Кала Бруньён  Рамэн Ралан

Кала Бруньён

Рамэн Ралан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2001
55.06 МБ
Са спазненнем на дзень я вярнуўся ў Кламсі. Можаце меркаваць самі, як мяне там сустрэлі. Але я не стаў засмучацца; і, узлезшы на гарышча, як бачыце, выклаў на паперы, ківаючы носам, размаўляючы сам з сабою, высоўваючы набок язык, мае нягоды і радасці, радасці маіх нягод...
Аб тым, што мучыла ў свой час, Прыемна весці мне расказ.
ГЛАВА ШОСТАЯ
3 а л ё т н ы я п ту ш к і, або Серэнада у Any a
Чэрвень
Учора раніцай мы даведаліся, што праз Кламсі праехалі двое важных гасцей: мадэмуазель дэ Тэрм і граф дэ Майбуа. Яны, не спыняючыся, накіраваліся проста ў замак Ануа, дзе павінны правесці тыдні тры-чатыры. Рада старшынаў пастанавіла, згодна са звычаем, паслаць на наступны дзень да гэтых знатных птушак дэлегацыю, каб перадаць ім ад імя горада нашы віншаванні са шчаслівым прыездам. (Быццам дзіва, калі які-небудзь з такіх звяроў дабярэцца ў сваёй мяккай карэце, у цяпле і раскошы, ад Парыжа да Невера, не збіўшыся з дарогі і не паламаўшы сабе ногі!) Прытрымліваючыся зноў-такі звычаю, рада пастанавіла дадаць да гэтага, з увагі да іхніх дзюбаў, яшчэ і печаны ласунак, гонар горада, вялікія сухары з глазурай, якімі мы славутыя. (Мой зяць, пекар Фларымон Равізэ, даставіў іх тры тузіны. Шаноўная рада задаволілася двума; але наш Фларымон, які таксама з’яўляецца старшыной, дзейнічае заўсёды шырока: шаснаццаць солеў штука; плаціць горад.) Нарэшце, каб задаволіць усе іхнія пачуцці адразу і так як, кажуць, лепш есца пад музыку (мне, калі я ем і п’ю, яна не патрэбна), даручылі чатыром адборным музыкам, дзвюм скрыпкам і двум габоям, з тамбурынам у прыдачу, адзваніць на сваім рыштунку серэнаду для гасцей саноўных у дадатак да ласункаў шыкоўных.
Я далучыўся да іхняй кампаніі са сваёй жалейкай, нікім не запрошаны. He мог жа я адмовіць сабе ў сузіранні новых асоб, асабліва такіх птушак, якія ўпрыгожваюць двор (толькі не птушыны: бяру вас у сведкі, што нічога падобнага я не гаварыў). Я люблю іхняе тонкае апярэнне, іхні шчэбет і іхнюю звычку, калі яны на сабе пёркі разгладжваюць або важка паходжваюць, віхляючы спінаю з ганаровай мінаю, паводзячы крылом, дзюбай і хвастом. Прытым жа, ці ты ад двара ці не ад двара, адкуль бы ты ні ўзяўся, раз я ад цябе новае чую, я цябе заўжды шаную. Я сын Пандоры, я люблю прыадчыняць усе шуфляды, усе душы, чыстыя і брудныя, прыгожыя і няўклюдныя, тлустыя і худыя, капацца ў сэрцах, глядзець, што там прыхавана, займацца тым, што не мне наканавана, усюды нос усоўваць, разнюхваць, вывіжоўваць. Я гатоў паспытаць бізуна, каб на свеце зведаць усё спаўна. Але я не забываюся (будзьце спакойныя) спалучаць прыемнае з карысным; і так як для пана д’Ануа ў мяне ў майстэрні былі якраз дзве вялікія разныя філёнгі, дык я палічыў дужа зручным адправіць іх, не трацячы ні гроша, на адным з вазкоў, разам з дэлегатамі, скрыпкамі, габоямі і заліўнымі сухарамі. Узялі мы з сабою таксама і маю Гладзі, Фларымонаву дачку, каб правезці яе, такі добры
выпадаў момант, на дармаўшчынку. А другі старшына павёз свайго сынка. Нарэшце аптэкар наладаваў фурманку сіропамі, настойкамі, мёдам, варэннем, ён свае вырабы намерваўся паднесці за кошт горада Кламсі. Адзначу, што мой зяць вельмі гэта ганіў, кажучы, што так не заведзена і што калі б кожны майстар, мяснік, пекар, шавец, цырульнік і гэтак далей надумаўся так рабіць, дык гэта было б спусташэннем для горада і для прыватных асоб. Ен не так каб ужо зусім не меў рацыі; але той быў старшына, як і ён, Фларымон: нічога не скажаш. Маленькія людзі падпарадкаваны законам; а не маленькія іх ствараюць.
Паехалі на дзвюх фурманках: гарадскі галава, філёнгі, падарункі, дзеці, чацвёра музыкаў і чацвёра старшынаў. Сам я пайшоў пехам. Няхай сабе расслабленых вязуць на колах, як бабуль на рынак ці на бойню быдла! Надвор’е, прызнацца, стаяла не з лепшых. Неба было цяжкае, навальнічнае, мучністае. Феб накіроўваў на нашы патыліцы сваё круглае і пякучае вока. На дарозе віліся пыл і мухі. Але за выняткам Фларымона, які дрыжаў за сваю белую скуру горш за любую паненку, усе мы былі задаволены: у кампаніі і нудота — забава.
Пакуль відна была вежа святога Мартына, усе гэтыя важныя паны выгляд захоўвалі паважны. Але як толькі мы зніклі ў горада з вачэй, усе твары праясніліся і душы, так як і мая, скінулі кафтаны. Спачатку адпусцілі такія-сякія непрыстойнасці. (Гэта ў нас лепшы спосаб, каб разварушыцца.) Потым хтосьці заспяваў, за ім другі; мне здаецца, даруй мне, Божа, што не хто іншы, як гарадскі галава першым зацягнуў вясёлыя словы. Я зайграў на сваёй жалейцы. Астатнія падхапілі. I, пранізваючы габоі і галасы, галасок маёй Гладзі ўзляцеў пад нябёсы і лунаў і цвыркаў, як верабейка.
Ехалі не вельмі хутка. Коні на пад’ёмах самі спыняліся, пераводзілі дух і салютавалі задам. Перш чым рушыць далей, чакалі, пакуль не выдыхнецца іхняя музыка. Каля Буашо наш натарыус, мэтр П’ер Дэлаво, папрасіў нас зрабіць круг (нельга было яму адмовіць; гэта быў адзіны старшына, які нічога не патрабаваў), каб заехаць, па дарозе, да кліента, скласці праект завяшчання. Увесь калектыў гэта ўхваляў; але часу гэта заняло нямала; і наш Фларымон, згаджаючыся ў дадзеным выпадку з аптэкарам, зноў знайшоў прычыну прычапіцца. «Лепш вінаградзіна, няхай нават зялёная, для мяне, чым дзве фігі для цябе». Тым не менш мэтр П’ер Дэлаво закончыў, не спяшаючыся, свае справы; і аптэкар, рад не рад, з’еў гэтую паўфігу, паўвінаград.
Нарэшце мы прыехалі (да нейкага канца заўсёды прыедзеш), хоць і пазнавата. Нашы птушкі ўжо ўставалі з-за стала, калі мы з’явіліся са сваім дэсертам. Каб дапамагчы ropy, яны пачалі спачатку: птушкі вечна ядуць. Шаноўная наша рада, пад’язджаючы да замка, зрабіла яшчэ адзін, перадапошні, прыпынак, каб апрануцца' ў сваё параднае адзенне, клапатліва складзенае як
мага далей ад сонца, у свае прыгожыя, яркія балахоны, якія грэлі вока, весялілі сэрца: зялёны шаўковы для гарадскога галавы і светла-жоўтыя шарсцяныя для чатырох яго сабратоў: ні даць ні ўзяць — агурок і чатыры гарбузы. Мы ўвайшлі, іграючы на нашых інструментах. На шум з вокнаў павысоўваліся галовы нічым не занятай чэлядзі. Нашы чацвёра шарсцяносцаў і ахінуты ў шоўк узышлі на ганак, у дзвярах якога мела ласку паказацца (мне было даволі дрэнна відаць) на пары брыжоў пара галоў (ва ўсякай скацінкі свой хамут), завітых, у стужках, ну проста нібы баранчыкі. Мы, астатнія, музыка і мужыкі, засталіся стаяць пасярод двара. Так што здалёк я і не расслухаў прыгожай лацінскай прамовы, сказанай натарыусам. Але я не засмуціўся: бо, па-мойму, мэтр П’ер адзін яе і слухаў. Затое я спаўна пацешыўся з відовішча, калі мая крошка Гладзі падымалася дробнымі крокамі па прыступках лесвіцы, быццам маленькая Марыя, якую ўводзілі ў храм і якая прытуляла ручкамі да жывата кошык, перапоўнены сухарамі, што даставалі ёй да самага падбародка. Яна ні аднаго не згубіла; яна абдымала іх вачамі і рукамі, ласуха, хітруха, душачка... Божа, я гатоў быў яе з’есці!
Дзіцячае зачараванне, як музыка; яно лепш пранікае ў сэрца, чым тая, якую выконвалі мы. Самыя фанабэрыстыя людзі мякчэюць; становішся дзіцем сам, забываешся на момант пра свой гонар і сан. Мадэмуазель дэ Тэрм усміхнулася ласкава маёй Гладзі, пацалавала яе, пасадзіла да сябе на калені, узяла яе за падбародак і, пераламаўшы сухар, сказала: «Дай сюды роцік, падзелімся...» — і ўсунула той кавалак, які быў болыпы, у круглую печачку. Тут я ад захаплення закрычаў на ўсё горла:
— Няхай жыве добрая прыгажуня, красачка Невера!
I на сваёй жалейцы сыграў вясёлы напеў, які працяў паветра, як звонкагалосая ластавачка.
Усе рагочуць, павярнуўшыся да мяне; а Гладзі пляскае ў ладкі і крычыць:
— Дзядуля!
Пан д’Ануа называе мяне па імені:
— Гэта наш дзівак Бруньён...
(Ён у гэтым кеміць, як-ніяк. He меншы за мяне дзівак.)
Ен кліча мяне знакам. Я падыходжу з маёю жалейкай, бойка падымаюся па лесвіцы і кланяюся...
(3 далікатнымі словамі, шляпу далоў— Танна каштуе, і будзеш здароў...)
...кланяюся направа і налева, кланяюся ўперад і назад, кланяюся кожнаму і кожнай. А тым часам сціплым вокам аглядаю паненку, падвешаную ў сваіх шырокіх фіжмах (акурат язык звона); і, распранаючы яе (у думках, вядома), смяюся з таго, якая яна маленькая і голенькая, пад наматанымі на яе фальбонамі. Яна была высокая і стройная, скурай злёгку смуглая, пудрай
зусім белая, прыгожыя карыя вочы, бліскучыя, як карбункулы30, носік, як у свінкі, якая ўсюды адрые ласунак, рот, прыемны для пацалунку, поўны і румяны, а на шчоках завітыя кудзеркі. Сустрэўшыся са мною позіркам, яна спыталася паблажліва:
— Гэта ваша чароўнае дзіця?
Я адказаў пацешліва:
— Адкуль мы можам ведаць, васпанна? Вось пан мой зяць. Ён і павінен знаць. Я за яго не магу казаць. Ва ўсякім разе, гэта наша дабро. Ніхто яго ў нас не патрабуе. Гэта не тое, што з грашмі. «Бедныя людзі багаты дзяцьмі».
Яна мела ласку ўсміхнуцца, а пан д’Ануа гучна разрагатаўся. Фларымон засмяяўся таксама, але з кіслай мордай. Я захоўваў сур’ёзную міну, я разыгрываў дурачыну. Тады мужчына з брыжамі і дама са звонам мелі ласку ў мяне спытацца (яны палічылі мяне за гудочніка), ці маю я са свайго рамяства прыбытку многа. Я ім адказаў, як яно і ёсць:
— Амаль што нічога...
He сказаўшы, дарэчы, чым я займаюся. Ды і для чаго я стаў бы гаварыць? Яны ў мяне пра гэта не пыталіся. Я чакаў, мне хацелася паглядзець, я пацяшаўся. Мне бачыцца вельмі забаўнай гэтая нахабная і цырымонная высакамернасць, з якою ўсе гэтыя красунчыкі, усе гэтыя багацеі лічаць патрэбным звяртацца да тых, у каго нічога няма і хто бедны! Яны кожны раз нібы чытаюць ім павучанне. Бедны чалавек — што дзіця, свайго розуму ў яго няма... I потым (гэтага не гавораць, але так думаюць) ён сам вінаваты: Бог яго пакараў, гэта добра; благаславёны Бог!
Быццам мяне тут і не было, Майбуа гаварыў гучна сваёй куме:
— Добра, васпані, рабіць нам усё роўна няма чаго, скарыстаем гэтага беднага чалавека; на выгляд ён праставаты, ходзіць сабе па дварах, іграючы на жалейцы; ён, мабыць, ведае добра карчомны люд. Разведаем у яго, што думае тутэйшая вобласць, калі наогул...
— Тш!..
— ...калі наогул яна думае.
Дык вось, у мяне спыталіся:
— Ну, шаноўны, скажы нам, як у вас тут настроены мазгі?
Я перапытваю: