Кала Бруньён
Рамэн Ралан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2001
Я рассоўваю рагаціны, пераскокваю праз агароджу, ступаю па шалёных галовах (яны кусаліся!) і праз гэтую дымную людскую калатушу дабіраюся да майго Гамбі і хапаю яго за каўнер. «Тысяча багоў! Як цяпер вырваць яго з ціскоў? — падумаў я, учапіўшыся ў яго.— Прыйдзецца яго рассекчы, каб дастаць хоць кавалак...» Але быць жа такому шчасцю (я сказаў бы, ёсць Бог для п’яніц, хоць і не да ўсіх ён быў такі ж літасцівы), што якраз калі мой Гамбі апынуўся на рабры прыступкі і пахіснуўся назад, скіраваная ўверх плынь грамілаў прыпадняла яго на плячах, так што ён ўжо не датыкаўся да зямлі і павіс пасярэдзіне, як пладовая костачка, заціснутая паміж пальцаў. Рассоўваючы пятамі, направа і налева, чалавечыя плечы, якія сціснулі яму бакі, я ўсё ж ухітрыўся выцягнуць, хоць і не без цяжкасці, з пашчы натоўпу гэтую костачку, якую так і выперла наверх. Пара было! Полымя смерчам падымалася, як у коміне, уздоўж жарала лесвіцы. Я чуў, як сквірчэлі целы ўнутры печы; і, сагнуўшыся, ступаючы вялікімі крокамі, не гледзячы, на што наступаюць мае падэшвы, я пайшоў назад, цягнучы Гамбі за тлустыя валасы. Мы выбраліся з прорвы і адышліся ад яе як мага далей, даўшы магчымасць агню давяршыць сваю справу. I, каб суняць у сабе хваляванне, мы давалі Гамбі пад бакі, гэтай жывёліне, якая, амаль ужо адубелая, трымала і не выпускала, прыціснуўшы да сэрца, дзве фініфцевыя талеркі і размаляваную міску, бог ведае дзе ўкрадзеныя! I Гамбі, працверазеўшы і плачучы, хадзіў, пакідаўшы свае міскі, спыняўся, дзе прыйдзецца, мочачыся, як фантан, і крычаў:
— He трэба мне таго, што я ўкраў!
На досвітку з’явіўся пракурор, мэтр Гільём Курціньён, у суправаджэнні Рабінэ, які вёў яго з барабанным боем. Яго суправаджалі трыццаць чалавек ратнікаў і атрад сялян. За дзень падышлі яшчэ іншыя, прыведзеныя панам старшыной. На наступны дзень — яшчэ новыя, прысланыя нашым добрым герцагам. Яны памацалі гарачы попел, склалі вопіс страт, падвялі пад імі рахунак, дадалі да іх свае дарожныя і харчовыя выдаткі, a потым вярнуліся туды, адкуль прыйшлі.
Хочаш ведаць, якая тут мараль, калі ласка:
«Памажы сабе сам, паможа кароль».
* Gambi — кульгавы. (Заўв. перакл.)
ГЛАВА АДЗІНАЦЦАТАЯ
Герцаг з носам
Канец верасня
Вярнулася цішыня, астыў і попел, нібы ўжо і чума ў мінулае адышла. Але горад у першы час быў як раздаўлены. Мяшчане пераварвалі свой перапалох. Яны з асцярогай намацвалі глебу; ім яшчэ слаба верылася, што яны на ёй, а не пад ёй. Пераважна яны хаваліся, а не дык шмыгалі па вуліцах, уздоўж сцен, унурыўшы галаву і падціснуўшы хвост. Так, выхваляцца не было чым, людзі стараліся не глядзець адзін аднаму ў вочы, ды і на самога сябе радасці было мала глядзець у люстэрка: вельмі ўжо добра ўсе сябе разгледзелі, уведалі сябе дасканала; прырода чалавечая паўстала распранутай: відовішча не з прыгожых! Панавалі сорам і недавер. Мне таксама было не па сабе: бойня і пах смажанага не давалі мне спакою; а галоўнае — успаміны аб подласці, аб жорсткасці, якія я прачытаў на знаёмых тварах. Тыя гэта ведалі і зласлівілі ўпотайкі. Я іх разумею; мне самому было яшчэ больш няёмка; я ахвотна сказаў бы ім, каб мог: «Сябры мае, даруйце. Я нічога не бачыў...» А над прыгнечаным горадам навісла цяжкае вераснёвае сонца. Спякота і млявасць лета на зыходзе.
Наш Ракен накіраваўся пад надзейнай аховай у Невер, дзе герцаг і кароль аспрэчвалі адзін у другога гонар судзіць яго, так што, карыстаючыся гэтым разладам, ён разлічваў выслізнуць у іх з рук. Што да мяне, дык нашы паны з акругі былі такія добрыя, што зрабілі ласку закрыць вочы на мае паводзіны. Аказваецца, я ўчыніў, ратуючы Кламсі, два ці тры цяжкія злачынствы, за якія мне пагражала сама меней катарга. Але так як па сутнасці яны не былі б учынены, калі б гэтыя паны не ўцяклі, а засталіся намі кіраваць, дык ні яны не дамагаліся суда, ні я. Я не аматар звязвацца з судамі. Можна колькі захочацца адчуваць сябе невінаватым; адкуль ведаць? Усунеш палец у гэтую праклятую машыну — бывай рука! Рэжце, рэжце, нядоўга думаючы, а не, дык зацягне цалкам... Такім чынам, нічога адзін аднаму не сказаўшы, мы з імі ўмовіліся, што я нічога не зрабіў, і што яны нічога не бачылі, і ўсё, што здарылася ў тую ноч пад маім капітанствам, зроблена імі. Але, колькі ні жадай, таго, што было, адразу не сатрэш. Людзі памятаюць, а гэта цяжка. Я гэта бачыў па вачах усіх: мяне баяліся; і я сам сябе баяўся, сваіх подзвігаў, гэтага незнаёмага бязглуздага Кала Бруньёна, якім я быў учора. Ну яго к чорту, гэтага Цэзара, гэтага Ацілу, гэтага героя! Герой бутэлькі, гэта я разумею. Але ваеннае геройства, не ўжо, даруйце!.. Словам, мы пачувалі сябе прысаромленымі, разбітымі і знясіленымі; у нас ныла на сэрцы і ў жываце.
Усе мы з апантанасцю прыняліся за работу. Работа ўбірае і сорам і боль, як губка. Работа абнаўляе і скуру і кроў душы.
Клопатаў было нямала: столькі руін навокал! Але хто нам больш за ўсіх дапамог, дык гэта зямля. Ніколі не было раней такога ўраджаю пладоў і збажыны; а вянцом усяго стаў напаследак збор вінаграду. Папраўдзе здавалася, быццам гэтая добрая маці хацела выпітую кроў вярнуць нам віном. А чаму б і не, нарэшце? Нішто не прападае, не павінна прападаць. Калі б кроў прападала, куды яна дзелася б? Вада сцякае з неба і туды ж вяртаецца. Чаму б і віну гэтак жа не рабіць кругаварот паміж зямлёю і нашай крывёю? Гэта той жа сок. Я — вінаградны куст, або быў ім, або буду. Мне хацелася б у гэта верыць; і я хачу ім быць, і ўсякую іншую бессмяротнасць я аддам за тое, каб стаць вінаграднікам ці пладовым садам, і адчуваць, як мая плоць набухае і наліваецца прыгожымі ягадамі, круглымі, поўнымі, чорнымі і аксамітнымі гронкамі, і напружваць іхнюю скурку так, каб яна была гатова лопнуць пад летнім сонцам, і (найлепш) быць з’едзеным. Як бы там ні было, а толькі ў гэтым годзе вінаградны сок так і хлынуў, і зямля праз усе свае сітавіны сплывала крывёй. Дайшло да таго, што не хапала бочак; і, з-за адсутнасці посуду, вінаград заставаўся ў чанах, а не, дык і проста ў начоўках для бялізны, і яго нават не душылі! Мала таго, здарыўся такі нечуваны выпадак, што нейкі стары андрыйскі жыхар, бацька Кульмар, не могучы справіцца, стаў прадаваць усяго за трыццаць су бочку вінаграду, дзеля таго толькі, каб яго здымалі самі. Можаце ўявіць, як мы ўспудзіліся, мы гэта, якія не маглі глядзець спакойна, як гіне божая кроў! Каб яе дарма не аддаваць, прыйшлося яе распіваць. Думаць мелі ласку нядоўга, усе мы людзі абавязку. Але гэта была Геркулесава работа; і часцяком не Антэй, а Геркулес кранаўся зямлі. Ва ўсякім разе добрым у гэтым было тое, што думкі нашы крыху змяніліся; чало іх праяснілася. і твары пасвятлелі.
I ўсё ж такі нешта заставалася яшчэ на дне шклянкі, быццам асадак, прысмак нейкі; людзі ўсё яшчэ пазбягалі адзін аднаго, сачылі адзін за адным. Крыху, праўда, падбадзёрыліся (пахістваючыся); але з суседам не сыходзіліся; пілі ў адзіноце, смяяліся ў адзіноце, што вельмі шкодна. Так магло б доўжыцца шмат часу, і не ведалі, як з гэтага выблытацца. Але выпадак хітры. Ён заўсёды знойдзе правільны спосаб, адзіны, які лучыць людзей: аб’яднаць іх супраць каго-небудзь. Любоў таксама збліжае; але што ўсіх злівае ў адно, дык гэта вораг. А вораг — гэта наш гаспадар.
I вось сталася так, што гэтай самай восенню герцаг Карл вырашыў забараніць нам вадзіць карагоды. Гэта ўжо занадта! О не! He было падагрыка, ці кульгавага, ці бязногага, у якога адразу ж не засвярбелі б пяткі. Як заўсёды, зачэпкай да разладу паслужыў Графскі луг. Справа з ім цёмная, ніколі не разблытаць. У гэты прыгожы луг, размешчаны ля падножжа гары КрокПенсон, ля гарадскіх варот, і акаймаваны, нібы нядбайна кінутым сярпом, лукаватым Беўронам, ужо трыста гадоў як учапіліся і
цягнуць кожная да сябе — шырокая пашча пана дэ Невера і наша, якая не такая шырокая, але, што ў яе трапіла, таго не выпусціць. Hi з таго, ні з другога боку ніякай злосці; усміхаюцца, далікатныя, гавораць: «Мой дружа, мае верналюбыя, ваша светласць...» Але кожны стаіць на сваім і не думае саступаць ні пядзі. Кажучы па праўдзе, колькі мы ні судзіліся, кожны раз праўда была не наша. Суды, палаты, Мармуровы стол45 выносілі пастанову за пастановай, з якіх вынікала, што наш луг не наш. Як вядома даўно, правасуддзе для таго і стваралася. каб за грошы называць белым тое, што чорным заставалася. Мы не вельмі і хваляваліся. Прысудзіць — гэта лухта, важна мець. Чорная твая карова ці белая, беражы сваю карову, мілы чалавек. Мы яе і бераглі, і лугу нашага не саступалі. Бо як зручна! Вы падумайце толькі! Гэта адзіны луг у Кламсі, які ні аднаму з нас не належыць. Належачы герцагу, ён належыць усім. Таму мы з чыстым сумленнем можам яго псаваць. I бачыць Бог, чаго толькі з ім не вырабляюць! Усё, чаго нельга зрабіць дома, робяць на ім: працуюць, чысцяць, напіхваюць цюфякі, выбіваюць старыя дываны, кідаюць смецце, бавяцца, гуляюць, пасуць коз, скачуць пад рылі, практыкуюцца з аркебузы і на барабане; а начамі аддаюцца каханню, у траве, расквечанай паперкамі, ля шапаткіх струменяў Беўрона, якога нічым не здзівіш (і не такое бачыў!).
Пакуль жывы быў герцаг Людовік, усё ішло чым чынам, таму што ён рабіў выгляд, быццам нічога не заўважае. Гэта быў чалавек, які ведаў, што коньмі лягчэй кіраваць, калі не вельмі нацягваць лейцы. Якая для яго была страта ад гэтага, што нам здавалася, быццам мы людзі вольныя і ўмеем за сябе пастаяць, калі на самой справе гаспадаром быў ён? Але сын яго — чалавек фанабэрысты, яму важна не тое, што ён ёсць, а тое, якім ён успрымаецца (яно і зразумела: сам жа ён нішто), і ён задзірае мазгаўню, ледзь заспяваеш кукарэку. А між тым трэба, каб француз спяваў і з гаспадароў сваіх пацвельваўся. Калі ён не пацвельваецца, ён паўстае; ён не ахвотнік падпарадкоўвацца тым, хто хоча, каб іх заўсёды прымалі ўсур’ёз. Мы любім ад душы толькі тое, з чаго мы можам ад душы пасмяяцца. Таму што смех робіць роўнымі ўсіх. А гэтаму гусяняці ўздумалася забараніць нам гуляць, скакаць, мяць і псаваць траву на Графскім лузе. Знайшоў таксама час! Пасля ўсіх нашых няшчасцяў, калі яму варта было б хутчэй вызваліць нас ад падаткаў!.. Так, але затое мы яму і паказалі, што кламсійцы не з такога дрэва, якое ідзе на распалку, а з моцнага дубу, куды сякера ўваходзіць з цяжкасцю, a калі і ўвайшла, дык выцягнуць яе яшчэ цяжэй. He прыйшлося і змаўляіша. Аднадушнасць была поўная. Адабраць у нас наш луг! Адабраць дарунак, які нам паднеслі ці які мы самі сабе прысвоілі (гэта ўсё роўна: дабро, якое ўкраў і захоўваў трыста гадоў, становіцца ўласнасцю. тройчы свяшчэннай), дабро тым больш каштоўнае, што яно было не нашым, і мы яго зрабілі нашым, пядзя за пядзяю, дзень за днём, павольным захопам і доўгай