• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кала Бруньён  Рамэн Ралан

    Кала Бруньён

    Рамэн Ралан

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 159с.
    Мінск 2001
    55.06 МБ
    двор, быццам праз абруч, якраз хапіла месца ддя нас дваіх. Я лячу кулём, плёхаюся на самае дно Беўрона. Добра, што дно недалёка ад паверхні; і так як яно было тлустае і гразкае, дык Магдаліна, падаючы, не набіла сабе гуза. Мне не так пашанцавала; я не выпускаў яе з рук і боўтаўся, загразшы рылам у гаршку; напіўся я і наеўся праз меру. Нарэшце я выбраўся; і вось, без лішніх слоў, мы тут. Гаспадар, даруйце мне, што я так мала зрабіў.
    I, з глыбокай пашанай разматаўшы свой скрутак, ён выняў са згорнутай курткі Магдалінку, якая, усміхаючыся нявіннымі і какетлівымі вочкамі, паказвала свае абгарэлыя ножкі. I я быў так усхваляваны, што здарылася тое, да чаго мяне не давялі ні смерць маёй старой, ні хвароба маёй Гладзі, ні маё разарэнне і разгром маіх работ,— я заплакаў.
    I цалуючы Магдаліну і Рабінэ, я ўспомніў пра другога і спытаў: — А як Канья?
    Рабінэ адказаў:
    — Ён з гора памёр.
    Я апусціўся на калені пасярод дарогі, пацалаваў зямлю і сказаў:
    — Дзякую, хлопчык.
    I, зірнуўшы на Рабінэ, які сціскаў статуэтку ў сваіх параненых руках, я сказаў нябёсам, паказваючы на яго:
    — Вось лепшая з маіх работ: душы, створаныя мною. Іх у мяне не адымуць. Спаліце ўсё зграяй звар’яцелай! Душа застанецца цэлай.
    ГЛАВА ДЗЕСЯТАЯ
    Мяцеж
    Канец жніўня
    Калі хваляванне ўлеглася, я сказаў Рабінэ:
    — Хопіць! Што зроблена, тое зроблена. Паглядзім, што застаецца зрабіць.
    Я папрасіў яго расказаць мне ўсё, што адбылося ў горадзе за тыя два-тры тыдні, калі мяне там не было, але коратка і выразна, без балбатні, бо гісторыя ўчарашняга дня ўжо старадаўняя гісторыя, а важна ведаць, што робіцца зараз. Я даведаўся, што ў Кламсі пануюць чума і страх, і больш страх, чым чума: бо яна нібыта ўжо накіравалася на далейшыя пошукі, саступаючы месца ўсялякім валацугам, якія, пачуўшы пах, збіраліся з усіх бакоў, каб вырваць у яе здабычу з рук. Яны якраз і валодалі полем. Плытнікі, згаладалыя і ашалелыя ад страху перад пошасцю, не перашкаджалі ім ці нават бралі з іх прыклад. Што да законаў, дык яны не дзейнічалі. Тыя, хто быў закліканы іх захоўваць, раз’ехаліся
    пільнаваць свае палі. 3 чатырох нашых старшынаў адзін памёр, двое збеглі; а пракурор даў цягу. Капітан замка, храбры стары, але з падаграй, аднарукі, пухланогі і з цялячымі мазгамі, даў сябе пасекчы на кавалкі. Застаўся адзін старшына, Ракен, які, апынуўшыся адзін на адзін з гэтымі спушчанымі з ланцуга звярамі, з-за баязлівасці, з-за слабасці, з хітрасці, замест таго каб даць ім адпор, палічыў больш разважным змірыцца і ўступіць агню яго долю. Заадно, сам сабе не прызнаючыся ў гэтым (я яго ведаю, я здагадваюся), ён задавальняў сваю злапамятную душу, нацкоўваючы зграю падпальшчыкаў на тых, чые поспехі яго засмучалі ці каму ён хацеў адпомсціць. Цяпер мне зразумела, чаму выбралі маю хату!.. Але я сказаў:
    — Ну, а іншыя, а гараджане, што яны робяць?
    — Яны робяць: «бя-я!» — адказваў Бінэ.— Гэта бараны. Яны сядзяць па хатах і чакаюць, калі іх прыйдуць рэзаць. У іх больш няма ні пастуха, ні сабак.
    — Прабач, Бінэ, а я! Мы яшчэ паглядзім, малы, ці цэлыя мае іклы. За справу, дружок!
    — Гаспадар, адзін чалавек нічога не можа.
    — Ён можа паспрабаваць!
    — А калі гэтая свалата схопіць вас?
    — У мяне нічога няма, мне на іх напляваць. Паспрабуй прычашы лысага чорта!
    Ён пусціўся ў скокі:
    — Во дык весела будзе! Фрульфінфан, шпін, шпун, шпан, трамплінплёрат, наперад, наперад.
    I на абпаленай руцэ ваўчком закруціўся па дарозе, пры гэтым ледзь не расцягнуўся. Я зрабіў строгі выгляд.
    — Гэй, мартышка! — сказаў я.— Так мы далёка не зойдзем, калі ты будзеш круціцца, трымаючыся за гольку хвастом! Уставай! Будзьма сур’ёзнымі! Цяпер трэба слухаць.— Ён стаў слухаць, і вочы яго гарэлі.
    — Смяяцца тут няма чаго. Зробім вось як: я іду ў Кламсі, адзін, зараз жа.
    — А я! А я!
    — А цябе я выпраўляю пасланцом у Дарнесі, папярэдзіць пана Нікаля, нашага старшыну, чалавека асцярожнага, у якога душа добрая, але яшчэ лепшыя ногі і які сябе любіць больш, чым сваіх суграмадзян, а яшчэ больш, чым сябе, любіць сваё дабро, што заўтра раніцай вырашана распіць яго віно. Адтуль ты сходзіш у Сардзі і наведаеш у яго галубятні мэтра Гільёма Курціньёна, пракурора, і скажаш яму, што ягоны кламсійскі дом сёння ноччу, і не пазней, будзе спалены, разрабаваны і іншае, калі ён не вернецца. Ён вернецца. Гэтага з цябе дастаткова. Ты і сам знойдзеш, што сказаць. I не цябе вучыць хлусні.
    Хлопчык, чухаючы за вухам, сказаў:
    — Гэта няцяжка. Але я не хачу з вамі расставацца.
    Я адказваю:
    — А хто ў цябе пытаецца, хочаш ты ці не хочаш? Так хачу я. Так ты і зробіш.
    Ён пачаў спрачацца. Я сказаў:
    — Хопіць!
    I паколькі гэтага хлопчыка хваляваў мой лёс:
    — Табе,— кажу,— ніхто не забараняе бегма бегчы. Калі справішся, можаш вярнуцца да мяне. Лепшы спосаб мне дапамагчы — гэта прывесці мне падмацаванне.
    — Яны,— кажа,— памчаць на ўсю сілу, у поце і ў мыле і ў хмары пылу, Курціньён і Нікаля, і, каб не замарудзілі шэльмы, прывяжу ім да пятак па патэльні...
    Ён кінуўся стрымгалоў, потым раптам спыніўся:
    — Гаспадар, скажыце мне на ўсялякі выпадак, што вы збіраецеся рабіць?
    3 выглядам важным і таямнічым я адказаў:
    — Там пабачым.
    (Шчыра кажучы, я і сам не ведаў.)
    Каля васьмі гадзін вечара я дайшоў да горада. Пад залатымі аблокамі чырвонае сонца зайшло. Надыходзіла ноч. Якая цудоўная летняя ноч! I ні душы, каб ёю нацешыцца. Ля Рыначных варот ніводнага разявакі, ніводнага вартаўніка. Уваходзіш, як на млын. На вялікай вуліцы худы кот грыз акраец хлеба; натапырыўся, згледзеўшы мяне, потым уцёк. Хаты, закрыўшы вочы, сустракалі мяне драўлянымі тварамі. Усюды цішыня. Я падумаў:
    «Усе яны вымерлі. Я спазніўся».
    Але вось я заўважыў, што з-за аканіц прыслухоўваюцца да гулкага цокату маіх крокаў. Я грукнуў, крыкнуў:
    — Адчыніце!
    Ніхто не зварухнуўся. Я падышоў да другой хаты. Зноў прыняўся грукаць, нагой і палкай. Ніхто не адчыніў. Мне пачулася ўсярэдзіне мышынае шастанне. Тут я здагадаўся:
    «Няшчасныя, яны схованку чуюць! He, так не будзе, я ім пакажу, дзе ракі зімуюць!»
    Кулакамі і нагамі я забарабаніў аб шыльду гандляра кнігамі, выгукваючы:
    — Гэй, шаноўны! Дэні Сасуа, чортава галава! Я табе ўсё разнясу. Ды адчыні ж ты! Адчыні, варона, і ўпусці Бруньёна.
    Адразу, як зачараваныя (быццам фея палачкай дакранулася да вокнаў), усе аканіцы парасчыняліся, і на ўсю даўжыню Рыначнай вуліцы, выцягнуўшыся ў рад, як цыбуліны, паказаліся ў вокнах перапалоханыя твары і ўтаропіліся ў мяне. Ой, як яны на мяне глядзелі, глядзелі, глядзелі... Я не ведаў, што я такі прыгажун; я нават сябе памацаў. Потым іх напружаныя рысы раптам размяклі. У іх быў задаволены выгляд.
    «Мілыя людзі, як яны мяне любяць!» — падумаў я, не прызнаючыся сабе ў тым, што яны радыя, бо мая прысутнасць у гэтую пару і ў гэтых мясцінах злёгку развеяла іх страх.
    I вось завязалася гутарка між мною і цыбульнаю сцяною. Усе гаварылі разам; і, адзін супраць усіх, я адказваў:
    — Адкуль ты? Што ты рабіў? Што ты бачыў? Што табе трэба? Як ты ўвайшоў? Якім чынам ты прайшоў?
    — Цішэй! Цішэй! He хвалюйцеся. Я з задавальненнем бачу, што язык у вас ацалеў, хоць ногі адняліся і сэрца памякчэла. Што вы там робіце, пад замком? Выходзьце, прыемна падыхаць вечаровай прахалодай. Ці ў вас адабралі порткі, што вы седзіце па пакоях?
    Але, замест адказу, яны пачалі пытацца:
    — Бруньён, калі ты ішоў, каго ты сустракаў на вуліцах?
    — Дурні,— кажу,— каго вы хочаце, каб я сустрэў, калі вы пазамыкаліся?
    — Разбойнікаў.
    — Разбойнікаў?
    — Яны рабуюць і паляць усё.
    — Дзе гэта?
    — У Беяне.
    — Пойдзем, перахапаем іх! Чаго гэта вы тырчыце ў сваім куратніку?
    — Мы пільнуем хату.
    — Лепшы спосаб пільнаваць сваю хату — гэта абараняць чужую.
    — Шчыра дзякуем! Кожны абараняе сваё.
    — Я гэтую песеньку ведаю: «Мне дарагія суседзі, але я на іх плюю...» Няшчасныя! Вы самі працуеце на разбойнікаў. Перш іншых, потым вас. Кожнаму прыйдзе час.
    — Пан Ракен сказаў, што ў гэтай бядзе самае лепшае сядзець ціха, уступіць агню яго долю і чакаць. пакуль не ўсталюецца парадак.
    — А хто яго ўсталюе?
    — Пан дэ Невер.
    — Да тых часоў многа вады сцячэ. У пана дэ Невера і сваіх клопатаў поўная мера. Пакуль ён пра вас падумае, вас усіх спаляць. Ну, хлопцы, хутчэй! Хто за сваю шкуру не хоча біцца, той можа з ёю і разлучыцца.
    — Іх многа, яны ўзброеныя.
    — He такі страшны чорт, як яго малююць.
    — У нас няма правадыроў.
    — Будзьце імі самі.
    Яны працягвалі стракатаць, з акна ў акно, нібы птушкі на жэрдачцы; спрачаліся адзін з адным, але ніхто з іх не рухаўся. Я пачаў траціць цярпенне:
    — ІІІто ж я, па-вашаму, усю ноч буду так тырчаць на вуліцы, задраўшы нос і выварочваючы сабе шыю? Я прыйшоў не серэнады спяваць перад вамі ды слухаць, як вы ляскаеце зубамі. Тое, што мне трэба вам сказаць, не пяюць і з дахаў пра гэта не равуць. Адчыніце! Адчыніце, каб вас чорт узяў, або я вас спалю! Ну, выходзьце, самцы (калі такія яшчэ засталіся); хопіць курэй пільнаваць на седале.
    Нібыта смеючыся, нібыта сварачыся, прыадчыніліся дзверы, потым другія; высунуўся асцярожны нос; за ім паказалася і ўся жывёла; і як толькі адзін баран выйшаў з пастаўніка, павысыпаліся ўсе. Усе наперабой заглядвалі мне пад нос:
    — Ты зусім ачуняў?
    — Здаровы, як качан капусты.
    — I ніхто да цябе не прыставаў?
    — Ніхто, акрамя чарады гусей, якія на мяне пашыпелі.
    Бачачы, што я выйшаў цэлы з усіх гэтых небяспек, яны з палёгкай уздыхнулі і палюбілі мяне яшчэ больш, чым да гэтага. Я сказаў:
    — Глядзіце добранька. Бачыце, я цалюткі. Усё на месцы. Нічога не прапала. Хочаце мае акуляры? Ну, хопіць! Заўтра будзе бачна не тое. Цяпер не час, хопіць, кінем пустое. Дзе можна было б нам пагаварыць?
    Ганьё сказаў:
    — У мяне ў кузні.
    У кузні ў Ганьё, дзе пахла рогам і зямля была стаптана конскімі капытамі, мы стоўпіліся ў поцемках, як статак. Зашчапілі дзверы. У святле агарка, пастаўленага на зямлю, на чорнай ад дыму столі скакалі нашы вялікія цені, сагнутыя ў шыі. Усе маўчалі. I раптам загаварылі разам. Ганьё ўзяў молат і ўдарыў па кавадле. Ударам прарвала гул галасоў; у прарыў хлынула цішыня. Я гэта скарыстаў і сказаў:
    — He будзем траціць слоў дарма. Я ўсё ўжо ведаю. У нас заселі разбойнікі. Добра! Выганім іх вон.
    Тыя сказалі:
    — Яны вельмі моцныя. Плытнікі за іх.