Кала Бруньён  Рамэн Ралан

Кала Бруньён

Рамэн Ралан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2001
55.06 МБ
«Мілая Марціна, я цябе пазлую».
I заявіў без далёкіх слоў:
— Гэта мне не падыходзіць.
Яна паказала мне, з пакрыўджаным выглядам, усе астатнія пакоі ніжняга жытла. Я ні аднаго з іх не захацеў і спыніў свой выбар на маленькай каморачцы пад дахам. Яна падняла крык, але я ёй сказаў:
— Мілая мая, гэта ўжо як ты сабе хочаш. Адно з двух. Ці я ўладкоўваюся тут, ці я вяртаюся ў кута.
Ёй давялося саступіць. Але з той пары, што ні дзень, і кожную Божую гадзіну, яна бралася за сваё:
— Табе нельга там заставацца, табе лепш будзе ўнізе; скажы мне, чым ты незадаволены; чаму ж ты не хочаш, дубовая твая галава?
Я адказваў, усміхаючыся:
— А таму што не хачу.
— Ты мяне злуеш,— крычала яна гнеўна.— Але я ведаю чаму... Ганарлівец! Ганарлівец, які не хоча быць чым-небудзь абавязаны сваім дзецям, мне! Мне! Я цябе адлупцаваць гатова!
— Гэтым спосабам,— кажу,— ты мяне заставіла б прыняць ад цябе хоць кухталі.
— Ты бессардэчны чалавек,— сказала яна.
— Дачушка ты мая!
— Бач, які салодкі. Прэч лапы, брыда!
— Мілая ты мая, вялікая ты мая, добрая ты мая прыгажуня!
— Ты яшчэ заляцацца, прыліпала гэткі? Ліслівец, пустамеля, махляр! Ці перастанеш ты смяяцца мне ў вочы крывым сваім рацішчам?
— Паглядзі на мяне. Ты таксама смяешся.
— He.
— Смяешся.
— He! He! He!
— А я бачу... вось.
1 я ткнуў пальцам у яе ўзбухлую ад смеху шчаку, якая так і пырснула.
— Гэта проста недарэчна,— сказала яна.— Я на цябе злая, я цябе ненавіджу, і я нават не маю права сердаваць! Я павінна, хачу ці не хачу, смяяцца з крыўлянняў гэтай старой малпы!.. Але толькі так і ведай, я цярпець цябе не магу. Злосны, убогі, даведзены да галечы, а строіць з сябе Артабана, прыкідваецца ганарліўцам перад роднымі дзецьмі! Ты не маеш права.
— Гэта адзінае права, якое ў мяне засталося.
Яна нагаварыла мне яшчэ многа рэзкіх слоў. Я ёй адказваў не менш колкімі. У нас з ёю, у абаіх, языкі тачыльшчыкаў, мы вострым
словы на крэмневым коле. На шчасце, калі мы раззлуемся ўшчэнт, мы кожны раз адпусцім, яна ці я, які-небудзь пацешны жарт і рагочам, няма сіл стрымацца. I ўсё пачынай спачатку.
Калі яна ўволю намянціла языком (я ўжо даўно і слухаць перастаў), я ёй сказаў:
— На сёння хопіць. Прадоўжым заўтра.
Яна мне кажа:
— Дабранач. Дык ты не хочаш?..
Маўчанне.
— Ганарлівец! Ганарлівец! — паўтарае яна.
— Паслухай, мілая мая. Я ганарлівец, Артабан, паўлін, усё, што хочаш. Але скажы мне шчыра: калі б ты была на маім месцы, як бы ты павяла сябе?
Яна падумала і сказала:
— Я павяла б сябе гэтак жа.
— Ну, вось бачыш! А цяпер пацалуй мяне, і дабранач.
Яна панура пацалавала мяне і пайшла буркліва:
— I пашле Бог у падарунак гэткія дзве галоўкі!
— Вось, вось,— кажу,— правучы яго, душа мая, яго, але не мяне.
— I правучу,— адказвала яна.— Але толькі ты гэтым не адкруцішся.
Я і не адкруціўся. Наступным ранкам яна зноў пачала спачатку. I ўжо не ведаю, колькі перапала на долю Бога, але мне дасталося многа.
Я як сыр у масле купаўся першыя дні. Кожны мяне песціў і мілаваў; сам Фларымон мне дагаджаў і быў да мяне больш уважлівым, чым нават патрабавалася. Марціна за ім сачыла, турбуючыся пра мяне больш, чым я сам. Гладзі мяне частавала сваёй мілай балбатнёй. Садзілі мяне ў самае лепшае крэсла. За сталом падавалі першаму. Калі я гаварыў, слухалі. Мне было вельмі добра, вельмі добра... Уф! Проста сіл не было! Я не мог вытрываць; мне не сядзелася на месцы: кожныя тры хвіліны я шпацыраваў то ўніз, то ўверх па лесвіцы, якая вяла на маё гарышча. Гэта даймала ўсіх. Марціна, не з цярплівых, кожны раз уздрыгвала і моўчкі сціналася, пачуўшы скрып маіх крокаў. Каб гэта было яшчэ хоць летам, я пускаўся б падарожнічаць. Я і падарожнічаў, але толькі дома. Восень была сцюдзёная; густы туман засцілаў палі; а дождж ліў ды ліў, дзень і ноч. Я быў прыкаваны да месца. А месца было не маё, каб на яго! У гэтага бедалагі Фларымона быў дрэнны густ, з прэтэнзіямі; Марціна на гэта не глядзела; і ўсё ў хаце — мэбля, рэчы — мяне трэсла; я пакутаваў; мне хацелася ўсё перамяніць і пераставіць, так рукі і свярбелі. Але гаспадар сачыў пільна: варта было мне да чагонебудзь дакрануцца, пачыналася цэлая гісторыя. Быў там у
сталовай у пашаноце адзін збан, упрыгожаны парай улюбёных галубкоў і саладжавай дзеўчынай з манерным паклоннікам. Мяне ад яго нудзіла; я ўпрошваў Фларымона хоць бы прымаць яго са стала, калі я ем; у мяне кавалкі ў горле перасядалі, я давіўся. Але гэты абармот (гэта было яго права) не жадаў. Ён ганарыўся гэтым смачным кавалачкам: як рэч была зборная, ён бачыў у ёй вяршыню мастацтва. I мае крыўлянні ўсіх толькі весялілі.
Што тут рабіць? Смяяцца з самога сябе; відавочна, я быў дурань. Але начамі я варочаўся ў ложку, як катлета, у той час як на патэльні, дакладней, на даху ў мяне над галавой, бесперапынна патрэскваў дождж. А шпацыраваць на гарышчы ў сябе я не адважваўся, таму што ад майго цяжкага поступу яно дрыжала. I вось аднойчы, седзячы ў роздуме на ложку і звесіўшы голыя ногі, я сказаў сабе: «Кала Бруньён, не ведаю, калі і як, але я адбудую свой дом». 3 гэтай хвіліны я павесялеў: у мяне была тайная задума. Я, зразумела, не стаў гаварыць пра яе дзецям: яны мне адказалі б, што ў сэнсе жылля мне найлепш падыходзіць вар’яцкі дом. Але дзе здабыць грошай? Прайшлі Арфеевы вякі, не Амфіёны пастухі народаў, і камяні не водзяць карагодаў, адзін друтога ўзяўшы пад бакі, і не ўзводзяць сцен і купалоў, іначай як пад песні кашалькоў. А кашалёк мой і зусім знямеў, хоць, праўда, і раней ён дрэнна пеў.
Я, не вагаючыся, звярнуўся да кашалька майго сябра Паяра. Шчыра кажучы, гэты паважаны чалавек мне яго не прапаноўваў. Але так як мне бывае проста прыемна звярнуцца да друга за паслугай, дык я думаю, што і яму павінна быць не менш прыемна мне яе аказаць. Я скарыстаў зацішша на небясі, каб схадзіць у Дарнесі. Віселі нізкія шэрыя хмары. Вільготньі і стомлены вецер наляцеў, як вялікая мокрая птушка. Зямля прыліпала да ног; а на палі асыпалася, лётаючы, жоўтае лісце арэшніку. He паспеў я раскрыць рот, як Паяр занепакоена мяне перапыніў і пачаў скардзіцца на застой у справах, на мізэрныя паступленні, на безграшоўе, на сваіх кліентаў, так што я яму сказаў:
— Паяр, мая душа, хочаш у доўг паўграша?
Я быў пакрыўджаны. Ён яшчэ больш за мяне. I мы працягвалі панура гутарыць, з халоднымі тварамі, пра тое пра сёе, я — раззлаваны, ён — сканфужаны. Ён раскайваўся ў сваёй сквапнасці. Бедны стары — чалавек нядрэнны; ён мяне любіць: я гэта ведаю, яшчэ б; ён з задавальненнем аддаў бы мне свае грошы, калі б гэта яму нічога не каштавала; і нават, калі б я праявіў настойлівасць, я дамогся б ад яго таго, чаго я хацеў; але не яго віна, калі ў ім сядзяць тры стагоддзі ліхвяроў. Можна быць абывацелем і адначасова шчодрым, вядома; гэта здараецца іншы раз ці здаралася, кажуць, але кожны добры абывацель, калі дакрануцца да яго кашалька, найперш міжволі скажа «не». Мой сябра дорага даў бы цяпер, каб сказаць «так»; але для гэтага трэба было, каб я вярнуўся да ранейшага; а я не хацеў. Я чалавек горды; калі я
звяртаюся да сябра з просьбай, я лічу, што яму гэта вельмі прыемна; і калі ён вагаецца, я больш не хачу, яму ж горш! Дык вось, мы гутарылі аб рэчах пабочных, сярдзітым голасам і з цяжарам на душы. Я адмовіўся ад снедання (гэта яго канчаткова засмуціла). Я ўстаў. Панурыўшы галаву, ён правёў мяне да парога. Але беручыся ўжо за ручку дзвярэй, я не вытрымаў, абняў рукою яго старую шыю і моўчкі пацалаваў яго. Ён ад душы адказаў мне тым жа. Потым нясмела спытаў:
— Кала, Кала, хочаш?..
Я сказаў:
— Пра гэта не будзем больш гаварыць.
(Я ўпарты.)
— Кала,—■ працягваў ён з вінаватым выглядам,— застанься хоць паснедаць.
— Гэта,— кажу,— іншая размова. Паснедаем, дружа Паяр.
Мы паелі за чацвярых; але я застаўся цвёрдакаменным і ад свайго рашэння не адступіў. Вядома, я сам сябе караў. Але і яго таксама.
Я вярнуўся ў Кламсі. Трэба было адбудаваць нанова маё жыллё, без рабочых і без грошай. Спыніць мяне гэта не магло. Што я сабе ўкруціў у галаву, укручана, каб яго чорт узяў, не ў абцас. Я пачаў з таго, што ўважліва агледзеў пажарышча, адбіраючы ўсё, што магло спатрэбіцца: абгарэлыя бэлькі, пачарнелыя цагліны, старое жалеза, чатыры хісткія сцяны, чорныя, як шапка камінара. Потым я панадзіўся хадзіць употай у Шаўрош, у каменяломні, калупаць, скрэбці, грызці зямныя косці, добрае каменне, прыгожае і крывавае, у якога ў пражылках нібы запечаная кроў. I вельмі магчыма таксама, што, ідучы лесам, я іншы раз дапамог якому-небудзь састарэламу дубу, які дажываў свой век, знайсці спакой. Відаць, гэта забаронена; магчыма і такое. Але калі рабіць толькі тое, што дазволена, вельмі ўжо цяжка было б жыць. Лясы належаць гораду і для таго, каб імі карысталіся. Імі і карыстаюцца, не падымаючы шуму, зразумела. I карыстаюцца ў меру, таму што памятаюць: «Трэба пакінуць і іншым». Але ўзяць — гэта яшчэ дробязь. Трэба было панесці. Дзякуючы суседзям я справіўся і з гэтым: хто пазычыў павозку, хто валоў ці інструменту, а хто і проста дапамог, балазе гэта нічога не каштуе. У блізкага свайго можна папрасіць усё, што пажадаеш, нават яго жонку, але толькі не грошай. Я яго разумею: грошы — гэта тое, што можа яшчэ быць, тое, што будзе, тое, што магло б быць за грошы, усё, пра што марыш; а астатняе ўжо ёсць: гэта ўсё роўна, як калі б яго і не было.
Пад той час, калі мы з Рабінэ, ён жа Бінэ, змаглі нарэшце падступіцца да ўстаноўкі першых рыштаванняў, надышлі халады. Мяне называлі вар’ятам. Дзеці мае кожны дзень ладзілі мне сцэны; а найбольш спагадлівыя раілі мне пачакаць хоць бы да вясны. Але я і слухаць не хацеў; я нічога так не люблю, як
злаваць мужыкоў ці іхніх кіраўнікоў. Няма пра што казаць, я выдатна ведаў, што не змагу сваімі сіламі, ды яшчэ зімою, пабудаваць хату! Але для мяне даволі было б шалаша, даху, трусінай будкі. Я чалавек таварыскі, гэта так, але я жадаю быць ім, калі захачу, а калі мне не трэба, дык і не быць. Я гаваркі, я люблю пагутарыць з людзьмі, гэта так, але я хачу мець магчымасць гутарыць і з сабою, сам-насам, калі мне ўздумаецца; з усіх маіх суразмоўцаў гэта найлепшы, і я ім даражу; каб з ім пабачыцца, я гатоў прайсціся басанож па марозе, без порткаў. I вось менавіта для таго, каб без усялякай перашкоды весці размовы з самім сабою, я і будаваў з такой упартасцю, нягледзячы ні на якія абгаворы, сваю хату і пасмейваўся з павучанняў маіх дзяцей.