Кала Бруньён  Рамэн Ралан

Кала Бруньён

Рамэн Ралан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2001
55.06 МБ
I так вось цэлыя два тыдні я не ведаў, за што ўзяцца: ці пачаць хныкаць, ці пачаць смяяцца. Мая перакошаная фізіяномія ўвасабляла ў сабе ўсю антычную мудрасць, і слязлівага Геракліта, і смяшлівага Дэмакрыта. Але людзі бессардэчна смяяліся мне ў вочы. Іншы раз думаючы пра сваю любую, я гатовы быў загінуць. Але гэта хутка праходзіла. На шчасце!.. Кахаць — цудоўна; але, далібог, сябры мае, нельга ж кахаць да смерці! Гэта добра для Амадзісаў28 і Галаораў29! Мы ў сябе, у Бургундыі, не героі раманаў. Мы жывём, жывём. Калі нас раджалі, у нас не пыталіся, ці трэба гэта нам, ніхто не цікавіўся, ці хочам мы жыць; але раз ужо мы тут, каб на яго ліха, я застаюся. Свету мы патрэбны... Калі не ён нам патрэбен. Добры ён ці дрэнны, а толькі, каб мы яго пакінулі, нас трэба выгнаць вон. Раз віно на стале, даводзіцца піць. A выпіўшы, здабудзем новае з нашых грудастых узгоркаў! Няма часу паміраць, калі ты бургундзец. А што да пакут, дык гэта мы робім (можаце не ганарыцца) не горш за вас. Месяцы чатыры ці пяць я пакутаваў, як сабака. Але час нарэшце перавозіць нас цераз раку, і цяжар нашых бед застаецца на тым баку. Цяпер я сабе кажу:
— Гэта ўсё роўна, як нібыта б яна была маёй...
Ах, Ласачка, Ласанька!.. Усё ж такі маёй яна не была. I ніхто іншы, як гэтая тлустая кілбаса, Жыфлар, мучны мех, дынная морда, ёю карыстаецца, з ёю і грэецца, і заляцаецца, з Ласачкай,
трыццаць з лішкам гадоў... Трыццаць гадоў!.. Яго апетыт, трэба думаць, зменшыўся! Мне казалі, ён у яго прапаў на наступны ж дзень пасля вяселля. Для гэтага абжоры праглынуты кусок, як вада ў пясок. Калі б не гармідар, які дапамог знайсці галубочка ў цёплым гняздзечку (ах, гэты гарлапан Пінон!), ніколі б наш блюдаліз не даў бы прасунуць свой тоўсты палец у цесны пярсцёнак... Іо, Гімен, Гіменэй! Слаўна папаўся, ей-ей! Яшчэ лепш папалася яго палавінка: у сярдзітага млынара заўсёды вінавата скацінка. А лепш за ўсіх, мае людцы, папаўся я. Значыць, Бруньён, пасмяёмся (усе трое ў гэтым вінаватыя) з яго, з яе, з мяне...
I вось, пасмейваючыся, я заўважыў за дваццаць крокаў ад сябе, за павароткай дарогі (няўжо я прабалабоніў цэлыя дзве гадзіны. усёмагутны Божа!) дом з чырвоным дахам і зялёнымі аканіцамі, якому вінаградная лаза, пакручастая, як змяя, прыкрывала белы жывот сваім сарамяжлівым лісцем. А перад адчыненымі дзвярыма, у зацені арэшніку, над каменнай студняй, дзе цякла светлая вада, схіленую жанчыну, якую я адразу пазнаў (а між тьім я не бачыў яе ўжо многія гады). I ў мяне падкасіліся ногі.
Я ледзь было не павярнуў назад. Але яна мяне заўважыла і, беручы ваду з крыніцы, глядзела на мяне, I вось я ўбачыў, што і яна таксама раптам мяне пазнала... О, яна нічога пры гэтым не выявіла, яна была празмерна гордая; але вядро, якое яна трымала, выслізнула ў яе з рук у студню. I яна сказала:
— Вось пан, якому няма куды спяшацца... Ды ты не спяшайся.
Я ёй адказваю:
— А што, ты хіба мяне чакала?
— Вось яшчэ! — кажа.— Стала б я пра цябе думаць!
— Па праўдзе кажучы,— гавару я,— гэта зусім, як я. А ўсё ж такі я вельмі рады.
— Ды і мне ты не замінаеш.
Так мы сталі адзін супраць аднаго. яна з мокрымі pyкa^ і, я без курткі; мы пераступалі з нагі на нагу і глядзелі адзін на аднаго, і ў нас не хапала нават сілы аднаму другога ўбачыць. У глыбіні студні вядро працягвала захлынацца.
Яна мне сказала:
— Дык заходзь, час жа ў цябе ёсць?
— Хвіліны дзве знойдзецца. Я, .уласна кажучы, сгіяшаюся.
— Па выгляду ніхто б не сказаў. Што гэта цябе прывяло сюды?
— Мяне? Нічога,— заявіў я самаўпэўнена,— нічога. Я прагульваюся.
— Ты, напэўна, вельмі багаты? — сказала яна.
— Багаты, калі не на грошы, дык на фантазію.
— Ты ніколечкі не змяніўся,— сказала яна,— усё такі ж дзівак.
— Калі хто дзівак, той і памрэ так.
Мы ўзышлі на падворак. Яна прычыніла за сабою вароты. Мы былі адны, пасярод распалоханых курэй. Работнікі ўсе былі ў полі. Каб што-небудзь зрабіць, а часткова па прывычцы, яна палічыла патрэбным пайсці замкнуць, а магчыма, і адамкнуць (я ўжо не памятаю) вароты гумна, палаяўшы на хаду Медора. А я, каб прыдаць сабе нязмушаны выгляд, пачаў гаварыць пра яе хату, пра куранят, пра галубоў, пра пеўня, пра сабаку, пра ката, пра качак, пра свінню. Я перабраў бы, каб не перабіла яна мяне, увесь Ноеў каўчэг. Раптам яна сказала:
— Бруньён!
У мяне заняло дух.
Яна паўтарыла:
— Бруньён!
I мы глянулі адзін на аднаго.
— Пацалуй мяне,— сказала яна.
Я не прымусіў сябе прасіць. У такія гады гэта нікому не шкодна, як толькі не вельмі карысна. (А карысна яно заўсёды.) Калі я адчуў ля маіх шчок, ля маіх старых, шорсткіх шчок, яе старыя, змятыя шчокі, у мяне засвярбела ў вачах ад жадання плакаць. Але я не заплакаў, я не такі дурань! Яна мне сказала:
— Ты калючы.
— Далібог,— сказаў я,— калі б сёння раніцай мне сказалі, што я буду цябе цалаваць, я б пагаліўся. Барада ў мяне была мякчэйшая трыццаць пяць гадоў назад, калі мне хацелася, а вам ні-ні, калі мне хацелася, мой дружочак, дакрануцца ёю да вашых шчочак.
— Дык ты пра гэта ўспамінаеш да гэтай пары? — сказала яна.
— He, я пра гэта ніколі не ўспамінаю.
Мы паглядзелі адзін на аднаго смеючыся, чакаючы, хто першы апусціць вочы.
— Ганарлівец, упарты, лашачая галованька, як ты быў да мяне падобны! — сказала яна.— Але толькі, шэры вослік, ты не хочаш старыцца. Вядома, Бруньён, мой дружа, ты не папрыгажэў, вакол вачэй у цябе маршчакі, нос у цябе раздаўся ўшыркі. Але так як ты ніколі ў жыцці не быў прыгажуном, дык табе не было чаго губляць, і ты нічога і не згубіў. Нават ні адзінага валасочка, я гатова ручацца, эгаіст ты гэткі! Хіба толькі, што сівізна прабілася сям-там.
Я сказаў:
— Дурная галава, сама ведаеш, не сівее.
— Нягоднікі вы, мужчыны, вы сабе не любіце псаваць кроў, вам усё далоў. А мы, мы старэем, мы старэем за дваіх. Паглядзі на гэтую разваліну. На жаль, на жаль! Гэтае цела, такое пругкае, якое так прыемна было бачыць і яшчэ прыемней было лашчыць, гэтая шыя, гэтыя грудзі, гэты стан, гэтая скура, гэтая плоць, смачная і моцная, як малады плод... дзе яны і дзе я? Куды я дзелася? Хіба пазнаў бы ты мяне, калі б сустрэўся са мною на рынку?
3 Зак. 575
65
— Сярод усіх жанчын на свеце,— сказаў я,— я цябе пазнаў бы з заплюшчанымі вачамі.
— 3 заплюшчанымі — так, а з расплюшчанымі? Паглянь на гэтыя ўпалыя шчокі, на гэты бяззубы рот, на гэты доўгі нос, які спляскаўся. як лязо нажа, на гэтыя чырвоныя вочы. на гэтую друзлую шыю, на гэты абвіслы бурдзюк, на гэты пачварны жывот...
Я сказаў (я цудоўна бачыў і сам усё тое, пра што яна гаварыла):
— Птушка-невялічка заўсёды маладзічка.
— Дык ты нічога не заўважаеш?
— У мяне вочы добрыя, Ласачка.
— На жаль, дзе яна, твая Ласачка, твая Ласачка?
Я сказаў:
— Ласка, дзе ты? Ласкі няма. Толькі я заўважыў, дзе яна. Збегла, схавалася, зарылася. Але я яе бачу, бачу яе вузкую мордачку і хітрыя вочкі, якія за мною сочаць і вабяць мяне ў яе норку.
— Ну, у яе дык табе не пралезці,— сказала яна,— можаш не турбавацца. I адпусціў жа ты сабе пузачка, ліс! Відаць, ад любоўнай маркоты ты не схуднеў.
— Многа б я ад гэтага выйграў! — сказаў я.— Маркоце трэба сілкавацца.
— Дык пойдзем, пакормім малую.
Мы ўвайшлі ў хату і селі за стол. Я ўжо не памятаю, што я піў і еў, душа ў мяне была занята; але зубы і горла працавалі спраўна. Аблакаціўшыся на стол, яна сачыла за мною; потым спыталася жартаўліва:
— Ты цяпер не такі засмучаны?
— Як гаворыцца ў песні,— адказваў я: — цела пустое, дух расстроены; а паясі, і дух заспакоены.
Яе вялікі рот, тонкі і насмешлівы, маўчаў; і пакуль, дзеля выхваляння, я нёс усялякую лухту, нашы вочы глядзелі адно на адно і думалі пра мінулае. I раптам:
— Бруньён! — сказала яна.— Ведаеш што? Я табе ніколі гэтага не гаварыла. Цяпер, калі ў гэтым ужо няма патрэбы, я магу гэта зрабіць. Гэта ж я кахала цябе.
Я сказаў:
— Я гэта ведаў.
— Ты гэта ведаў, нягоднік? Дык чаму ж ты мне аб гэтым не сказаў?
— Варта было мне табе гэта сказаць, ты з духу супярэчання адказала б: не.
— А ці не ўсё табе было роўна. калі я думала адваротнае? Што цалуюць —рот ці тое, што ён гаворыць?
— Ды твой жа рот, каб яго чорт узяў, не толькі гаварыў. Я тое-сёе даведаўся ў тую ноч, калі заспеў млынара ля тваёй печы.
— Сам вінаваты,— сказала яна.— Печ палілася не для яго. Вядома, вінавата і я; але затое я і паплацілася. Вось ты ўсё ведаеш,
Кала, а між тым ты не ведаеш, што я яго прыняла ад роспачы, што ты пайшоў. Ах, як я на цябе злавалася! Я была злосная на цябе ўжо з таго вечара (памятаеш?), калі ты мною пагрэбаваў.
— Я? — сказаў я.
— Ты, шыбенік, калі ты прыйшоў сарваць мяне ў маім садзе, аднойчы вечарам, як я заснула, ды так і пакінуў мяне вісець на галінцы, з пагардай.
Я залямантаваў і растлумачыў ёй усё. Яна сказала:
— Я разумею. Ды ты не старайся так! Неразумны чалавек. Я ўпэўнена, што калі б гэта можна было вярнуць...
Я сказаў:
— Я зрабіў бы гэтак жа.
— Дурань! — сказала яна.— Вось за гэта я ж цябе і кахала. I вось, каб пакараць цябе, я ўзялася цябе мучыць. Але толькі я не думала, што ты будзеш такі дурны і сарвешся з кручка (якія ўсё ж мужчыны баязліўцы!), замест таго, каб яго праглынуць.
— Шчыра дзякую! — сказаў я.—Пячкур ласы да прынады, але вантробамі даражыць.
Пасміхаючыся куточкамі стуленых вуснаў, не міргаючы, яна працягвала:
— Як толькі мне сказалі, што ты б’ешся з тым другім, з той самай жывёлінай, якой я нават імя не памятаю (я паласкала бялізну на рэчцы; мне сказалі, што ён цябе забівае), я кінула пранік (плыві, чоўнік!), ён паплыў па вадзе, а я, топчучы бялізну, распіхваючы суседак, кінулася басанож, кінулася стрымгалоў, хацела крыкнуць табе: «Бруньён! Ды ты ж здурэў? Ты хіба не ведаеш, што я цябе кахаю? Многа ты выйграеш, калі ў цябе адхопіць адзін з лепшых тваіх кавалкаў гэты зубаты воўк! Я не хачу мужа скалечанага і знявечанага. Я хачу цябе цалкам...» Ды не тут жа было: пакуль я залівалася салаўём, наш ветрагон мок у шынку, не памятаў ужо, за што і біўся, і, узяўшыся з воўкам пад ручку, разам з ім уцёк (ах, палахлівец, палахлівец!), уцёк ад авечкі!.. Бруньён, як я цябе ненавідзела!.. Стары, калі я на цябе гляджу, калі я гляджу на нас дваіх, зараз, усё гэта здаецца мне смешным. Але тады, мой дарагі, я з асалодай здзёрла б з цябе скуру, сасмажыла б цябе жыўцом; але так як пакараць цябе я не магла, дык я самую сябе, таму што я цябе кахала, я самую сябе пакарала. Натрапіўся млынар. Ад злосці я яго і прыняла. Калі б не гэты асёл, я б узяла іншага. Гэта для мяне нічога тады не значыла. О, як я помсціла! Я толькі пра цябе і думала, калі ён...