• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кароткая граматыка беларускай мовы Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.

    Кароткая граматыка беларускай мовы

    Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 240с.
    Мінск 2009
    77.91 МБ
    Кожны сказ выступае як семантыка-граматычная адзінка маўлення, і натуральна, што класіфікацыя тыпаў сказаў будуецца на аснове двух прынцыпаў — граматычнага і семан-
    тычнага. Аднак нельга не ўлічваць, што сказ — гэта і камунікатыўная адзінка; ён заключае ў сабе адпаведнае камунікатыўнае заданне, якое вызначае канкрэтнае праяўленне яго семантыка-граматычнай функцыі. Уся колькасць самых розных выказванняў будуецца на аснове пэўных моўных мадэлей, па іх узору, а значыць, можа быць зведзена да пэўнай колькасці тыпаў. Тыпы сказаў вылучаюць па некалькіх параметрах: камунікатыўнай устаноўцы (мэты паведамлення) і інтанацыйнага афармлення, структуры і адносін зместу сказа да аб’ектыўнай рэчаіснасці.
    Асноўнай формай выражэння і фарміравання думак чалавека з’яўляецца сказ. Згодна з камунікатыўнай устаноўкай, г. зн. ад Ta­ro, што прадугледжвае ў сваёй інфармацыі носьбіт мовы (паведамленне, пытанне, пажаданне ці пабуджэнне), можна вылучыць чатыры тыпы сказаў: апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя і аптатыўныя (якія перадаюць пажаданне). Усе адзначаныя тыпы сказаў у залежнасці ад іх эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі падзяляюцца на няклічныя і клічныя. У вусным маўленні клічнасць перадаецца інтанацыяй, выклічнікамі і эмацыянальна-ўзмацняльнымі часціцамі.
    Структура сказаў разглядаецца ў некалькіх аспектах:
    па колькасці граматычных асноў (прэдыкатыўных цэнтраў) — адной ці некалькіх — вылучаюць сказы простыя і складаныя;
    па наяўнасці або адсутнасці даданых членаў сказа адрозніваюць сказы развітыя ці неразвітыя;
    у залежнасці ад саставу і формы прэдыкатыўнага цэнтра — два граматычныя саставы ці адзін — размяжоўваюць двухсастаўныя і аднасастаўныя сказы;
    паўната ці непаўната запаўнення абавязковых пазіцый членаў сказа дае падставы падзяляць сказы на поўныя і няпоўныя;
    у залежнасці ад наяўнасці або адсутнасці кампанентаў, што ўскладняюць структуру сказа (аднародныя члены, адасобленыя канструкцыі, параўнальныя звароты і інш.), сказы дзеляцца на няўскладненыя і ўскладненыя.
    Усе пералічаныя вышэй аспекты характэрныя для сінтаксічна падзельных сказаў, што проціпастаўляюцца сказам сінтаксічна непадзельным.
    Зыходзячы з таго, што сказ — адзінка шматаспектная, мэтазгодна разглядаць яго з пункту гледжання структуры, семантыкі і камунікатыўнага задання, таму размяжоўваюць с і н та к с і с с т a т ы ч н ы (сінтаксіс мовы, што апісвае сказы, або схемы пабудовы сінтаксічных адзінак) і сінтаксіс дынамічны (сінтаксіс маўлення, што ўлічвае рэальнае выказванне).
    Тыпы сказаў паводле мэты паведамлення і інтанацыйнага афармлення
    Паводле мэты паведамлення і інтанацыйнага афармлення сказы дзеляцца на апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя і клічныя, ці інакш аптатыўныя (якія перадаюць пажаданне).
    Апавядальныя сказы
    Апавядальнымі называюцца сказы, якія заключаюць у сабе паведамленне пра тыя ці іншыя з’явы, падзеі, факты рэчаіснасці, іх прыметы, паняцці, наяўнасць або адсутнасць чаго-небудзь. Для апавядальных сказаў характэрна спакойная апавядальная інтанацыя з нязначным павышэннем голасу на якім-небудзь лагічна выдзеленым слове або групе слоў і паніжэннем у канцы сказа. У вуснай мове яны аддзяляюцца адзін ад аднаго паўзай, а на пісьме кропкай: Ноч была светлая, месячная (I. Шамякін). He чуваць на рэчцы ні галасоў птушыных, ні вясёлага плёскату рыбы (П. М ісько). Чыстым інеем пакрыты на гасцінцы беразняк (Я. Колас). Had ціхай крыніцаю спеў салаўіны ўвечары сэрца маё закранае (А. Русак). Мінск — адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі (А. Якімовіч).
    Сказы, у якіх паведамляецца аб працэсах, маюць у сваім саставе дзеяслоўны выказнік, а сказы, у якіх выражаецца паняцце аб прадмеце ці называюцца яго ўласцівасці, — іменны: За ракой туманяцца лугі (А. Русак). Воўк спыняецца, а заяц — уцякаць (Я. Колас). Начны зімовы холад пачынаў прабіраць дзеда Талаша (Я. Колас). Жыта як сцяна (I. Навуменка). Трава па калені (М. Лупсякоў). Жнівеньскія росы ярчэй серабра (М. Машара).
    Апавядальныя сказы распаўсюджаны ва ўсіх стылях вуснай і пісьмовай мовы. Яны часта ўжываюцца пры апісанні чаго-небудзь, у замалёўках, апавяданнях: Шуміць бярозавы лес. Шамаціць пад нагамі лісце. Дзіўным веерам насыпала залатоеак на зеленаватую траву бяроза. Ад белізны ствалоў і золата крон на ўсё поле льецца казачнае святло. Дубы насцілаюць пад сабой цёмна-карычневую мяккую пасцель. Лісце іх не ляціць далёка, а падае тут жа вертыкальна. У гэту пасцель мякка кладуцца жалуды (I. Шамякін). Агульная асаблівасць апавядальных сказаў — адносная закончанасць думкі.
    Пытальныя сказы
    П ы т а л ь н ы м і называюцца сказы, якія заключаюць у сабе пытанне. Граматычнымі сродка.мі афармлення такіх сказаў з’яўляюцца пытальная інтананыя, пытальныя часціцы, займеннікі, прыслоўі: ці, хіба, а, няўжо, колькі, як, чый, што, чаму, дзе, калі'. «Ну як вам, калега, спадабаліся паненкі?» — «Ну йіто ж,
    дзяўчаты як дзяўчаты» (Я. Колас). Ці ж мы, хлопцы, рук не маем? Ці ж нам сілы бог не даў? (Я. Колас). Хіба ж не міл і час такі на схіле лецейка, пад восень, калі па верасах між сосен пачнуць расці баравікі? (Я. Колас). Чаму ж нядобры час прынёс мне доўгае растанне з вамі? (М. Багдановіч). Дзе ж ты, цёплае лета, сонцам яркім сагрэта? (А. Русак). Чаму шчэбет чыжоў замоўк? (М. Хведаровіч). У канцы пытальнага сказа на пісьме ставіцца пытальнік. Сказы з пытальнымі займеннікамі і прыслоўямі называюцца займеннікавымі, а ўсе астатнія пытальныя сказы — незайменнікавымі.
    Асноўныя канструкцыйныя элементы пытальных сказаў — інтанацыя, пытальныя словы і парадак слоў. Змешчанае ў сказе пытанне часцей за ўсё бывае звернута да субяседніка з мэтай атрымаць адказ, пэўную інфармацыю. Таму пытальныя сказы ўласцівы дыялагічнай мове. У асобных выпадках яны могуць уводзіцца і ў маналагічную мову з мэтай засяродзіць увагу на выказванні, паставіць пытанне перад самім сабой, выразіць катэгарычнае сцвярджэнне. У пытальных сказах інтанацыя рэзка павышаецца на тым слове, у якім заключаецца пытанне. Значыць, лагічны націск падае на слова, з якім звязаны сэнс пытання: В ы будзеце чытаць даклад? Вы б у д з е ц е ч ы т а ц ь даклад? Вы будзеце чытаць д а к л а д? Сэнс пытання можа выражацца і з дапамогай парадку слоў у сказе — слова, у якім заключаецца лагічны сэнс пытання, выносіцца ў пачатак сказа: Ё н быў учора на занятках? Б ы ў ён учора на занятках? У ч о р а ён быў на занятках? Н a занятках ён быў учора? Аднак роля парадку слоў у афармленні пытальнага сказа другасная, паколькі сам па сабе ён не можа ўтварыць пытальнага сказа. Пытальныя сказы паводле значэння падзяляюцца на ўласна-пытальныя, пытальна-рытарычныя і пытальна-пабуджальныя.
    Уласна-пытальныя сказы патрабуюць абавязковага адказу на пытанне, я'кое ў іх заключана: — На базар павезяце яблыкі? — спытаў Пятро. — На базар. — Хату будзеце ставіць? — Хату (I. Навуменка). — Ваша прозвішча? — Рыбка. — Завуць як? — Завуся Алесем (А. Куляшоў). — Няўжо вы ведаеце пра нашы поспехі ў вёсцы? — запытала Элаіза. — Ведаць не ведаю, але здагадваюся... (С. Александровіч).
    Пытальна-рытарычныя сказы не патрабуюць прамога адказу — у іх саміх штосьці сцвярджаецца або адмаўляецца. Па форме яны пытальныя, а спецыфічнай пытальна-клічнай інтанацыяй штосьці сцвярджаюць або адмаўляюць: Ці ж можна не любіць яе, гэтую лепшую, прыгажэйшую казку Палесся? (Я. Колас). Вось і дуб. Колькі ж гэта вякоў ён вартуе Свіцязь? (Я. Пархута). Хіба свет не без добрых людзей? (Я. Колас). Пытальна-клічная інтанацыя на
    пісьме адзначаецца пытальнікам або клічнікам, а пры моцнай экспрэсіі і эмацыянальнасці — пытальнікам і клічнікам: 1 дзе на свеце ёсць такая, як Нёман, рэчанька другая?! (Я. Колас). Што ж хаваеце, людзі, думкі свае?! (У Караткевіч).
    Пытальна-пабуджальныя сказы ў форме пытання выражаюць пабуджэнне да дзеяння, просьбу, загад: — А, можа, вы заўтра пройдзецеся з намі на раз’езд? — спытала Лабановіча Габрыныса. — Навошта турбаваць пана настаўніка? — прамовіла Ядвіся (Я. Колас). Гэй, хпю стрымае нпш творчы размах? (В. Таўлай). Дык мо пад’едзеце са мною ў канец поля? (Г. Далідовіч).
    Пабуджальныя сказы
    Пабуджальнымі называюцца сказы, якія выражаюць волевыяўленне, пабуджэнне да дзеяння. Яны могуць выражаць просьбу, параду, заклік, пажаданне, дазвол, забарону, пратэст, загад: «Глядзі пад ногі сабе! — крычыць Коля. — He гойсай па лесе! Тапчыся і тапчыся!» (I. Навуменка). Адметная рыса такіх сказаў — пабуджальная інтанацыя: He шуміце веццем, вербы, ля ракі (Я. Колас). Ніколі не спыняйцеся на паўдарозе (Я. Колас). Прымай, хлебароб, плён сваіх рук і турбот! (Т. Хадкевіч). He забывай ніколі, дружа, сваю зямлю, свой родны край! (А. Вярцінскі). Пабуджэнне да дзеяння ў такіх сказах, як правіла, выражаецца формамі загаднага ладу дзеяслова і пабуджальнай інтанацыяй: Прынясі нам хмарку, вецер лёгкакрылы (М. Машара). Мой мілы таварыш, мой лётчык, вазьмі ты з сабою мяне! (Я. Купала). He шукай ты шчасця, долі на чужым далёкім полі (Я. Купала). Няхай жа для шчасця цвіце наша доля (А. Русак). Пажаданне, просьба, загад могуць выражацца і іншымі формамі дзеяслова. Напрыклад, умоўным ладам у спалучэнні з інтанацыяй просьбы, парады: Хутчэй бы прыйшла вясна з сонечнымі вадападамі (П. Панчанка). А можа б пайшлі ў хату? (С. Александровіч); інфінітывам у спалучэнні з імператыўнай інтанацыяй: Трымаць інтэрвал! He страляць! (А. Кулакоўскі). «Джым, ляжаць!» — строга скамандаваў Валошын (В. Быкаў); будучым простым часам у спалучэнні з інтананыяй распараджэння: Заўтра зробіш, і ўсё як мае быць! (У. Шахавец); цяперашнім ці будучым часам у спалучэнні з інтанацыяй запрашэння: Ідзём туды! Пойдзем адсюль!', будучым часам у спалучэнні з часціцамі і з інтанацыяй сказа: Ці не пабудзеш ты сёння са мной дома? Катэгарычны загад можа выражацца бездзеяслоўнымі канструкцыямі: «Паўзком, паўзком! — камандаваў Зайцаў. — Папластунску!» (А. Кулакоўскі). У такіх канструкцыях інтанацыя з’яўляецца асноўным граматычным сродкам выражэння пабуджэння да дзеяння.
    Пабуджальныя сказы выкарыстоўваюцца ў розных жанрах мастацкай літаратуры і ў публіцыстыцы, рэдка — у навуковым стылі. Асноўная сфера ўжывання пабуджальных сказаў — простая мова. Яны надаюць выказванню жывасць і эмацыянальнасць, перадаюць непасрэднасць гутарковай мовы.