Кала Бруньён  Рамэн Ралан

Кала Бруньён

Рамэн Ралан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2001
55.06 МБ
На жаль! Апошнім пасмяяўся не я... Аднойчы раніцай, у канцы кастрычніка, калі горад увесь захутаўся ў іней, а на маставой паблісквала срэбраная сліна галалёдзіцы, я, узбіраючыся на рыштаванні, паслізнуўся на перакладзіне і — трах! — апынуўся ўнізе хутчэй, чым знізу ўзабраўся наверх. Бінэ крычаў:
— Ен забіўся!
Збегліся людзі, паднялі мяне. Мне было прыкра. Я сказаў:
— Ды гэта я знарок...
Я хацеў устаць сам. Ай, шчыкалатка, шчыкалатачка мая! Я ўпаў зноў... Шчыкалатачка аказалася зламанай. Мяне паклалі на насілкі. Марціна, ідучы побач, уздымала рукі, а суседкі ішлі ўслед, галосячы і абмяркоўваючы здарэнне; мы нагадвалі карціну, як клалі ў труну Ісуса Хрыста. Mae Марыі ўволю крычалі, махалі рукамі і тупалі. Нябожчык прачнуўся б. Я дык не быў мёртвым, але прыкідваўся гэткім: інакш увесь гэты дождж абрынуўся б на мяне. I нерухомы, з клінком барады, прыхарошана ўшанаваны, я злаваўся ў душы, хоць меў выгляд рахманы...
ГЛАВА ТРЫНАЦЦАТАЯ
Чытанне Плутарха
Канец кастрычкіка
Вось я і злоўлены за лапку... За лапку! Божа, ну зламаў бы ты мне, калі гэта табе так падабаецца, рабро ці руку і пакінуў бы мне мае падпоркі! Я, вядома, таксама стагнаў бы, але не стагнаў бы звалены. Ах, нядобры, пракляты! (Благаславёна яго святое імя!) Ён нібы толькі і думае, чым гэта вас змучыць. Ён ведае, што для мяне даражэйшая за ўсе зямныя даброты, даражэйшая за працу, гулянку, любоў і дружбу тая, каго я заваяваў, дачка не багоў, а людзей, — мая воля. Вось менавіта таму (яму нябось смешна, шэльме) ён і прывязаў мяне за нагу ў маім заканурку. I вось я сузіраю, лежачы на спіне, як жук, павуцінне, паддашка-
выя бэлькі. Вось мая воля!.. А ўсё ж я яшчэ не папаўся, мілы ты мой. Вяжы мой касцяк, прывязвай, абмотвай, зацягвай, ну давай, яшчэ разок, як вяжуць куранят. калі нанізваюць іх на ражон!.. Ну што, паймаў нібыта? А дух! Што з ім ты зробіш? Глядзіш, ён і паляцеў, і з ім мая фантазія. Паспрабуй тады іх злавіць! Для гэтага патрэбны здаровыя ногі. У маёй кумы-фантазіі яны не зламаны. Ну давай. даганяй, дружа!
Павінен сказаць. што напачатку я быў не ў настроі. Язык у мяне застаўся, і я карыстаўся ім, для таго каб лаяцца. Усе гэтыя дні да мяне лепш было не падыходзіць. Між тым я ведаў, што ў маім падзенні мне няма каго вінаваціць, акрамя самога сябе. Ведаў я гэта выдатна. Усе, хто мяне наведваў, трубілі мне ў вушы:
— Гаварылі ж табе! Выдумаў сабе лазіць, як кошка! Стары барадач! Цябе перасцерагалі. Але ты ніколі не хочаш слухаць! Вечна табе трэба бегаць. Ну вось і бегай зараз! Сам вінаваты...
Добрае суцяшэнне! Калі ты няшчасны, даказваць табе ўсяляк, каб цябе падбадзёрыць, што ты да таго ж яшчэ і дурань! Марціна, мой зяць, сябры, чужыя людзі — усе, хто мяне наведваў, быццам змовіліся. А я павінен быў цярпець іхнія разносы, не варушачыся, з нагою ў пастцы, шалеючы ад злосці. Нават шэльма Гладзі і тая сказала, ці бачыце:
— Ты дрэнна сябе паводзіў, дзядуля, так табе і трэба!
Я шпурнуў у яе каўпаком і крыкнуў:
— Каб вам усім праваліцца!
I вось я застаўся адзін, і весялей ад гэтага не стала. Марціна, слаўная дачка, дамагалася таго, каб мой ложак перанесці ўніз, у пакой побач з крамай. Але я (кажучы шчыра, я быў бы гэтаму вельмі рады), але я калі раз сказаў «не», дык дзе там, гэта ўжо «не»! А потым непрыемна, калі ты калека, паказвацца на людзі. Марціна нястомна вярталася ўсё да таго ж: надакучлівая, як бываюць толькі мухі і жанчыны. Калі б яна менш гаварыла, мне здаецца, я саступіў бы. Але яна празмерна ўжо ўпарцілася: каб я згадзіўся, яна з ранку да ночы трубіла б перамогу. I я паслаў яе прагуляцца як мага далей. Натуральна, усе і прагульваліся, акрамя мяне, зразумела; мяне пакінулі качацца на гарышчы. Скардзіцца табе няма на што, Кала, ты сам гэтага хацеў!..
Але сапраўднай прычыны, чаму я ўпарціўся, я не адкрываў нікому. Калі ты не дома, калі ты ў чужых, дык баішся патурбаваць, не хочаш ім быць абавязаны. Гэта разлік памылковы, калі хочаш. каб цябе любілі. Найгоршае з глупстваў — гэта даць пра сябе забыцца. Забывалі мяне лёгка. Я нікуды не паказваўся. He паказваліся і да мяне. Нават Гладзі мяне забывала. Мне чуваць было, як яна смяецца ўнізе; і, чуючы яе, я і сам у душы смяяўся, але пры гэтым уздыхаў: таму што мне вельмі хацелася б ведаць, з чаго яна смяецца... «Няўдзячная!» Я абвінавачваў яе, але разумеў, што на яе месцы я рабіў бы гэтак жа сама... «Весяліся, мая красуня!..» Але толькі, калі не можаш паварухнуцца, трэба,
каб сябе чым-небудзь заняць, крышачку разыгрываць Іова, які вывяргае ганьбу на сваім сметніку.
Аднойчы, калі я панура ляжаў на гэтым самым сметніку, прыйшоў Паяр. Прызнацца. сустрэў я яго не вельмі каб ласкава. Ён сядзеў перада мною, у нагах ложка. У руках ён беражліва трымаў загорнутую кнігу. Ён спрабаваў весці гутарку і беспаспяхова закранаў то адну тэму, то іншую. Усім ім я зварочваў шыю, з першага ж слова, з выглядам лютым. Ён не ведаў, што і сказаць, пакашліваў, паляпваў рукою па краі ложка. Я папрасіў яго перастаць. Тады ён зусім сціхнуў і баяўся зварухнуцца. Я ў душы пасміхаўся і думаў:
«Мілы мой, цяпер цябе грызе сумленне. Калі б ты мне даў пазыку, як я цябе прасіў, мне не давялося б ствараць з сябе муляра. Я зламаў сабе нагу: вось табе! Сам вінаваты! Гэта з-за тваёй сквапнасці я цяпер у такім выглядзе».
Дык вось, ён не асмельваўся са мною загаварыць; я таксама сіліўся стрымаць язык, але мне да смерці хацелася ім паварушыць, і я не вытрываў.
— Ды гавары ж ты! — сказаў я яму.— Ці ты ў галавах паміраючага? Што гэта такое: прыйсці і маўчаць! Ну, гавары ці ідзі прэч! Ды не круці вачамі. He скубі кнігу. Што гэта ў цябе такое?
Небарака ўстаў:
— Я бачу, што я цябе раздражняю, Кала. I я пайду. Я прынёс быў гэтую кнігу... Гэта. ці бачыш, Плутарх, «Жыццяпіс славутых людзей», перакладзены на французскую мову месірам Жакам Аміо, епіскапам Аксерскім. Я думаў...
(Ён усё яшчэ не мог надумацца канчаткова.)
— ...што, магчыма, ты будзеш мець...
(Божа, чаго гэта яму каштавала!)
— ...задавальненне, дакладней, суцяшэнне, яе прысутнасць...
Ведаючы, як гэты стары скнара, што любіць кнігі яшчэ больш. чым грошы, не любіць іх нікому даваць (калі, было, дакранешся да адной з іх у шафе, ён крывіў морду пакутнікапалюбоўніка, які бачыць, як грубы нахабнік ціскае грудзі яго каханкі), я быў крануты веліччу ахвяры. Я сказаў:
— Стары дружа, ты лепшы за мяне, я жывёліна; я абышоўся з табою нядобра. Падыдзі, пацалуй мяне.
Мы пацалаваліся. Я ўзяў кнігу. Ён быў бы рады яе ў мяне адабраць.
— Ты будзеш яе вельмі берагчы?
— He хвалюйся,— адказаў я,— гэта будзе мая падушка.
Ён пайшоў неахвотна, відаць, не вельмі заспакоены.
I я застаўся ўдвух з Плутархам Херанейскім, маленькім пузатым томікам, папярок сябе таўсцейшым у тысячу трыста старонак, спорных і шчыльных, напічканых словамі, як дробным зернем. Я падумаў:
«Тут хопіць харчу на тры гады, без перадышкі, для трох аслоў».
Спярша я ўзяўся разглядаць, у пачатку кожнай главы, у круглых медальёнах, галовы ўсіх гэтых славутых, адрэзаныя і загорнутыя ў лаўровае лісце. Ім не хапала толькі пучка пятрушкі ў носе. Я думаў:
«Што мне да гэтых грэкаў і рымлянаў? Яны памерлі і мёртвыя, а мы жывыя. Што яны могуць мне расказаць, чаго я не ведаў бы не горш за іх? Што чалавек вельмі паганы, хоць і цікавы, жывёліна, што віно з цягам часу мацнее, а жанчына брыдзее, што ва ўсіх краінах, дзе ты ні будзь, вялікія малых грызуць, а калі бяда дабіраецца і да іх, малыя смяюцца з такіх? Усе гэтыя рымскія лгуны красамоўнічаюць шматслоўна. Я красамоўства люблю, але я іх папярэджваю загадзя: гаварыць будуць не толькі яны; я ім пазатыкаю дзюбы...»
Потым я паблажліва пачаў перагортваць кнігу, няўважліва закідваючы ў яе маркотны позірк, быццам вудачку ў рэчку. I так і замёр, сябры мае... Сябры мае, ну і ўлоў!.. He паспяваў паплавок патрымацца на вадзе, як ён ныраў, і я выцягваў — такіх карпаў, такіх шчупакоў! Невядомых рыб, залатых, сярэбраных, пералівістых, усеяных самацветнымі камянямі, якія рассыпалі вакол цэлы дождж іскраў... I яны жылі, скакалі, вывіваліся, танцавалі, варушылі жабрамі і білі хвастом! А я ж лічыў іх мёртвымі!.. Калі б цяпер рухнуў свет, я, здаецца, не заўважыў бы; я сачыў за вудачкай: во ўжо клявала, ну і клявала! Ну-ну, што за пачвара вылезе з вады на гэты раз?.. I трах — цудоўная рыбіна ўзлятае на лёсцы, з белым пузам і ў кальчузе, зялёнай, як колас, ці сіняй, як сліва, зіхоткай на сонцы!.. Дні, якія я пры гэтым бавіў (дні ці тыдні?),— перлы майго жыцця. Благаслаўлёная мая хвароба!
1 благаслаўлёныя мае вочы, праз якія пранікаюць у мяне цудоўныя прывіды, замкнутыя ў кнігах! Mae чарадзейныя вочы, якія з-пад узору тлустых і вузкіх значкоў, што плятуцца чорным статкам па старонцы, між двух равоў яе палёў, уваскрашаюць зніклыя воінствы, заняпалыя гарады, рымскіх красамоўцаў і суровых ваякаў, герояў і прыгажунь, што вадзілі іх за нос, шырокі вецер раўнін, прамяністае мора, і сінь усходніх нябёсаў, і свет, які знік!..
Перада мною праходзіць Цэзар, бледны, кволы і маленькі, ляжачы на насілках, пасярод рубакаў, якія ідуць за ім і бурчаць, і гэты абжора Антоній, які падарожнічае са сваімі куфэркамі, посудам і распусніцамі, аб’ядаецца на ўскрайку зялёнага гаю, п’е, ванітуе і зноў п’е, з’ядае за абедам восем смажаных вепрукоў і вудзіць салёную рыбу, і ўраўнаважаны Пампей, якога Флора кусае ад любві, і Паліяркет, у шырокім капелюшы і залатой мантыі, на якой адлюстраваны зямля і нябесныя кругі, і вялікі Артаксеркс, што валадарыць, як бык, над чорна-белым статкам сваіх чатырохсот жонак, і апрануты Вакхам прыгажун Аляксандр, які вяртаецца з Індыі на калясніцы, запрэжанай васмярыма коньмі, убранай свежымі галінкамі і пурпуровымі дыванамі, пад гукі скрыпак, жалеек і
габояў, які п’е і балюе са сваімі палкаводцамі, ва упрыгожаных кветкамі капелюшах, а яго войска крочыць за ім з чашамі ў руках, і жанчыны скачуць, як козы... Ну, хіба гэта не цудоўна? Царыцу Клеапатру, флейтыстку Ламію і Стаціру, настолькі прыгожую, што балюча вачам, тут жа пад носам у Антонія, Алекса ці Артаксеркса, я бяру, калі захачу, я імі цешуся, я імі валодаю. Я ўступаю ў Экбатану, я п’ю з Фаідой, я сплю з Раксанай, я нясу на спіне, у клунку, увязаную Клеапатру; разам з Антыёхам, які барвавее і палымнее гарачым пачуццём да Стратонікі, я нуджуся па сваёй мачысе (забаўная справа!), спусташаю Галію, прыходжу, бачу, перамагаю, і (што вельмі прыемна) усё гэта не каштуе мне ні кроплі крыві.