Кала Бруньён  Рамэн Ралан

Кала Бруньён

Рамэн Ралан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2001
55.06 МБ
ГЛАВА СЁМАЯ
Чума
Першыя дні ліпеня
Праўду кажуць: «Бяда ад нас пешкі, а да нас бежкі». Яна заявілася да нас, нібы фарэйтар арлеанскага цягніка. У панядзелак на мінулым тыдні чумны выпадак быў адзначаны ў СенФаржо. Благое зерне, хуткі рост. Да канца тыдня іх аказалася яшчэ дзесяць. Потым усё бліжэй да нас, учора чума заяўляецца ў Куланж-Ла-Вінэз. Ну і перапалох у качынай лужыне! Усе храбрацы — давай бог ногі. Мы пагрузілі дзяцей, гусей і жонак і адправілі іх як мага далей, у Мантнуазон. Для чаго-небудзь і бяда прыгодная. Прынамсі, у хаце цішыня. Фларымон таксама паехаў з дамамі, заявіўшы,— гэткі баязлівец,— што не можа пакінуць сваю Марціну, якая павінна радзіць. Многа тоўстых
паноў знайшло даволі важкія падставы для прагулкі; запрэгшы павозку, яны вырашылі, што лепшай не прыдумаць нагоды, каб паглядзець, як пажываюць іхнія ўсходы.
А мы, хто застаўся, прыкідваліся блазнамі. Тых, хто сябе бярог, мы высмейвалі ўздоўж і ўпоперак. Паны старшыны паставілі варту ля гарадскіх варот на Аксерскай дарозе, і загад быў строгі праганяць усіх жабракоў і бадзяг, якія ўздумалі б увайсці. Іншыя, паны з грабяньком і гараджане з вялікім кашальком, павінны былі ўсё ж прайсці агляд трох нашых урачоў — мэтра Эцьена Луазо, мэтра Мартэна Фрацье і мэтра Фільбера дэ Во, якія начапілі на сябе, каб адхіліць пошасць, доўгія насы, напханыя мазямі, маскі і акуляры. Мы з гэтага вельмі смяяліся; і мэтр Мартэн Фрацье, мілы чалавек, не вытрымаў сур’ёзнасці. Ен сарваў з сябе нос, заявіўшы, што не хоча займацца глупствам і ўсёй гэтай лухце не верыць. Так, але ад гэтага ён памёр. Праўда, што мэтр Эцьен Луазо, які верыў у свой нос і з ім і спаў, памёр гэтак жа. I ацалеў адзін толькі мэтр Фільбер дэ Во, які, прадбачлівейшы за сваіх калег, кінуў не hoc, а пасаду... Аднак куды я заехаў; гэта ж ужо канец гісторыі, а я яшчэ і прадмовы не закругліў! Пачнём спачатку, сынок, і возьмем зноў казу за бараду. Моцна трымаеш на гэты раз?
Такім чынам, мы строілі з сябе Бясстрашных Рычардаў. Мы былі так упэўнены, што чума не ўшануе наведваннем нашы хаты! У яе, гаварылі, тонкі нюх; пах нашых гарбарняў ёй быў агідны (кожнаму вядома, што нічога няма здаравейшага). Апошні раз, калі яна з’явілася ў нашых краях (гэта было ў тысяча пяцьсот васьмідзесятым годзе, і гадоў мне было, як старому быку, чатырнаццаць), яна ўсунула была нос на наш парог, але панюхала — і наўцёкі. Тады вось тое і было, што жыхары Шатэль-Сансуара (ну і пакеплівалі ж мы з іх потым!), незадаволеныя сваім заступнікам, вялікім святым Патэнцыянам, які дрэнна іх абараняў, прагналі яго з двара, узялі на пробу другога, потым трэцяга, потым чацвёртага; яны мянялі заступніка сем разоў, выбіраючы то Севініяна, то Перагрына, то Філіберта, то Гіларыя. I, не ведаючы ўжо, да якога святога прыпасці, яны прыпалі (свавольнікі!) да святой і на месца Патэнцыяна ўзялі Патэнцыяну.
Мы ўспомнілі, смеючыся, гэтую гісторыю, храбрацы, удальцы, вальнадумцы. Каб даказаць, што мы ва ўсё гэта не верым, таксама як і ўрачам, і старшынам, мы смела накіроўваліся да варот Шастло пагутарыць праз равы з тымі, хто застаўся на тым беразе. Некаторыя, праз маладзецтва, ухітраліся нават выбрацца на волю, каб выпіць кубак у бліжэйшай карчме з кім-небудзь з тых, у каго райскія вароты зачыніліся з трэскам пад носам, ці хэць бы з адным з анёлаў, пастаўленых на варце (бо службу сваю яны не ўспрымалі ўсур’ёз). Я рабіў, як яны. Ці мог я дапусціць, каб яны ішлі адны? Хіба можна было вытрываць, каб
іншыя на маіх вачах забаўляліся, весяліліся і смакавалі заадно свежыя навіны і свежае віно? Я лопнуў бы з крыўды.
Такім чынам, я выйшаў таксама, убачыўшы старога мызніка, добрага майго знаёмага, бацьку Гратпэна з Майі-Ле-Шато. Мы з ім селі піць. Гэта быў вясёлы таўстун, круглы, чырвоны і каранасты, які ільсніўся на сонцы ад поту і здароўя. Ён казырыўся яшчэ больш за мяне, ведаць не хацеў ніякай заразы і заяўляў, што ўсё гэта лекарскія выдумкі. Па яго словах, калі некаторыя гаротнікі і паміраюць, дык не ад хваробы, а са страху.
Ён мне гаварыў:
— Даю вам дарма мой рэцэпт:
Хадзі цяплей абутым,
Жывот трымай не ўздутым, Да Мацільды будзь суровы, Застанешся здаровы.
Мы пасядзелі з гадзінку, менцячы языкамі. У яго была звычка паляпваць вас па руцэ ці скубці вам сцягно ці локаць, размаўляючы. Тады я пра гэта не думаў. Затое падумаў на наступны дзень.
На наступны дзень першае, што мне сказаў мой чаляднік, было:
— А вы ведаеце, гаспадар, бацька Гратпэн памёр...
Так-с, я важнічаць не стаў, я так і застыў. Я сказаў сабе:
— Мой бедны сябра, можаш змазваць боты; песенька твая спета, ва ўсякім разе чакаць нядоўга...
Я іду да варштата, пачынаю штосьці калупаць, каб развеяцца; але вы самі разумееце, што галава ў мяне была занята зусім не тым. Я думаў:
«Дурная жывёліна! Будзеш у іншы раз фінціць!»
Але ў нас у Бургундыі не прынята ламаць галаву над тым, што трэба было зрабіць тры дні таму. Мы ў сённяшнім дні. У ім і застанемся, каб яго чорт узяў! Даводзіцца абараняцца. Вораг мяне яшчэ не адолеў. Я падумаў быў звярнуцца за парадай у крамку святога Кузьмы (іншымі словамі, да лекараў). Але асцярогся і не стаў. У мяне, нягледзячы на хваляванне, застаўся даволі цвярозы бургундскі розум, каб сказаць сабе:
— Сын мой, дактары ведаюць не больш за цябе. Яны забяруць твае грошыкі, а потым проста адправяць цябе ў чумны пастаўнік, дзе ты не прамінеш і зусім зачумець. Божа цябе пазбаў ім прызнацца! He з’ехаў жа ты з глузду? Калі трэба толькі, каб памерці, дык гэта мы і без іх здолеем. 1, далібог, як кажуць, «на злосць урачам мы будзем жыць да скону».
Але, як я сябе ні супакойваў і як ні бадзёрыўся, я адчуваў, што ў страўніку ў мяне яядобра. Я мацаў сябе то тут, то там, то... Ай! на гэты раз — гэта яна... I што горш за ўсё, дык гэта тое, што за абедам, перад міскай з тлустым чырвоным бобам, звараным у віне са скрылькамі саланіны (нават цяпер, успамінаючы пра гэта, я плачу ад шкадавання), у мяне не хапіла сілы расчапіць сківіцы. Я думаў з тугою ў сэрцы:
«Усё зразумела, я загінуў. Апетыт памёр. Гэта пачатак канца...»
Ну што ж, навядзём, па крайняй меры, парадак у нашых справах. Калі я памру тут, гэтыя разбойнікі-старшыны спаляць маю хату, таму што, маўляў (во лухта!), іншыя ад яе заразяцца. Зусім навюткая хата! Якія ўсё ж людзі злосныя або дурныя! Лепш я на сметніку здохну. Мы іх ашукаем! He будзем траціць часу...
Я ўстаю, апранаю самае старое маё адзенне, бяру некалькі лепшых кніжак, добрыя выслоўі, гальскія скаромныя апавястушкі, рымскія апафтэгмы’2, «Залатыя словы Катона»33, «Вечарынкі» Бушэ34 і «Новага Плутарха» Жыля Каразэ35; запіхваю іх у сумку разам са свечкай і з акрайцам хлеба; адпускаю чаляднікаў; замыкаю хату і храбра тэпаю да свайго кута*, за горадам, мінуўшы апошнюю сялібу, на Бамонскай дарозе. Жытло невялікае. Халупа. Хлевушок, куды складваюць рыштунак, у ім стары сяннік і дзіравае крэсла. Калі ўсё гэта і спаляць, бяда невялікая.
Толькі я туды дабраўся, як зашчоўкаў дзюбай, быццам крумкач. Мяне пякла гарачка, у баку калола, а вантробы зводзіла так, быццам яны выварочваліся на ліхі бок... Ну, і што ж я зрабіў, добрыя людзі? Пра што я вам раскажу? Пра якія гераічныя ўчынкі, пра якое бясстрашнае чало, супрацьпастаўленае, па прыкладу вялікай рымскай публікі, варожаму лёсу і страўнікаваму болю?.. Добрыя людзі, я быў адзін, ніхто мяне не бачыў. Так я і стаў крыўляцца і весяліцца перад сценамі рымскага Рэгула36! Я кінуўся на сяннік і ўзяўся лямантаваць. Вы не чулі? Гэта быў рык звера. Чуваць было ля Самберскага дрэва.
— О Божа,— стагнаў я,— за што ты караеш бяскрыўднага чалавечка, які нічога табе не зрабіў?.. Ой, галава! Ой, левая пахвіна. Цяжка паміраць у росквіце гадоў! I навошта мая душа табе патрэбна?.. Ой-ой, спіна!.. Вядома, я буду вельмі рад —дакладней кажучы, усцешаны — да цябе з’явіцца; але так як мы ўсё роўна калі-небудзь убачымся, рана ці позна, дык навошта такая гонка?.. Ай-ой, селязёнка!.. Я не спяшаюся... Божа, я не болып чым варты жалю чарвяк. Раз ужо нельга інакш, няхай будзе воля твая! Ты бачыш, я ціхмяны і рахманы. я пакорны... Нягоднік! Выберашся ты, нарэшце, ці не! Што гэта за скаціна грызе мне бок?
Нароўшыся ўволю, я пакутаваў усё гэтак жа, але вычарпаў сваю душэўную сілу. Я сказаў сабе:
— Ты марна траціш час. У яго або няма вушэй, або ўсё роўна, калі б іх і не было. Калі праўда, як кажуць, што ты яго падабенства, дык ён зробіць па-свойму, і ты надрываешся дарма. Паберажы дыханне. Табе яго хопіць, магчыма, на якую-небудзь гадзіну-другую, а ты, дурань. кідаеш яго на вецер! Скарыстаем тое, што ў нас засталося, гэты добры стары касцяк, з якім давядзецца расстацца (на жаль, сябра, не па маёй гэта волі!). Паміраем аднойчы. Прынамсі, задаволім нашу цікаўнасць. Паглядзім, як гэта вылазяць з уласнай скуры. Калі я быў
* Вінаграднік і сад на схіле пагорка.— Р. Р.
падлеткам, ніхто не ўмеў лепш за мяне вырабляць з вярбовых дубцоў прыгожыя дудачкі. Я стукаў тронкамі нажа па кары, пакуль яна не адставала. Па-мойму, той, хто на мяне цяпер глядзіць зверху, зусім гэтак жа забаўляецца і з маёй карою. Ну, ці злезе яна?.. Ай, і моцна ж стукнуў... Ці прыстойна чалавеку ў такіх гадах цешыць сябе дзіцячымі дробязямі?.. Так, Бруньён, не здавайся і, пакуль кара яшчэ трымаецца, давай назіраць і прыкмячаць, што такое пад ёю робіцца. Агледзім гэту скрынку, працэдзім нашы думкі, даследуем, перажуём і пераварым сокі, якія бродзяць у мяне ў падстраўнікавай залозе, хвалююцца там і спрачаюцца, як немцы, перасмакуем гэтыя рэзі, выпрабуем і перамацаем нашы кішкі і ныркі...*
...Такім чынам, я сузіраю сам сябе. Часам я перапыняю мае даследаванні, каб выкрычацца. Ноч доўжыцца. Я запальваю свечку, утыркаю яе ў рыльца старой бутэлькі (яна пахла чорнапарэчкавай наліўкай, але наліўкі ўжо не было: правобраз таго, чым я рыхтаваўся стаць яшчэ да раніцы! Цела знікла, засталася адна душа).
Скурчыўшыся на сенніку, я намагаўся чытаць. Гераічныя апафтэгмы рымлян не мелі ніякага поспеху. К чорту гэтых гаваруноў! «Не кожнаму суджана пабыць у Рыме». Я ненавіджу дурную пыху. Я хачу мець права скардзіцца ўволю, калі ў мяне рэзі... Так, але калі яны сунімаюцца, я хачу смяяцца, колькі магу. Я і смяяўся... Вы мне не верыце? Аднак калі я быў зусім варты жалю, як арэх у вядры, і зубы ў мяне ляскалі, я раскрыў наўздагад «Фацэціі»37 гэтага добрага пана Бушэ і патрапіў на такую слаўную, хрусткую і залацістую... Божа мой літасцівы! што пачаў рагатаць. Я гаварыў сабе: