Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі
2-е выд
Сяргей Абламейка
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 140с.
2020
I менавіта тады на сьвет зьявілася мадэрная краіна Беларусь у сваіх геаграфічных і этнічных межах, якім яшчэ толькі належала ў будучыні стаць дзяржаўнымі.
Апісаны тут працэс нацыянальнага нараджэньня краіны адпавядае канцэпцыі пабудовы нацый у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, створанай чэскім гісторыкам Міраславам Грохам, які лічыцца клясыкам эўрапейскай этналёгіі.
Паводле Гроха, падставы і сувязі, на якіх недамінантныя групы будуюць нацыі ў процістаяньні з пануючымі этнасамі ў нашым рэгіёне Эўропы, бываюць вельмі розныя, але тры зь іх застаюцца нязьменнымі. Гэта:
• Памяць пра агульнае мінулае, якое ўсьведамляецца як агульны лёс усёй этнічнай групы ці хаця б яе ключавых элемэнтаў (напрыклад, шляхты).
• Шчыльныя моўныя або культурныя сувязі, якія забясьпечваюць больш высокі ўзровень сацыяльнай камунікацыі ўнутры групы ў параўнаньні з навакольным сьветам.
• Канцэпцыя роўнасьці ўсіх членаў групы.
Усе гэтыя пункты прысутнічаюць у палымянай публіцыстыцы Каліноўскага.
Але былі і асаблівасьці. Адна зь іх палягае ў тым, што Каліноўскі да арышту не пасьпеў у друку цалкам выкласьці свае нацыянальныя погляды. У «Мужыцкай праўдзе» праявіўся толькі самы пачатак нацыянальнай агітацыі.
Таму ў пачатку 1864 году на ініцыятыву Каліноўскага ў Каралеўцы (Кёнігсбэргу) пачала выдавацца польскамоўная газэта «Glos z Litwy», якая, з увагі на мову выданьня, прызначалася для адукаванай часткі грамадзтва. I вось у напісаных для гэтай газэты «Лістах з-пад шыбеніцы», як і ў апошнім слове на эшафоце («У нас няма дваран; усе роўныя») ужо дастаткова выразна праявіліся неабходныя для нараджэньня нацыі ідэі.
Важна таксама, што ня толькі Каліноўскі фармуляваў і выказваў ідэалягічныя пастуляты новай беларускай нацыі. I гэта — дадатковы доказ рэальнасьці нацыятворчага працэсу ў Беларусі ў 1850-я — 1860-я гады XIX стагодзьдзя. Успомнім радкі з паўстанцкай «Песьні на Божы час»:
Бо мы роўныя з панамі, Бо за вольнасьць мы з касамі!
Тыя самыя погляды выказвалі і іншыя паплечнікі Каліноўскага. Выданьнем газэты «Glos z Litwy» ў Кёнігсбэргу і падборам матэрыялаў для яе займаліся былыя віленчукі зь ліку радыкальных «чырвоных», якія на той час ужо апынуліся за мяжой, — Уладзіслаў Малахоўскі і Міхал Ляпкоўскі (калега Каліноўскага па ўнівэрсытэце).
Вось цытаты, узятыя з нумару за 1 красавіка 1864 году, які выйшаўужо пасьля сьмерці Кастуся Каліноўскага:
«Масква перасьледуе мову польскую, беларускую, маларускую, літоўскую і навязвае маскоўскую; мы хочам, каб кожная мова разьвівалася
W II. NO, I h wietnia
Nr. 5.
і 9697
Wilno, 31 Маггл O*WJ»nU nakobiiUw i іАдаія пд>Ы!аліа kdwnrfiw, kiniccUKW >*t nlnul »«-
W ddritjaiyth спшЬ tenwyHW Min pwurtahtk jw »)іта/жмй ixMich. JonwAw. kto to ci lUoniwi » rnmiwla i qwanlai
»kn mu лх1 «if wyMffwpn »<•!« «fonwyjT^I ’ «« «««" Mura«»a Uy/yew, «y »lota«k rolwcy. uy tahrytawi .
uraj ogrom пЫоіі, к«осв tt-yl »*)■
w»my waipd&h w inrie apa«y wutowj.
I) Aby nio wynm-nia» I nir ndnrW M*»
Ir. 30 «іусліів. iiyih пнІ№гінп>«4», nadanio im xk-nu ««lie;
L>o Міпіді» Jx.br 1Ш«Г*а. !гогукггхгіяй mwjswwej »«a,jiy nw n*iir n»4r
Z .lain 4, h m, Ыуопі» « Ku. 2, Jjin>c'l,;e jrru nidi cht’«i« i |»ЛЛЛу ро«Й
■HZ г' n»j₽M»«U| Ц)<апп»ч. ni*«’jo»r«i»jic ih I’ i re^Whnni i kraju, ііяйл^аій] ■kiewi лоЫІеАоіт, kuny u» ^ l t. »уа»шм
w nayl-mlBeJ awfcawn pw*. aw ртгп»!»^) ■ ^-«1«««*« i ЯЙМйу* l К«.р, ав'вуЦсыУцс і roakdailUW. pc-
’HjLlWtMW) I^alytomi «dawn, ebyta ы., |i*»« ■'< <"t«^ Jia •‘■‘dneiq
Апошні, пяты нумар газэты «Glos z Litwy» за 1 красавіка 1864 году.
паводлеўласнай жыцьцяздольнасьці: і літоўская, і беларуская, і маларуская, і польская».
«Мы хочам, каб кожны меў роўныя правы на ўласнасьць, на службу, на працу, каб усе атрымалі і ніхто ня страціў».
«Таго, што хочам, чаго патрабуем, Масква нам ніколі не дала і даць не магла. Ёй гісторыя надала адзін кірунак народнага жыцьця, нам — іншы. Разам нашыя прызначэньні рэалізаваць мы ня можам. Павінны разьдзяліцца для нашага і яе дабра».
Тут і разуменьне асобнасьці гістарычнага лёсу, і ўсьведамленьне важнасьці сваёй мовы як сродку камунікацыі, і патрабаваньне роўнасьці. Паляк мог бачыць у гэтых радках адзін нацыя-
нальны зьмест, беларус — зусім іншы. Але назва газэты, пазначэньне тэксту як карэспандэнцыі зь Вільні, магчымае аўтарства самога Каліноўскага (пра што пісаў яшчэ Генадзь Кісялёў), а таксама імёны выдаўцоў (Малахоўскі, Ляпкоўскі) даюць падставы ўключаць гэты артыкул у беларускі гістарычны дыскурс.
Тое самае і з роляй шляхты ў беларускім нацыятворчым працэсе, што зьяўляецца пэўным выключэньнем з правілаў. Арыстакратыя, эліта грамадзтва часта застаюцца абыякавымі і нават варожымі да нацыянальных рухаў, бо тыя выстаўляюць лёзунг роўнасьці ўсіх членаў будучай нацыі.
Паводле Міраслава Гроха, нараджэньне нацыі мае тры структурныя фазы — A, В і С. У выпадку Беларусі першыя два этапы — фаза А (зацікаўленьне і вывучэньне нацыянальных асаблівасьцяў, самапазнаньне) і фаза В (нацыянальна-патрыятычная агітацыя) — былі ажыцьцёўленыя шляхтай, яе найлепшымі і найбольш прагрэсіўнымі прадстаўнікамі, якія не зракліся нацыянальных каранёў або вярнуліся да іх. I толькі на этапе рэалізацыі фазы С (масавы рух і яго структураваньне, стварэньне дзяржавы і паўнацэннай структуры грамадзтва) да шляхты далучыліся выхадцы зь іншых слаёў. Гэта — важная асаблівасьць нашай гісторыі.
Нараджэньне краіны Беларусі стала заканамернай і своечасовай зьявай у Эўропе.
Маці Беларусі шляхта
Цяжка пагадзіцца з тымі гісторыкамі, якія сьцьвярджаюць, што ўся шляхта Беларусі ўжо ў XVIII стагодзьдзі цалкам успрыняла літоўскі этнагенэтычны міт пра сваё паходжаньне ад рымлян і цалкам зраклася «рускай» мовы і русінскай сьвядомасьці.
У Беларусі і ў XVIII стагодзьдзі, і ў пачатку XIX стагодзьдзя заставалася яшчэ праваслаўная шляхта, было нямала ўніяцкай і беднай каталіцкай шляхты. Трапляліся нават зямяне, а на поўначы Віцебшчыны аж да пачатку XIX стагодзьдзя захоўваліся памежныя паселішчы панцырных баяраў. Усе яны карысталіся беларускай мовай у побыце і памяталі пра сваё «рускае» паходжаньне, як пра яго яшчэ ў пачатку XVII стагодзьдзя сказаў Мялеці Сматрыцкі:
«Ня вера русіна русінам, паляка палякам, літоўца літоўцам робіць, але нараджэньне і кроў руская, польская і літоўская».
Ня ўся і буйная шляхта цалкам забылася на сваю «рускасьць». Беларускамоўная паэзія XVIII стагодзьдзя шляхецкага паэта Дамініка Рудніцкага або апошняга канцлера Вялікага Княства Літоўскага, магната Яўхіма Храптовіча гэтаму пацьверджаньне.
Дзясяткі беларускіх пісьменьнікаў першай паловы XIX стагодзьдзя — гэты час называюць пэрыядам літаратурнага абуджэньня Беларусі — паходзілі са шляхты, і толькі адзінкі — Паўлюк
Багрым, Вінцэсь Каратынскі — зь сялян. Ды яшчэ Ян Баршчэўскі быў сынам уніяцкага сьвятара.
Менавіта дзякуючы інтэлектуалам і палітыкам шляхецкага паходжаньня на сьвет зьявілася новая Беларусь. I менавіта пад кіраўніцтвам шляхты наш народ прайшоў няпростую дарогу ад Русі празь Літву і часткова Польшчу да Беларусі.
Нярэдка кажуць, што «беларусы» і «Беларусь» — не саманазвы народу і краіны. Гісторыя, аднак, сьведчыць пра адваротнае. Менавіта гэтую назву ў XIX стагодзьдзі выбралі самі віленскія і наогул заходнебеларускія ліцьвіны і русіны, калі вырашылі выразна адрозьніць сябе ад балцкага насельніцтва гістарычнай Літвы на падставе сваёй (або сваіх продкаў) «рускай» мовы.
Калі б не распаўсюджанасьць польскай мовы сярод эліты тагачаснага грамадзтва — нашым нацыянальным назовам мог стаць этнонім і палітонім «ліцьвіны». Але для польскамоўных пачынальнікаў беларускай ідэі ў XIX стагодзьдзі слова «ліцьвін» (Litwin) было сынонімам сёньняшняга слова «літовец» (балт, lietuvis). Пачынальнікі адчувалі патрэбу самаідэнтыфікавацца, аддзяліць сябе ад балтаў. Таму выбар быў зроблены на карысьць «Беларусі» і «беларусаў».
Ужо ў сярэдзіне 30-х гадоў XIX стагодзьдзя студэнт Мэдыка-хірургічнай акадэміі ў Вільні Францішак Савіч у вершы «Дзе ж тое шчасьце падзелася» ад імя беларусаў усклікне:
Ліцьвін, валынец, падайце ж мне рукі, Так — прысягаем на Госпада-Бога,
Царам — на згубу, панам — для навукі, Што на той зямлі не паўстане і нога — Ані гэта паганска, ані гэта тыранска...
I сама выбраная назва — беларусы — таксама тлумачыцца польскамоўнасьцю тых, хто выбіраў. Для іх гэта была важная гістарычная пераемнасьць. Па-польку русіны — Rusini, а беларусы — Bialorusini.
Гэты выбар зрабіла пераважна ўжо польскамоўная шляхта і, у меншай ступені, прадстаўнікі ўніяцкіх і праваслаўных адукаваных колаў. Гэтыя апошнія сябе амаль не пераймяноўвалі — былі русіны, сталі — «беларусіны».
Добра гэта ці дрэнна — абмяркоўваць ня мае сэнсу. У момант зараджэньня нацыі яе заснавальнікі далі ёй такую назву. I сёньня гэта ўжо ня зьменіш.
Складанасьць гэтага пошуку ідэнтычнасьці і назвы ілюструюць назва адной кнігі і дзьве цытаты.
У 1835 годзе ў Вільні па-беларуску быў выдадзены «Кароткі збор навукі хрысьціянскай для вяскоўцаў рымска-каталіцкага веравызнаньня, якія гавораць мовай польска-рускай».
У пачатку 40-х гадоў XIX стагодзьдзя Адам Міцкевіч падчас лекцый казаў студэнтам:
«Гаворкаю Белай Русі, званаю русінскай ці літоўска-русінскай... размаўляе каля 10 мільёнаў чалавек: гэта гаворка найбагацейшая і найчысьцейшая; яна распрацоўвалася з даўніх часоў: вялікія князі літоўскія карысталіся ёю ў
дыпляматычным ліставаньні ў пару незалежнасьці Літоўскага княства».
Празь дзесяць гадоў — у 1853 годзе — сябар і паплечнік Адама Міцкевіча Аляксандар Рыпінскі ў прадмове да выдадзенай ім беларускай баляды «Нячысьцік» пісаў:
«Просты народ на Беларусі і амаль што ва ўсёй Літве, там, дзе селянін не па-літоўску, але па-руску гаворыць, сьпявае на сваёй мове нейкую сьмешную песьню пра дзіўнага ілгуна Мікіту...» Як бачым, Рыпінскі, выдаючы ўласны паэтычны твор на беларускай мове, усё яшчэ вагаўся з назвай мовы, на якой пісаў.
Але аўтары абедзьвюх цытатаў былі далёка ад Беларусі. Міцкевіч сказаў гэта ў Парыжы, Рыпінскі — у Лёндане. У самой Беларусі ў пачатку 60-х гадоў XIX стагодзьдзя справа з назвай мовы, народу і краіны была ўжо вырашана канчаткова.
У гэтага выбару былі добры і дрэнны бакі. Новая назва захавала гістарычную пераемнасьць і справядлівасьць — Русь значна старэйшая за Літву. Разам з тым, вылучэньне Беларусі і беларусаў з гістарычнай Літвы як бы пазбавіла іх фармальнага права на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. Таму для беларускай нацыянальнай ідэі заўсёды важным застаецца фактар гістарычнай адукацыі. Кожны школьнік павінен ведаць, што ВКЛ — адна з апораў беларускай дзяржаўнасьці і культуры, але не адзіная — да яе былі Полацкая дзяржава, Тураўскае княства і сярэднявечны Наваградак.