Кароткая граматыка беларускай мовы Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.

Кароткая граматыка беларускай мовы

Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 240с.
Мінск 2009
77.91 МБ
НАЦЫЯНАЛЬНАЯ АКАДЭМІЯ НАВУК БЕЛАРУСІ
Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы
КАРОТКАЯ ГРАМАТЫКА БЕААРУСКАЙ
ЧАСТКА
Мінск
«Беларуская навука» 2009
УДК 811.161.3’367
ББК 81.2Бея
К.25
Навуковы рэдактар
член-карэспандэнт НАН
Беларусі A. А. Лукашанец
Рэ цэ нзе нты:
кафедра беларускай мовы і методыкі яе выкладання Установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны уніве.рсітэт», кандыдат філалагічных навук А. Г. Міхалевіч
Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Кароткая граматыка беларускай мовы. У 2 ч. Ч. 2. СінК25 таксіс / навук. рэд. A. А. Лукашанец. — Мінск : Беларус. навука, 2009. — 240 с.
ISBN 978-985-08-1089-2.
Выданне падрыхтавана з улікам сучаснай моўнай практыкі і тых тэндэнцый, што праявіліся ў сістэме беларускай мовы на рубяжы стагоддзяў, а таксама вопыту раней выдадзеных акадэмічных граматык беларускай мовы. Mae нарматыўную накіраванасць, адлюстроўвае стан сінтаксічных норм літаратурнай мовы канца XX — пачатку XXI ст.
Разлічана на спецыялістаў-мовазнаўцаў. выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ, настаўнікаў, усіх, хто карыстаецца беларускай мовай.
Частка 1 выйшла ў 2007 годзе.
УДК 811.161.3'367
ББК81.2Бев
ISBN 978-985-08-1089-2 (ч. 2)
ISBN 978-985-08-0896-7
© Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН Беларусі, 2009
© Афармленне. РУГІ «Выдавецкі дом «Беларуская навука», 2009
ПРАДМОВА
Выключна важную ролю ў нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы адыгралі акадэмічныя граматыкі: «Граматыка беларускай мовы» ў двух тамах (т. 1. Мінск, 1962; пад рэдакцыяй К. К. Атраховіча (Крапівы) і М. Г. Булахава; т. 2. Мінск, 1964; пад рэдакцыяй К. К. Атраховіча, М. Г. Булахава і П. П. Шубы) і «Беларуская граматыка» ў дзвюх частках (ч. 1. Мінск, 1985; пад рэдакцыяй М. В. Бірылы і П. П. Шубы; ч. 2. Мінск, 1986; пад рэдакцыяй М. В. Бірылы і П. П. Шубы). Яны забяспечылі функцыянаванне беларускай пісьмовай мовы ва ўсіх сферах ужытку ў другой палове XX ст., а таксама прэстыж беларускай мовы як высокаразвітай літаратурнай мовы са стабільнымі нормамі словазмянення і словаўжывання, якая можа паспяхова абслугоўваць усе камунікатыўныя патрэбы сучаснага грамадства. 3 улікам сучаснай моўнай практыкі і тэндэнцый, што праявіліся ў сістэме беларускай мовы ў канцы XX — пачатку XXI ст., падрыхтаваны комплекс прац: «Кароткая граматыка беларускай мовы» (2007), «Граматычны слоўнік дзеяслова» (2007), «Граматычны слоўнік назоўніка» (2008). Названыя граматыкі і слоўнікі — гэта тэарэтычная і факталагічная база вучэбнай літаратуры па беларускай мове для ўсіх узроўняў адукацыі.
Другая частка Кароткай граматыкі беларускай мовы прысвечана сінтаксісу. Яна падрыхтавана з улікам моўнай практыкі на рубяжы стагоддзяў і вынікаў папярэдніх работ па сінтаксісе. Гэта частка змяшчае раздзелы «Словазлучэнне», «Сказ», «Экспрэсіўны сінтаксіс». Менавіта патрэбамі сучаснай моўнай практыкі абумоўлена структура працы, паўната распрацоўкі асобных раздзелаў. Асноўныя тыпы словазлучэнняў і сказаў падрабязна прааналізаваны з улікам новай методыкі апісання сінтаксічных з’яў. У апісанні сістэмы словазлучэнняў аўтары звярталі асаблівую ўвагу на парадак галоўнага і залежнага кампанентаў словазлучэнняў, тып сінтаксічнай сувязі і семантыка-сінтаксічныя значэнні словазлучэнняў, пытанні сінаніміі. Пры распрацоўцы сінтаксічнай праблематыкі вялікая ўвага ўдзелена пытанням, якія мала ці зусім не асвятляліся ў папярэдніх работах па сінтаксісе, а таксама з’явам, якім уласціва варыянтнасць. Пры апісанні сістэмы складаных сказаў упершыню
падрабязна асветлены праблемы складаназалежных сказаў ускладненай будовы. Асаблівасцю дадзенай кароткай граматыкі з’яўляецца тое, што ў яе ўключаны новы раздзел «Экспрэсіўны сінтаксіс», у якім раскрываюцца асноўныя спосабы вылучэння членаў сказа і сінтаксічна-стылістычныя прыёмы афармлення моўных канструкцый.
Аўтарамі раздзелаў з’яўляюцца: А. Я. Міхневіч, Т. Р. Рамза («Словазлучэнне»), В. П. Русак («Сказ», «Просты сказ», «Спосабы перадачы чужаслоўя»), Н. У. Чайка, («Эліптычныя сказы»), I. Л. Бурак («Складаны сказ»), Т. Я. Шэмет («Складаназалежныя сказы ўскладненай будовы»), В. У. Русак («Экспрэсіўны сінтаксіс»).
Кароткая граматыка беларускай мовы адлюстроўвае стан сучаснага сінтаксічнага ўзроўню мовы і з’яўляецца дапаможнікам для сістэмнага авалодання нормамі сучаснай беларускай мовы. Яна адрасавана перш за ўсё мовазнаўцам, выкладчыкам беларускай мовы, настаўнікам, студэнтам і школьнікам. Граматыка з’яўляецца даведачнай першакрыніцай для ўсіх, хто карыстаецца беларускай літаратурнай мовай, і асновай для падрыхтоўкі падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў на розных ступенях навучання мове.
Унармаванае, аднастайнае выкарыстанне беларускай літаратурнай мовы ў вучэбным працэсе, друку, справаводстве, сродках масавай інфармацыі неабходна, паколькі беларуская літаратурная мова з’яўляецца адной з дзяржаўных моў у Рэспубліцы Беларусь.
Заўвагі і пажаданні аўтарскі калектыў просіць дасылаць на адрас: 220072, Мінск, вул. Сурганава, 1, корпус 2, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі.
УВОДЗІНЫ
Цэнтральнае месца ў вывучэнні граматычнай сістэмы мовы займае с і н т а к с і с (ад грэч. syntaxis — спалучэнне, пабудова, парадак). Вызначаецца гэта тым, што сферы сінтаксісу спецыяльна належаць тыя моўныя адзінкі, якія непасрэдна служаць для зносін людзей і суадносяць паведамленне з фактамі рэчаіснасці. Тэрмін «сінтаксіс» прадугледжвае некалькі яго разуменняў:
1)	раздзел мовазнаўства, прадметамі вывучэння якога з’яўляюцца як сказ, які выступае ў якасці асноўнай адзінкі маўлення, так і словазлучэнне, якое .выступае ў якасці складанага, неабмежаванага складніка сказа: Сінтаксіс сказа. Сінпгаксіс словазлучэння. Сінтаксіс актуальны. Сінтаксіс знешні;
2)	вучэнне аб асаблівасцях (спецыфіцы) функцыянавання ў мове розных лексіка-граматычных класаў слоў (часцін мовы): Сінтаксіс дзеяслова. Сінтаксіс назоўніка',
3)	сукупнасць тыпаў спалучэння слоў і мадэлей пабудовы словазлучэнняў і сказаў.
Як адзін з раздзелаў граматыкі сінтаксіс займаецца вывучэннем сінтаксічных канструкцый, заканамернасцей і спосабаў іх утварэння, магчымасцей спалучэння і функцыянавання ў тэксце. У адпаведнасці з асобым статусам слова, формы слова, словазлучэння, простага і складанага сказаў у гэтым раздзеле выдзяляюцца наступныя падсістэмы: сінтаксіс слова, які аб’ядноўвае ўсе магчымыя падпарадкавальныя сувязі знамянальных слоў; сінтаксіс словазлучэння; сінтаксіс простага сказа; сінтаксіс складанага сказа; сінтаксіс формы слова, які рэалізуецца ва ўсіх папярэдне названых сферах.
Пералічаныя падраздзелы сінтаксісу знаходзяцца ў цесным узаемадзеянні, іх адзінкі ўзаемазвязаны, а выражаецца гэта, перш за ўсё, у тым, што адзінкі адной падсістэмы ўдзельнічаюць ва ўтварэнні адзінак іншай падсістэмы. Адметна, што сінтаксічныя адзінкі ніжэйшага ўзроўню прымаюць удзел у структурнай арганізацыі адзінак вышэйшага ўзроўню. Формы слова ў гэтым сэнсе — адзінкі найбольш універсальныя: яны ўдзельнічаюць у фарміраванні словазлучэнняў, простых і складаных сказаў, любых выказванняў. Словазлучэнне ўдзельнічае ў фарміраванні простага і складанага
сказаў, а таксама любога выказвання. Просты сказ з’яўляецца адзінкай, якая фарміруе складаны сказ і больш разгорнутыя фрагменты тэксту. У фарміраванні апошніх удзельнічае таксама і складаны сказ. Хаця ні адна з названых падсістэм сінтаксісу не можа лічыцца першачарговай над іншай, аднак ёсць усе падставы гаварыць аб сінтаксісе сказа як аб цэнтральнай сферы сінтаксісу, паколькі ў граматычнай сістэме сказ спецыяльна прызначаны для непасрэднага выканання асноўнай задачы мовы — зносін людзей паміж сабой. Асноўнай формай выражэння і фарміравання думак чалавека з’яўляецца сказ.
СЛОВАЗЛУЧЭННЕ
Нарматыўныя аспекты сінтаксісу словазлучэнняў
Словазлучэнне па-рознаму разумеецца навукоўцамі. Існуюцьтры трактоўкі гэтага паняцця ў беларускай лінгвістыцы. Разыходжанні закранаюць як разуменне яго сутнасці («гатовая» гэта адзінка, што існуе «да сказа», ці толькі адзінства, якое ўтвараецца непасрэдна ў выказванні), так і разуменне яго аб’ёму, магчымых кампанентаў, значэння і функцыі.
Большасць айчынных сінтаксістаў разглядае словазлучэнне вузка, як «свабоднае сэнсавае і фармальнае аб’яднанне двух (або болей) паўназначных слоў, звязаных падпарадкавальнымі адносінамі» (A. I. Наркевіч, Л. П. Падгайскі, М. С. Яўневіч, А. Я. Міхневіч і інш.)Цалкам процілеглае меркаванне належыць Г. Н. Клюсаву, які пад словазлучэннем разумее любое двухчленнае спалучэнне лексем, у тым ліку і службовых слоў са знамянальнымі ці між сабою. Пры гэтым гранічнымі выпадкамі словазлучэння, з аднаго боку, лічыцца сказ (а дакладней, спалучэнне дзейніка і выказніка), а з другога — складанае слова, утворанае ў выніку лексікалізацыі словазлучэння, напр.: пад вечар —> падвечар, з-пад ілба —> спадылба і г. д.
Дэфініцыя Г. Н. Клюсава падкрэслівае сінтаксічны аспект словазлучэння. яго асноўную функцыю: «Сэнсава-граматычнае аб’яднанне («складванне») двух ці больш слоў, узятае не ў выражальнакамунікацыйным, а ў сінтаксічна-канструкцыйным, спалучальна-камбінаторным плане (г. зн. як канкрэтнае праяўленне сувязі слоў), называецца словазлучэннем».
Трэці падыход займае становішча між названымі палярнымі трактоўкамі, бо шырэйшы за першы, але значна вузейшы за другі. Згодна з гэтай канцэпцыяй (М. Г. Булахаў, JI. I. Бурак і інш.), да словазлучэння адносяцца аб’яднанні мінімум двух самастойных слоў. А таму ім проціпастаўляюцца прэдыкатыўныя (спалучэнне дзейніка і выказніка) і непрэдыкатыўныя словазлучэнні, да якіх адносяцца не толькі падпарадкавальныя, але і злучальныя, накшталт: хупіка і якасна', малады, але дасведчаны; бары, гаі, дубровы і пад. Утварэнне і ўжыванне такіх спалучэнняў падпарадкоўваецца правілам функцыянавання аднародных членаў сказа, і таму іх мэтазгодна разглядаць у сінтаксісе простага сказа.
Разам з тым правамерна размяжоўваюць паняці словаспалучэнне і словазлучэнне, якія знаходзяцца ў рода-відавых адносінах.
Адна з універсальных уласцівасцей слоў — здольнасць спалучацца з іншымі словамі, або словаспалучальнасць. Словаспалуч э н н е — гэта комплекс дзвюх або болей слоўнікавых адзінак, незалежна ад іх самастойнасці ці службовасці, паўназначнасці ці сінсемантычнасці, напр.: летні дождж, ідзе снег, да берага', эх, дарогі!; два тыдні, ліха яго бяры'; не хацеў, на кнігу, у адносінах да; маўчы, хлопча’, зрабіў бы, хай ідзе, нехта з вас, ні пра што, сказаў «дзякуй», гучна спяваць і г. д.