Кала Бруньён  Рамэн Ралан

Кала Бруньён

Рамэн Ралан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2001
55.06 МБ
Пасля чаго, стаміўшыся ад размоў, мы заспявалі, зацягнуўшы ў тры галасы ўслаўленне Вакху, адзінаму богу, наконт якога ні я, ні Паяр, ні кюрэ не спрачаліся. ІІІамай заяўляў голасна, што перад ім ён аддае перавагу тым, пра каго разглагольствуюць у сваіх пропаведзях усе гэтыя брудныя манахі Кальвіна і Лютэра і іншы зброд. Вакх — гэта бог, якога прызнаць можна і варты павагі, бог паходжання высакароднага, чыста французскага... ды што там — хрысціянскага, браты мае дарагія: хіба ж Ісус на некаторых старых партрэтах не малюецца іншы раз у выглядзе Вакха, які топча нагамі вінаградныя гронкі? Дык вып’ем жа, сябры, за нашага збавіцеля, за нашага хрысціянскага Вакха, за нашага ўсмешлівага Ісуса, чыя пунсовая кроў бруіцца па нашых схілах і напаўняе духмянасцю нашы вінаграднікі, языкі і душы і ўсяляе свой пяшчотны дух, чалавечны, шчодры і незлабліва хітры, у нашу ясную Францыю, з цвярозым розумам і з кроўю здаровай!
У гэтым месцы нашай гутаркі, калі мы ўзнеслі шклянкі ў гонар вясёлага французскага розуму, які смяецца з усялякай крайнасці («Мудрэц садзіцца пасярэдзіне»... таму нярэдка садзіцца на зямлю), гучнае бразганне дзвярыма, цяжкія крокі па лесвіцы, закліканне Ісуса і ўсіх святых і бурныя прыглушаныя ўздыхі абвясцілі нам прышэсце пані Элаізы Кюрэ, гэтак звалі эканомку, «Кюрыхі» таксама. Сапучы і выціраючы шырокі твар краем фартуха, яна выгукнула:
— Ох! Ох! Дапамажыце, пан кюрэ!
— Што здарылася, дурніца? — злосна спытаўся той.
— Ідуць! Ідуць! Гэта яны!
— Хто яны? Гэтыя вусені, якія расхаджваюць па палетках хрэсным ходам? Я табе сказаў, не гавары мне пра гэтых паганцаў, пра маіх прыхаджан!
— Яны вам пагражаюць!
— Мне напляваць. Чым гэта? Скаргай у духоўны суд? Калі ласка! Я гатоў.
— Ах, паночку, каб ды толькі скаргай!
— А "ым жа тады? Кажы!
— Яны там сабраліся ў даўгавязага Піка і вытвараюць, што называецца, калабістычныя знакі і закляцці і спяваюць: «Збірайцеся, мышы і жукі, з усіх палёў збірайцеся і аб’ядаць склеп і сад да Шамая адпраўляйцеся!»
Пры гэтых словах Шамай усхапіўся:
— О ліха! У мой сад іхнія жукі! I ў мой склеп... Яны мяне рэжуць! I трэба ж прыдумаць! О Божа, Сімяон угоднік, дапамажыце вашаму кюрэ!
Дарэмна стараліся мы яго супакоіць, дарэмна смяяліся.
— Смейцеся, смейцеся! — крычаў ён на нас.— Былі б вы на маім месцы, панове мудрыя, вы менш смяяліся б. Яшчэ б! Я і сам смяяўся б, калі б сядзеў у вашай шкуры: гэта не штука! А паглядзеў бы я на вас, як бы вы ўспрынялі такую вестку, рыхтуючы корм, пітво і жытло для гэткіх жыхароў!.. Жукі! Пошасць якая... I мышы!.. Я не хачу! Ды тут жа хоць галаву сабе раструшч!
— Хопіць, чаго ты? — сказаў я яму.— Ты ўсё ж кюрэ? Чаго ты баішся? Развей іх змову! Ты ж у дваццаць разоў больш ведаеш, чым твае прыхаджане! Ты ж мацнейшы за іх будзеш!
— Дзе там! Нічога я не ведаю. Даўгавязы Пік — хлопец дасціпны. Ах, сябры мае, сябры мае! Ну і навіна! Во разбойнікі!.. А я быў такі спакойны, такі ўпэўнены. Ах, ні на што на свеце нельга спадзявацца. Адзін Бог вялікі. Што я магу зрабіць? Я папаўся. Я ў іхніх руках... Элаіза, мілая, ідзі, бяжы, скажы ім перастаць! Я іду, я іду, нічога не папішаш! Ах, мярзотнікі! Ну ўжо, калі прыйдзе мая чарга, на парозе іхняй смерці... А пакуль (няхай будзе воля...) прыходзіцца мне скакаць пад іхнюю дудку! Што ж, застаецца выпіць чашу. Я яе вып’ю. I не такія выпіваў!..
Ён устаў. Мы спыталі:
— Ты гэта куды ж раптам пайшоў?
— У крыжовы паход,— буркнуў ён,— на жукоў.
ГЛАВА ЧАЦВЁРТАЯ
Г у л ь т а й, або Вясенні дзень
Красавік
Красавік, вясны дачушка стройненькая, дзяўчынка тоненькая, чые вочкі такія ясныя, я гляджу, як цвітуць твае маленькія грудкі на галінцы абрыкоса, на белай галінцы з вострымі ружаватымі пупышкамі, аблашчанымі свежымі ранішнімі промнямі, у маім
садзе, за маімі вокнамі. Якая цудоўная раніца! Якое шчасце думаць аб тым, што будзеш жыць, што жывеш гэтым днём залатым! Я ўстаю, я распростваю мае старыя рукі, у якіх я адчуваю слаўную ўтому пасля бязлітаснай работы. Апошнія два тыдні мае чаляднікі і я, каб згладзіць нявольнае гультайства, узнімалі габлюшкі пад самыя нябёсы, і дрэва ў нас спявала на ўсе галасы. На жаль, наш працоўны голад пражэрлівейшы за апетыт заказчыкаў. Ніхто нічога не купляе, і яшчэ менш за тое спяшаюцца плаціць па старых заказах; ва ўсіх каліта спустошаная; няма больш крыві ў кашальках; але ёсць яшчэ ў нашых руках і палях; зямля добрая, тая, з якой я створаны і на якой жыву (яна адна і тая ж). «3 малітвай працуючы, станеш жыць пануючы». Усе яны паны-каралі, людзі нашай зямлі, ці стануць імі паволі, праўда, далібог, таму што я чую сёння зранку, як шумяць млыны на рацэ глыбокай, як кавальскі мех скрыпіць недалёка, на кавадлах малаткі звіняць, скачуць весела часам, на дошках разакі сякуць косці з мясам, як конь фыркае і п’е, як шавец пастуквае і пяе, грукат колаў на дарогах, стук чаравікаў шматногі, лясканне бізуноў, траскатню прахожых, гоман галасоў, гучны спеў званоў — словам, дыханне горада на рабоце, у працоўным поце: «Ойча наш, мы месім сабе хлеб надзённы, пакуль ты нам яго дасі: так яно надзейней...» А над маёй галавой — яснае неба вясны маладой, дзе праносяцца чароды белых аблок, гарачае сонца і ветру халадок. 1 быццам... уваскрасае маладосць! Яна з глыбінь часоў мяне вітае і ў старым сэрцы, у тым, што так чакае, гняздо былое зноў звівае. Мілая бяглянка, як яе любіш, калі яна вернецца зноў! Куды большая, куды лепшая, чым у першы дзень, гэтая любоў...
Тут, я чую, скрыпіць флюгарка на страсе, і мая старая рэзкім голасам крычыць штосьці камусьці, мабыць, мне. (Мне слухаць неахвота.) Але ўспалошаная маладосць юркнула. Чорт бы на яе, на гэтую флюгарку... А яна, не помнячы сябе (я кажу пра маю старую), спускаецца да мяне, і ў мяне ля барабаннай перапонкі гучыць голас звонкі:
— Што ты тут робіш, склаўшы рукі, пазяхаючы варонам услед, няшчасны дармаед, разявіўшы рот шырэй ад варот? Ты палохаеш птушак нябесных. Чаго ты чакаеш? Каб табе ўпаў у рот смажаны чыж ці наплакаў стрыж? А я тым часам поркаюся, горблюся, стараюся, убіваюся, працуючы да сёмага поту, каб служыць гэтаму абармоту!.. Нябось, слабая жанчына, такая твая доля! Дык вось жа не, не, таму што Бог не наказваў, каб нам даставалася ўся праца, а каб Адам швэндаўся і там і тут, заклаўшы рукі за спіну. Я хачу, каб і ён таксама пакутаваў, і хачу, каб яму было цяжка. А інакш, калі б яму было весела, прайдзісвету, было б за што зняверыцца ў Богу! На шчасце, ёсць я, каб выканаць яго святую волю. Перастанеш ты смяяцца? За работу, калі хочаш, каб кіпеў гаршчок!.. Будзьце ласкавы бачыць, як ён мяне слухаецца! Ды ці зрушышся ты з месца?
Я адказваю з мяккай усмешкай:
— Зрушуся, красуня. Грэх было б сядзець дома ў гэткую раніцу.
Я заходжу ў майстэрню. крычу чаляднікам:
— Мне патрэбен, сябры мае, кавалак дрэва, пругкі, пяшчотны і цвёрды. Я схаджу да Рыу паглядзець, ці няма ў яго на складзе добранькай трохцалёвай дошкі. Гоп! Канья! Рабінэ! Пойдзем выбіраць!
Мы з імі выходзім. Старая мая крычыць. Я ёй кажу:
— Спявай на здароўе!
Можна было б не даваць такой парады. Ну і музыка! Я стаў пасвістваць, каб выйшла гучней. Дабрак Канья гаворыць:
— Што вы, гаспадыня! Можна падумаць, што мы адпраўляемся падарожнічаць. Праз якую-небудзь чвэрць гадзіны мы будзем дома.
— 3 гэткім разбойнікам,— сказала яна,— хто можа паручыцца?
Біла дзевяць гадзін. Мы накіраваліся ў Беян, дарога туды нядоўгая. Але на Беўронскім мосце спыняешся мімаходам (трэба ж спытацца пра здароўе пры сустрэчы з народам), вітаеш Фецю, Гадэна і Трэнке, па мянушцы Жан-Прыгажун, якія пачынаюць свой дзень, седзячы на плаціне і гледзячы, як цячэ вада. Гутарыш хвілінку пра тое, пра сёе. Потым мы рухаемся далей, чын чынам. Мы людзі сумленныя, ідзём прамой дарогай, ні з кім не загаворваем (праўда, насустрач нам ніхто не трапляецца). Аднак (чалавек чуллівы да прыгажосці прыроды) залюбуешся небам, вясеннімі парасткамі, яблыняй у квецені, ля сцен, у кювеце, загледзішся на ластавачку, пастаіш, паспрачаешся, адкуль вецер...
На паўдарозе я абдумваюся, што яшчэ не пацалаваў сёння маёй Гладзі. Я кажу:
— Вы сабе ідзіце. Я зраблю круг. У Рыу я вас даганю.
Калі я падыходзіў, Марціна, мая дачка, мыла сваю краму, не шкадуючы вады і не перастаючы балбатаць, балбатаць і балбатаць то з адным, то з другім, з мужам, з хлопчыкамі, з памочнікам і з Гладзі, ды яшчэ з дзвюма-трыма суседкамі, з якімі яна рагатала да слёз, не перастаючы балбатаць, балбатаць і балбатаць. А калі яна скончыла — не балбатаць, а мыць,— яна выйшла і выплюхнула вядро на вуліцу, з усяго размаху. Я спыніўся было за некалькі крокаў, каб ёю палюбавацца (яна мне радуе вочы і душу, што за кавалачак!), і палова вядра папала мне на ногі. Яна разрагаталася яшчэ больш, а я яшчэ грамчэй за яе. Ах, гэтая гальская прыгажуня, якая смяецца мне ў твар, з чорнымі валасамі, якія паглынаюць яе лоб, густымі бровамі, гарачымі вачамі і вуснамі яшчэ гарачэйшымі за іх, чырвонымі, як вугалі, і пухлымі, як слівы! Плечы і рукі ў яе былі голыя, а падол дзёрзка падаткнуты. Яна сказала:
— У добры час! Табе што, папала ўсё?
Я адказваў:
— Амаль што так, але я вады не баюся, каб толькі не патрабавалася яе піць.
— Заходзь,— сказала яна,— Ной, уратаваны ад патопу, Нойвінаградар.
Я зайшоў, убачыў Гладзі ў кароткай спаднічцы, якая ўладкавалася пад прылаўкам.
— Прывітанне, маленькая булачніца!
— Гатова закласціся,— сказала Марціна,— што я ведаю, чаму ты так рана пайшоў сёння з дому.
— Ты можаш не баяцца пройгрышу, табе прычыну ведаць лёгка, ты ссала яе малако.
— Дык гэта маці?
— А то ж хто?
— Якія баязліўцы гэтыя мужчыны!
Фларымон, які якраз уваходзіў, прыняў гэта на свой рахунак. Ён напусціў на сябе абражаны выгляд. Я яму сказаў:
— Гэта мне. He крыўдуй, юнак!
— Хопіць на абодвух,—сказала яна,— не будзь такім скупым.
Той па-ранейшаму строіў абражаную годнасць. Гэта сапраўдны буржуа; ён не дапускае, каб з яго можна было пасмяяцца; і калі ён бачыць нас разам, мяне з Марцінай, ён насцярожваецца, ён з недаверлівым позіркам чакае, якія словы выдасць наш ротнасмешнік. Ах, бедныя мы! Якіх толькі падкопаў нам не прыпісваюць!
Я сказаў з нявінным выглядам:
— Ты жартуеш, Марціна; я ведаю, Фларымон у сваёй хаце гаспадар; ён не дасць сябе асядлаць. як я. Да таго ж і яго Фларымонда ціхая, пакорлівая, волі ў яе няма, ні слова не скажа ў адказ. Гэтая слаўная дзяўчына ўся ў мяне, хто заўсёды быў чалавекам баязлівым, паслухмяным і забітым!