Кала Бруньён  Рамэн Ралан

Кала Бруньён

Рамэн Ралан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2001
55.06 МБ
Канец лютага
Асёл, абскубшы луг, сказаў, што пільнаваць яго больш няма патрэбы, і накіраваўся аб’ядаць (пільнаваць, хацеў я сказаць) другі, па-суседску. Гарнізон пана Дэневера сёння раніцай пакінуў нас! Люба было глядзець на іх, тлустых, як кумпякі. Я ганарыўся нашай кухняй. Мы рассталіся з сэрцам на вуснах, вусны сардэчкам. Яны выказвалі розныя прыязныя і далікатныя пажаданні, каб наша збажына добра ўрадзіла, каб наш вінаград не памёрз.
— Працуй, дзядзька,— сказаў мне Фіякр Балакр, мой пастаялец-сяржант. (Так ён мяне кліча, і па заслугах: «Той сапраўдны дзядзька, хто частуе і ў рот не глядзіць».) — He шкадуй працы рук і даглядай свой вінаграднік. На святога Мартына мы да цябе вернемся піць...
Слаўны народ, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу сумленнаму чалавеку, які за сталом змагаецца са сваім збаном!
Усе пачуваюць сябе неяк лягчэй пасля таго, як яны пакінулі нас. Суседзі асцярожна раскупорваюць свае тайнічкі. Тыя, што яшчэ нядаўна хадзілі з поснымі тварамі і стагналі ад голаду, быццам у жываце ў іх сядзеў воўк, цяпер з-пад саломы адрыннай, з-пад зямлі аршыннай адкогтваюць, чым накарміць гэтага звера. Няма жабрака, які б не здолеў даволі разумна, войкаючы з усімі заадно, што нічога ў яго няма даўно, прыхаваць лепшае сваё віно. Я сам (ужо і не ведаю, як гэта сталася), як толькі пакінуў мяне мой госць Фіякр Балакр (я правёў яго на канец Іудзейскага прадмесця), раптам успомніў, ляпнуўшы сабе па лбе, пра нейкую бочачку шаблі, выпадкова забытую пад конскім гноем, куды яна была пакладзена для цяпла. Я быў гэтым вельмі засмучоны, як гэта зразумее кожны; але калі зло здарылася, дык яно здарылася, і з ім трэба мірыцца. Я і міруся. Балакр, мой пляменнік, ах, што вы страцілі! Які нектар, які букет!.. Але вы не бядуйце, мой дружа, мой дружа, але вы не бядуйце: яго вып’юць за ваша здароўе!
Людзі ходзяць па суседзях з хаты ў хату. Паказваюць адзін аднаму знаходкі, выяўленыя ў скляпах; і перамігваюцца, як аўгуры12, з узаемнымі віншаваннямі. Гавораць пра страты і напасці (па жаноцкай часці). Суседская бяда весяліць, і забываешся пра сваю ўласную. Даведваюцца пра здароўе жонкі Венсана Плюўё. Пасля кожнага вайсковага пастою ў горадзе, па дзіўнай выпадковасці, гэтая доблесная дачка Галіі распускае пояс. Бацьку віншуюць, захапляюцца магутнасцю яго пладаносных сцёгнаў у час грамадскага выпрабавання; і па-сяброўску, дзеля смеху, без ніякай злоснай думкі, я папляскваю па пузе гэтага шчасліўчыка, у якога, кажу я, дом ходзіць з поўным жыватом, як усе іншыя пры пустым. Усе пасміхаюцца, як і павінна быць, але ветлівенька, па-прасцяцку, ва ўвесь рот. Аднак Плюўё нашы віншаванні не даспадобы, і ён кажа, што лепш бы я прыглядаў за сваёй жонкай. На што я адказаў, што ўжо яе шчаслівы ўладальнік дык можа спаць як пшаніцу прадаўшы, не баючыся за свой скарб на добры лад, што пацвердзіць і стары і малады будзе рад.
Але вось і Масленка. Як ні дрэнна мы жывём, яе трэба адзначыць. Гэта ганаровы клопат і для горада, і ддя кожнага з нас. Што сказалі б пра Кламсі, радзіму сасісак, калі б на Мясаед у нас не было гарчыцы? Патэльні шыпяць; вулічнае паветра напоўнена салодкім пахам тлушчу... Скачы, блін! Вышэй! Скачы, для маёй Гладзі!..
Гром барабанаў, пералівы флейтаў. Смех і крыкі... Гэта панове з Іудзеі* заяўляюцца на сваёй калясніцы з візітам у Рым.
* «Іудзеяй» названа Віфлеемскае прадмесце, заселенае кламсійскімі плытнікамі, «Рым» — верхні горад; гэтае імя ён атрымаў ад так званай «Старарымскай» лесвіцы, якая вядзе ад пляца св. Марціна да Беўронскага прадмесця.— Р. Р.
На чале ідуць музыка і алебардшчыкі, рассякаючы натоўп насамі. Насы хобатам, насы кап’ём, насы паляўнічым рогам, насы руляй, насы ў калючках, быццам каштаны, або з птушкай на канцы. Яны расштурхваюць зявак, шнараць па спадніцах у дзяўчат, а тыя пішчаць. Але ўсё шарахаецца і бяжыць перад каралём насоў, які прэ, як таран, і, нібы бамбарду13, коціць свой нос на лафеце.
Следам рухаецца калясніца Паста, імператара рыбаедаў. Бледны, зялёны, пануры — худыя, дрыготкія фігуры, у расах і скуф’ях ці з рыбінымі галовамі. Колькі рыб! У аднаго ў кожнай руцэ па карпу ці па трасцэ; у другога на відэльцы, вось, глядзі, насаджаны печкуры; у трэцяга на плячах шчупачыная галава, з рота ў яе тырчыць плотка, і ён, як бы раджае, пілой успорваючы сабе чэрава, поўнае рыбы. У мяне, гледзячы на іх, пачынае рэзаць у жываце... Іншыя, разявіўшы зяпу і запусціўшы туды пальцы, каб яе шырэй расцягнуць, душацца, запіхваючы сабе ў горла (Піць! Піць! Піць!) яйкі, якія не пралазяць. Справа і злева, з вышыні калясніцы — хары савіныя, расы доўгія — вудзільшчыкі цягнуць на лёсках кухцікаў, якія скачуць, нібы кураняты, і хапаюць на ляту, што каму перападзе,— пасыпаны цукрам арэшак ці птушыны памёт. А ззаду скача д’ябал, апрануты кухарам, ён боўтае ў каструлі вялікай лыжкай; гнюсным варывам пічкае ён шасцярых басаногіх грэшнікаў, якія ідуць цугам, прасунуўшы паміж перакладзін лесвіцы свае скрыўленыя фізіяноміі ў вязаных каўпаках.
А вось і трыумфатары, героі дня! На троне з кумпякоў, пад балдахінам з вэнджаных языкоў, з’яўляецца Каўбасная каралева, увенчаная сэрвелатамі, у каралях з сасісак, якія яна какетліва перабірае сваімі мясістымі пальцамі, акружаная гайдукамі, белымі і чорнымі каўбасамі, кламсійскімі сасіскамі, якіх Тлушчкаўбас, палкоўнік, вядзе да перамогі. Узброеныя рожнамі і шпігавальнымі іголкамі, яны вельмі ўнушальныя, грузныя і льсняныя. Люблю я таксама гэтых саноўнікаў, у якіх замест жывата — кацёл або замест тулава — запечаны паштэт і якія нясуць, быццам царывешчуны, хто свіную галаву, хто бутэльку салодкага віна, хто дыжонскую гарчыцу. 3 гукамі медных труб і кімвалаў, шумовак і блях выязджае пад агульны рогат, верхам на асле, кароль рагачоў, друг Плюўё. Венсан, гэта ён, ён выбраны! Седзячы задам наперад, у высокім турбане, са шклянкай у руцэ, ён слухае сваю гвардыю, навербаваную з плытнікаў, рагатых чарцей, якія з баграмі і шастамі на плячах абвяшчаюць зычным голасам, на добрай і даступнай французскай мове, нічога не ўтойваючы, яго слаўнае жыццё і выдатнае быццё. Ён, як мудрэц, не выказвае пры гэтым мітуслівага гонару; абыякавы, ён п’е, прамочвае горла; але, параўняўшыся з чыёй-небудзь хатай, праслаўленай той жа доляй, ён выгуквае, падымаючы шклянку: «Гэй, сабрат, за тваё здароўе!»
Нарэшце, замыкаючы шэсце, выступае прыгажуня вясна. Юная дзяўчына, ружовая і радасная, з ясным чалом, з валасамі залатымі,
дробным хмелем завітымі, у вянку са скараспелак, красачка жоўтая і дробненькая, і тальмах у яе. вакол маленькіх грудзей, з каташкоў зялёненькіх на арэшніках тоненькіх. Са звонкім кашальком пры поясе і з кошыкам у руках яна спявае, падняўшы светлыя бровы, шырока раскрыўшы вочы, блакітныя, як біруза, расцягваючы губкі, паказваючы вострыя зубкі, яна спявае ломкім галаском, што хутка ластавачка вернецца ў свой дом. Побач з ёю на павозцы, запрэжанай чайвёркай вялізных белых валоў, мажныя красуні ў самай пары, слаўныя маладзіцы, стройныя і пругкія целам, і падлеткі ў нявыгадным узросце, якія, быццам маладыя дрэўцы, выраслыя абы-як. У кожнай чагосьці не хапае; але тым, што ёсць, воўк закусіў бы няблага... Мілыя брыдоткі! У адных клеткі ў руках. поўныя пералётных птахаў, іншыя, чэрпаючы з кошыка ў каралевы-вясны, кідаюць разявам салодкія прысмакі, сюрпрызы, папяровыя цюкі, у якіх спадніцы і каўпакі, прадказаны лёс, любоўны верш, пірог, а не — дык і пара рог.
Даехаўшы да рынку, каля вежы, дзеўкі саскокваюць з калясніцы і танцуюць на пляцы з пісарамі і прыказчыкамі, у той час як Масленка, Пост і Кароль рагачоў працягваюць сваё ўрачыстае шэсце, спыняючыся праз кожныя дваццаць крокаў, каб паведаміць добрым людзям ісціну ці ўгледзець яе на дне шклянкі...
Піць! Піць! Піць!
He так жа сяброў адпусціць!
He!
Сярод бургундцаў няма такога прастака, Каб сябра адпусціў і не выпіў з ім глытка.
Але ад празмернай паліўкі язык цяжэе і настрой падмакае. Майго сябра Венсана з яго світай я пакідаю ля новага прыпынку ў засені шынка. Дзень залішне добры, каб сядзець у клетцы. Трэба падыхаць свежым паветрам!
Мой стары сябра, кюрэ Шамай, што прыехаў са сваёй вёскі, у вазку з вослікам, пабаляваць у пана настаяцеля царквы святога Мартына, запрашае мяне праехаць частку дарогі. Я бяру з сабою маю Гладзі. Мы садзімся ў яго калымагу. Но, даўгавухі... Ён такі маленькі, што я прапаную пасадзіць яго ў вазок, між Гладзі і мною... Доўжыцца белая дарога. Лядашчае сонца дрэмле; яно ў такой ступені грэе нас, у якой само грэецца ля камінка. Вослік засынае таксама і спыняецца, паглыблены ў думкі. Кюрэ абурана аклікае яго зычным голасам:
— Магдалінка!
Вослік уздрыгвае, перабірае ножкамі, віхляецца паміж каляінамі і зноў спыняецца ў роздуме, не зважаючы ні на якія праборкі.
— Ах, пракляты! Каб не крыж у цябе на спіне,— бурчыць Шамай, шпігуючы яму кіем клубы,— паламаў бы я дубінку аб тваю спінку!
Каб адпачыць, мы робім прыпынак ля першай жа харчэўні на павароце дарогі, якая спускаецца адтуль да белага сяла Арм, якое ў люстраной вадзе вострай мордачкай п’е. На суседнім лузе, вакол высокага, разгалістага арэшніку, што выцягвае да прамяністага неба свае чорныя рукі і свой магутны аголены касцяк, дзяўчаты вядуць карагод. Пойдзем у скокі!.. Гэта яны прынеслі масленічны блін кумачцы-сароцы.
— Бачыш, Гладзі, бачыш Марго-сароку, як яна ўселася ў белай камізэльцы, на краі гнязда, вунь там, высока-высока, і глядзіць уніз! Бач, цікаўная! Каб усё падчапіць сваім круглым вочкам і балбатлівым язычочкам, яна пабудавала сабе дом без вокнаў і дзвярэй, на самай высокай з галін, адкрыты на ўсе бакі. Яна і мерзне, яна і мокне, ну і што? Затое ёй усё бачна. Яна не ў гуморы, у яе такі выгляд, быццам яна кажа: «Навошта мне вашы падарункі? Дурні, прыбярыце іх з маіх вачэй! Ці вы думаеце, што калі б мне захацелася вашага блінца, дык я не змагла б злётаць па яго сама? Доранае есці нясмачна. Я люблю толькі крадзенае».
— Тады навошта, дзядуля, дораць ёй блін з гэтымі прыгожымі стужкамі? Чаму віншуюць са святам? Чаму віншуюць са святам гэтую зладзейку?
— Таму што ў жыцці, ці бачыш, са злоснымі лепш жыць ладам, чым адварочвацца ад іх задам...
— Аднак, Кала Бруньён, добраму ты яе вучыш! — бурчыць кюрэ Шамай.