Кала Бруньён  Рамэн Ралан

Кала Бруньён

Рамэн Ралан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2001
55.06 МБ
— Хутчэй! Ідзіце сюды, мэтр Кала!
Я спытаў здзіўлена:
— Што здарылася? Гаварыце цішэй.
Але яна, на сваім ложку, ужо сабраўшыся ў далёкую дарогу,—нібы ёй з вышыні яе павозкі відаць было паверх нашых галоў тое, чаго не было бачна мне,— яна прыпаднялася на смяротным ложы, здранцвелая, як той, каго разбудзіў Ісус, працягнула да нас рукі і ўскрыкнула:
— Мая Гладзі!
Тут зразумеў і я, працяты гэтым крыкам і хрыплым кашлем, які даносіўся з-за сцяны. Я кінуўся туды і застаў маю бедную ластавачку, якая, са здушаным горлам, сілячыся расціснуць ручкамі даўкі вузел, уся чырвоная і гарачая, клікала на дапамогу спалоханымі вочкамі і білася, як раненая птушачка.
Што гэта была за ноч, я не магу расказаць. Яшчэ і цяпер, калі мяне ад яе аддзяляюць пяць поўных дзён, варта мне ўспомніць, як у мяне ногі падкошваюцца; я павінен сесці. Ух, дайце перавесці дух... Няўжо ёсць на небе гаспадар, якому падабаецца паволі мучыць гэтыя маленькія істоты, адчуваць, як пад яго пальцамі хрусцяць гэтыя кволыя шыйкі, бачыць, як яны кідаюцца, і зносіць іхнія здзіўлена-дакорлівыя позіркі! Я разумею, што можна лупцаваць старых аслоў, накшталт мяне, рабіць балюча таму, хто здольны абараніцца, здаравенным дзядзькам, каранастым цёткам. Калі табе прыемна, як мы равём, калі ласка, Госпадзі Божа, паспрабуй! Чалавек — тваё падабенства. Што ты, як і ён, не кожны дзень бываеш добры, што ты шалапутны, вераломны, любіш іншы раз нашкодзіць праз жаданне разбурыць, выпрабаваць сваю сілу, ад лішку крыві, таму што ты не ў гуморы, ці проста без дай прычыны,— гэта мяне ўрэшце не так ужо здзіўляе. У нашы гады мы за сябе пастаім; калі ты нас дапякаеш, мы гэта ўмеем табе сказаць. Але выбіраць сабе за мішэнь гэтых бедных ягнятак, у якіх, пацісні ім нос, закапае малако, гэта, брат, ні-ні! Гэта ўжо занадта, гэтага мы не дапусцім! Бог ці кароль, хто так робіць, той перавышае сваю ўладу. Мы цябе папярэджваем, Усявышні, калі ты ўздумаеш працягваць, мы вельмі хутка будзем
вымушаны, на вялікі наш жаль, цябе развянчаць... Але толькі я не хачу верыць, што гэта было зроблена тваімі рукамі, я вельмі цябе паважаю. Калі магчымы такія злачынствы, Ойча наш, дык адно з двух: ці ў цябе няма вачэй, ці ты не існуеш... Ай, якое недарэчнае слова, бяру яго назад! Што ты існуеш, даказваецца ўжо тым, што вось мы з табою зараз размаўляем. Колькі ў нас з табою бывала спрэчак! I, між намі кажучы, васпане мой, колькі разоў я прымушаў цябе змоўкнуць! А ў гэтую злавесную ноч, як я цябе зваў, знеслаўляў, палохаў, адмаўляў, прасіў, маліў! Як я ўзносіў да цябе складзеныя рукі і пагражаў табе сціснутым кулаком! Гэта ні ў чым не дапамагло, ты вокам не маргнуў. Ва ўсякім разе ты не станеш адмаўляць, што я ўсяляк стараўся цябе расчуліць! Але раз ты не хочаш, чорт бы ўзяў, раз табе няма патрэбы мяне пачуць. пакорнаму слузе, тым горш табе, Госпадзі мой Божа! Мы ведаем і іншых, звернемся ў іншае месца...
Мы са старой гаспадыняй былі адны пры хворай. Марціна, у якой пачаліся ў дарозе родавыя патугі, засталася ў Дарнесі, даручыўшы Гладзі бабулі. Калі мы ўбачылі раніцой, што наша маленькая пакутніца памірае, мы прынялі крайнія меры. Я ўзяў на рукі яе разбітае целыза, лягчэйшае за пярынку (яно ўжо не білася нават і, звесіўшы галаву, толькі парыўна ўздрыгвала, як верабейка). Я глянуў у акно. Вецер і дождж. Ружа на сцябле нахілялася да шыбы, нібы ўвайсці хацела. Прадвесце смерці. Я перахрысціўся і, нягледзячы ні на што, выйшаў. Сыры, рэзкі вецер так і ўварваўся ў дзверы. Я прыкрыў рукой галаву маёй касаткі, баючыся, каб віхор не задзьмуў лампадкі. Мы пайшлі. Паперадзе ішла гаспадыня, несучы дарункі. Мы ўвайшлі ў прыдарожны лес і хутка ўбачылі, на краі балота, дрыготкую асіну. Над полчышчам дзікага чароту яна царавала, высокая і прамая, як вежа. Мы абышлі яе кругом раз, другі, трэці. Малеча стагнала, і вецер у лістоце ляскаў зубамі, як яна. Ручаньку дзяўчынкі мы абвязалі стужкай, другі канец прымацавалі да галіны старога дрыготкага дрэва, і мы з бяззубаю гаспадыняй пачалі паўтараць:
Дрыжы ўся, дрыжы спрэс, Пераймі мой стрэс. Прашу цябе аб гэтым Перад цэлым светам I Прасвятою Тройцай, А калі не ўстоіцца, Аб чым нябе малю, Сцеражыся, загублю!
Потым старая вырыла пасярод карэння яму, выліла туды кубак віна, паклала дзве галоўкі часнаку, скрылёк сала, а зверху грош. Яшчэ тры разы абышлі мы вакол маёй шапкі, пакладзенай на зямлю і напханай чаротам. Пры трэцім разе мы ў яе плюнулі, гаворачы:
— Жабы балотныя, тлустыя, брыдотныя, няхай жаба вас задушыць! Потым на зваротнай дарозе, на ўзлеску, мы
апусціліся на калені перад кустом глогу; пад яго паклалі дзіця і, у гонар святога цярноўніку, памаліліся Сыну Божаму.
Калі мы нарэшце вярнуліся дахаты, малеча здавалася мёртвай. Ва ўсякім разе мы зрабілі ўсё, што маглі.
Між тым мая жонка не жадала паміраць. Любоў да Гладзі прывязвала яе да жыцця. Яна кідалася, крычала:
— He, я не памру, святы Ісусе, Марыя-Дзева, пакуль не даведаюся, шго вы з ёю вырашылі зрабіць і павінна яна ці не павінна ачуняць. А, далібог, яна паправіцца, ей-жа-ей, я гэтага хачу. Я гэтага хачу, хачу і хачу; сказана, і канец.
Але, відаць, гэта не зусім яшчэ было сказана; таму што, сказаўшы, яна пачынала зноў. Ну і духу ж у ёй было! А я ж думаў, што яна вось-вось выпусціць апошні! Калі гэта быў апошні, дык і здаравенны ж ён быў... Бруньён, паганы чалавек, ты смяешся, табе не сорамна? Што ж рабіць, мілыя сябры? Такі ўжо я. Я магу смяяцца і ўсё-такі пакутаваць; затое французы, каб смяяцца, і пакутаў не баяцца. I, плачуць яны ці рагочуць, яны найперш бачыць хочуць. Няхай жыве Janus bifrons* з вечна адкрытымі вачамі!..
Дык вось, мне было зусім не лёгка чуць, як яна пакутуе і надрываецца, бедная старая; і хоць я і мучыўся не менш за яе, мне хацелася яе супакоіць, я гаварыў ёй такія словы, якія гавораць дзеткам малым, і пяшчотна хутаў яе ў коўдру. Але яна злосна адбівалася, галосячы:
— Дармаед, калі б ты быў мужчына, хіба ты не знайшоў бы сродкаў, як яе выратаваць? Сябе ж ты выратаваць здолеў. На што ты здатны? Гэта табе трэба было памерці.
Я адказваў:
— Што ж, я з табою згодзен, старая, ты маеш рацыю. Я б аддаў сваю шкуру, калі б хто-небудзь захацеў яе ўзяць. Але, відаць, на тым свеце яна не патрэбна: паношаная, адслужыла сваё. Я здатны (гэта праўда), як і ты, толькі на тое, каб пакутаваць. Будзем жа пакутаваць моўчкі. Магчыма, гэта залічыцца, і менш застанецца на долю нявіннай малышкі.
Тады яе старая галава прыхінулася да маёй і соль нашых вачэй змяшалася ў нас на шчоках.У пакоі адчуваўся навіслы цень ад крылаў архангела смерці...
I раптам ён знік. Вярнулася святло. Хто здзейсніў гэты цуд? Ці Усявышні Бог, ці багі лясоў, Ісус, міласэрны да ўсіх няшчасных, ці грозная зямля, якая наганяе і адганяе хваробы, ці была гэта сіла малітваў, ці страх маёй жонкі, ці тое, што я задобрыў асіну? Але пра гэта ніколі не даведацца; і ў няведанні маім я ўзношу падзяку (яно надзейней) усёй кампаніі, далучаючы да яе і тых, каго я нават і не ведаю (яны ж, магчыма, і ёсць самыя лепшыя). Як бы там ні было, дакладна адно, і толькі яно для мяне і важнае,— тое, што з гэтай хвіліны гарачка спала, дыханне
* Двулікі Янус, старажытнарымскае бажаство (лац.).
заструменілася ў кволым горле, як лёгкі ручаёк; і мая маленькая нябожчыца, выслізнуўшы з абдымкаў архангела, уваскрэсла.
Тут мы адчулі, як растаюць нашы старыя сэрцы. Мы заспявалі: «Nunc dimittis*, Божа!..», і мая старая, панікшы са слязьмі радасці, апусціла галаву на падушку, быццам камень, які заглыбляецца ў зямлю, і ўздыхнула:
— Цяпер я магу ісці!..
I адразу позірк яе згубіўся, твар праваліўся, нібы разам адляцела дыханне. А я, схіліўшыся над ложкам, дзе яе ўжо не было, глядзеў нібы ў глыб рачнога віру, дзе абрысы зніклага цела застаюцца на імгненне адлюстраванымі і прападаюць, кружачы на вадзе. Я закрыў ёй павекі, пацалаваў яе ў васковы лоб, склаў разам яе працавітыя рукі, якія ні разу не адпачылі за ўсё жыццё; і, без маркоты, пакінуўшы згаслую лампаду, дзе вьігарала масла, я падсеў да новага агеньчыка, які павінен быў з гэтага часу азараць хату. Я глядзеў, як малышка спіць; я пільнаваў яе сон з расчуленай усмешкай і думаў (як перашкодзіць думкам?):
«Ці не дзіўна, што так вось аддана любіш такую маленькую істоту? Без яе быццам і няма нічога. А з ёю ўсё добра, нават самае дрэннае, усё роўна. Так, няхай я памру, бяры мяне, д’ябал, у сваю прорву! Абы яна жыла, яна, на астатніх мне напляваць! Аднак як жа гэта так? Вось я жывы і здаровы, гаспадар сваіх пяці пачуццяў, і яшчэ некалькіх у дадатак, і найцудоўнейшага з усіх, яго светласці — майго розуму; я ніколі не бурчаў на жыццё, у чэраве ў мяне дзесяць локцяў пустых кішак, заўсёды гатовых яго ўшанаваць, у мяне ясная галава, верная рука, моцныя ногі і лёгкі крок, я працаўнік спорны, бургундзец мацёры; і раптам я гатовы ўсім гэтым ахвяраваць дзеля нейкай маленькай істоты, якую я нават не ведаю? Бо па сутнасці што яна такое? Слаўны звярочак, забаўны званочак, маладзенькі папутай, істота, якая пакуль нішто, але якая нечым будзе, напэўна... I дзеля гэтага «напэўна» я стану сыпаць маё: «Я есм, я есм я, і мне ў сябе добра ўнутры, халера яго бяры!» Але ў тым жа і ёсць увесь сэнс, што гэтае «напэўна» — гэта мая лепшая красачка. тая, дзеля якой я жыву. Калі чэрві аб’ядуць косці мае, калі стлее на тлустым магільніку цела маё, я ўваскрэсну, Божа, у іншым «я», якое будзе прыгажэйшым, лепшым і шчаслівейшым... Адкуль я ведаю? Чаму яно будзе лепшым за мяне? Таму што яно нагамі стане мне на плечы і будзе бачынь далей, ступаючы над маёй магілай... О вы, што выйшлі з мяне, вы, што будзеце ўбіраць святло, якое ўжо не азорыць мае вочы, што любілі яго, вашымі вачамі я сузіраю ўраджай наступных дзён і начэй, я бачу змену гадоў і вякоў, я наталяюся і тым, што я прадчуваю, і тым, што мне невядома. Усё праходзіць паўз мяне; але я сам іду наперад; і іду ўсё далей, іду ўсё вышэй, узнесены вамі. Далей за жыццё маё,
♦ «Ныне адпушчаешы» (лац).
далей за ніву маю цягнуцца барозны; яны абдымаюць зямлю, яны ахопліваюць прастору; нібы Млечны Шлях, яны засцілаюць сеткай увесь блакітны небасхіл. Вы — мая надзея, вы — маё жаданне, вы — маё зерне, якое я кідаю ў будучыню».