Кала Бруньён  Рамэн Ралан

Кала Бруньён

Рамэн Ралан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2001
55.06 МБ
Мэтр Паяр адказваў:
— Кум, «бачыш вока чужое, ды не бачыш сваё». Твае прыхаджане неразумныя, ты маеш рацыю. Але сам ты ці здаравейшы розумам за іх? He табе казаць, кюрэ; ты паводзіш сябе зусім гэтак жа, як яны. Чым твае святыя лепшыя за іхніх дамавікоў і фей? Мала было завесці аднаго Бога ў траіх, ці траіх у адным, і багінюмаці, трэба было яшчэ засяліць у вашых пантэонах кучу бажкоў у спадніцах і панталонах, каб замяніць зніштожаных у нішах апустошаных. Але гэтыя багі, не, далібог, не вартыя папярэдніх. Няведама адкуль яны бяруцца; яны лезуць адусюль, як смаўжы, няскладныя, нерадавітыя, паршывыя, убогія, нямытыя, пакрытыя язвамі і гузамі, звашыўленыя; адзін выстаўляе напаказ кроватачывы абрубак ці на клубе ў сябе глянцавітую балячку; іншы какетліва носіць загнаную яму ў загрывак плаху; гэты разгульвае з галавой пад пахай; той урачыста трымае ў пальцах уласную скуру і трасе ёю, як кашуляй. I, каб не хадзіць далёка, што нам сказаць, кюрэ, пра твайго святога, пра таго, які валадарыць у цябе ў царкве, пра Сімяона Стоўпніка, таго, які сорак гадоў прастаяў на адной назе на сваім стаўпе ў позе чаплі?
Шамай падскочыў і ўсклікнуў:
— Пачакай, пачакай! Іншыя святыя яшчэ як бы там ні было. Мне іх сцерагчы не даручана. Але гэты, паганец ты гэтакі, гэта мой, я ў яго ў хаце. Мой сябра, будзь ветлівы!
— Добра (я твой госць), няхай твая птушка тырчыць сабе, падабраўшы нагу, але скажы ты мне, што ты думаеш пра карбіньійскага абата, які сцвярджае, быццам у яго ў бутэльцы захоўваецца млека Прасвятой Дзевы; і скажы мне сваю думку пра пана Сермізеля, які аднойчы, калі яго праняло, паставіў сабе клісцір са святой вады з астанкамі ад мошчаў!
— А думаю я тое,— сказаў Шамай,— што сам ты вось цяпер смяешся, а калі б цябе даймала ў заднім праходзе, зрабіў бы, як пан дэ Сермізеле, па яго модзе. Што да карбіньійскага абата, дык усе гэтыя манахі, каб адбіць у нас пакупнікоў, гатовыя гандляваць, калі б маглі, анёльскім малаком, архангельскімі вяршкамі і серафімавым маслам. Ты мне пра іх не кажы! Манах і кюрэ — гэта сабака і кот.
— Дык ты, кюрэ, не верыш у гэтыя мошчы?
— He, у іхнія мошчы не веру, я веру ў свае. У мяне ёсць плечавы адростак лапаткі святой Дыятрыны, які лішаістым прасвятляе мачу і колер твару. I ў мяне ёсць цемянная костка святога Паклія, якая выганяе чарцей з барановых жыватоў... Ці можна не смяяцца? Ты скаліш зубы, нехрыст? Дык ты ні ў што не верыш? У мяне ёсць граматы (сляпы, хто ўсумніўся б! Я па іх схаджу), на пергаменце і за подпісам; ты пераканаешся, пераканаешся ў іх сапраўднасці!
— Сядзі, сядзі і пакінь свае паперы. Ты і сам у іх не верыш, Шамай, у цябе нос варушыцца... Чыя б яна ні была, адкуль бы яна ні ўзялася, косць заўсёды будзе косць, і хто ёй пакланяецца — ідалапаклоннік. Кожнай рэчы сваё месца; мёртвых — на могілкі! Я веру ў жывых, веру таму, што зараз дзень, што я п’ю і разважаю,— і разважаю цудоўна,— што двойчы два чатыры, што зямля ёсць нерухомае свяціла, якое згубілася сярод рухомай прасторы; я веру ў Гі Какіля18 і магу прачытаць табе, як хочаш, на памяць Збор звычаяў нашага Неверскага краю; я веру таксама ў кнігі, дзе кропля за кропляй працэджваюцца чалавечыя веды і чалавечы вопыт; але найперш я веру ў свой розум. I (само па сабе зразумела) веру таксама ў Святое Пісанне. Няма дабрамыснага чалавека, які б у ім сумняваўся. Ці задаволены ты, кюрэ?
— He, незадаволены! — усклікнуў Шамай, раззлаваны не на жарт.—Ці ты кальвініст, ерэтык, гугенот, які мармыча сабе Біблію, спрабуе вучыць маці сваю царкву і лічыць (змяінае племя!), што можа абыходзіцца без кюрэ?
Тут узлаваўся і мой Паяр, пратэстуючы супраць таго, каб яго называлі пратэстантам, заяўляючы, што ён добры француз, прававерны католік, але чалавек разумны, у якога на месцы і мазгі і кулакі, які бачыць днём і без акуляраў, які заве дурня дурнем, a
Шамая — трыма дурнямі ў адной асобе ці адным у трох асобах (як яму хочацца), і які, каб уважыць Бога, паважае свой розум, вялікага светача найцудоўнейшы прамень.
На гэтым яны змоўклі і сталі піць, бурчалі і хмурыліся, абапёршыся локцямі на стол і сеўшы адзін да аднаго спінаю. Я разрагатаўся. Тады яны заўважылі, што я нічога яшчэ не сказаў, і сам я гэта заўважыў. Я ўвесь час за імі назіраў і слухаў, забаўляючыся іхняй спрэчкай, перакрыўляючы іх вачамі і тварам, паўтараючы сам сабе іхнія словы, бясшумна варушачы вуснамі, як трус, жуючы капусту. Але раз’юшаныя спрачальнікі запатрабавалі, каб я заявіў, з кім з іх я згодзен. Я адказваў:
— 3 абодвума, і яшчэ з кім-небудзь. Хіба мала ахвотнікаў паразважаць? Чым больш збярэцца дурняў, тым смяшней, а чым больш смеху, тым больш мудрасці. Сябры мае, калі вы хочаце даведацца, што ў вас ёсць, вы выпісваеце на паперы ўсе свае лічбы; потым вы іх складваеце. Чаму б вам не скласці разам усю вашу ману? Магчыма, у выніку атрымаецца ісціна. Ісціна вам паказвае дулю, як толькі вы хочаце прыбраць яе да рук. У сусвету, дзеці мае, ёсць не адно тлумачэнне: бо кожнае з іх тлумачыць толькі адзін бок пытання. Я згодзен з усімі вашымі багамі, і паганскімі, і хрысціянскімі, і з богам-розумам, апроч таго.
Пры гэтых словах абодва яны, аб’яднаўшыся супраць мяне, гнеўна заявілі, што я піронік19 і бязбожнік.
— Бязбожнік! Чаго вам трэба? Чаго вы ад мяне хочаце? Ваш Бог або вашы багі, ваш закон або вашы законы хочуць наведацца да мяне? Калі ласка! Я іх прыму. Я прымаю ўсіх, я чалавек ветлівы. Гасподзь Бог мне вельмі падабаецца, а яго святыя нават больш за яго. Я іх люблю, я іх шаную, я ім рады заўсёды; і яны (гэта людзі добрыя) ахвотна заходзяць да мяне пабалакаць сядытады. Але, калі ўжо гаварыць шчыра, аднаго Бога, прызнаюся вам, мне мала. Што зробіш. Я чалавек прагны... а мяне саджаюць на дыету! У мяне ёсць мае святыя ўгоднікі і святыя ўгодніцы, мае феі і духі, паветраныя, зямныя, лясныя і водныя; я веру ў розум; веру таксама ў вар’ятаў, якія бачаць ісціну; і веру ў ведзьмакоў. Мне падабаецца думаць, што падвешаная зямля калышацца ў аблоках, і мне хацелася б пакратаць, разабраць і зноў сабраць увесь цудоўны механізм сусветнага гадзінніка. Але гэта не азначае, што я не люблю слухаць спеў цвыркуноў далёкіх, зорак круглавокіх і разглядваць на месяцы чалавека з ліхтаром... Вы паціскаеце плячамі? Вы за парадак. Што ж, парадак рэч цудоўная! Але дарэмна ён не даецца, за яго даводзіцца плаціць. Парадак — гэта не рабіць таго, што хочацца, і рабіць тое, чаго не хочацца. Гэта значыць выкалаць сабе адно вока, каб лепш бачыць другім. Гэта значыць валіць лясы, каб пракладваць доўгія, прамыя дарогі. Гэта зручна, зручна... Але, Божа мой, як гэта непрыгожа! Я стары
гал; многа правадыроў, многа законаў, усе — браты, і кожны сам па сабе. Вер, калі хочаш, і дай мне не верыць, калі я хачу, ці верыць. Шануй розум. А галоўнае, мой дружа, не чапай багоў! Імі кішыць, імі дажджыць зверху, знізу, над галовамі і пад нагамі; свет ад іх уздуты, як паросная свіння. Я паважаю іх усіх. I я вам дазваляю падараваць мне яшчэ. Але самі вы не забераце ў мяне ніводнага і не падбухторыце мяне яго звольніць: хіба што ашуканец стаў бы празмерна злоўжываць маёй легкавернасцю.
Злітаваўшыся нада мною, Паяр і кюрэ спыталі, як гэта я разбіраю дарогу сярод такога гармідару.
— Я разбіраю яе выдатна,— адказваў я.— Кожная сцяжынка мне знаёмая, я па іх хаджу, як дома. Калі я іду лесам адзін з Шаму ў Везлэ, няўжо, па-вашаму, мне патрэбна праезная дарога? Я хаджу туды і назад, з закрытымі вачамі, па браканьерскіх сцежках; і калі я, магчыма, і прыходжу апошнім, затое я прыношу дахаты напакаваны ягдташ. У ім усё на сваім месцы, у парадку, з ярлычком: Гасподзь Бог у царкве, святыя па сваіх капліцах, феі на палях, розум у мяне ў ілбе. Яны суладзяць цудоўна: у кожнага свая справа і свая хата. Ніякаму дэспатычнаму каралю яны не падпарадкаваныя; але, падобна да паноў бернцаў20 і іхніх канфедэратаў, усе яны ўтвараюць паміж сабою саюзныя кантоны. Адны слабейшыя, іншыя мацнейшыя. Але толькі на гэта спадзявацца нельга! Іншы раз супраць моцных патрэбны слабыя. Вядома, Гасподзь Бог мацнейшы за фей. Аднак жа і яму даводзіцца з імі лічыцца. I сам па сабе Гасподзь Бог не мацнейшы за ўсіх астатніх, разам узятых. На ўсякага моцнага знойдзецца мацнейшы, каб яго з’есці. Хто есць, таго з’ядуць. Вось так. Мяне, ці бачыце, не пераканаць у адваротным, што самога вялікага Госпада Бога яшчэ ніхто не бачыў. Ён вельмі далёка, вельмі высока, у самай глыбіні, у самай вышыні. Як наш васпан кароль. Мы ведаем (і вельмі добра) яго людзей, кіраўнікоў, выканаўцаў. А сам ён там, у сябе ў Луўры. Цяперашні Гасподзь Бог, якому моляцца сёння, гэта, так мовіць. пан Канчыні...21 Добра, ты мяне не тузай, Шамай! Я скажу, каб ты не гневаўся, што гэта наш добры герцаг, валадар Неверскі. Няхай благаслаўляюць яго нябёсы! Я яго паважаю і люблю. Але перад валадаром Луўра ён паводзіць сябе ціха, і добра робіць. Няхай будзе так!
— Няхай будзе так! — сказаў Паяр.— Але гэта не так. На жаль, далёка не так! «Калі ў цябе пан не адзін, знойдзецца чалядзін». 3 той пары як памёр наш Генрых22 і каралеўства перайшло ў бабскія рукі, князі іграюць ім, нібы прадуць на калаўроце. «Князям усё на пацеху, а нам не да смеху». Гэтыя зладзюгі вудзяць рыбу ў вялікім садку і раскрадаюць золата і наступныя перамогі, якія спяць у куфрах Арсенала; няхай зберажэ іх пан дэ Сюлі23! Ах, калі б з’явіўся мсцівец, каб ім звярнуць уласную галаву разам з золатам, якога яны нажэрліся!
3 гэтай нагоды мы нагаварылі такога, што было б неасцярожна ўсё гэта запісваць: бо, увайшоўшы ў гэты настрой, усе мы
расспяваліся дружна. Выканалі мы таксама некалькі варыяцый на тэму аб даўгаполых вяльможах, аб туфляносных святошах, тлустых прэлатах і аб дармаедах-манахах. Я павінен сказаць, што самыя лепшыя, самыя бліскучыя песнапенні імправізаваў у дадзеным выпадку Шамай. I наша трыо працягвала пець у такт, кожны з нас як адзіны голас, калі пасля паточных мы закранулі і прыпадачных, пасля крывадушнікаў — усялякіх падлюжнікаў, фанатыкаў-жываглотаў, католікаў і гугенотаў, усіх гэтых дурняў. якія, жадаючы прывіць любоў да Усявышняга, дуб’ём і мячом уганяюць яе ў блізкага, нялішняга. Гасподзь Бог не аслятнік, каб падганяць нас палкай. Хто хоча загубіць сваю душу, няхай сабе яе губіць! Ці трэба яшчэ мучыць яго і паліць жыўцом? Божа памілуй, пакінь нас у спакоі! Няхай кожны жыве сабе, у нашай Францыі, і не перашкаджае жыць іншым! Апошні ірэшнік і той — хрысціянін: Бог жа прыняў смерць за ўсіх людзей. I потым, і найгоршы, і найлепшы, абодва яны ў рэшце рэшт нікчэмныя істоты: і, якімі б ні былі суровымі і гордымі яны, падобныя як дзве кроплі вады.