Кала Бруньён  Рамэн Ралан

Кала Бруньён

Рамэн Ралан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2001
55.06 МБ
Я быў ужо ля скрыжавання дарог, і, хоць і не сумняваўся наконт дарогі, якой мне трэба было ісці, я ўсё ж касавурыўся на іншую, што бруілася ў лугах сваёю красою і між агароджаў у квецені, акропленай расою...
«Як было б добра,— казаў я сабе,— прайсціся ў гэты бок! К чорту вялікія дарогі, якія вядуць проста да мэты! Дзень доўгі, ясны небасхіл. Мой дружа, не будзем гнаць мы з усіх сіл. Паспеем. У нашай старой язык ад чакання не адымецца... Божа ты мой, якая мілавідная гэтая сліўка з белай мордачкай! Пойдзем да яе на спатканне. Усяго нейкіх пяць-шэсць крокаў. Зефір развявае па паветры яе пер’е: быццам снег. Колькі шчабятлівых птушак! Ах, якая асалода!.. I гэты ручай, што віецца. мурлыкаючы, пад травою, нібы кацянё, якое, забаўляючыся, ганяе клубок на
дыване!.. Пойдзем за ім услед. Вось засень перагароджвае ягоны бег. Зараз ён пападзецца... Бач ты, круцель, як жа гэта ён прашмыгнуў? Ды вось тут, вось тут, між лапаў, між старых, вузлаватых, распухлых лапаў гэтага абезгалоўленага вяза. Ну і праныра!.. Але хацелася б ведаць, куды гэтая дарога мяне завядзе...»
Так я разважаў, ідучы па пятах за маім балбатлівым ценем, і прыкідваўся, крывадушнік, быццам не ведаю, куды нас хоча завабіць гэтая спакуслівая сцяжынка. Як ты гладка лжэш, Кала! Хітрэй за Уліса, ты падманваеш сам сябе. Ты йудоўна ведаеш, куды ідзеш! Ты гэта ведаў наперад, ужо выходзячы з замкавых варот. У гадзіне хады адсюль — ферма Сяліны, нашай былой Журбіны. Во мы яе здзівім! Але толькі хто з нас, яна ці я, здзівіцца больш? Ужо колькі гадоў я яе не бачыў? Што-небудзь засталося ад яе шустранькай мордачкі, ад хітрай грымасачкі маёй Ласачкі? Я магу смела перад ёю паўстаць; цяпер ужо няма чаго баяцца, каб яна згрызла мне сэрца сваімі вострымі зубкамі. Сэрца маё ссохлася, як старая лаза. Ды ці ёсць у яе тыя зубы? Ах, Ласачка, Ласанька, у былыя дні як умелі смяяцца і кусацца яны! I здзекавалася ж ты з беднага Бруньёна! I вярцела ж, і круціла ж ты ім, ой-ой, круцёлкай, ходырам, колам, як ваўчком! Што ж, калі гэта цябе цешыла, ты мела рацыю, любая мая. Які баран тады быў я!..
Я бачу самога сябе, як я стаю, разявіўшы рот, аблакаціўшыся абедзвюма рукамі на каменную агароджу мэтра Медара Ланьё, майго гаспадара, які навучыў мяне высакароднаму мастацтву скульптуры. А на той бок агароджы, на вялікім агародзе, сумежным з дваром, што служыў нам майстэрняй, паміж градак латуку і трускавак, ружовай радыскі, зялёных агуркоў і залацістых дыняў, пахаджвала, з босымі нагамі, з голымі рукамі і з паўаголенымі грудзьмі, апрану'тая ўсяго толькі ў цяжкія рыжыя косы, у сарочку з суравой тканіны, пад якою тырчалі яе тугія грудзі, і ў кароткую спадніцу, вышэй каленяў, прыгожая, бойкая дзяўчына, нахіляючы смуглымі і моцнымі рукамі дзве палівачкі, поўныя вады, над кучаравымі галовамі раслін, якія разяўлялі свае маленвкія дзюбы, каб піць. А я, абамлеўшы, разяўляў сваю немалую дзюбу, каб лепш бачыць. Яна хадзіла ўзад і ўперад, апарожнівала палівачкі, вярталася да цыстэрны, налівала іх зноў, абедзве разам, выпрамлялася, як былінка, і зноў асцярожна ступала ўздоўж вузкіх сцежачак, па сырой зямлі, сваімі кемнымі нагамі з доўгімі пальцамі, якія нібы абмацвалі на хаду спелыя суніцы, усе ў мёдзе. Калені ў яе былі круглыя і моцныя, як у хлапчука. Я з’ядаў яе вачамі. Яна быццам не заўважала, што я на яе гляджу. Але падыходзіла ўсё бліжэй і бліжэй, струменячы свой лёгкі дождж; і, апынуўшыся зусім блізка, раптам стрэльнула па мне сваім вокам... Ай-ай, я так і адчуваю кручок і цесныя зашмаргі расстаўленых вакол мяне сілкоў. Праўду кажуць: «бабскі кручок, як павучок!» Крыху яна мяне зачапіла, я захваляваўся... Ды ўжо позна! Так і прыпаў я, дурная муха, да агароджы, з прыліплымі крыламі. Яна перастала
звяртаць на мяне ўвагу. Прысеўшы на кукішкі, яна перасаджвала капусту. I толькі зрэдку каварная звярынка крадком паглядвала ў мой бок, каб пераканацца, што здабыча не выбралася з пасткі. Я бачыў, што яна пасмейваецца, і колькі я ні пераконваў сябе: «Мой бедны дружа, ідзі, яна з цябе здзекуецца», але, бачачы, што яна пасмейваецца, я і сам пасмейваўся. Ну ж і блазенскі, відаць, у мяне быў выгляд! Раптам яна робіць скачок убок. Перамахвае праз градку, праз другую, праз трэцюю, бяжыць, падскоквае, ловіць на ляту пушок дзьмухаўцу, які мякка плыве на паветраных струменях, і, памахваючы рукою, крычыць, гледзячы на мяне:
— Яшчэ адзін закаханы папаўся!
3 гэтымі словамі яна засунула пушыстую лодачку ў выраз сваёй сарочкі, паміж грудзей. Я хоць і дурань, але ў сардэчных справах не такі ўжо і смаркач; я ёй сказаў:
— Засуньце і мяне туды!
Тут яна разрагаталася і, узяўшыся ў бокі, расставіўшы ногі, адказала мне проста ў твар:
— Палюбуйцеся на гэтага абжору! He для цябе, губашлёп, спеюць мае яблыкі...
Так, аднойчы, у жнівеньскі вечар, я пазнаёміўся з ёю, з Ласанькай, з Ласачкай, з прыгожай садоўніцай. Ласачкай яе звалі таму, што, як у той, у вастрамордай васпанначкі, у яе былі доўгае цела і маленькая галава, хітры пікардыйскі нос, рот, што злёгку выступаў уперад і быў добра расшчэплены, каб смяяцца і каб грызці сэрцы і арэхі. Але ад яе цёмна-сініх вачэй, злёгку зацягнутых дымкай сонечнага пераднавальнічнага часу, і ад куточкаў яе губ, губ манернай фаўны з колкай усмешкай, цягнулася ніць, з якой рыжы павук ткаў сваю павуціну, што аблытвала людзей.
3 той пары я бавіў палову дня, замест таго каб рабіць, за разявацтвам ля плота, пакуль ступня мэтра Медара, паддаючы мне ў зад без усялякай пачцівасці, не вяртала мяне да рэчаіснасці. Іншы раз Ласачка крычала, сярдуючы:
— Ды ўжо мо наглядзеўся на мяне і спераду і ззаду! Чаго ты яшчэ не бачыў? Павінен быў бы мяне ведаць ужо!
А я, хітра падміргваючы вокам, казаў:
— Жанчыну і кавун, аднак, спазнаеш на смак.
3 якой ахвотай я адрэзаў бы сабе скрылёк! Можа, мяне задаволіў бы і які-небудзь іншы плод. Я быў малады, з гарачай крывёю, закаханы ў адзінаццаць тысяч дзяўчат; ці яе кахаў я? Бываюць у жыцці дні, калі гатоў закахацца ў казу пры ўмове, што на ёй каптур. He, даволі, Бруньён, ты блюзнёрыш, ты сам не верыш таму, што кажаш. Першая, каго кахаеш, гэта і ёсць сапраўдная. шчырая. тая, каго павінен быў пакахаць; яе стварылі свяцілы, каб нас наталіць. I, відаць, таму, што я яе не паспытаў, мяне мучыць смага, вечная смага, і будзе мяне мучыць усё жыццё.
А ладзілі ж мы з ёю! Мы толькі і рабілі, што прабіралі адзін аднаго. Язычок у нас у абаіх быў падвешаны нядрэнна. Яна абсыпа-
ла мяне лаянкамі, а я на прыгаршчы адказваў ахапкам. Зрэнка і зубок у нас былі жвавыя. Іншы раз мы самі з сябе рагаталі да хрыпаты. I яна, каб зручней было рагатаць, выпаліўшы якое-небудзь злоснае слоўца, садзілася на кукішкі, апускаючыся, як квактуха, на сваю рэпу і цыбулю.
Вечарам яна прыходзіла гутарыць да майго плота. Я да гэтай пары бачу, як аднойчы, не перастаючы гаварыць і смяяцца і гледзячы мне ў вочы сваімі смелымі вачамі, шукаючы слабое месца ў маім сэрцы, каб прымусіць яго ўскрыкнуць, я бачу, як, падняўшы рукі, яна прыгінае да сябе вішнёвую галінку. абцяжаную пурпуровымі падвескамі, якія ўтваралі гірлянду вакол яе рыжых валасоў; і, выцягнуўшы шыю, закінуўшы галаву, яна, не зрываючы ягад, адклёўвае іх ад дрэва. пакідаючы вісець костачкі. Імгненны вобраз, вечны і дасканалы, маладосць, прагная маладосць, што наталяецца грудзьмі нябёсаў! Колькі разоў потым я вырэзваў выгін гэтых прыгожых рук, гэтай шыі, гэтых грудзей, гэтага прагнага роціка, гэтай адкінутай назад галавы — на створках мэблі, сярод квітнеючай вязі! Перагнуўшыся цераз плот, выцягнуўшы руку, я адабраў, я вырваў гэтую галінку, якую яна аб’ядала, я прыпаў да яе ротам. я прагна ўсмоктваў губамі вільготныя костачкі.
Сустракаліся мы таксама і ў нядзелі, на гуляннях ці ля склепа Бажы. Мы танцавалі, я быў грацыёзны, як жэрдка; каханне мяне акрыляла; каханне, кажуць, вучыць танцаваць аслянят. I, здаецца, ні на хвіліну мы не пераставалі ваяваць. Во ўжо задзірака яна была! I наслухаўся ж я ад яе зубастых жарцікаў наконт майго крывога носа, наконт маёй разяўленай ляпы, дзе, па яе словах, можна пячы пірагі, наконт маёй барады, як у шаўца, і ўсёй гэтай маёй фігуры, якую пан кюрэ лічыць створанай па вобразу і падабенству Бога, які мяне стварыў. (Во смеху ўжо будзе, калі мы з ім сустрэнемся!) Яна не давала мне ні хвіліны спакою. Зрэшты, і я не заставаўся ў даўгу.
Нарэшце, далібог, мы пачыналі распальвацца. Памятаеш ты, Кала, збор вінаграду ў мэтра Медара Ланьё? Запрасілі і Ласачку. Мы працавалі з ёю побач, угнуўшыся паміж кустоў. Нашы галовы амаль дакраналіся. і сяды-тады мая рука, агольваючы лазу, чапляла яе бядро ці нагу. Тады яна падымала свой расчырванелы твар і брыкалася, як маладая жарабіца, ці мазала мне па носе ліпкай гронкай; а я браў сакавітую чорную гронку і расціскаў аб яе залацістыя грудзі, абпаленыя сонцам... Яна абаранялася. як чартоўка. Як я ні праследаваў яе, мне так і не ўдавалася заспець яе знянацку. Абое мы падпільноўвалі адзін аднаго. Яна сама раздзімала агонь і глядзела, як я гару, пакепліваючы з мяне:
— Ты мяне не атрымаеш, Кала...
А я, з нявінным выглядам, прымасціўшыся на сваім плоце — тлусты кот. які скруціўся ў клубок, прыкідваецца сонным і праз вузкія шчыліны прыадкрытых павек сочыць за танцоркай мышкай,— я наперад аблізваўся.
— Паглядзім, хто з нас пасмяецца!
I вось аднойчы днём (гэта было якраз у маі), у самым канцы месяца (але тады было намнога гарачэй, чым цяпер), спякота стаяла страшэнная; белае неба веяла на нас сваім пякучым дыханнем, як пашча печы; і, засеўшы ў гэтым гняздзе амаль ужо на тыдзень, навальніца выседжвала свае яйкі, якія ніяк не хацелі лопнуць. Можна было растаць ад гарачыні: рубанак быў увесь мокры, a свердзел ліпнуў да рук. Ласачка толькі што спявала і раптам змоўкла. Я стаў шукаць яе вачамі. У садзе нікога... I раптам я яе ўбачыў там, у цені будана. Яна, седзячы на прыступцы, спала, з адкрытым ротам, адкінуўшы галаву, на парозе. Адна яе рука павісла побач з палівачкай. Сон зваліў яе адразу. Яна аддавалася безабаронна, усім сваім распрасцёртым целам, напаўголая згарала пад палымнеючым небам, як Даная! Я палічыў сябе Юпітэрам. Я пералез праз плот, я прайшоўся па градках, топчучы капусту і салату, я абняў яе абедзвюма рукамі, я пацалаваў яе проста ў вусны; яна была гарачая і напаўголая і мокрая ад поту; яна не супраціўлялася, паўсонная, перапоўненая жаданнем; яна не адкрывала вачэй, і яе рот шукаў мой рот і адказваў на мае пацалункі. ІІІто адбылося са мною? Якое дзіва! Плынь азарту бушавала ў маіх жылах, я быў п’яны, я сціскаў гэтае ўлюбёнае цела; здабыча, аб якой я марыў, смажаны жаваранак падаў мне проста ў рот... I во (дурань!) я не адважыўся яе ўзяць. Неіікае дурнотнае сумленне ўва мне прачнулася. Я вельмі яе кахаў, мне было балюча думаць, што яна скавана сном, што са мною яе цела, але не душа, што маёй гордай садоўніцай я авалодаю па-здрадніцку. Я адарваўся ад шчасця, я разамкнуў нашы рукі, нашы вусны і ўсе тыя ланцугі, якімі мы былі скаваны. Гэта было нялёгка: мужчына — агонь, жанчына — пакулле, мы абое палалі, я дрыжаў і пыхцеў, як той другі дурань, які перамог Антыопу26. Нарэшце, я ўзяў верх, паіншаму,— збег. I вось праз трыццаць пяць гадоў я чырванею пры думцы аб гэтым. Ах, бязглуздая маладосць!.. Як добра думаць, што быў такі дурны калісьці, як гэта асвяжае сэрца!..