Кароткая граматыка беларускай мовы
Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 240с.
Мінск 2009
Прыдатак далучаецца да азначаемага слова як бяззлучнікавай сувяззю: Месяц — жоўтая лодка — плыве між аблокаў (Г. Бураўкін), так і з дапамогай злучнікаў як, або, ці, гэта значыць, а таксама слоў па прозвішчы, па мянушцы, па клічцы: Ліда, як сакратар камісіі, першая залезла на стол (I. Шамякін). Апошнім чытаў вершы сціплы на выгляд хлопец, па прозвішчы Заранік (Т. Хадкевіч).
Каб адрозніць прыдатак ад азначаемага слова, трэба мець на ўвазе, што
1) прыдаткі не толькі называюць прадметы, а адначасова надаюць ім своеасаблівыя характарыстыкі: Зашумелі ветры ў полі, ветры-завірухі (П. Трус);
2) служаць відавой назвай прадмета (у той час як родавую назву выражае паясняемы назоўнік): Расцвілі ружы-кветкі над краем (П. Трус). Нарэшце пад абед Зіна знайшла нейкую гарадскую аўтабазаўскую машыну-лесавоз (Р. Сабаленка).
Пры спалучэнні назоўніка ўласнага (імя і прозвішча чалавека) і агульнага прыдаткам з’яўляецца агульны, але ў выпадку неабходнасці ўдакладнення асобы, канкрэтызацыі яе, у якасці прыдатка ўжываецца імя ўласнае пры агульным. Параўн.: Мой бацька і большы брат Міша і бабчын сын Васіль недзе на фронце фашыстаў б’юць (П. Місько) і Праўда, і жонка яго, Люба, лёгкая на нагу кабета была (А. Кудравец).
Дапаўненне — даданы член сказа з прадметна-аб’ектнай семантыкай, які адносіцца да дзеяслова, назоўніка, прыметніка, прыслоўя ці безасабова-прэдыкатыўнага слова: Гром для хмараў загады піша вогненным пяром (К. Кірэенка).
Катэгарыяльнае значэнне прадметнасці абумоўлівае спосабы яго выражэння. Акрамя назоўнікаў і займеннікаў, пазіцыю дапаўнення можа займаць любая іншая субстантываваная часціна мовы, а таксама спалучэнне слоў, напр.: Сказаць «Я жадаю паесці», «жадаю паглядзець карціну», «жадаю павесяліцца» — дрэнна. Усюды тут натуральней сказаць «хачу» (Я. Скрыган).
Адрозніваюць прамое і ўскоснае дапаўненне пры дзеясловах. Прамое дапаўненне выражаецца вінавальным склонам назоўніка ці займенніка без прыназоўніка пры пераходных дзеясловах, а таксама беспрыназоўнікавым родным, калі мае значэнне часткі аб’екта: Я наліў яму ў сподак малака (Я. Брыль); пры значэнні часовага аб’екта: Дзядзька Марцін пазычыў суседу касы (Я. Колас); пры пераходных дзеясловах з адмоўем не: Прося не прыгатавала дзецям снядання (А. Васілевіч); пры значэнні вялікай колькасці або меры чаго-небудзь: За сваё жыццё ён бярвення папаварочваў і карчоў папакарчаваў (К. Чорны).
У с ко с н а е дапаўненне выражаецца ўсімі ўскоснымі склонамі назоўніка і займенніка і іншымі субстантываванымі часцінамі мовы як з прыназоўнікамі, так і без іх (акрамя вінавальнага склону): Яна дзякавала гаспадару і нічога не патрабавала (Е. Лось). Аляксей сапраўды сумаваў без работы (I. Шамякін).
Асаблівай увагі патрабуе інфінітыўнае дапаўненне, ці аб’ектны інфінітыў, бо яно абазначае дзеянне не суб’екта-дзейніка, а іншай асобы, якая часта і не ўказваецца ў сказе: Андрэй папрасіў бацьку зрабіць рамку для партрэта (П. Пестрак). Яму загадалі маўчаць (I. Мележ).
Акалічнасць — даданы член сказа, які абазначае абставіны і характар дзеяння, стану ці прыметы: Ізноў малады па-вясноваму месяц маўкліва плыве над маёй галавой (Э. Агняцвет).
Выражаюцца акалічнасці прыслоўямі, дзеепрыслоўямі і прыназоўнікава-склонавымі формамі назоўнікаў. У складзе сказа яны звязваюцца з дзеясловам (часцей за ўсё), а таксама з прыметнікам, прыслоўем і безасабова-прэдыкатыўнымі словамі.
У адрозненне ад азначэння і дапаўнення, класіфікапыя акалічнасцей даецца не па граматычнай форме (дапасаванне — недапасаванне, прамое — ускоснае), а па значэнні. Як правіла, вылучаюць 8 асноўных разрадаў акалічнасцей (а пры больш дэталёвым разглядзе налічваюць і больш): месца, часу, прычыны, мэты, спосабу дзеяння і ступені, параўнання, умовы і ўступкі.
Пра тое, што акалічнасць па інфармацыйнай значнасці можа мець першаснае значэнне, сведчыць вынясенне яе за межы сказа і пераўтварэнне ў самастойную сінтаксічную адзінку (пры парцэляцыі): Гула машына. Далёка. Як за краем пушчы (В. Карамазаў). Начлежнікі пасвілі коней. На поплаве. Каля самага Нёмана (Я. Колас). Машыны не ішлі. Hi ў адзін бок, ні ў другі (В. Карамазаў).
Сінкрэтычныя члены сказа
Пры аналізе сказа нярэдка можна сутыкнуцца з пытаннем, функцыю якога члена сказа выконвае той ці іншы кампанент. He ўзнікае такой цяжкасці, калі член сказа з’яўляецца марфалагізаваным, гэта значыць, выражаны тыповай для яго марфалагічнай формай (дапасаванае азначэнне — прыметнікам, акалічнасць — прыслоўем, дапаўненне — назоўнікам з прыназоўнікам ці без яго), дзе форма і змест адпавядаюць адно аднаму. Калі ж член сказа выражаецца нетыповай формай (немарфалагізаваны: азначэнне ці акалічнасць — прыназоўнікава-склонавай формай назоўніка), то ён мае дваістае вызначэнне, бо форма і змест у такім выпадку не супадаюць. Як трактаваць словаформу між азёрамі ў сказе Браслаў раскінуўся на перашыйку між азёрамі (В. Вольскі): як азначэнне, дапаўненне ці як акалічнасць? У дадзеным выпадку трэба гаварыць пра сінкрэтычны член сказа, бо словаформа між азёрамі ўжываецца не ў першаснай сінтаксічнай функцыі.
Такім чынам, сінкрэтызм у сістэме членаў сказа — гэта сумяшчэнне ў адным члене сказа дыферэнцыяльных прымет розных членаў сказа, розных іх функцый.
Сумяшчацца могуць:
а) недапасаванае азнач^нне і акалічнасць месца: Дзверы ў сенцы былі адчынены (У Краўчанка);
б) недапасаванае азначэнне і дапаўненне: Малойцы Сцяпана адпачывалі на пасцелях з імху і сена (П. Пестрак);
в) дапаўненне і акалічнасць прычыны: Гучна трэскаліся адмарозу дубы (1. Шамякін);
г) дапаўненне і акалічнасць мэты: Я прадаў сваю кніжачку сам дзеля ратунку Эльзы (Э. Самуйлёнак) і г. д.
Сінкрэтызм членаў сказа сведчыць, з аднаго боку, пра здольнасць членаў сказа выражаць усю разнастайнасць з’яў рэчаіснасці
і адносін паміж імі, а з другога боку, паказвае, што толькі тыповымі членамі сказа нельга выразіць усе адценні значэнняў, бо не заўсёды адназначныя самі моўныя з’явы, што выражаюць з’явы рэчаіснасці. Таму пры аналізе сінкрэтычных членаў не варта адназначна інтэрпрэтаваць іх сінтаксічнае значэнне. Больш мэтазгодна паказаць адценні значэння і адзначыць сумяшчэнне якасцей некалькіх членаў сказа: Снег пад нагамі скрыпіць, як жывы (3. Бядуля).
Асобным даданым членам сказа з’яўляецца дуплексіў, які характарызуецца адначасовай двайной залежнасцю ад імя і дзеяслова і абазначае прымету прадмета, якая і праяўляецца ў дзеянні, і з’яўляецца вызначальнікам самаго дзеяння. Сам тэрмін «дуплексіў» (ад лац. duplex — двайны) адлюстроўвае спецыфіку такога члена сказа як у плане зместу (аб’ядноўвае значэнні двух членаў сказа), так і ў плане выражэння (валодае двайной залежнасцю ад імя і ад дзеяслова — двайной сувяззю). У сказе Першыя падалі сігнал аб старым чалавеку вясковыя сабакі (А. Карпюк) словаформа першыя залежыць і ад дзеяслова падалі і ад спалучэння вясковыя сабакі, значыць, адначасова выконвае функцыю і акалічнасці, і азначэння. Параўн. таксама: Неба гэтымі днямі сінела чыстае і глыбокае (I. Мележ). Я малым хлапчуком палюбіў найіы пушчы, і нівы, і блакітныя рэкі, і мора зялёных лугоў (П. Панчанка). Другім ішоў чалавек сярэдніх гадоў (М. Лынькоў).
Дуплексіў можа спалучаць у сабе значэнне выказніка і азначэння: Васіль ехаў цяпер пануры (I. Мележ). Алесь варочаўся дахаты таксама занепакоены (П. Броўка); азначэнне і дапаўненне: Студэнты лічылі сябра таленавітым і г. д. Падобныя члены сказа называюць яшчэ прэдыкатыўным азначэннем.
Дэтэрмінуючыя члены сказа
Дэтэрмінантамі называюцца даданыя члены сказа, якія адносяцца да ўсяго сказа, азначаюць яго ў цэлым, а не толькі галоўны член аднасастаўнага ці адзін з галоўных членаў двухсастаўнага сказа: Чалавеку вельмі цяжка разлучацца са знаёмымі мясцінамі (Р. Мурашка). У т о й ж а д з е н ь, n р а з ч а с каторы, прыйшоў сюды Марцін з каморы (Я. Колас). 3 а гарамі, за д а л а м і, у б а л о т а х пустынных паўставала, вырастала новая краіна (Я. Купала). Дэтэрмінуючыя члены сказа (дэтэрмінанты) вылучаюць, як правіла, сярод ускосных дапаўненняў, а таксама акалічнасцей месца, часу, прычыны і інш. Адрозненне дэтэрмінантаў ад даданых членаў праяўляецца як у характары сувязі, так і ў іх ролі ў пабудове сказа. Дэтэрмінаванымі з’яўляюцца члены, якія самастойна ўдзельнічаюць у пабудове сказа і развіваюць яго структурную схему. Дэтэрмінуючы член сказа размяшчаецца ў пачат-
ку сказа, азначае ўвесь сказ у цэлым і можа свабодна ўваходзіць у састаў сказаў рознай граматычнай структуры. Сярод дэтэрмінантаў вылучаюць дэтэрмінуючыя дапаўненні (уласна дэтэрмінанты) і дэтэрмінаваныя акалічнасці (сітуанты).
Дэтэрмінуючыя дапаўненні ўваходзяцьуструктуру сказа не ў якасці залежнага кампанента словазлучэння (што характэрна для дапаўнення), а як свабодная словаформа, ужыванне якой не прадвызначаецца ніякім словам, а абумоўлена зместам граматычнай асновы: А д м а м ы пахла бэзам і ласкавай цеплынёй Асіпенка). Д л я д р у ж б ы шчырасць даражэй за ветлівасць (Я. Брыль). У я г о перахапіла дыханне (У. Караткевіч). Звычайна ў ролі дэтэрмінуючых дапаўненняў выступаюць словаформы ў давальным склоне, родным з прыназоўнікамі у, ад. для і некаторых іншых.
Дэтэрмінуючыя дапаўненні маюць значэнне суб’екта, радзей аб’екта, у адносінах да якога ці ў сувязі з якім праяўляецна сітуацыя, што складае змест асноўнай часткі выказвання; такія дэтэрмінанты выражаюцца формамі ўскосных склонаў назоўніка ці займенніка без прыназоўніка і з прыназоўнікам, аформленасць і ўжыванне якіх не прадвызначаецца пэўным словам; размяшчаюцца звычайна ў абсалютным пачатку сказа і звязваюцца з прэдыкатыўнай асновай значэннем семантычнай аднесенасці.
С і т у а н т ы (ці дэтэрмінуючыя акалічнасці), як і дэтэрмінуючыя дапаўненні, не залежаць ад валентнасных магчымасцей дзеяслова, а служаць умовай існавання пэўнай сітуацыі, удакладняючы ўказаннем месца, часу, прычыны: П а д акном роўна шумелі старыя ліпы (I. Шамякін). Н а трэці д з е н ь у яго галаве злажыўся пэўны план (Я. Колас). 3 прычыны д о бр а й п а г о д ы і святочнага д н я сход асабліва мнагалюдны і шумны (К. Крапіва). Такія словаформы часам могуць быць апушчаны без шкоды для структуры сказа, бо яны толькі дапаўняюць асноўную інфармацыю ўказаннем на розныя акалічнасці. Аднак сітуанты з’яўляюцца нефакультатыўным структурным кампанентам безасабовых сказаў са значэннем стану навакольнага асяроддзя ці адчування жывых істот: На душы зноў пасвятлела (В. Карамазаў). Параўн.: Цёпла. Мне цёпла. Пад снегам цёпла. На дварэ цёпла. У маі ўжо цёпла.