Калі рукаюцца душы
Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў
Выдавец: Беларуское таварыства «Кніга»
Памер: 344с.
Мінск 2003
Толькі Бог Прароку Дарадца.
9 кастрычніка 2002
А лета ад вясны, Зіма ад лета Лістоў чакаюць. I лятуць лісты.
I, пераксьціўшы існасьць, Небаксты
Нябыту пішуць, Што няясна мэта Жыцьця й быцьця. Паштарская карэта, Нябачная
Да прывіднай вярсты, Вязе лісты, I шлях ёй
Меціць мета
Спакою й забыцьця,
Пакуль мы самі Ня вернемся Зялёнымі лістамі...
10 кастрычніка 2002
Туды — ў адзіныя мясьціны, У першакрык,
У першаплач,
Мой сум вяртаюць напаміны:
Паслухай,
Пагукай,
Пабач!
Паслухай думку аблачыны,
Сон заблуканы пагукай,
Пабач на хвалі сьлед качыны,
Грахам парай
Падацца ў рай.
Я не адзін,
Хоць тлен няспынны
Карчуе ўсё з-пад караня,
Пакуль жывуць яшчэ ўспаміны — Апошняя мая радня...
28 кастрычніка 2002
I гэты сьвет аднойчы быў пачаты, Каб той
Свой неспасьціжны меў працяг.
I забыцьця спагадлівыя іпаты
Бяруць у засень
Наш кароткі шлях.
Той сьвет
Цікавіць нас на гэтым сьвеце, А ці ўзгадаем Гэты сьвет на тым?
Хто нас прывеціць — Рай ці апрамецьце? Ці мы ўзгадаемся сабе самім?
Рыкае непамыснасьці цяліца На здратаванай пашы мітусьні. Апошнім з Панам Богам падзяліцца Душа ляціць, Забыўшы доле дні.
He засыхае хмара дажджавая.
Трава жывая
Будзіць сон капца.
Апошняга нічога не бывае.
Жыцьцё і пачынаецца з канца.
31 кастрычніка 2002
Адлегласьць — адлега, Калі адлягае
Ад сэрца ў зімы Недаверу й зьнявагі. Блукае ростань Ля зялёнага гаю I сум раўнавагі Кладзе на вагі.
I шалю жалю
Шаля надзеі пераважае , I дарога дадому, Як і душа, маладзее.
7 лістапада 2002
Усё забываецца, ніякавее. Як што й застаецца, Дык толькі забытае.
Перадзазімкавая ліставея Вятрыстыя думкі галін Пераблытае.
I самі сябе перапросяць правіны, Бездапаможныя перад зьдзекамі. Галіны пацягнуцца ў напаміны, Каб іх вершалініста ўспомнілі Некалі.
Галодную памяць
Стомленай глыбіні
Варушаць перамоўклыя карані.
11 лістапада 2002
Душа папросіцца дадому,
Да ацалелага падстрэшша,
I, непавінная нікому,
Падасца Млечным Шляхам пеша
Згадаць чарговую цямніцу, Дзе паўтарылася нанова. Пярун там сватаў Юліскавіцу, Грымоцячы на вуснах словы
Пра жарсьць, Якая паліць долы I знавальнічаныя хмары. А небакрылыя анёлы Пасуць бязгрэшных душ атары.
Усе мы —
Цыганы Сусьвету.
I нашы душы — качаўніцы.
Зямному нашаму імпэту
Свой лёс даверыў Посах ніцы...
22 лістапада 2002
ЛІСТ ВОСЕМДЗЕСЯТ ТРЭЙЦІ
Як абжываўся наш крывіцкі прашчур?
Зь вясновых сноў падмурак змураваў.
Паабчасаў праменьне да жывіцы.
Самшыў касмата воблакамі сьцены.
Узьняў з прыгорбленых вясёлак кроквы.
Дах бліскавіцамі нарашаціў.
Накрыў хаціну абніжэлым небам.
Абгарадзіў шырока двор ракою.
А рыбіна раку панесла ў мора.
А прашчур стог спакою накасіў.
Пад стогам вочы зьвёў, ды цесляра Спаконнаклопатны ўстурыў занятак — Стругаць нязломістых крывічанятак Ня толькі для свайго двара...
1 сьнежня 2002
/ йл uh cW
і У
/jA AM у г/ Ч
v /' ; ,у
У/ /\ .о^ t <<
Лз. / ZP^--
ХВАСТАТЫ
сучасная казка для дарослых
Калі на складзе пачало цямнець і над уваходам загарэлася электрычная лямпачка, Хвастаты вылез з нары.
Бегчы ў складзкія памяшканьні было яшчэ рана.Хвастаты ведаў, што вусаты чалавек у сінім халаце яшчэ сядзіць у сваёй цеснай канторцы і курыць, — дымам ад ягоных цыгарэт прасьмярдзелі ўсе складзскія закуткі. Трэба было пачакаць. Хвастаты быў пацук разважлівы і ніколі не кіраваўся уласным апетытам, нават калі быў галодны. Цяпер ён быў дужа галодны, бо ня еў колькі дзён, — з той пары, як за шкляной загародкай паявіўся гэты Вусаты і зачыніў жалезныя дзьверы ў тую палавіну складу, дзе было ўсё. Праўда, усе тутэйшыя горы мяхоў, штабялі каробак і скрынак з бутэлькамі Хвастатага мала цікавілі. Колькі ночаў таму ён натыкаўся там на каробкі ў куце, ад якіх ішоў адмысловы, надта ж прываблівы пах, і пацук не ўтрымаўся. Прагрызьці ў кардоннай каробцы патрэбную дзірку было няцяжка, і ён добра паласаваўся сырам, — так, што ледзьве прашчаміўся ў сваю цеснаватую пад падлогай нару. Але во — прыйшоў Вусаты і зранку зачыніў абабітыя жалезам дзьверы. Гэтыя дзьверы цяпер не адчыняліся ні ўдзень, ні нават уначы, калі Вусатага не было на складзе. I Хвастаты зьдзіўляўся — што той надумаў?
Цяпер ён не саступіў выхад з нары, бо адтуль маглі паявіцца суродзічы, — гэтыя дурныя, галодныя пацукі розных узростаў, якіх цяпер нямала распладзілася ў падпольлі. Каб не выклікаць нейкіх захадаў Вусатага ды ягонай кампаніі, пацукоў належала затрымаць ці вярнуць назад. Аднойчы ўжо зда-
рылася такое, што ў адказ на пацучыныя свавольствы сюды прыйшлі людзі ў гумовых фартуках і ў масках, зь нейкімі прыладамі ў руках, яны напусьцілі ў норы сьмяротнай атруты. Тады шмат якія з пацукоў загінулі, але Хвастаты і яшчэ колькі самых разумных засталіся і адказалі інтэнсіўным размнажэньнем; пад весну іхняя калёнія павялічылася больш чым удвая. Ён чуў, як людзі казалі, што засталіся з носам. Вельмі магчыма, думаў пацук, — іхнія насы пакуль пацукоў не цікавілі.
Хвастаты ўжо ведаў, што трэба пільна сачыць за людзьмі, ня даць ім захапіць пацукоў зьнянацку. I без патрэбы не высоўвацца з нары, не паддавацца на правакацыі. I нікому ня верыць. Нават калі які небудзь першагодак прывалачэцца са складу і скажа, што пад’еў сыру. Гэта можа быць хлусьня, а можа і правакацыя. Хвастаты быў пацук разумны, хітры і спрактыкаваны.
Той ночы яму нічога, аднак, не абламілася. Пасьля таго, як Вусаты пайшоў, ён старанна абнюхаў усе закуткі пярэдняй сэкцыі складу. Але жалезныя дзьверы ў галоўнае памяшканьне заставаліся зачыненыя, а ў пярэднім нічым прыстойным нават ня пахла. 3 новых рэчываў там паявілася нейкая жалезная бочка ў куце, ад якой сьмярдзела жалезам. Жалеза пацука таксама не цікавіла. Пад ранак ён вярнуўся ў сваю нару. Сядзеў там, аднак жа, нядоўга — ягоны спакой парушыла мітусьня, якую ўсчалі ягоныя суродзічы, — ён кінуўся да выхаду з нары і хутка зразумеў, што здарылася звонку. Гэтыя дурні-пацукі, мабыць, не стрывалі голаду і, як толькі адчыніўся склад, спрабавалі праскочыць у галоўную сэкцыю. Але хіба гэта можна было рабіць удзень, пры людзях? Людзі, канешне, узьнялі трывогу, застукалі, забегалі, кагосьці з пацукоў прыбілі, астатнія разьбег-
ліся па кутках і пахаваліся ў норах. Зрэшты, так ім, дурням, і трэба, ня лезьце раней часу, думаў Хвастаты, Стаіўіпыся ў нары за паўметры ад выхаду, ён ня мог бачыць, што адбывалася наверсе, затое добра чуў тупат ног, скрыгат чагосьці цяжкога, што цягнулі побач, лаянку рабочых. Але гэта былі ня хімікі з санстанцыі — тыя працавалі моўчкі, іхнюю хітрасьць цяжка было адгадаць, і толькі Хвастаты быў здольны на тое. Гэтыя ж размаўлялі гучна, мабыць, лаяліся і няспынна курылі. Сярод іншых ён пазнаў малады голас грузчыка Белабрысага, які аднойчы ледзьве не наступіў яму на хвост і надта спалохаўся. 3 таго часу Хвастаты Белабрысага баяўся. Вусатага ж там не было чуваць, але пацук адчуваў, што той дзесь паблізу. Ён ужо ведаў, што маўклівыя заўжды самыя небясьпечныя, — сваім крыкам, як і сваёй злосьцю, яны ўпіваюцца самі, мала што пакідаючы іншым. Вусаты ж, адчуваў пацук, быў, можа, й ня надта злосны, але надзвычай небясьпечны.
Але Хвастаты быў пацук цярплівы і ўмеў чакаць. Ён ня еў ужо пяць ночаў запар. Увечары на кароткі час вылязаў з нары, уздоўж плінтуса прабіраўся да запаветных дзьвярэй і, пераканаўшыся, што тыя запёртыя, вяртаўся назад. На шляху яму сустракаліся некаторыя зь ягоных суродзічаў, якія, як заўжды, мітусіліся, шукалі ўсюды, куды толькі можна было пралезьці, але, мабыць, дарэмна. Іхнія дурныя спробы заканчываліся ранішнім крыкам ды лаянкай людзей. Аднойчы там брахаў сабака, магчыма, прыведзены на склад для таго, каб напалохаць пацукоў. Але пацукі сабакаў не баяліся, як не баяліся і катоў. Каты даўно былі напалоханыя пацукамі і не маглі ім прычыніць ніякае шкоды. Найбольшы пацуковы вораг быў чалавек.
Нарэшце Хвастаты свайго дачакаўся.
Як толькі ў канторцы патухла сьвятло і сьціхлі цяжкія крокі Вусатага, ён выбраўся з нары. Шлях уздоўж плінтуса быў яму добра знаёмы, жалезныя дзьверы былі поруч. Яшчэ ў нары ён адчуў, што сёньня штосьці павінна здарыцца — штось доўгачаканае і радаснае. Так яно і атрымалася: жалезныя дзьверы былі не зачыненыя. Мабыць, сьпяшаючыся, Вусаты толькі прычыніў іх, пакінуўшы нешырокую шчыліну, у якую лёгка прашчаміўся Хвастаты.
У прасторнай сэкцыі складу стала і яшчэ болей прасторна, шмат якія скрынкі і штабялі адсюль вывезьлі. Хвастаты хутка праскочыў па вузкім праходзе ў дальні куток, дзе яго, аднак, чакала вялікае расчараваньне — кардонных карабкоў на ранейшым месцы не аказалася. На іх месцы стаяў шэраг шкляных бутляў, ад якіх ішоў агідны ядавіты смурод. Хвастаты кінуўся сюды-туды па праходах, і ў адным месцы, бліжэй да выхаду, адчуў, як запахла знаёмым. Слабы пах сьвежага сыру ішоў аднекуль зьверху. У сэкцыі панаваў паўзмрок, слаба сьвяціла цьмяная лямпачка, што-кольвечы згледзець было нельга. Але Хвастаты быў разумны пацук і хутка зразумеў, што гэта пахла зь вялізнай, пастаўленай на папа, мэталічнай бочкі. Але як узьлезьці туды? Па мэталу пацукі лезьці не маглі, ня мог лазіць па ім і Хвастаты.
Але ён быў таксама пацук вынаходлівы і хутка сьцяміў, што залезьці можна па скрынках, якія бязладна грувасьціліся ля самай бочкі. Драўляныя гэтыя скрынкі былі пустыя, некаторыя паламаныя, і пацук хутка ўзьлез па іх на самы іх верх. Побач была бочка, і зь яе ішоў яшчэ больш, чым унізе, павабны пах сыру. Ну ведама, вялікі кавалак сыру бялеў у змроку на канцы недаўгой дошчачкі, якая ляжала над бочкай. Другі яе канец апынуўся якраз пад па-
цучынымі лапамі. Дошчачка была здатнай шырыні, каб зь яе не зваліцца, і Хвастаты ня надта таропка, але і не марудзячы, падаўся да сыру.
I тут здарылася штось незразумелае — дошчачка раптам перакулілася, і Хвастаты ўніз галавой паляцеў у бочку. Дошчачка адразу ж вярнулася ў ранейшы стан, забраўшы з сабою сыр.
Нейкі час Хвастаты быў у шоку — такога ён не чакаў. Заўжды ён умеў абмінаць самыя хітрыя пасткі, ніколі не дакранаўся да самых апэтытных прынадаў, засьцярогся ад хіміі мінулай восеньню. А тут так па-дурному папаўся, нібы самы апошні першагодак. Ён ужо зразумеў, што гэтую пастку збудаваў усё той жа Вусаты.
Дрыжучы ад страху і злосьці, Хвастаты нават не спрабаваў выбрацца з жалезнай пасткі. Пачуцьцё голаду, якое дапякала яму некалькі дзён, раптам прапала; замест яго зьявілася пачуцьцё гневу — ён гатовы быў грызьці жалезныя сьцены бочкі, калі б тое было магчыма. Ён ужо ведаў, што да раніцы адсюль не выбрацца, а раніцай сюды прыйдзе Вусаты і панішчыць яго. Яго — самага дужага, самага сьмелага пацука на складзе. Зрэшты, яно і зразумела: у барацьбе за існаваньне ў пацучыным грамадзтве першымі гінуць самыя вартыя і самыя годныя. У той жа час астатнія, дурныя і баязьлівыя, будуць жыць і сьмяяцца зь яго. Але, мабыць, такая ўжо іх, пацучыная, прырода.