наскачацца. Хто здабыў звера, здабыў і рогі...
Але толкам я не разгледзеў ні паляўнічых, ні дзічыны, ні стралка, ні здабычы і не змог бы нават апісаць (хваліцца тут няма чым), якога колеру было убранне ў пана і строі ў маладой. Бо ў гэтую самую хвіліну наш розум і нашу ўвагу паглынула важнае
пытанне аб парадку шэсця і аб старшынстве асоб, якія ў ім удзельнічалі. Ужо,— як мне сказалі,— калі яны ўваходзілі (ах, чаму ж мяне пры гэтым не было!), акруговы суддзя, ён жа пракурор, і пан старшына, ён жа гарадскі галава, сутыкнуліся на парозе, як два бараны. Але галава, таўсцейшы і мацнейшы, прайшоў наперад. Цяпер цікава было ведаць, хто з іх выйдзе першым і першым пакажа нос на боскім цвінтары. Мы іішіі ў заклад. Але ніхто не паказваўся: як у рассечанай змяі, галава шэсця рухалася наперад, a цела вылазіць не хацела. Нарэшце, падышоўшы да царквы бліжэй, мы ўбачылі ўсярэдзіне, каля дзвярэй, як таўкуцца адзін з адным гэтыя раз’юшаныя звяры і ніхто з іх не саступае дарогу, хоць ты памры. А так як у святым месцы яны не асмельваліся крычаць, дык відаць было толькі, як яны варушаць насамі і губамі, вылупліваюць вочы, пнуцца, хмураць ілбы, пыхцяць, надуваюцца, і ўсё гэта без адзінага гуку. Мы трымаліся за жывоцікі; і, у спрэчках і размовах, мы таксама падзяліліся, хто за каго. Людзі ў гадах — за суддзю, прадстаўніка пана герцага (хто хоча павагі да сябе, той патрабуе павагі і да іншых); маладыя пеўні — за нашага галаву, абаронцу нашых вольнасцей. Я стаяў за таго, на чыім баку будзе перамога. I народ крычаў, падахвочваючы і нашага, і другога:
— Ну, ну, валі, масье Грасэ! Укусі яго за грабеньчык, пан Пето! Так, так, заткні яму горла! Ну давай, смялей, конік!..
Але гэтыя клячы толькі фыркалі ад злосці адзін аднаму ў нос і рук у ход не пускалі, баючыся, магчыма, пакамячыць свае прыгожыя ўборы Такім чынам, спаборніцтва магло быць бясконцым (таму што языкі дык у іх не адсохлі б), каб не пан кюрэ, які пачаў баяцца, што спозніцца на абед. Ён сказаў:
— Мілыя дзеці, Гасподзь вас чуе ўсё адно, а абед пададзены даўно, ні ў якім разе нельга спазняцца на абед і нашай злосцю турбаваць Бога ля яго святога парога. Бялізну памыем і дома.
Калі ён гэтага і не сказаў (я не чуў слоў), дык сэнс, трэба думаць, быў такі: бо ўрэшце яго тоўстыя рукі схапілі абедзве морды за загрыўкі і зблізілі іх для мірнага пацалунку. Пасля чаго яны выйшлі, але поруч, падпіраючы з абодвух бакоў, нібы два стаўпы, жывот кюрэ. Замест двух гаспадароў аказалася трое. Калі гаспадары сварацца, народ заўсёды ў выйгрышы.
Усе яны прайшлі міма і вярнуліся ў замак есці абед, цалкам імі зароблены, а мы, дурні, засталіся, разявіўшы раты, на пляцы,. вакол нябачнага стала, пах удыхаючы і слінкі глытаючы. Для большага задавальнення я прасіў пералічыць мне стравы. Нас было трое абжораў: шаноўны Трыпэ, Бадэкен і Бруньён са сваёй персонай, і пры кожнай страве, якую нам называлі, мы пераглядваліся, смеючыся, і падштурхоўвалі адзін аднаго локцем. Адну страву мы ўхвалялі, наконт іншай уступалі ў спрэчку: можна было зрабіць лепш, калі б параіцца з людзьмі вопытнымі, накшталт нас; але, па сутнасці, ні граматычных памылак, ні смяротных грахоў; і ў цэлым стол быў вельмі багаты. Наконт нейкага заечага рагу кожны
выклаў свой рэцэпт; слухачы таксама ўставілі па слоўцу. Але хутка на гэтай глебе разгарэлася спрэчка (гэта пытанні вострыя; трэба бьшь дурнем, каб вырашаць іх спакойна і стрымана). Асабліва была яна бойкая паміж пані Пярынай і пані Жакотай, саперніцамі, якія здзіўляюць наш горад раскошнымі абедамі. У кожнай з іх ёсць свая кампанія, і кожная з гэтых кампаній імкнецца здзівіць другую, за сталом. Гэта бываюць доблесныя спаборніцтвы. У нашых гарадах добрыя абеды — гэта мяшчанскія турніры. Але я хоць і ласы на смачныя спрэчкі, для мяне няма нічога больш стамляючага, як слухаць пра чужыя подзвігі, калі я сам бяздзельнічаю; і не такі я чалавек, каб доўга наталяцца сокам уласнай думкі і ценем страў, якіх я не ем. Таму я абрадаваўся, калі шаноўны Трыпэ мне сказаў (бедалага таксама пакутаваў!):
— Калі вельмі доўга разважаеш пра кухню, дык становішся. Бруньён, як палюбоўнік, які вельмі многа гаворыць пра любоў. Я, ведаеш, болып не магу, я проста гіну, сябра, я гару, я палаю, і вантробы мае дымяцца. Давай пойдзем зальём іх і пакормім звера, які зжырае маё нутро.
— Мы з ім справімся,— сказаў я.— Даверся мне. Супраць хваробы голаду лепшыя лекі — гэта ежа, сказаў нехта ў старажытнасці.
Мы накіраваліся ўдвух на рог Вялікай вуліцы, у гасцініцу Гербаў Францыі і Дафіна: таму што ніхто з нас і не думаў пра тое, каб ісці дамоў а трэцяй гадзіне дня; Трыпэ, як і я, пабаяўся б застаць суп халодным, а жонку кіпячай. Дзень быў рынкавы, пакой быў набіты бітком. Але калі ў адзіноце, на прасторы за сталом, зручней бывае есці, дык у таўкатні, у гушчы добрых сяброў, лепш есца, так што заўсёды ўсё вельмі добра.
На пэўны час мы прымоўклі, гутарачы толькі in petto*, гэта значыць сэрцам і сківіцамі, з нейкай свежапасоленаю свінінкаю ў капусце, якая была духмянай і раставала ў роце, ружовая і прыемная. Да гэтага шклянка віна чырвона, каб спала з вачэй заслона, бо есці і не піць, як кажуць нашы старыя, сляпым быць. Пасля чаго, прачысціўшы зрок і прамыўшы горла, я зноў мог заняцца сузіраннем людзей і жыцця, якія заўсёды здаюцца прыгажэйшымі, калі падсілкуешся.
За суседнім сталом кюрэ з блізкіх мясцін сядзеў насупраць састарэлай фермершы, якая да таго так і ліпла: яна нахілялася да яго, штосьці гаварыла, уціскаючы галаву ў чарапашыя плечы, выварочваючы яе ўбок і дагодліва пялячы на яго вочка, як на споведзі. А кюрэ хінуўся да яе таксама бачком, добразычліва, і, не слухаючы, на кожны паклон ветліва адказваў паклонам, не перастаючы пры гэтым глытаць, і быццам гаварыў: «Добра, дачка мая, absolvo te**. Усе грахі табе адпушчаны. Бо Гасподзь добры. Я добра паабедаў. Бо Гасподзь добры. I гэтая чорная каўбаса таксама».
* Сам сабе (італ.).
** Адпускаю табе (лац).
Крыху далей наш натарыус мэтр П’ер Дэлаво, які частаваў калегу, гаварыў аб дагаворах, аб сведках, аб палітыцы, аб дабрачыннасці, аб грашах, аб публіцы. аб рымскай рэспубліцы (ён рэспубліканец у лацінскіх вершах; але ў жыцці — за мудрасць яго хвалю — ён верны слуга каралю).
А ў самай глыбіні мой блукаючы гюзірк знайпюў Перэнакухара, у сіняй блузе, тута накрухмаленай, Перэна з Карвольл’Аргелье, і так як вочы нашы сустрэліся, дык ён падаў голас, устаў з месца і паклікаў мяне. (Я магу пабажыцца, хоць і грэх, што ён заўважыў мяне даўно; але зладзей-хітрыла адварочваў сваё рыла, бо павінен мне, вось ужо два годзікі, за два арэхавыя камодзікі!) Ён падышоў да мяне, паднёс мне шклянку:
— Усім сэрцам, усім сэрцам вітаю вас...*
...Паднёс мне другую:
— Каб не згубіць прамую дарогу, прыміце яшчэ на адну ногу...
... Прапанаваў мне разам з ім адтрапезнічаць. Ён спадзяваўся, што паколькі я ўжо паабедаў, дык я адмоўлюся. Я яго падчапіў: я згадзіўся. Хоць гэтым пажывіўся!
Дык вось, я пачаў спачатку, але на гэты раз спакайней, не спяшаючыся, таму што можна было ўжо не баяцца голаду. Простыя едакі, заняты народ, які есць, як быдла, толькі каб напхацца, мала-памалу разышліся; і засталіся адны людзі шаноўныя, людзі сталыя і ўдалыя, якія ведаюць цану ўсяму цудоўнаму, прыгожаму і добраму і для якіх добрая страва ёсць добрая справа. Дзверы былі адчынены, урываліся паветра і сонца, заходзілі тры чорныя курачкі і, выцягнуўшы свае тугія шыі, паклёўвалі крошкі пад сталом і лапы старога соннага сабакі, даносіліся з вуліцы жаночыя галасы, крык шкляра і: «Рыба свежая, рыба!» ды рык асла, падобны да львінага. На пыльным пляцы два белыя валы, запрэжаныя ў калёсы, ляжалі нерухома, падабраўшы ногі пад прыгожыя льсняныя бакі, і з зашмальцаванымі мордамі лагодна пажоўвалі сліну. На страсе, на сонейку, буркавалі галубы; і ўсім нам было так хораша, што, здаецца, калі б пагладзілі нас па спіне, мы б замурлыкалі.
Размова завязалася ўсеагульная, ад стала да стала, усе былі заадно, па-сяброўску, па-брацку: кюрэ, кухар, натарыус, яго сябар і гаспадыня з такім пяшчотным імем (яе завуць Бэзла**, у гэтым імені закладзена абяцанне; яна яго выконвае, і нават з лішкам). Каб зручней было гутарыць, я пераходзіў ад аднаго да другога, прысаджваючыся то тут, то там. Гаварылі аб палітыцы. Для паўнаты шчасця пасля вячэры прыемна бывае падумаць аб бядотнай нашай пары. Усе гэтыя паны стагналі аб дарагавізне, аб цяжкім жыцці, аб тым, што Францыя спусташаецца, што нацыя апускаецца, скардзіліся на кіраўнікоў, на народных
* Старадаўняе народнае прывітанне пры чоканні за выпіўкай. — Р. Р.
** Baiselat сугучна з «baise-іа» (фр.) — пацалуй яе.
рабаўнікоў. Але даволі прыстойна гэта абмаўляючы. Нікога асабіста не называючы. У вялікіх свету вушы вялікія; чаго добрага, вось-вось — і прасунецца кончык у дзверы. Але так як ісціна, вераломнае дзеўчанё, жыве на дне бочачкі, дык нашы прыяцелі, набраўшыся смеласці, пачалі праходжвацца наконт тых з нашых валадароў, хто быў крыху далей. Асабліва навальваліся на італьянцаў, на Канчыні, на гэтую вош, якую фларэнтыйская таўстуха, каралева, завезла да нас у сваіх спадніцах. Калі здарыцца так, што два сабакі сцягнуць у цябе смажанку, прычым адзін з іх чужы, а другі свой, дык свайго турнеш, а чужога заб’еш. Пачуццё справядлівасці, дух супярэчнасці кіравалі мною, і я заявіў, што пакараць варта было б не аднаго сабаку, а абодвух, што калі паслухаеш людзей, дык у Францыі ніякіх іншых хвароб і няма, акрамя італьянскай, што ў нас дастаткова, бачыць Бог, і сваіх немачаў і сваіх прайдох. На што ўсе ў адзін голас адказалі, што адзін італьянскі прайдоха варты траіх і што трое сумленных італьянцаў не вартыя і трэці аднаго сумленнага француза. Я запярэчыў, што, дзе ні вазьмі, усюды хапае людзей-жывёл, як гразі, а жывёлам цана скрозь адна; што добрага чалавека, адкуль бы ён ні быў, прыемна вітаць і грэх не заўважаць; што такі чалавек мне сябар дарагі, ці ён італьянец, ці хто-небудзь другі. Тут усе на мяне накінуліся, здзекаваліся, гаварылі, што густ мой усім вядомы, і называлі мяне старым дзіваком, Бруньёнам-непаседам, пілігрымам, бадзягам, націральшчыкам дарог... Але, праўда, у мінулыя часы я гэтым займаўся нямала. Калі наш добры герцаг, бацька цяперашняга, паслаў мяне ў Мантую і Альбісолу вывучаць эмалі, фаянс і мастацкія промыслы, якія мы потым распаўсюдзілі на нашай зямлі, я не шкадаваў ні дарог, ні ўласных ног. Увесь шлях ад святога Мартына да святога Андрэя Мантуанскага я адмахаў з кавенькай у руцэ, пешшу. Прыемна бачыць, як вакол цябе плывуць абшары зямлі, і размінаць нагамі іхнія бакі... Але пра гэта лепш не думаць; а не — дык я пушчуся ў дарогу зноў... Ім смешна! Што зробіш, я гал, я нашчадак тых, хто рабаваў сусвет. «Што ж ты нарабаваў? — пытаюцца ў мяне і смяюцца.— I што ты з сабою прынёс?» — «Не менш за іх. Поўныя вочы. Пустыя кішэні, гэта дакладна. Але поўную галаву...» Божа, як хораша бывае бачыць, чуць, сілкавацца ўспамінамі! Усё ўбачыць і ўсё спазнаць — нельга, я ведаю; але хоць бы ўсё, што магчыма! Я — як губка, якая ссе Акіян. Ці, хутчэй, я пузатая гронка, спелая, перапоўненая жыццядайным сокам зямлі. Якое віно атрымаецца, калі яе выціснуць! Дудкі, дзеці мае, я яго вып’ю сам! Вы ім грэбуеце. Што ж, тым лепш для мяне. Упрошваць я не стану. Быў час, мне хацелася падзяліцца з вамі крупінкамі шчасця, якія я сабраў, усімі маімі цудоўнымі ўспамінамі аб прасветлых краінах. Але людзі ў нас не цікаўныя, хіба што наконт спраў суседа, ці, асабліва, суседкі. Усё астатняе вельмі далёкае, каб гэтаму верыць. Ідзі глядзець сам, калі табе не цяжка. 3 мяне даволі таго, што тут. «Спераду дзірка, ззаду яшчэ адна, пабы-