Кала Бруньён  Рамэн Ралан

Кала Бруньён

Рамэн Ралан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2001
55.06 МБ
Пачынаючы з гэтага дня, яна стала сапраўднай чартоўкай. Наравісцейшая, чым тры статкі неспакойных казіных стварэнняў, зменлівейшая за плынь летуценняў, яна то пранізвала мяне абразлівай пагардай ці не хацела мяне ведаць, то расстрэльвала мяне млявымі позіркамі, ліслівым смехам; стаіўшыся за дрэвам, яна цэліла ў мяне ўпотайкі камяком зямлі, які пападаў мне ў патыліцу, калі я стаяў спінаю, ці — лоп! — слівавай костачкай проста ў лоб. А потым на гулянні шчабятала, стракатала і лапатала то з адным, то з другім.
Горш за ўсё было тое, што яна ўздумала, каб яшчэ больш мяне пазлаваць, злавіць у сілок другога такога ж дразда, майго лепшага сябра Кірыяса Пінона. Мы з ім былі як два пальцы на адной руцэ. Як Арэст і Пілад27, на ўсіх бойках, вяселлях і пагулянках мы выступалі заўсёды ўдвух, практыкуючыся горлам, нагой і кулаком.
Ён быў вузлаваты, як дуб, каранасты, моцны целам і галавою, на слова хуткі, у справе пруткі. Ён забіў бы любога, хто ўздумаў бы мяне пакрыўдзіць. Вось яго яна якраз і абрала, каб мяне дапячы. На гэта ёй не трэба было вялікіх высілкаў. Дастаткова было двухтрох пранізлівых позіркаў ды паўтузіна звычайных грымасаў. Увасобіцца пад выглядам нявінным, млявым, дзёрзкім, рассмяяцца, пашушукацца, паманернічаць, пажмурыцца, састроіць міну, паказаць зубкі, пакусаць губкі ці аблізнуць іх вострым язычком, выгнуць шыйку, пакруціць станам ды падрыгаць хвосцікам, як сітаўка,— каго з сыноў Адама не падчэпяць кручочкі змеевай дочкі? Пінон страціў і апошні розум. I з той пары, седзячы на плоце, нібы на гары, сапучы і пыхкаючы, мы ўдвух сцераглі Ласачку. Скрыгочучы зубамі, мы ўжо абменьваліся лютымі позіркамі. А яна раздзімала агонь і, каб таго раздражніць, аблівала яго іншы раз цабэркам ледзяной вады. Хоць я і злаваўся, а пры такім паліванні рагатаў. Але Пінон, як сапраўдны конь, біў капытамі зямлю. Ён сварыўся, лаяўся, вар’яваўся. Ён быў няздольны зразумець жарт, калі гэта быў не яго ўласны (а ў такім разе ніхто, апрача яго, жарту не разумеў, але сам ён смяяўся за траіх). A краля, як муха на мёдзе, цешылася, упіваючыся гэтай любоўнай лаянкай; яго грубая звычка была не падобная да мае; і хоць гэтая хітрая дачка гальскай зямлі, рагатушка і гарэза, была намнога бліжэйшая мне, чым гэтай жывёліне, якая наравілася і шыпела, брыкалася і смярдзела, але для разнастайнасці, з-за цягі да навізны і каб насаліць мне, яна яго аднаго адорвала абяцальным позіркам, зменлівай усмешкай. Калі ж трэба было выканаць абяцанне і ўзбунтаваны дурань ужо збіраўся трубіць перамогу, яна смяялася яму ў вочы і пакідала яго з носам. Я, зразумела, смяяўся таксама; і раззлаваны Пінон абрынаў сваю лютасць на мяне; яму здавалася, што я адбіваю яго кралю. Дайшло да таго, што аднойчы ён проста мяне папрасіў саступіць яму месца. Я пакорліва адказаў:
— Братка, я якраз збіраўся папрасіць цябе аб тым жа.
— У такім разе, брат,— сказаў ён,— прыйдзецца нам прабіць адзін аднаму мазгаўню.
— Я і сам так думаў,— адказаў я,— але толькі, Пінон, гэта мне цяжка.
— А мне яшчэ цяжэй, мой Бруньён. Дык ідзі, калі ласка; хопіць аднаго пеўня на куратнік.
— Правільна,— сказаў я,— ідзі сам: таму што курыца мая.
— Твая? — закрычаў ён.— Хлусіш, мужык, дзяроўня, сыраквашнік! Яна мая, я яе не аддам, ніхто іншы яе не паспытае.
— Мой бедны сябра,— кажу,— ты б лепш на сябе глянуў! Авернская морда, рэпаглыт, кожнаму свая поліўка! Гэты бургундскі піражок — наш; ён мне смачны, мне яго хочацца. На тваю долю нічога няма. Ідзі выкопваць сваю бручку.
Гразіліся, гразіліся, дайшлі да кулакоў. Усё ж нас стрымлівала шкадаванне, таму што мы адзін аднаго вельмі любілі.
— Паслухай,— сказаў ён,— пакінь яе мне, Бруньён, яна аддае перавагу мне.
— He,— кажу,— мне.
— Ну, дык спытаемся ў яе. Адпрэчаны пойдзе.
— Па руках! Няхай выбірае!..
Так, але зрабіце ласку патрабаваць ад дзяўчыны, каб яна выбрала. Яна мае вельмі вялікае задавальненне ад таго, каб доўжыць чаканне, якое дазваляе ёй у думках узяць і таго і гэтага, і не ўзяць ні аднаго, і варочаць сваіх каханкаў на жароўні і так і гэтак. Яна заўсёды выкруціцца! Калі мы пачыналі гаварыць аб гэтым з Ласачкай, яна рагатала ў адказ.
Мы вярнуліся ў майстэрню, скінулі курткі.
— Нічога іншага не застаецца. Прыйдзецца аднаму з нас памерці.
Калі мы ўжо збіраліся ўчапіцца адзін у аднаго, Пінон сказаў мне:
— Цмокні мяне!
Мы двойчы пацалаваліся.
— Цяпер пачнём!
Скокі пачаліся. Пусціліся мы ў іх не на жарт. Пінон лупцаваў мяне так, што чэрап налазіў на вочы; а я высаджваў яму жывот каленьмі. Няма больш злосных ворагаў, чым сябры. Праз некалькі хвілін мы былі ўсе ў крыві; і пурпуровыя цуркі, як старое бургундскае, цяклі ў нас з насоў. Далібог, не ведаю, чым бы ўсё гэта скончылася; але толькі, відаць, адзін з нас садраў бы з другога шкуру, калі б, на шчасце, перапалоханыя суседзі і мэтр Медар Ланьё, які якраз вярнуўся дамоў, не разнялі нас. Гэта далося ім нялёгка: мы былі як сабакі, нас прыйшлося сцябаць. каб мы выпусцілі адзін аднаго. Мэтр Медар узяў доўгі бізун: ён нас адхвастаў, надаваў аплявух, потым адчытаў. Наб’еш бургундца — ён разумнее. Папабіўшыся ўволю, становішся філосафам і лягчэй успрымаеш разумныя прамовы. Глядзелі мы адзін на аднаго без асаблівай фанабэрыі. I вось тут якраз і ўбіўся трэці злодзей.
Тоўсты млынар, голены і рыжы, Жан Жыфлар, галава як шар, шчокі надутыя, вочкі маленькія, у яго быў заўсёды такі выгляд, быццам ён трубіць у трубу.
— Ну і пеўні! — сказаў ён, пырскаючы ад смеху.— Многа яны выйграюць, калі з-за гэтай курыцы парвуць адзін аднаму грабеньчыкі на шматкі! Дурні! Хіба ж вы не ведаеце, што яна радарадзенечка, калі вы грызяцеся! Яшчэ б, кожнай васпанначцы прыемна цягаць за сабою ў прыполе закаханы статак, які шчэрыцца на яе скуру... Хочаце добрую параду? Даю вам яе задарма. Памірыцеся і плюньце на яе, дзеці мае; яна на вас плюе. Павярніцеся да яе спінай, і ў шлях-дарогу абодва. Няхай пасумуе. Прыйдзецца ёй, нарэшце, воляй-няволяй выбіраць. і тады мы ўбачым, каго з вас яна хоча! Ну, хутка, марш! Толькі не марудзіць! Рабіць — дык адразу! Смялей! Паслухайцеся мяне, добрыя людзі! Пакуль вы будзеце
шаркаць пыльнымі чаравікамі па французскіх дарогах, я застануся тут, сябры, я застануся тут, вам жа на карысць: брат брату павінен дапамагаць! Я буду сачыць за прыгажуняй, я буду вам паведамляць аб яе нараканнях. Як толькі яна выбера, я паведамлю шчасліўцу; a другі няхай ідзе хоць на шыбеніцу... А цяпер пойдзем вып’ем! Вып’еш раз, вып’еш зноў, утопіш смагу, памяць і любоў...
Мы іх утапілі так грунтоўна (пілі мы, як рачкі), што ў той жа вечар, выйшаўшы з шынка, звязалі клуначкі, узялі ў рукі пасашкі і пайшлі сабе ўпоцемку, суркі, радуючыся, як індыкі, перапоўненыя ўдзячнасцю да гэтага добрага Жыфлара, які пасміхаўся сваімі вочкамі пад тлустымі павекамі, раздзьмуваючы ад задавальнення шырокі твар бычыны, сакавіты, як кавалак свініны.
На наступную раніцу мы радаваліся ўжо менш. Мы ў гэтым не прызнаваліся, мы прыкідваліся хітрунамі. Але кожны ламаў галаву і адмаўляўся зразумець гэтую дзіўную тактыку: каб узяць цытадэль,— даць драла. Чым вышэй ускочвалася сонца ў круглым небе, тым ясней нам было, што мы схібілі. Калі надышоў вечар, мы коса паглядвалі адзін на аднаго, нязмушана гутарылі пра тое пра сёе і думалі:
«Мой мілы дружа, як ты складна гаворыш! Аднак жа ты, відаць, не супраць уцячы. Але толькі дудкі! Я цябе вельмі люблю, мой брат, каб адпусціць цябе аднаго. Куды б ты ні пайшоў (я ведаю, маска, ведаю...), я следам за табою».
Пасля многіх марных спробаў адлучыцца (мы ўжо не разлучаліся, нават калі ішлі мачыцца), сярод ночы,— мы прытворна храплі, змучаныя на сенніку любоўю і блыхамі,— Пінон ускочыў з ложка і залямантаваў:
— Тысяча багоў! Я гару, я гару! Я больш не магу. Я іду назад...
Я сказаў:
— Ідзём назад.
Ішлі мы дамоў цэлы дзень. Сонца садзілася. У чаканні цемры мы стаіліся ў лесе Маршэ. Мы не вельмі ўжо і хацелі, каб даведаліся пра наша вяртанне: нас паднялі б на смех. А потым хацелася заспець Ласачку ў горы, у адзіноце, у слязах, і каб яна дакарала сябе: «Ах, мой любы, мой любы, навошта ты пакінуў мяне?» У тым, што яна грызе сабе пальцы і ўздыхае, мы не сумняваліся: але хто быў гэтым любым? Кожны адказваў:
— Я.
J вось, пракраўшыся бясшумна ўздоўж яе саду (глухая трывога паколвала нам грудзі), пад адчыненым акном, залітым месячным святлом, на яблыневай галіне мы ўбачылі вісне... Вы думаеце — што? Яблык?.. Млынароў каўпак! Расказваць вам, што было далей? Любыя мае, вам было б вельмі весела. Я ўжо бачу, жартаўнікі, як вы ўхмыляецеся. Няшчасце блізкага — для вас забаўка. Рагачы заўсёды радыя, калі прыбывае ў іхнім палку...
Кірыяс ірвануўся і адскочыў, як алень (нездарма ён быў рагаты). Рынуўся да яблыні з мучністымі пладамі, ускараскаўся
па сцяне, нырнуў у пакой, дзе адразу ўсчаліся крыкі, віскат, цялячы роў, праклёны...
— Чорт, д’ябал, сатана, гвалт, рэжуць, дапамажыце, рагач, падлюга, пузач, нахабнік, жаба, прастытутка, распуснік, дзярмо, мужлан, бяльмо, балван; я табе вушы абрэжу, я табе кішкі выпушчу, я табе пакажу дзе ракі зімуюць, я табе зад адхвашчу ў адбіўную, атрымай у клісцірную морду крывую!..
I аплявухі, і аплявухі... Бах! Ляп! Трах! Тарарах! Шкло і гаршкі ўшчэнт, на аскепкі, рэчы грукацяць, людзі тупацяць, дзявочы крык і львіны рык... Пры гэтай пякельнай музыцы (дудзіце, музыкі!) вы самі разумееце, як перапалохалася ўся ваколіца!
Я не стаў чакаць, чым гэта скончыцца. Я ўбачыў дастаткова. Я пайшоў той жа дарогай, па якой прыйшоў, смеючыся адным вокам, плачучы другім, не ведаючы, павесіць нос ці яго задзёрці.
— Нічога, Кала,— гаварыў я сабе,— ты шчасліва выкруціўся!
1 ўсё ж Кала сумаваў у сардэчнай скрусе, што не пакінуў шкуру ў гэтай заварусе. Я намагаўся жартаваць, я прыгадваў увесь гэты гармідар, перадражніваў то аднаго, то другога, млынара, дзяўчыну, асла, а ноша ад цяжкіх уздыхаў усю душу маю гняла.
— Ой-ой, як гэта весела! Як гэта самотна! Ах, я памру ад смеху... He, ад тугі. Бо ледзь было гэтая круцелька не запрэгла мяне ў няўклюдныя аглоблі шлюбныя! I чаму яна гэтага не зрабіла! Чаму я не ашуканы муж! Па крайняй меры яна была б маёй! Хіба ж так ужо дрэнна цягаць у запрэжцы тое, што любіш!.. Даліла! Даліла! Ай-люлі, магіла!