Кароткая граматыка беларускай мовы
Фаналогія. Марфаналогія. Марфалогія. У 2 ч. Ч. 1.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 351с.
Мінск 2007
Утварэнне складаных прыметнікаў
Вялікая колькасць прыметнікаў утвараецца спосабам а с н оваскладання. Дзве асновы (часам больш) могуць аб’ядноўвацца ў адно слова без дапамогі суфіксаў (чыстае складанне) ці з іх дапамогай (складана-суфіксальнае ўтварэнне).
У прыметніках, утвораных спосабам чыстага складання, асновы аб’ядноўваюцца толькі з дапамогай інтэрфікса (матэрыяльна выражанага ці нулявога). Паводле семантычнай характарыстыкі сваіх кампанентаў гэтыя прыметнікі выступаюць у выглядзе складанняў са спалучальнымі і падпарадкавальнымі адносінамі асноў. Складанні са спалучальнымі адносінамі асноў выражаюць суму прымет, названых ва ўтваральных словах, і, маючы ў якасці апорных кампанентаў суфіксальныя прыметнікі, утвараюцца шляхам далучэння да іх як поўных або ўсечаных асноў прыметнікаў (асенне-зімовы, глуханямы, кісла-салодкі, паштова-тэлеграфны, чырвона-зялёны, амерыкана-англійскі, гісторыкафілалагічны, медыка-хірургічныў так і асноў назоўнікаў (мяса-ма-
лочны, хлебабулсічны). У складаннях з падпарадкавальнымі адносінамі асноў першы кампанент выступае як удакладняльны да другога, анорнага кампанента (суфіксальнага прыметніка) і можа быць асновай прыметніка (буйназярністы, добрасуседскі, заходнеславянскі, снежна-белы, цёмна-сіні), назоўніка {вагонарамонтны, дугападобны, жалезапракатны, кнігагандлёвы, працаздольны), лічэбніка (всісьміпудовы, двухпакаёвы, першачарговы, пяціпавярховы, трохзменны), займенніка (іншамоўны, самаадвольны, своеасаблівы, усемагутны, штомесячны).
Да суфіксальна-складаных прыметнікаў належаць утварэнні, у якіх апорны кампанент не выкарыстоўваецца як асобнае слова: ён адрозніваецца ад самастойнага суфіксальнага прыметніка іншым суфіксам (параўн. берагавы — левабярэжны) ці націскам (параўн. векавы — сярэдневяковьі). Утваральнай базай для гэтага апорнага кампанента звычайна з’яўляецца аснова назоўніка ^буйнаплодны, іншаземны, левабярэжны, пертабытны, усебаковы) або дзеяслова (крывяносны, самаробны, светалюбівы, траваедны, ціхаходны).
Спосабам словаскладання (зрашчэння) пры.метнікі ўтвараюцца ад спалучэння прыслоўя і прыметніка ці дзеепрыметніка, якія зліваюцца ў адно слова без змены іх формы, у поўным выглядзе: высокакультурны, глыбоканавуковы, малазразумелы, вышэйпамянёны, лёгкаўзброены, рэдканаселены.
ЛІЧЭБНІК
Л і ч э б н і к — гэта часціна мовы, якая ўключае словы, што абазначаюць абстрактныя лікі, колькасць, сукупнасць ці парадак прадметаў пры лічэнні (два, пяць, сем, восемдзесят, тры таполі, адзінаццаць чалавек, шасцёра коней, дзве трэція плошчы, дзевяты дзень) і выражаюць даныя значэнні паслядоўна ў словазменнай катэгорыі склону і непаслядоўна — у словазменных катэгорыях роду і ліку.
Намінацыя, якая ажыццяўляецца пры дапамозе лічэбнікаў, мае сваю спецыфіку. Лічэбнік у цэлым пазбаўлены адцення прадметнасці і перадае ў мове ідэю «чыстай» колькасці. Ён з’яўляецца сродкам выражэння пазнаньгх (праз адносіны «больш», «менш», «роўна») велічынь і мностваў, г. зн., што назвы лікаў служаць абстрактным паказчыкам колькасці аднародных прадметаў ці з’яў, абазначэннем іх лічэння.
Сістэма беларускіх лічэбнікаў узыходзіць да глыбокай старажытнасці. Аснова сучаснага лічэння (дзесятковая сістэма) і карані простых лічэбнікаў ад двух да дзесяці маюць агульнаіндаеўрапейскае паходжанне. Яшчэ ў праславянскі перыяд сфарміраваліся словы і спалучэнні слоў са значэннем колькасці і лікаў, якія суадносяцца з натуральным радам лікаў. Спачатку назвы лікаў не абазначалі адцягненых паняццяў, а насілі характар канкрэтнасці. He ўяўляючы сабой асобнай часціны мовы, яны былі граматычна звязаны або з назоўнікам (словы пяць — дзесяць, сто, тысяча) і маглі мець азначэнні (другая пяць, тая шэсць), або з прыметнікам: словы адзін — чатыры змяняліся па склонах, ліках, родах. Асноўнымі перадумовамі пераўтварэння іх у асобную часціну мовы, самастойную і спецыфічную ў параўнанні з іншымі часцінамі мовы, былі асаблівасці семантыкі, а таксама пэўныя граматычныя змяненні (страта граматычнай катэгорыі ліку, уніфікацыя і спрашчэнне скланення і інш.)Такім чынам, адзначаныя моўныя працэсы садзейнічалі афармленню ў XIII — XIV стст. лічэбніка як самастойнай часціны мовы з паступовым набыццём новых характэрных асаблівасцей.
Сучасныя функцыянальна-семантычныя разрады лічэбнікаў часткова можна суаднесці з рознымі часцінамі мовы — з назоўнікамі (уласнаколькасныя), прыметнікамі (парадкавыя), займеннікамі; гістарычныя сувязі лічэбнікаў з гэтымі класамі прагледжваюцца ў сучасных мадэлях словазмянення, у сінтаксічных функцыях і сінтаксічнай спалучальнасці лічэбнікаў. Тым не менш лічэбнікі складаюць адзіны непапаўняльны клас слоў, які вызначаецца агульнай семантыкай. Лічэбнік служыць сродкам лікавай дыферэнцыяцыі аднайменных сутнасцей, г. зн. выконвае ролю лікавага ідэнтыфікатара пры аднайменных аб’ектах, або вызначае іх колькасны склад.
У залежнасці ад значэння і граматычных прымет лічэбнікі падзяляюцца на колькасныя (два, пяць, дзесяць, некалькі, многа, дзве трэція) і парадкавыя (першы, другі, трыццаты, сорак восьмы). У сваю чаргу, колькасныя лічэбнікі маюць два разрады: пэўнаколькасных (восем, сорак) і н я п э ў н аколькасных (колькі, мала). Да пэўнаколькасных лічэбнікаў адносяцца: уласнаколькасн ы я (чатыры, дзесяць), з б о рн ы я (двое, дзесяцера) і дробавыя (тры пятыя, паўтара).
Колькасць гірадметаў ці парадак іх пры лічэнні лічэбнікі абазначаюць у спалучэнні з назоўнікамі (назвамі прадметаў, асоб, з’яў) і асабовымі займеннікамі (дваццаць кніг, пяць чалавек, трэці званок, іх трое). У сваёй сапраўднай адцягненай лікавай сутнасці (без прадметных імён) са значэннем абстрактнага ліку лічэбнікі ўжываюцца, як правіла, у матэматыцы пры перадачы арыфметычных функцый, напрыклад, складання: тры плюс два будзе пяць, множання: тры ў тры будзе дзевяць (апошні выраз з’яўляецца эліптычным, утвораным ад поўнага выразу: калі тры павялічыць у тры разы, будзе дзевяць). Лічэбнікі з такімі значэннямі маюць адпаведныя лічбавыя абазначэнні (3 + 2 = 5; 3 • 3 = 9).
У наш час да ўласцівасцей лічэбніка абазначаць колькасць прадметаў і парадак іх пры лічэнні адносяць і такія, як магчымасць выражаць якасна-адрознівальную прымету: Песня-99, дом 8, тэлефон 284-02-76 (лічэбнік выступае тут у ролі нязменнага прыметніка; пры скланенні ўтварэння такога тыпу ён страчвае здольнасць да самастойнага змянення па склонах), а таксама магчымасць так званых спараных колькасных і парадкавых лічэбнікаў вьгражаць лікавы або парадкавы дыяпазон, прыблізны аб’ём або ахоп чаго-небудзь (пяць-тэсць рублёў, першы-другі радў
Паводле структуры ўсе лічэбнікі дзеляцца на: п р о с т ы я (вытворныя і невытворныя), з адной асновай; с кл ад а н ы я, якія маюць дзве асновы; састаўныя, утвораныя спалучэннем самастойных слоў — двух ці болей простых і складаных лічэбнікаў, некалькіх простых або некалькіх складаных лічэбнікаў.
У агульнай характарыстыцы класа лічэбнікаў важным з’яўляецца вызначэнне яго складу, паколькі не ўсе словы, што абазначаюць колькасць, з’яўляюцца лічэбнікамі. Лічбавы рад і суадносны рад лічэбнікаў супадаюць толькі да вядомай мяжы — 999. У гэтым інтэрвале лічэння лічэбнікі пазбаўлены адцення прадметнасці, з’яўляючыся абстрактнымі абазначэннямі колькасці. У адрозненне ад іх лікавыя назоўнікі (тыпу двойка, пяцёрка, пятак, васьмёрка, дзесятак, палова, трэць, чвэрць, сотня) маюць чыста прадметнае значэнне ліку: Прычапіцца да Шаламіцкага было не так проста, і ў журнале ў яго былі толькі пяцёркі і чацвёркі (С. Грахоўскі). Я табе такіх пячатак звычайным пятаком нараблю (П. Місько). Карэта шасцерыком. Коні ў яблыках (У. Караткевіч). Дзесяціну скасіў, менш немог, рукі свярбелі... (I. Шамякін). Дзесяткі nap вачэй глядзелі на яго па-рознаму (I. Шамякін).
Адрозненне паміж лічэбнікамі і лікавымі назоўнікамі заключаецца ў наступным:
1) лічэбнікі выражаюць толькі колькасць, у лікавых жа назоўнікаў акрамя гэтага значэння, ёсць і іншыя, чыста прадметньгя, якія з’яўляюцца асноўнымі ў семантычным аб’ёме. Параўн.: два ‘лік два’, ‘колькасць два’ і двойка 1. ‘лічба 2 // назва розных прадметаў (аўтобус, трамвай маршруту № 2 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 2; 2. адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем ‘дрэнна’; 3. ігральная карта, пласцінка даміно з двума ачкамі; 4. гоначная лодка з двума веслярамі’;
2) для лікавых назоўнікаў характэрны граматычныя значэнні роду (напрыклад, пяцёрка — назоўнік ж. р., дзесятак — назоўнік м. р.), ліку (сотня — сотні, тройка — тройкі). Для лічэбнікаў такія прыметы — выключэнне (гэта датычыць лічэбнікаў два, дзве, абодва, абедзве, паўтара, паўтары, а таксама лікавых слоў, якія ўваходзяць у склад класа лічэбнікаў адзін, тысяча, мільён, мільярдў
3) пры лікавых назоўніках могуць быць дапасаваныя азначэнні (слабая тройка). Магчымасць спалучацца з прыметнікамі ці займеннікамі лічэбнікі набываюць толькі шляхам субстантывацыі, прычым утвараюць з імі адзінае колькасна-іменнае спалучэнне: Два астатнія сядзелі, захутаўшыся ў грубыя суконныя плашчы і глядзелі ў агонь (У. Караткевіч). Яны не ведалі яго таямніцы, якая давала змогу яму, Алесю, любіць людзей, як самога сябе, бо ўсе былі адно, і над гэтым адным не было ўлады часу. (У. Караткевіч). На ўсе трыццаць два (фразеал.);
4) назоўнікі з лікавым значэннем, як і любыя іншыя назоўнікі, — намінацыі элементаў, што паддаюцца лічэнню, могуць уступаць у спалучэнне з лічэбнікамі: «Хлопец», якому ішоў шосты
дзесятак, панура дыбаў уперадзе (М. Лынькоў); /мяне яйічэ толькі чатыры дзесяткі (М. Гарэцкі);
5) лікавыя назоўнікі, у адрозненне ад лічэбнікаў, не могуць уваходзіць у структуру састаўнога лічэбніка;
6) ад лікавых назоўнікаў можна ўтварыць іншыя назоўнікі з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі (двоечка, пяцёрачка, дзесятачак). Лічэбнікі звычайна не могуць выступаць у якасні словаўтваральнай базы для стварэння слоў з экспрэсіўнай ацэначнасцю.
Традыцыйны семантыка-граматычны падыход да вызначэння аб’ёму класа лічэбнікаў падразумявае ўключэнне ў яго склад лікавых слоў адзін, нуль, тысяча, мільён, мільярд, а таксама абазначэнняў вельмі вялікіх лікаў ці колькасцей: більён ‘лік, роўны мільярду’, трыльён ‘лік, роўны тысячы мільярдаў’, квадрыльён ‘умоўная назва ліку — адзінкі з пятнаццаццю нулямі’, квінтыльён ‘умоўная назва ліку — адзінкі з васемнаццаццю нулямі’, вігінтыльён ‘умоўная назва ліку — адзінкі з 63 нулямі’ і пад.