Кала Бруньён  Рамэн Ралан

Кала Бруньён

Рамэн Ралан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2001
55.06 МБ
ваўшы ў Рыме, не нажывеш дабра». Ну і выдатна! Кажыце, што хочаце, я нікога не няволю. Калі вам гэтага не трэба, я буду захоўваць бачанае ў сябе пад павекамі, у глыбіні вачэй. He варта прымушаць людзей да шчасця сілай. Лепш быць шчаслівым разам з імі, на іхні лад, а потым на свой. Два шчасці даражэйшыя за адно.
Таму, малюючы ўпотай рыльца Дэлаво, а заадно і кюрэ, які, размаўляючы, махае крыламі, я слухаю і падпяваю іхняй песенцы, добра мне вядомай: «Якое шчасце, Божа на небясі, быць грамадзянінам горада Кламсі!» Вядома, як жа інакш? Гэта добры горад. Горад, які мяне стварыў, не можа быць дрэнным. Куст чалавечай пекнаты ў ім расце свежы і густы, тлусты і мірны, без калючак, не злосны, хіба што на язык, які ў нас востры, як штык. А калі і абгаворыш бліжняга (які адказвае тым жа), дык ад гэтага яму горш не будзе, а любіш яго толькі мацней і не парушыш на ім ні валаска. Дэлаво нагадвае нам (і мы ганарымся, усе, нават кюрэ) аб спакойнай іроніі нашага Неверскага краю пасярод вар’яцтваў усёй астатняй краіны, аб тым, як наш старшына Рагон адмовіўся далучыцца да Гюізаў, да лігі, да ерэтыкоў, да католікаў, да Рыма і Жэневы, да шалёных сабак і драпежных рысяў, і як Варфаламееўская ноч24 мыла ў нас свае акрываўленыя рукі. Аб’яднаўшыся вакол нашага герцага, мы стварылі астравок здаровага сэнсу, аб які разбіваліся хвалі. Нябожчык герцаг Людовік і добрай памяці кароль Генрых, пра іх немагчыма гаварыць без замілавання! Як мы любілі адзін аднаго! Яны былі створаны для нас, мы былі створаны для іх. У іх былі свае недахопы, натуральна, як і ў нас. Але гэтыя недахопы былі чалавечныя, яны рабілі іх бліжэйшымі да нас, не такімі далёкімі. Людзі гаварылі, падсмейваючыся: «Герцаг Неверскі — свавольнік зверскі!» ці: «Год будзе ўраджайным. Дзяцей будзе ўдосталь. Кароль нам яшчэ аднаго падарыў...» Ах, паелі мы тады ўвесь наш белы хлеб! Таму мы і любім пагаварыць пра тыя часы. Дэлаво, як і я, ведаў герцага Людовіка. Але караля Генрыха бачыў я адзін і карыстаюся гэтым, і, не чакаючы, пакуль мяне папросяць, я ім расказваю ў соты раз (для мяне гэта заўсёды — першы, ды і для іх, спадзяюся, калі яны добрыя французы), як я яго бачыў, шэрага караля, у шэрым капелюшы, у шэрай вопратцы (локці тырчалі з дзірак), верхам на шэрым кані, шэравалосага і шэравокага, звонку ўсё шэрае, але залатое нутро...
На бяду, пісьмавод пана натарыуса перабівае мяне, каб паведаміць яму, што памірае кліент і кліча яго. Ён павінен ісці, хоць і вельмі шкадуе, — але ўсё ж спачатку ўзнагароджвае нас гісторыйкай, якую рыхтаваў ужо цэлую гадзіну (я бачыў, што яна круціцца ў яго на языку; але раней я ўставіў сваю). He стану спрачацца, яго расповяд быў добры, я вельмі смяяўся. Як знаўца небыліц наш Дэлаво проста цуд.
Прасвятліўшы такім чынам розум і погляд, асвяжыўшыся і прамыўшыся ад горла да пят, мы выйшлі ўсе разам. (Было, мабыць, без чвэрці пяць ці каля пяці. За тры якія-небудзь гадзіны
я падчапіў, акрамя двух добрых абедаў і вясёлых успамінаў, заказ на два баулы, якія прасіў мяне зрабіць натарыус.) Кампанія разбрылася, папярэдне абмакнуўшы сухарык у чарку чорнапарэчкавай у Ратры, аптэкара. Тут Дэлаво дараспавёў сваю гісторыйку і правёў нас, каб паслухаць яшчэ адну, да Мірандолы, дзе мы рассталіся ўжо канчаткова, зрабіўшы кароценькі прыпынак тварам да сцяны, каб даць ход апошнім выліванням.
Так як вяртацца дамоў было вельмі позна і вельмі рана, дык я спусціўся ў Віфлеем з нейкім вугалыпчыкам, які ішоў побач са сваёю павозкай, трубячы ў ражок. Каля вежы Лурдо насустрач мне натрапіўся калеснік, які бег, гонячы перад сабою кола; і, калі яно запавольвала ход, ён падскокваў і падганяў яго нагою. Нібы чалавек, які даганяе кола Фартуны; і як толькі ён збіраецца на яго ўскочыць, тое ўцякае. Я прыкмеціў гэты вобраз, каб яго выкарыстаць.
Тым часам я раздумваў пра тое, як мне лепш вярнуцца ў маю хату, напрасткі ці вакольным шляхам, як раптам убачыў працэсію, што выходзіла з Пантэнора*, паперадзе гарэза, ростам з маю нагу, нёс крыж, падпіраючы яго жыватом, быццам кап’ё, паказваючы язык другому служцы і косячыся на кончык сваёй свяшчэннай палкі. Следам чатыры дзяды з чырвонымі і ўспухлымі рукамі неслі, дробненька перабіраючы нагамі, нябожчыка, накрытага прасціной, які адыходзіў, пад крыльцам кюрэ, дасынаць свой сон у сырой зямлі. 3 ветлівасці правёў яго і я да ягонага жытла. Усё ж весялей, калі ты не адзін. Павінен прызнацца, што далучыўся я хутчэй, каб паслухаць удаву, якая, як заведзена, ішла побач са святаром, галосячы, апавядаючы пра тое, як нябожчык хварэў, якія прымаў лекі і як паміраў, выкладаючы яго вартасці штодзённыя, яго якасці цялесныя і духоўныя,— словам, усё яго жыццё і сваё жыццё як жонкі. Яе элегія чаргавалася з песнямі кюрэ. Мы ішлі за імі следам, цікуючы: бо зразумела само сабою, што па дарозе да нас далучаліся, каб паспачуваць, добрыя душы і, каб паслухаць, многія вушы. Нарэшце, дабраўшыся да месца прызначэння, да гатэлю вечнага супакаення, яго паставілі ў труне ля краю глыбокай ямы; а так як жабракам строга забаронена драўляную сарочку забіраць на той свет (спаць не горш і голым), дык, зняўшы прасціну і века, яго вытраслі ў яму.
Кінуўшы туды прыгаршчы зямлі, каб мяккай была ягоная пасцель, і асяніўшы яго крыжам, каб адмежавацца ад дрэнных сноў, я пайшоў зусім задаволены: усё я бачыў, усё я чуў, прыняў удзел у радасцях, прыняў удзел у горы, мая кайстра была поўная.
У зваротную дарогу я рушыў берагам. Я разлічваў, выйшаўшы да зліцця рэк, пайсці ўздоўж Беўрона проста дахаты, але вечар быў такі цудоўны, што, сам таго не заўважыўшы, я апынуўся за горадам і накіраваўся ўздоўж чараўніцы Іоны, якая завяла мяне да цясніны Ла Фарэ. Спакойная і гладкая вада бруілася без адзінай складкі на
* Бальніца.— Р. Р.
сваім светлым адзенні; зрэнкі не маглі адарвацца, быццам рыба, якая праглынула кручок; і неба, як і я, было захоплена невадам ракі; яно купалася ў ёй з усімі сваімі аблокамі, якія чапляліся, плывучы, за траву, за чараты; і сонца абмывала ў вадзе свае залатыя валасы. Я падсеў да старога, які пасвіў, цягнучы нагу, дзвюх худых кароў; я распытаў у яго пра здароўе, параіў яму нацягваць на нагу панчоху, напханую калючай крапівой (я вольным часам займаюся лячэннем). Ён распавёў мне пра сваё жыццё, пра свае беды і маркоты, гэта весела; відаць, пакрыўдзіўся, што я даў яму гадоў на пяць менш, чым яму было сапраўды (а было яму семдзесят пяць); гэтым ён ганарыўся, яго цешыла, што. пражыўшы больш за іншых, ён больш за іншых зазнаў усяго. Яму здавалася натуральным, каб чалавек цярпеў, каб добрыя пакутавалі разам з дрэннымі, бо міласць нябесная распаўсюджваецца аднолькава і на дрэнных і на добрых; такім чынам, у выніку ўсё аднолькава, усё добра; багатыя і бедныя, прыгожыя і брыдкія, усе аднойчы мірна спачынуць у абдымках таго ж Ойчы... I яго думкі, яго голас, траскучы, як цвыркун у траве, журчанне плаціны, пах дрэў і дзёгцю, што даносіўся з ветрам ад прыстані, спакойная плынь вады, прыгожыя водбліскі — усё спалучалася і злівалася з вячэрняю цішынёй.
Стары пайшоў, я рушыў дадому адзін, не спяшаючыся, разглядваючы кругі, якія разыходзіліся на вадзе, і заклаўшы рукі за спіну. Я быў так захоплены сваім уяўленнем, якое бруіла ўздоўж Беўрона, што не заўважаў, ні дзе я, ні куды іду; так што раптам сцепануўся, пачуўшы, як мяне кліча з таго берага добра знаёмы голас. Я, сам таго не заўважыўшы, апынуўся насупраць уласнай маёй хаты! 3 акна мая пяшчотная сяброўка, мая жонка, паказвала мне кулак. Я прыкінуўся, што не бачу яе ніяк, уставіўшыся вачамі ў ваду; і ў той жа час пацяшаўся, назіраў, як яна шалее і махае рукамі, уніз галавою, у люстэрку ракі. Я маўчаў, але жыватом сваім смяяўся. і жывот у мяне калаціўся. Чы.м мацней я рагатаў, тым абураней яна нырала ў Беўрон, і чым глыбей яна ў яго кулялася, тым мацней я рагатаў. Нарэшце, яна люта ляснула акном і дзвярьша і вылецела бурай, каб мною завалодаць... Так, але ёй трэба было перайсці рэчку. Злева? Справа? Мы былі паміж двух мастоў... Яна выбрала пешаходныя масткі, справа. A я, зразумела, як убачыў, што яна накіроўваецца гэтым шляхам, рушыў супрацьлеглым і вярнуўся праз вялікі мост, дзе адзінокі Гадэн, як чапля, усё яшчэ стаічна тырчаў з раніцы.
Я быў дома. Ужо надышла ноч. I як гэта мінаюць дні? Я, дзякуй Богу, не падобны да Ціта25, да гэтага рымскага гультая, які вечна вохкаў аб страчаным часе. Я не губляю нічога, я сваім днём задаволены, я яго зарабляю. Але толькі мне патрэбны былі б два дні, два дні кожны дзень; бо мне не хапае. Толькі я пачынаю піць, як шклянка ўжо і пустая; яна з расколінай! Я ведаю людзей, якія хлебчуць сабе і скончыць не могуць. Ці, чаго добрага, у іх шклянка большая за маю? Во ўжо была б страшэнная несправядлівасць!
Гэй ты там, шынкар пад шыльдай Сонца. ты, хто разлівае дні, адпусці мне поўную меру!.. Ды не. благаславёны ты, Божа, што наканаваў мне ўставаць з-за стала кожны раз галодным і да таго любіць дзень (ноч таксама добрая). што і ночы і дня мне заўсёды мала!.. Як ты бяжыш, красавік! Ужо ты і скончаны, дзень! Нічога! Я вас цалкам спазнаў, вы былі маімі, у маіх руках. I я цалаваў твае маленькія грудкі, дзяўчынка тоненькая, стройненькая дачушка вясны... А цяпер, ноч, прывітанне і табе! Я бяру цябе. Кожнаму свая чарга! Мы ляжам разам... Ах, чорт, гэта ж паміж намі ляжа яшчэ адна. Вярнулася старая, мая жонка...
ГЛАВА ПЯТАЯ
Ласачка
Май
Тры месяцы таму мне заказалі шафу з вялікім пасуднікам, для замка Ануа, але, перш чым пачаць, я хацеў паглядзець яшчэ раз сваімі вачамі на дом. на пакой, на месца. Бо прыгожая мэбля — гэта як шпалерны плод; без дрэва ён ідзе на звод; і якое дрэва, такі і плод. He кажыце аб прыгажосці, якая добра пачувае сябе там. дзе грошы добрыя ў кішэнь плывуць, як дзеўцы, калі ёй больш даюць. Гэта вулічная Венера. Ддя нас мастацтва нешта роднае, геній жытла, сябар, таварыш: яно гаворыць само за сябе лепш, чым мы самі, тое, што ўсе мы адчуваем; мастацтва — гэта наш хатні Бог. Каб яго ведаць, трэба ведаць яго дом. Бог створаны для чалавека, а твор мастацгва для прасторы. якую яно завяршае і напаўняе. Прыгожае тое, што на сваім месцы найпрыгажэйшае за ўсё.
Дык вось, я пайшоў зірнуць на месца, дзе б я змог размясціць маю работу; і там я прабавіў частку дня, улічваючы яду і пітво: бо дзеля зняцця з творчага духу грузу трэба даваць волю пузу. Абодвух задаволіўшы, я рушыў у зваротную дарогу і весела ішоў дахаты.