Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі
2-е выд
Сяргей Абламейка
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 140с.
2020
У пачатку ўсяго гэтага палітычнага працэсу стаіць дзейнасьць Кастуся Каліноўскага, у тым ліку два ягоныя ўрады 1863 году.
Палітычны запавет
У «Лістах з-пад шыбеніцы» ўтрымліваюцца яшчэ не сыстэмна сфармуляваныя, але ўжо дакладна акрэсьленыя пастуляты беларускай нацыянальнай ідэі. Іх дзесяць. I ўсе яны дагэтуль актуальныя:
1. Самы галоўны зь іх: Мы — беларусы. Гэта слуп, на якім стаіць Беларусь. Каліноўскі цалкам атаясамлівае сябе зь беларускім народам,
фактычна, называе сябе беларусам і сьцьвярджае суб’ектнасьць беларускага народу:
«...Каб знаў сьвет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстаньне польскае».
«...Енарал Касьцюшка, што то, кажуць, каля Слоніма радзіўся і а каторым народ наш сьпявае».
«...Нам пад рондам польскім не заўсім было добра».
2. Каліноўскі называе першаступеннай каштоўнасьцю сувэрэнітэт народу:
«Калі ронд польскі ўсім братнім народам дае самарондства, маскаль... гэтак ня робіць».
3. У некалькіх месцах Каліноўскі называе вялікай каштоўнасьцю патрыятызм. Вось адно зь іх:
«...Ты, аднак, народзе, не дажыдайся, да з чым можаш ідзі ваяваці за свайго Бога, за сваё права, за сваю хвалу, за сваю бацькаўшчызну».
4. Каліноўскі ставіць пытаньне пра сацыяльную справядлівасьць у будучым беларускім грамадзтве:
«...Ронд наш павінен быць на ўсё чуткі, каб мог для дабра народнага заўсяго карыставаць».
5. Каліноўскі адкідае расейскі тэзіс пра «брацтва» беларускага і расейскага народаў, моцна яго крытыкуе, піша пра рэкруцкія наборы, высылкі ў Сібір і параўноўвае расейскіх чыноўнікаў з саранчой. ГІаводле Каліноўскага, Расея
«пабіўшыся з палякамі, каб удзяржаць сваё панаваньне, да нашага брацпгва хоча ўпісаціся».
6. Каліноўскі разумее, што з усіх суседзяў Беларусі менавіта Расея распрацавала найбольш
грунтоўны комплекс ідэалягічных і гістарычных аргумэнтаў для асыміляцыі беларусаў. Ён піша пра несправядлівую забарону Ўніяцкай царквы і, фактычна, выказваецца за яе вяртаньне:
«...Каб сьлёзы мужыцкія ня трапілі перад трон праўдзівага Бога, забралі нам і духоўну нашу пацеху — нашу веру ўніяцкую».
7. Каліноўскі ставіць пытаньне пра адукацыю на роднай мове. Два апошнія тэзісы, відавочна, разумеюцца ім як процівага асыміляцыі:
«...Маскаль... там, дзежылі палякі, літоўцы і беларусы, заводзіць маскоўскія школы, а ў гэтых школах вучаць па-маскоўску, гдзе ніколі не пачуеш і слова па-польску, па-літоўску да і па-беларуску».
8. Каліноўскі высоўвае тэзіс пра разьвіцьцё ў будучай Беларусі ўсеагульнай адукацыі, культуры і навукі як гарантыю ўсеагульнага дабрабыту:
«...Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку. Тагды ён толька магчыме жыці ў багацтве, па праўдзе».
9. Каліноўскі называе найбуйнейшую геапалітычную пагрозу для існаваньня Беларусі і беларускага народу. Гэта — «маскаль», Расея:
«Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжэ ня будзе».
10. Каліноўскі ставіць пытаньне пра неабходнасьць арыентацыі Беларусі на Польшчу, a значыць — на Захад. Ён відавочна яшчэ ня мае яснага бачаньня далейшага лёсу сваёй краіны,
Сям'я Ямантаў. Стаіць зьлева — нарачоная Каліноўскага Марыя Ямант, «Марыська чарнаброва»
ня ведае, у якой форме будзе захаванае адзінства Польшчы, Літвы і Беларусі — фэдэрацыі, канфэдэрацыі ці нейкай іншай форме дзяржаўнага саюзу — і ці будзе яно захаванае наогул. Але праз увесь тэкст «Лістоў з-пад шыбеніцы» параўноўвае парадкі і падыходы «ронду польскага» з «рондам маскоўскім» і прыходзіць да высновы, што
«...Польскае дзела гэта наша дзела, гэта вольнасьці дзела».
«Для таго, Народзе, як толька калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду і свабоду... грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю радную».
Арыентацыю на Польшчу XIX стагодзьдзя ва ўмовах тагачаснага процістаяньня з Расеяй — у XXI стагодзьдзі можна сьмела трактаваць як заклік Каліноўскага да празаходняй геапалітычнай арыентацыі Беларусі і жыцьцёвую неабходнасьць такой арыентацыі для народу і краіны ў будучыні.
Апошняя цытата наогул усёабдымная. Яна адна можа быць і палітычным запаветам, і нацыянальнай ідэяй. Тут зьвяртаюць на сябе ўвагу тэзіс пра «чалавечае права» (захаваньне правоў чалавека), пра «народнае права» (захаваньне нацыянальных правоў), а за заклікам ваяваць «за сваю зямлю радную» зноў стаіць тэзіс пра вялікую каштоўнасьць патрыятызму і любові да Бацькаўшчыны.
Гэта — клясыка беларускай палітычнай ідэі, яе вытокі.
Сымболіка ягонай сьмерці
На дзейнасьць і тэксты Каліноўскага можна паглядзець з пункту гледжаньня моднай у яго часы філязофіі гісторыі нямецкіх мысьляроў Шэлінга і Гегеля. Развагі ў сымбалічных катэгорыях прыводзяць да наступных высноваў.
Шэлінг падзяліў усе народы на гістарычныя і негістарычныя. Паводле яго, гістарычны народ рэалізуе нейкую звышідэю дабра, праўды і красы. Негістарычныя народы такога пакліканьня ня маюць і таму знаходзяцца ў духоўным рабстве ў гістарычных.
Гегель лічыў, што гісторыяй кіруе сусьветны дух, які самарэалізуецца і пазнае самога сябе. Паводле Гегеля, кожны народ мае права зрабіць свой унёсак у гісторыю, але ў канкрэтны пэрыяд гісторыі сусьветны дух аддае перавагу аднаму народу-пераможцу. Народ-пераможца заўсёды мае рацыю, бо абраны на сваю ролю духам гісторыі.
Славян на герархічнай лесьвіцы гісторыі Гегеля не было зусім. Ён лічыў, што славяне асуджаныя на пажыцьцёвае рабства ў нямецкай цывілізацыі. Менавіта немцы, паводле Гегеля, былі тагачаснай вяршыняй сьвету.
Тым ня менш, абодва гэтыя нямецкія філёзафы ў 30-50-я гады XIX стагодзьдзя зрабілі вялікі ўплыў на грамадзкую думку Расеі. «Западнікі» з Гегелем згаджаліся і заклікалі Расею працягнуць шлях, вызначаны Пятром I. «Славянафілы» адкідалі тэзіс нямецкіх філёзафаў пра перавагу германцаў як спадчыньнікаў Рыму і лічылі Расею асобнай славянскай цывілізацыяй, пераемніцай Грэцыі.
У маленькім сусьвеце, якім для Каліноўскага зьяўлялася ўсходняя Эўропа зь пераможнай Расеяй і пераможанай Польшчай, была свая драма і свой выклік. Для беларусаў пераможцамі былі і Расея, і Польшча. Ад імя беларусаў Каліноўскі кінуў выклік абодвум народам-пераможцам і нямецкай філязофіі гісторыі наогул. I выйграў.
Ён нібы адчуваў, што кароткага пэрыяду ягонай дзейнасьці і ягоных тэкстаў аказалася недастаткова, каб ужо тады абудзіць беларусаў да гістарычнага быцьця і вывесьці іх на шлях са-
марэалізацыі і дасягненьня ўсеагульнага «народнага дабра», таму не захацеў эміграваць і пайшоў на найвышэйшую ахвяру.
Перад сьмерцю ён сымбалічна адмовіўся ад паслугі сьвятара і напісаў пра гэта ў «Лістах з-пад шыбеніцы», каб нашчадкі дакладна ведалі, чаму ён адмовіўся ад «неба» і дзеля чыёй «праўды»:
Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці
Дай ў прадвечнага саду вялеў прападаці,
To мы прападзем марна, но праўды ня кінем, Хутчэй Неба і шчасце, як праўду, абмінем.
Гэта агаломшвае! Сьмерць уласнай душы, сашэсьце ў пекла для абуджэньня і ўратаваньня душы народу! Паводле хрысьціянскай традыцыі, так зрабіў Ісус Хрыстос, калі пасьля сьмерці на крыжы сышоў у пекла, зьнішчыў яго і вывеў адтуль праведнікаў — свой народ.
Першы палітык мог паступіць толькі так, ён мусіў пайсьці да канца. Інакш нельга было перамагчы народы-пераможцы — расейцаў і палякаў.
Яго сьмерць у процістаяньні з гэтымі народамі, несумненна, мела сваю трансцэндэнтную сымболіку. Каб перамагчы сусьветны дух і яго абраньнікаў — гэта значыць адстаяць «нашу праўду», пад якой можа разумецца толькі праўда беларуская, патрэбны чын — нешта вельмі моцнае, магутнае, напрыклад, нечуваная, неверагодная ахвяра.
Каліноўскі выбірае поўны, татальны нябыт — сьмерць і фізычную, і духоўную; ахвяруе ня толь-
Лукіскі гандлёвы пляц у Вільні ў 1860-я гады XIX стагодзьдзя. На пярэднім пляне месца, дзе адбылося пакараньне сьмерцю Кастуся Каліноўскага
кі целам, але і душой. Для верніка адмаўленьне ад вечнага жыцьця («Хутчэй Неба і шчасьце, як праўду, абмінем») — гэта катастрофа.
Адначасова ён не адступаецца ад свайго народу і яго дабра: «...Мы прападзем марна, но праўды ня кінем». Ён лічыць, што маштаб ахвяры варты ягонай мэты.
Ахвяра Каліноўскага не была адмаўленьнем ад веры і ад Бога. Наадварот, ён застаецца шчырым вернікам, бо дзейнічае ў сыстэме хрысьціянскіх каардынат — Бог, Неба, пекла — і хрысьціянскага запавету: «Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх» (Эвангельле ад Яна, 15:13)
Каліноўскі дакладна ведаў ад чаго адмаўляецца, дзеля каго адмаўляецца і дзеля чаго. Ён ведаў,
што стварае народ, нацыю, краіну і дзяржаву. I напісаў пра гэта адкрыта і мэтафарычна:
Бывай здаровы, мужыцкі народзе, Жыві ў шчасьці, жыві ў свабодзе.
I часам спамяні пра Яську твайго, Што згінуў за праўду для дабра твайго.
А калі слова пяройдзе у дзела, Тагды за праўду станавіся сьмела, Бо адно з праўдай у грамадзе згодна Дажджэш, Народзе, старасьці свабодна.
У гэтых радках — уся яго нацыянальна-палітычная праграма. Ён гіне за беларускі народ (Бывай здаровы, мужыцкі народзе), да якога залучае і сябе (Яську твайго). Гэты народ мае згуртавацца (у грамадзе згодна) вакол нацыянальнай ідэі (адно з праўдай) і стварыць сваю краіну, якая будзе заможнай, справядлівай і незалежнай (Жыві ў шчасьці, жыві ў свабодзе), бо шчасьце і свабода народу магчымыя толькі ў сваёй незалежнай дзяржаве. I дзяржава гэтая ня толькі народзіцца, але пражыве доўга, пасьпее пасталець і пастарэць (Дажджэш, Народзе, старасьці свабодна).
Чын Кастуся Каліноўскага натхняў многія пакаленьні беларусаў, а яго выхад зь зямлі праз 155 гадоў і містэрыя пахаваньня ў драматычны для беларускай незалежнасьці час — натхняюць і дапамагаюць далей.
А сьвятарскую паслугу ён у 2019 годзе, падчас пахаваньня ў Вільні, атрымаў спаўна! У Бога часу не існуе.
Хто ён для нас
Яшчэ ў Санкт-Пецярбурскім унівэрсытэце студэнты назвалі Каліноўскага апосталам — за глыбокую перакананасьць у сваіх ідэях.
Пасьля сьмерці апосталам яго назвалі і сучасьнікі. Польскі гісторык Юзаф Яноўскі так і напісаў пра яго:
«Шчыры апостал беларускага народу».
Кастусь Каліноўскі сапраўды зьяўляецца апосталам Беларусі, апосталахМ беларушчыны і беларускай мовы. Але ня толькі.